Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі

Севярынец Павал

Шрифт:

Настолькі ж асабістая Біблія: напісаная пра Асобу і асобаў, праз асобаў і для асобаў, яна найпаўней з усіх кнігаў адкрывае чалавеку ўвесь непаўторны сьвет асобаснага.

Асабістае – таемнае, вельмі свойскае, нават інтымнае. І як любоў не абстрактная, а асабістая, так і беларушчына арыентаваная на канкрэтнага ўнікальнага чалавека.

Асоба як элемэнтарная адзінка роду чалавечага, можа дасягнуць унівэрсальнага ўзроўню толькі ў нацыянальным абліччы.

У нетрах асабістага ўзьнікаюць магнацкія дынастыі й гіганцкія транснацыянальныя карпарацыі, народныя эпасы і плеяды патомных геніяў; праз асобу, і ніяк інакш, разбудоўваліся ўся аграмада Старога Запавету й падваліны цывілізацыяў Усходу

ды Захаду. Кожная асоба мусіць ведаць свайго родапачынальніка; мець поўную скарбаў, зьдзяйсьненьняў і тытуляванае геральдыкі Кнігу Быцьця; памятаць трагедыю, што разыгралася ў сховах даўняга часу; і, канечне, падпарадкоўваецца свайму наканаванаму року, цi гэта сорак гадоў блуканьня, ці стогадовая адзінота, ці тысячагодзьдзе змаганьня за волю.

Самае крышталёвае й сьвятое з усіх пачуцьцяў, што здольная даць асобе нацыя – гэта адчуваньне сябе на вяршыні чалавечае гісторыі, грандыёзнай піраміды продкаў, збудаванай ў імя цябе. У тваёй гісторыі скрозь тысячагодзьдзі сьцінаюцца лініі лёсаў, памкненьні кожнае роднаснае душы, адказнасьць перад ўсімі сваімі, хто быў, і за ўсіх, хто будзе, абуджаюцца нечуваныя сілы, магутнасьці краіны й народу скрыжоўваюцца стакроць, і ўзносяць цябе думкамі й дзеямі ў вышыню – да Госпада Бога.

Беларусь – 10 мільёнаў такіх асобаў. Таму менавіта праз асобу выяўляюцца й галоўныя заканамернасьці нацыянальнае ідэі.

Тыя, хто чакае цябе за дзьвярыма некалькіх наступных старонак – найславуцейшыя і найвядомейшыя нацыянальныя героi. Большасьць зь іх, уяўляеш, большасьць! – духовыя правадыры й лідэры слова. Апосталы, паэты, прапаведнікі. 12 – сьвятары й місіянеры. 10 – паэты й пісьменьнікі. 8 – кіраўнікі дзяржавы. 6 – палітычныя лідэры, прычым у асноўным таксама духовага пляну. І ўсяго чатырох можна акрэсьліць як вайскаводцаў.

Кожныя два з трох – людзі , якія верылі ў Хрыста і аддалі ўсё сваё жыцьцё духовае місіі.

Гэта не пантэон куміраў і ня збор сьвятых. Гэта выбраныя вобразы нацыі. Галерэя фамільных партрэтаў. Нашая радаслоўная. Так, гэта людзі – а значыць, слабыя й грэшныя. Сёньняшняя Беларусь – гэта ня толькі вынік іх велічы, але й іх слабасьці.

Ты пачынаеш пазнаваць Беларусь у гэтых абліччах. Твары добрыя й цярплівыя. Мяккасьць і скругленасьць рысаў. Ажур зморшчынак. Пакутлівыя складачкі ля вачэй. Падцятыя вусны. Жылка на скроні. Позірк хутчэй сумны, але спакойны, адначасова пранізьлівы і балючы. Усё аблічча адухоўленае, запамінальнае, і быццам прасьветленае знутры. Глыбокая стоеная сіла.

Ты пазнаеш беларускасьць як ціхую, чыстую, зачараваную прыгажосьць. Аблічча, сама адпаведнае сьвятасьці.

Углядаесься ў гэтую чалавечую прыгажосьць, прымружваючы вочы, з затоеным дыханьнем – і раптам плоскасьць партрэту акунаецца ў глыбіню. І ты бачыш самога сябе – як у люстры.

Бо гэта ты сам, беларус.

Табе так шмат гаворыць гэтая манэра прамаўляць, гэты сьпеўны голас са схаванаю пяшчотаю, гэтая ласка крадком, цішком, гэтыя скулы й бровы…

І гэтыя вочы, беларускія вочы!

Пакутлівыя, пакаянныя або апантаныя.

Вочы дзіцёнка Божага. Вочы сьвятара. Вочы грэшніка.

Такая яна, тыповая беларуская асоба – штосьці пасярэдняе паміж Пазьняком, Шушкевічам і Лукашэнкам.

І ў той момант, калі ты чытаеш гэтыя радкі, ты сам робісься ключавою асобаю нацыянальнае ідэі. Твой выбар, тваё рашэньне вызначаюць: быць ці ня быць Беларусі. Бо цяпер я кажу табе асабіста: Беларусь – гэта тваё.

І гэтая кніга, і гэтая ідэя, і гэтая краіна – менавіта для цябе, ты чуеш!

Чытай. Абдумвай. Вырашай.

Бо Беларусь – гэта тваё пакліканьне. Твой лёс. Твая місія. Унікальны сэнс твайго жыцьця.

