Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі

Севярынец Павал

Шрифт:

Той, хто раз за разам кідае выклік беларусу, не пакідаючы варыянтаў апроч схваткі сам-насам, каму ўдаецца выцягнуць беларуса на арэну – той трапляе адзіны раз у жыцьці, і больш так ня робіць. Што такое двубой зь беларусам – лепш за ўсё ведаюць скалечаныя, зламаныя й зьбітыя на горкі яблык!

Так, страх беларуса глыбокі. Але пад гэтым слоем, яшчэ глыбей, захавалася тое, што даў нам Бог. Найвышэйшая адвага і львінае сэрца. Каму, як ні нам з вамі ведаць, дарагія гледачы, што беларус ніколі не нападае першым. Ніколі! Беларус унікае, дакуль гэта магчыма. Беларус церпіць, стрымліваецца, трывае. Беларус нават ахвотна падстаўляе абедзьве шчакі,

калі ўсё абыдзецца поўхамі... Але калі б'юць далей, заганяюць у самы родны кут, а там таўкуць і топчуць нагамі – сьледуе ціхі, ледзь чутны шчаўчок. Беларус пераключаецца ў рэжым "Не разьбіць, не спыніць, не стрымаць!" – і тады агрэсару дазваляецца толькі адно: даць лататы.

...Сьледам за ўявай бліскучых баёў рэжысэры Адкрыцьця прапануюць Беларусь у вобліку маленькага чалавека. Невялікае рэспублікі. Што мы такога, маўляў, можам у нашае беленькае русі, ды хто мы такія супраць моцных сьвету гэтага?

“Маленькія супраць вялікіх.”

І паверце мне, зараз будзе беларускі адказ!

Вось на вашых экранах Вольга Корбут і Віталь Шчэрба – найлепшыя спартоўцы сьвету 1972 г. і 1993 г.!.. Лязэрныя праекцыі на ўвесь стадыён! Што творыцца на трыбунах!..

Паглядзіце, а на агромністым экране ўжо неверагодны гол Герасімца ў браму футбольнага гранда, зборнай Галяндыі на “Дынама” 7 чэрвеня 1995 г. – і перамога 1:0 у Менску!

Вы бачылі – знакаміты кідок Копаця ў хакейным чвэрцьфінале Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці 2002 г. Шайба! І выйгрыш 4:3 – павержаныя швэды!

А гэта ўжо біятлённая траса, дзе і Нямеччына, і Францыя, і Італія, і Нарвэгія саступаюць месца на п’едэстале беларускім партызанам – хуткім белым снайпэрам!

Беларусы здольныя біцца на роўных з найвялікшымі дзяржавамі як ня шмат якія з краінаў гэтага сьвету. Такіх супернікаў яшчэ называюць “моцнымі гарэшкамі”. Трэба толькі верыць – і, бачыце, можам, калі захочам!

А цяпер мы з вамі наведаем той цэнтральны алімпійскі подыюм, дзе вырашаецца лёс іміджу беларускай нацыі. Наш супернік – магутны стэрэатып. “Беларусь? – нешта невыразнае”, кажуць нам. Някідкая. Непрыгожая. Ніякая, адным словам. Мы чуем гэта на кожным кроку. Рэжысэры даюць нам карцінку. М-да... Бывае, даем падставы... Але ж у выніку мы нешта бледнае альбо ўсё-такі Беларусь?!

Пачынае гучаць музыка... Пазнаеце – наш вялікі Шастаковіч! І вось на арэне беларускія прыгажуні – квартэт мастацкіх гімнастак, цудоўная “срэбная” зборная Беларусі 2002 года. Маленькія грацыі ў паветраным танцы матылькоў. Лепшы рэклямны кліп, лепшая прэзэнтацыя беларускай прыгажосьці – пагадзіцеся, шаноўныя сябры! Эталён, эфэкт беларускай прыгажосьці – ціхі, бліскучы, мілы. Чароўная ўспышка, ахінутая мяккім, зьзяючым, амаль казачным сьвятлом!..

І вельмі, вельмі дарэчы будзе зараз прамое ўключэньне з Раўбічаў. Шоў фрыстайлу. Ала Цупэр, Аляксей Грышын, Зьміцер Дашчынскі: якія кульбіты ды піруэты! Якая бліскучая сьнежная акрабатыка!..

Беларускія спартоўцы сваім іміджам цягнуць за сабою цэлыя палітычныя й гандлёвыя брэнды. Яніна Карольчык – «Беларусь Сегодня». Жэня Паўліна – АНТ. Максім Мірны – “АнтыСНІД”. Уладзімер Парфяновіч – “Беларускі парлямант”.

Адкрыцьцё нацыянальнай Алімпіяды завяршаецца. Наперадзе вас чакаюць спаборніцтвы ў 14-ці відах праграмы. Жывыя трансьляцыі. Толькі фіналы.

Але напрыканцы, наапошак, хочацца сказаць колькі словаў.

Калі ўзгадваеш гэтыя захапляючыя, фантастычныя беларускія матчы, – спадарства, не пакідае ўражаньне цуду. Скажыце самі – праўда ж,

нешта найвышэйшае. Проста містычнае!

Бо перамога – і спартоўцы цудоўна гэта ведаюць – дасягаецца толькі тады, калі воля адольвае стому, высільваецца са слабасьці цела, і выбух духу мабілізуе ўсю істоту, для таго, каб пераадолець мяжу магчымага. Чалавечых сілаў для такога замала. Перамога – гэта сапраўды штосьці звышнатуральнае.

Перамога – ад Бога.

І зараз, спадарства, зараз, тут і цяпер, якраз у Беларусі, у якой жывеце вы, момант такое кульмінацыі. Момант ісьціны. Кожны з нас бачыць нашу нацыянальную слабасьць, нашу немач... Некаманднасьць, неспартовасьць, бязвольнасьць, якія спазмамі й сутаргамі паралізуюць усё цела... Нас цягне да зямлі – толькі б упасьці!..

Але мы адчуваем і яшчэ нешта мацнейшае. Пульс нацыянальнае годнасьці – з самага сэрца Эўропы. Позву духу – звыш. Подых волі Божае, якая можа ўсё.

Вы сёньня самі бачылі на ўласныя вочы: беларусы могуць перамагчы сябе. А значыць – і ўсіх астатніх.

Кульмінацыя Адкрыцьця – у Беларусі запальваецца алімпійскі вагонь.

І вы чуеце, чуеце! – пацьверджаньне маіх словаў! – скандаваньне на трыбунах... Увесь народ, паглядзіце, устае са сваіх месцаў для дружнага:

УСЁ ПАД СІЛУ!

УСЁ ТЫ МОЖАШ!

БЕЛАРУСЬ – ТЫ ПЕРАМОЖАШ!!!

VI. БЕЛАРУСКІЯ АСОБЫ

Ты, ведаеш, Беларусь – гэта штосьці вельмі асабістае. Ня проста асаблівае – асабістае. Бо Беларусь – краіна асобаў.

І ты сам, і твая нацыя, і ўсё чалавецтва – перадусім асобы. Незвычайныя, унікальныя й пры гэтым падобныя. Бо, як кожная асоба, ты – вобраз і падабенства Божае. Як і кожная асоба, ты носьбіт унікальнай місіі ў гэтым сьвеце. Як і кожная асоба, ты – і клетачка сваёй нацыі, і мікракосм усяго чалавецтва.

Як там кажуць у галівудзкіх фільмах? “Нічога асабістага”?

Але ў Беларусі ўсё асабіста!

“Гэта асабістае” – скажуць табе беларусы і пра мову, і пра любоў да Радзімы, і пра веру ў Бога.

Асабістае – бо кожны з нас сустрэўся зь Беларусьсю празь нейкую асобу – гістарычную ці сучасную, незнаёмую ці родную, паэтычную ці палітычную.

Асабістае – бо ў Беларусі нацыянальная ідэя дагэтуль ня сталася масавай. Нацыянальная эліта і дацяпер хутчэй не адзіны арганізм, а броўнаўскі рух атамізаваных асобаў.

Асабістае – бо ў адрозьненьні ад індывідуалістычнага Захаду й калектывісцкага Ўсходу Беларусь спрадвеку ўвасабляла гарманічную раўнавагу паміж адзінкай ды супольнасьцю, залатую, сутнасна хрысьціянскую раўнавагу ПЭРСАНАЛІЗМУ.

Адсюль і сіла, і слабасьць Беларусі. І сотні геніяў, і “мая хата з краю”. I самавітыя людзі, і невыразны народ. I моцная сямейнасьць, і кволая нацыянальная салідарнасьць.

Пэрсаналізм – ня менш беларуская якасьць, чым цярплівасьць, гасьціннасьць альбо, напрыклад, стоеная сіла. У сваю чаргу беларускасьць – гарантыя цэласнасьці й каштоўнасьці асобы.

Нарэшце, беларускасьць выключна асабовая, бо адпачатку духовая: асоба – гэта катэгорыя духу.

Беларусы, дзесьці сьвядома, але ў большай ступені інстынктыўна, адчуваюць у сабе вобраз і падабенства Божае Асобы. Асобы Хрыста, ад якога бярэ пачатак уся сутнасьць беларускасьці. Першаасоба ў беларуса настолькі моцная, што ўпару казаць пра фэномэн на ўзор габрэйскага – нацыю асобаў. Нацыю геніяў, нацыю апосталаў. Нацыю прарокаў, кніжнікаў і скончаных эгаістаў.

Поделиться с друзьями: