Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
“Вось, Гасподзь, Бог твой аддае табе зямлю гэтую, ідзі, вазьмі яе ў валоданьне, як казаў табе Гасподзь, Бог бацькаў тваіх, – ня бойся й не жахайся”.
Для Беларусі невыносны савецкі бруд на вуліцах, іржавыя шкілеты даўгабудаў і пячоры хрушчоўскіх пад’ездаў. Беларусь ня можа жыць на памыйных задворках, сярод задымленых кацельняў і прапахлых гнільлю агароднінных базаў. Беларусь прагне смарагдавай траўкі й бруку на вуліцах, двухпавярховых катэджаў за горадам і паху жывых кветак пад вокнамі, вытанчанай барокавай скульптуры на фасадах і працоўных месцаў у празрыстым ад шкла, электронікі й плястыку офісе. І ўжо зьявіліся тыя, хто разумее, што такую цудоўную, бліскучую Беларусь на гэтай зямлі з усёй пяшчотаю
Так, Беларусь – геаграфічны цэнтар Эўропы, пра які адзін з заснавальнікаў геапалітыкі Мак Кіндэр сказаў: “Хто валодае Усходняй Эўропай – той валодае Сэрцам Зямлі, хто валодае Сэрцам Зямлі, той кіруе Эўразіяй, хто кіруе Эўразіяй – той пануе ў сьвеце”.
За геапалітычны кантроль над Усходняй Эўропай зацята змагаліся імпэрыі й звышдзяржавы: мангола-татары й крыжакі, Бізантыя й Рым, туркі й Расея, Напалеон і Гітлер, ЗША і СССР. Беларусь – ядро Ўсходняе Эўропы – перажывала плянэтарныя сардэчныя прыступы й інфаркты цягам усёй сваёй гісторыі. За тысячу гадоў краіна Беларусь у выніку войнаў, пасіянарных выбухаў і акупацыяў то сьціскалася, то пашыралася – білася й пульсавала, як сапраўднае сэрца. Сёньняшнія абрысы дзяржаўнае мяжы даюць нам сьціснутае сэрца, зьедзенае ранамі ды шнарамі. Але мапы захоўваюць і вялікае этнічнае сэрца – ад Вільні й Беластоку да Бранску й Смаленску, большае ды скругленае. Вялікае сэрца зь сінімі жыламі рэкаў, з водападзелам паміж перадсердзямі Нёмана й Дняпра й жалудачкамі Прыпяці ды Дзьвіны, што напружваецца, штосэкунды выціскае зь сябе патокі крыві, і дае жыцьцё вялізнаму целу эўрапейскага чалавецтва.
Як жа патрэбна зараз Эўропе жывое сэрца! Вера, якая сьціскаецца ў кулак, і любоў, што хвалямі захлынае душу – гарачае, моцнае, адкрытае Богу Сэрца!.. Беларускае сэрца акумулявала й асымілявала, набірала й пераўтварала, усмоктвала й расьсейвала па сьвеце мільёны людзеў, тысячы гнаных праведнікаў ды герэтыкаў, сотні паэтаў ды музыкаў. Сардэчныя беларусы пераўтваралі дэспатычную Расейскую імпэрыю й ганарлівую Польскую карону ў Расею вялікай культуры й рамантычную Рэч Паспалітую.
Першае, што мусіць зрабіць сарцавіна Эўропы сёньня – зьяднаць нядаўна вызваленыя з-пад улады зла краіны Міжмор'я. Украіна, Польшча, Малдова, Літва, Латвія, Эстонія, якія фармуюць паміж Балтыкай і Чорным морам Новую Эўропу, маюць зь Беларусяй супольныя інтарэсы на Захадзе й аднолькавыя праблемы з Усходам. Менавіта гэтыя краіны з прабуджэньнем грамадзтва і эвангельскай рэвалюцыяй гарантуюць жыцьцядайны штуршок для Старога Сьвету.
Вобраз Нашай Эўропы – колішняе Вялікае Княства Літоўскае, галоўная ідэя беларускае геапалітыкі, эканомікі й культуры. Сумарны патэнцыял Супольнасьці Вялікага Княства здольны перавысіць і заходнеэўрапейскі, і расейскі.Варта толькі згадаць часы, калі ад Ноўгараду да Крыму й ад Карпатаў да Масквы жыла адным жыцьцём, гаварыла адной мовай, трымалася аднаго закону й дыхала адным духам аграмадная дзяржава. Трэба паставіць сваёй задачай, паралельна ўступленьню ў Эўразьвяз, сыстэмную інтэграцыю ад мора да мора, сваім найпершым прыярытэтам – гаспадарчыя, фінансавыя, інфармацыйныя й культуровыя праекты з суседзямі, сваёй місіяй – яднаньне ўсходнеэўрапейскай прасторы й забесьпячэньне стратэгічнага ўплыву як на Захад, так і на Ўсход.
Скажаце, занадта? Будзьма рэалістамі – падчас аднаго духовага абуджэньня паўтысячы гадоў таму Беларусь ужо зрабіла штосьці падобнае.
Тысячагодзьдзямі ў гэтым міжмор’і таіўся звышнатуральны, фантастычны эфэкт беларускае зямлі – адбельваньне. Мясцовае насельніцтва, якое жыло тут яшчэ да індаэўрапейскае хвалі – сьветлавалосае ды блакітнавокае – спачатку надало белі цёмным фіна-вуграм, а потым і цёмнавалосым, смуглым продкам балтаў. Калі ж на заселеныя флегматычнымі й ужо белымі балтамі прыйшлі поўныя бурлівай жыцьцёвай сілы славяне, слаўныя людзі моцных пачуцьцяў і неабмежаванае душы, чарнявыя, як і ўсе жыхары поўдня – паглядзіце, як адбяліла і гэтых! Сёньня натуралёвыя беларусы – гэта бялявыя дзеткі-сонейкі з вочкамі льняных кветачак. Калі ўлічыць,
што чорныя валасы й вочы ва ўмовах геннае канфрантацыі – дамінанта, гэта якую ж сілу, якую ж магутнасьць мусіла мець асьвятляючая сіла Беларусі!Беларусь азарала, успыхвала, рабіла празрыстым і ясным. Сьвятасьць эўрапейскага сэрца, асьветніцкая місія й мэнтальная бель Беларусі надаюць водсьвет найвышэйшага, незямнога зьзяньня ўсяму беларускаму.
“У беларускім краявідзе паўсюдна адчуваецца нейкая цёплая таемнасьць сьветлага Духа. Беларускі краявід мае нейкую Боскую пячатку, душэўную заспакоенасьць. Вось жа нездарма нарадзілася выслоўе: “На Беларусі Бог жыве” – піша Зянон Пазьняк. Такое ўражаньне, што Беларусь сама сьвеціцца знутры – так, як Сьвятая Зямля. Як і Палестына, стык Эўропы, Азіі й Афрыкі, Беларусь, гарлавіна Міжмор’я, знаходзіцца на геапалітычным крыжы.
Як і Палестына, Беларусь была глухім кутком, правінцыяй некалькіх імпэрыяў, але нараджала лідэраў сьвету.
Як і Палестына, Беларусь мае соль: і ў самым цэнтры Ізраілю, у Мёртвым моры, і ў тоўшчы Беларусі зьмяшчаюцца вялізныя саляныя радовішчы.
Як і Палестына, Беларусь – эпіцэнтар агромністай духовай прасторы на тысячы кілямэтраў вакол.
“О, зямля, зямля, зямля! Слухай слова Гасподняе”! – заклікае прарок Ерамія з Палестыны(22:29), і водгульле дагэтуль разыходзіцца ў Беларусі.
Беларусы вельмі прывязаныя да сваёй зямлі. Тут, у цэнтры Эўропы, на скрыжаваньні галоўных дарогаў, перанасычаным крывёю й жалезам, анамальна магнітная гравітацыя. І ў каржакаватых, прысадзістых беларускіх постацях – здаецца, яны каранямі ўрастаюць у гэтую глебу! – ты адчуваеш нязьмерную сілу прыцягненьня.
Таму сярод беларусаў так шмат вялікіх зямлянаў – падарожнікаў, першапраходцаў і геолягаў.
Таму беларусы настолькі фанатычна адданыя свайму гароду, палісадніку й усяму роднаму куту.
Таму беларусам так нялёгка пераадольваць сілу зямнога цяжару ў сваім імкненьні да неба.
У такім прыцягальным эфэкце полікультурнасьці, поліканфэсійнасьці, свабоды выбару на геапалітычным скрыжаваньні й заключаецца сакрэт Беларусі.
Скрозь Беларусь, празь Беларусь, зь пераламленьнем у Беларусі – як жа багата ў гісторыі, палітыцы, культуры, у духовасьці адбылося за эўрапейскае тысячагодзьдзе!
Менавіта беларускія землі адвеку змагаліся за лідэрства ў сумежжы Эўропы й Азіі, Прыбалтыкі й Чарнамор'я – з Кіевам, Кракавам, Варшавай, Масквой, Піцерам. Менавіта сюды імкнуліся вэктары экспансіі ардынцаў і крыжакоў, варагаў і грэкаў, швэдаў і немцаў, палякаў і расейцаў. Менавіта тут сышліся каталіцтва і праваслаўе, пратэстанцтва і юдаізм, тут нарадзілася вунія. Ключавыя моманты стварэньня й развалу Расейскае імпэрыі вырашаліся ў Беларусі – ад Кулікоўскай бітвы й суперніцтва Вільні з Масквой да стварэньня РСДРП у доміку па-над Сьвіслаччу, Берасьцейскага міру й зьнішчэньня СССР у Белавескай пушчы. Беларусь зьбірае, канцэнтруе, сьцінае – да болю, да самае сутнасьці, да моманту ісьціны. Сама геаграфія Беларусі – цудоўная інфраструктура фокусу з зоркападобнымі абрысамі, промнямі шляхоў і транзытных лініяў, сталіцай у цэнтры й брамамі на стратэгічных кірунках.
Казачны замак сярод лясоў і балотаў, Беларусь глядзіць гарадамі-вежамі ва ўсе бакі сьвету. Віцебск, горад Альгерда, са сьпічаком высокага духу, з агромністымі вітражамі Шагала й Малевіча, пільнуе краіну вікінгаў, туманы Піцера й Ноўгарада. Магілёў, крапасная брама Беларусі, у чыіх байніцах сьвецяцца чырвоныя зоркі Крамля, горад-ключ, нацэлены ў самую глыбіню Расеі, на Маскву. Гомель, пышная, квітнеючая спаруда, першым сустракае ўзыход сонца й вартуе азіяцкія далячыні – імглу Каўказ, чарнаморскія ветры, берагі Касьпія й Басфору. Берасьце, Вастрыё Напятага Луку, з укладзенымі стрэламі-магістралямі на Бэрлін, Парыж, Вену, Прагу, усё ў імкненьні да сталіцаў Эўропы. Горадня, прызма са шкла й хрусталю, празь якую мы пазіраем на Захад, у Прыбалтыку й Атлянтыку... Нарэшце, у цэнтры, на галоўным трохсотмэтровым узгор'і – Менск, быццам аграмадны палац, чысты, пусты й гулкі палац, што чакае гаспадара, у атачэньні брамаў і храмаў мінулых сталіцаў – Полацка, Наваградка, Вільні...
Гэта ў іх, у гарадох, складвалася й усё ніяк не магла скласьціся нацыянальная эліта. Гэта іх захапляла і польская мова, і расейскія жаўнеры, і габрэйскі гандаль, і савецкая індустрыя. Гэта сюды з навакольных вёсак сьцякалася беларуская нацыя, каб урэшце рэшт нарадзіліся мы.
Уся гэтая краіна можа раптам зазьзяць, зайграць сваёй празрыстасьцю й сьляпучымі люстранымі гранямі вялізнага дыямэнту – і паказаць такі фокус, што захопленыя суседзі й гледачы ўсяго сьвету разам устануць зь месцаў, каб пераканацца: здарылася!