Твая асабістая ідэя.

Разумееш, чалавек быў створаны Богам ідэальнай асобай. Цэласнай, геніяльнай,

шчасьлівай. Паводле вобразу й падабенства Свайго. Але, маючы поўную свабоду, чалавецтва пакінула Бога і выбрала грэх. Тое, што мы бачым сёньня навокал – гэта шматаблічныя вынікі грэхападзеньня. І для таго, каб зьмяніць сьвет, патрэбнае адраджэньне асобы. Бо не ў брудных вуліцах наша праблема, а ў брудных сэрцах. Перамяніць чалавека! – вось лёзунг дзейснай нацыянальнай ідэі.

Ведаеш, я ішоў да гэтага сам. Пытаў дарогі ў людзей, спрабаваў знайсьці шлях у падручніках, хадзіў туды, куды вочы глядзяць.

Мне самому даводзілася ня раз корпацца ў генах і пералічваць сузор’і радзімак, шукаючы прарочых кодаў ува ўласнай радні – і, між іншым, там выяўляліся многія не пазбаўленыя значэньня абставіны. Чыста беларускі фокус па матчынай лініі, калі з аднаго боку палякі з-пад Кракаву, зь іншага – расейскія чыгуначнікі, а між імі засьцянковая пінская шляхта нашаніўскіх часоў, чыё прозвішча дзіўным чынам можна стрэць праз стагодзьдзе ў гісторыка Сагановіча; глыбокая сямейная легенда, бясцэнная кропелька крыві з Палестыны – хрышчаны жыд Янкель, ад якога, гавораць, прабабка Наста захавала фэнамэнальныя матэматычныя здольнасьці, а яе ўнучка, настаўніца Тацьцяна, – цені сумненьня ў сваёй канчатковай славянскасьці; па бацьку – адборныя пакаленьні тутэйшых спадчыных бандароў; прадзед Пётар, які з маўзэрам у руках усталёўваў савецкую ўладу ў вёсцы, ад чаго ягоных дзяцей і ўнукаў закляймілі “дэкрэтамі”; ён, які пры канцы жыцьця залёг на печы, як за кулямётам, і, ашалелы крычаў свайму сыну, майму дзеду: “Пашка! Падай патронаў, белыя пруць!...” – якраз таму дзеду Паўлу, што вывучаў у 30-я ў школцы беларускія вершыкі й сёньня, паралізаваны, у восемдзесят зь нечым без запінкі расьпявае іх на памяць, аднаногі з фронту, тлумачыць унукам, што ўсякая вайна ёсьць проста забойствам, а разумнікі, кшталту вунь сына Косьці, павыдумлялі абы-чаго; вось, нарэшце, бацька Кастусь, зь юначых часоў філфаку знаёмы ці не з паловаю Саюзу пісьменьнікаў, пішучы журналіст і паэт, і пасьля ўсяго гэтага, уявіце сабе, – сын у Маладым Фроньце.

Мой асабісты шлях заключаўся ў тым, каб ісьці проста – і да канца. Уяўляеш, я заходзіў усё далей – і ня бачыў сэнсу ані ў мінулым, ані ў будучыні. Заглыбляючыся ў сябе, я ўвесь час трапляў у тупік жахлівай выпадковасьці жыцьця і страху немінучай сьмерці. У тупіку апынаўся мой лёс, у безнадзейным тупіку стаяла мая радзіма, і, як агромністы тупік, паўставаў перада мной увесь сьвет. Але ў гэтым лябірынце я ўсёй душой адчуваў прысутнасьць Кагосьці, Хто ведае выйсьце. Я ішоў на сьвятло – і нарэшце сустрэў Яго. Ён Сам, разумееш, Сам і ёсьць Выйсьцем. Сэнсам. Ісьцінай.

Шукаючы сэнс жыцьця, я знайшоў Бога.

Сустрэўшыся з Богам, я знайшоў Беларусь.

Гэта проста.

Ты гэта таксама зможаш.

Ведаю, табе ня проста ўявіць Бога як Асобу. Не безаблічную сілу, не разьліты ў прыродзе розум, не далёкую абстракцыю, а Жывую Асобу. Айца. Сына. Духа Сьвятога. Згодны, прыняць абсалют Асобы – цяжка праблема для чалавечага мысьленьня, асабліва ў эпоху тэорыі адноснасьці. Але толькі пасьля размовы з Богам ты здолееш спазнаць Беларусь напоўніцу.

Ён – гэта адзіны Ідэал беларуса.

Мы – гэта Ягоны вобраз і падабенства.

Гэта Яго прысутнасьць у Х, ХІІ, ХVI, XX стагодзьдзях стварала нацыю.

Гэта Яму маліліся, адкрываліся, каяліся, у Яго верылі – і, як браты Ягоныя, нараджаліся звыш сьледам за Ім.

Да Яго хадзілі ў храм, зь Iм размаўлялі ўва ўсякай патрэбе.

Ён выхоўваў, Ён ахвяраваўся – і гэта празь Яго ўваскрасала ўся краіна.

Гэта Ягоная любоў, праўда й вера, шчырасьць і ласка сьвецяцца ў Беларусі.

Усё, што ёсьць добрага ў Беларусі – гэта ад Яго, Ісуса Хрыста.

Поделиться с друзьями: