Нацыянальная ідэя. Фэнамэналёгія Беларусі
Шрифт:
Таму пошук Беларусі – у першую чаргу пошук Хрыста.
Сустрэча зь Беларусьсю – гэта найперш сустрэча зь Ісусам.
Любоў да Беларусі – гэта перадусім любоў да Хрыста.
Таму табе абавязкова трэба пазнаёміцца зь Ісусам Хрыстом. Бо Беларусь – гэта Ягонае.
...Табе здаецца, што я замнога кажу пра Бога? Ведаеш, нашы продкі Залатога веку былі яшчэ больш пабожнымі.
Закон жыцьця: ўсё трымаецца на асабістых стасунках. І асабістыя стасункі з Богам – галоўнае пытаньне для кожнага беларуса.
Таму, калі беларус губляе Бога – ён губляе і нацыянальную адметнасьць, і сваю асаблівасьць, і ўвогуле ўласную асобу, ды пераўтвараецца ў каліўца безаблічнае шэрае масы.
Цяпер
Хрысьціянскі пэрсаналізм – ключавое вымярэньне нацыянальнае ідэі. Нароўні з элемэнтарным узроўнем моцнае асобы, беларускі пэрсаналізм фармулюецца ў выглядзе невялікае групы, гэткае “малое супольнасьці” зь цеснымі пэрсанальнымі стасункамі. Малая супольнасьць памерам з добрую сям’ю, але замалая для кляну. Гэткая свойская сябрына. “Кола бліжніх” – асабліва блізкіх сваякоў, сяброў і знаёмых. Малекула, якая надае нацыянальнай матэрыі надзвычайнай трываласьці ў прыватных, лякальных выпадках – але не гарантуе моцных сувязяў на масавым, глябальным узроўні.
Сацыялягічныя апытаньні ў Беларусі выяўляюць адну да болю знаёмую акалічнасьць: большасьць беларусаў гатовыя жыць і нават паміраць толькі дзеля сваіх блізкіх. “Палюбі бліжняга твайго” – для беларуса гэта азначае “палюбі блізкага”.
Беларускі пэрсаналізм – глыбінны падмурак для народнай хрысьціянскай дэмакратыі, грунтаванай на правох асобы й вядомай па амэрыканскім рэспубліканскім электараце (“вялікай маўклівай большасьці”) і выбаршчыках народных партыяў Эўропы. Розьніца адна: заходняя хрысьціянская дэмакратыя, ужо на закаце, беларуская – яшчэ на ўзыходзе.
Бо Беларусь увесьчас нараджала асобаў, здольных перавярнуць цэлыя краіны й кантынэнты.
Асобаў-зорак. Асобаў-лідэраў.
Разьмешчаная на скрыжаваньні галоўных эўрапейскіх шляхоў, дзе сышліся Ўсход і Захад, каталіцтва й праваслаўе, ёмішча вялізнае духовае сілы й талеранцыі, гэтая вялікая маленькая Беларусь сталася калыскай для гадаваньня і расейскае, і польскае і габрэйскае эліты! Галоўным радовішчам асобаў ува Ўсходняй Эўропе.
Беларускія асобы выхоўваліся ў гарніле войнаў і пакутаў, граніліся ў акупацыях і эміграцыях, набывалі захапляючы бляск і ўсясьветную вядомасьць – але заўжды захоўвалі тую празрыстасьць і духовую глыбіню, у якой беспамылкова пазнаеш крыніцу. Яркасьць сьвятла. Шчырасьць сэрца. Сутнасьць солі. Сілу слова. Чыстую беларускасьць!
Бо гэта Беларусь нараджала людзей эвангельскага духу, геніяльнае мэлядычнасьці, вялікіх вынаходнікаў ды палітыкаў, правадыроў слова і справы.
Менавіта Беларусь дала Эўропе хрысьціянскіх асьветнікаў – такіх як Эўфрасіньня Полацкая, Кірыла Тураўскі, Клім Смаляціч, Францыск Скарына, Мялет Сматрыцкі, Язэп Руцкі, Сільвэстар Косаў, першадрукар Ангельшчыны Ян Ліцьвін, мітрапаліт Мэльхісэдэк і біскуп Богуш-Сестранцэвіч.
Беларускія геніі засноўвалі літаратуры цэлых народаў, як Сімяон Полацкі, Адам Міцкевіч, Хвёдар Дастаеўскі, Чэслаў Мілаш. Сьцьвярджалі эпохі музычнае клясыкі – як Глінка, Шастаковіч, Стравінскі, Рымскі-Корсакаў, Манюшка. Беларускія палітыкі будавалі вялікія дзяржавы, як Альгерд і Вітаўт, Касьцюшка і Пілсудзкі, Станкевіч ды Шушкевіч, Старавойтава ды Чубайс, Шазар і Пэрас, Мэір і Рабін. Беларускія грамадзкія лідэры адстойвалі свабоду іншых народаў, як Агінскі, Мінейка, Адамовіч, Навадворская, Кавалёў.
Героі, народжаныя Беларусьсю, далі чалавецтву касьмічныя караблі, як Казімір Семяновіч, Сямён Косбэрг,
Барыс Кіт; кібэрнэтыку, як Аляксандар Маліноўскі й Нойбэрт Вінэр; рэактыўныя самалёты, як Павал Сухі; бяздротавую сувязь, як Якуб Наркевіч-Ёдка; сучасную мэдыя-індустрыю, як кiраўнiк Радыёкарпарацыі ЗША і спонсар каляровай тэлевізіі Давід Сарноў; імгненны затвор фотаапарату, як Сяргей Юркоўскі, геліябіялёгію й знакамітую Люстру Чыжэўскага, як Аляксандар Чыжэўскі; адрадзілі іўрыт, як Егуда Бэн-Эліезэр і вынайшлі эспэранта, як Людвік Замэнгаф.Беларусь – радзіма геніяў мастацтва, якія глядзелі на сьвет духовымі вачыма: Марк Шагал, Казімір Малевіч, Васіль Каньдзінскі, Хаім Суцін, Алія Пашкевіч, Фэрдынанд Рушчыц, Уладзіслаў Стрэмінскі, Вітаўт Бялыніцкі-Біруля, Напалеон Орда, Іван Хруцкі.
Менавіта ўраджэнцы Беларусі зь іх місіянерскім запалам адкрывалі сьвету Цэнтральную Азію, як Пржэвальскі й Грум-Гржымайла, Японію, як Язэп Гашкевіч, Арктыку, як Отта Шмідт, Анды, як Ігнат Дамейка, Сібір і Далёкі Усход, як Тамаш Зан і Ян Чэрскі; усю плянэту, як нязьменны вядучы “Клюба кінападарожнікаў” Юры Сянкевіч; ды нават космас, як Пятро Клімук, Уладзімір Кавалёнак і першая жанчына-касманаўт Валяньціна Церашкова.
Менавіта зь Беларусі паходзілі францускі паэт Гіём Апалінэр і польскі бэлетрыст Франьцішак Багамолец, амэрыканскія акторы Кірк і Майкл Дугласы, супэрзорка НХЛ Уэйн Грэцкі й першая ў сьвеце жанчына-прафэсар Соф’я Кавалеўская.
Ты не падлiчваў, колькi ўраджэнцаў Беларусі атрымалі нобэлеўскія прэміі?
Генрык Сянкевіч, літаратура – Польшча, 1905 г.
1. Уладзіслаў Рэймант, літаратура – Польшча, 1924 г.
2. Лявон Кантаровіч, эканомiка – СССР, 1975 г.
3. Ільля Прыгожын, хімія – Бэльгія, 1977 г.
4. Менахем Бегін, прэмія міру – Ізраіль, 1978 г.
5. Чэслаў Мілаш, літаратура – Польшча-ЗША, 1980 г.
6. Аарон РабінР Клуг, хімія – ЗША, 1982 г.
7. Іцках Рабін, прэмія міру – Ізраіль, 1994 г.
8. Шымон Перас, прэмія міру – Ізраіль, 1994 г.
9. Жарэс Алфёраў, фізыка – Расея, 2000 г.
Вось яно, агромністае радовішча асобаў. Раскопваеш іхняе паходжаньне, і бачыш, наколькі яны беларусы!
Гэтая невынішчальная беларускасьць скразіць у сьпевах Уладзіміра Высоцкага й аповедах Эдварда Радзінскага, у вершах Уладзіслава Сыракомлі, у вакале Міхала Забэйды-Суміцкага, у культавай “Матрыцы” братоў Вачоўскіх, у вачох знакамітага акуліста Сьвятаслава Фёдарава, у геніяльных тыпажах Інакенція Смактуноўскага, у бліскучай сатыры Віктара Шэндэровіча, у антыўтопіях Уладзіміра Вайновіча, балядах Андрэя Макарэвіча й канцэртах Мсьціслава Растраповіча...
Менавіта Беларусь разгарнула на поўную сілу таленты францускага пісьменьніка Рамэна Гары й расейскага музыкі Ўладзімера Мулявіна, паэткі з роду Лермантавых Натальлі Арсеньневай, і найуплывовейшага езуіта ХІХ стагодзьдзя Габрыэля Грубэра, прарока каталіцтва й ідэоляга вуніі, Пятра Скаргі й яго візаві, вялікага праваслаўнага мітрапаліта ХVII стагодзьдзя Пятра Магілы...
Сёньня мы сабралі лепшых зь іх разам. Упершыню. Для цябе. Ты чуў пра іх, ты іх ведаеш. Але табе абавязкова трэба пазнаёміцца зь імі асабіста.
Калі цябе цікавіць нацыянальная ідэя ўласнай пэрсонай – адчыняй старонку.
Цябе чакае сама Беларусь у чалавечым абліччы.
VII. БЕЛАРУСКАЯ ДУХОВАСЬЦЬ
“Духовасьць” – завяршальны разьдзел гэтае кнігі.
Духовасьць – найвышэйшае паняцьце нацыянальнае ідэі, што перасягае межы часу й прасторы.
Духовасьць – самая важная сфэра беларускае сьвядомасьці: менавіта ў духу заключаецца сутнасьць фэномэну Беларусі.