Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Паляўнiчы (на белорусском языке)
Шрифт:

– Лепш ўжо быць батраком. Працуючы на iншага, ва ўсякiм разе, хоць у канцы кожнага тыдня атрымлiваеш грошы. А выручка з фермы - яе i не бачыш.

– Хiба ты нiчога не атрымаў ад ураджаю?

– Атрымаў, але, калi за ўсё заплацiў, грошай не хапiла нават на насенне, не кажучы пра нейкiя закупкi ў Дзюкэна. Я ўсё яшчэ выплачваю па закладной, а таксама нядоiмку за трыццатыя гады, i нават зямельную пазыку, якую бацька атрымаў яшчэ ў тысяча дзевяцьсот трэцiм годзе.

Рой ведаў пра гэтыя даўгi, але якi фермер не мае даўгоў. Фермерам заўсёды даводзiлася выкручвацца, плацiць, калi ёсць чым, а не - дык залазiць у даўгi, праклiнаючы высокiя адсоткi i падаткi i зямельныя банкi, якiя абдзiралi iх да нiткi. I ўсё адно ён ведаў, што Сэм не павiнен быў так збяднець; збяднець аж да таго,

каб спусцiць апошнюю свiнню. За ўвесь той доўгi час, што Мак-Нэйры апрацоўвалi зямлю, не было, здаецца, выпадку, каб хто-небудзь з iх прадаваў апошнюю свiнню, i дзеля чаго: на гарбату i цукар. Такое мог зрабiць толькi чалавек, даведзены да мяжы адчаю.

– На гэтых лясных фермах аднаму яшчэ можна перабiцца, - працягваў Сэм. Можна пракармiцца тым, што дае ферма: ёсць сваё масла, малако i хлеб, але для сямейнага чалавека гэтага мала, Рой. Мала.

– А я думаў, што цэны на хлеб зараз добрыя, - сказаў Рой.

– Яны добрыя з самай вайны, але што толку, калi на ўсё iншае цэны растуць яшчэ хутчэй. Да таго ж у мяне недаспела пшанiца i няма кармоў. Усё лета зямля мокла, i палова сена згнiла.

Рой аднак не мог зразумець.

– Але, калi зямля такая цяжкая, чаму ты вясной не пасеяў гарох альбо нейкую iншую гароднiну?

– Ды не цяжкая яна, - сказаў Сэм, - а ўся забалочаная, пракiсла.

– Дык асушы яе.

– Ты ж ведаеш, толькi пярэдняе поле ўзарана як след. Усё астатняе макрэча.

– А хiба нельга было дастаць машыну? Пракапаць канавы?

– У мяне толькi дзве рукi, - сказаў Сэм.
– Вось чаму табе i трэба застацца. Мы наладзiлi б асушку сядзiбнага надзела, выкарчавалi б сорак чацвёртую расчыстку, маглi б пасеяць чырвоную канюшыну, а мо кукурузу альбо бульбу. Мне патрэбны працоўныя рукi, Рой, а наняць я нiкога не магу.

– А я думаў, што ты выкарчаваў сорак чацвёртую яшчэ летам.

Руф Мак-Нэйр, заняпалая жанчына з пагардлiвым позiркам i адвiслымi грудзямi, прысела ля стала.

– Ён быў вельмi заняты, усё здаваў коней, - сказала яна, - а грошы трацiў Бог ведае на што. Усё лета прагуляў, глядзеў, як працуюць iншыя.

Сэм не спрачаўся з жонкай, i Рой ведаў, што справа тут не ў ляноце. Слабасць Сэма ў iншым: ён няздольны зразумець, што фермерства - гэта разлiк; разлiк ва ўсiм; нiколi не купляць насення больш, чым можаш пасеяць, нiколi не сеяць больш за тое, што можаш убраць, прадаючы, нiколi не пакiдаць жывёлу i сям'ю без прыпасаў. У Сэма не хапала для гэтага нi спрыту, нi жадання. Калi ён i страцiў марна ўсё лета, гэта сведчыла не пра ляноту, а хутчэй пра тое, што ён быў у адчаi.

– А як конi? Працуюць?
– Роя гэта цiкавiла асаблiва, бо гэта ён купiў брату двух цяжкавозаў-клайдсдэляў, купiў толькi два гады таму, затрацiўшы на гэта паўгадавую выручку ад палявання. Але i гэта не паспрыяла Сэму.

– Я прадаў запрэжку, - сказаў Сэм i ўпершыню зiрнуў на Роя.

– Навошта, Сэм, - злосна ўсклiкнуў Рой.
– Гэта была лепшая запрэжка ў Сент-Элене!

Сэм спрабаваў нешта сказаць, але ў яго нiчога не атрымалася.

Рой пашкадаваў пра сваю нястрыманасць. Сваё здзiўленне i гнеў ён нейтралiзаваў звыклым намаганнем трымаць язык за зубамi. Яму стала шкада брата, ён быў горка расчараваны i прыгнечаны тым, што гэты развал адбываецца на яго вачах, не толькi душэўны распад брата, але i распад дома, сямейнага кутка.

– А як жа ты справiшся без коней?
– сумна прамовiў Рой.

– Нiяк не спраўлюся, калi ты не дапаможаш мне. Пра гэта я i талкую табе, Рой.

У нежыццёвым тоне Сэма ўсё тая ж вялая пагроза. Але Рой не паддасца, ён нават не верыць, што справы дрэнь. Сэм разгублены i самотны, проста не падобны сам на сябе.

– А што, калi я папрашу Джэка Бэртана, каб ён дапамог табе?
– прапанаваў Рой.
– Джэк зробiць усё, што можа.

– У яго i без мяне хапае клопату, - сказаў Сэм.

– Не хочам мы яго, - умяшалася Руф Мак-Нэйр.
– Ён свiнапас i лесаруб, адно слова - падзёншчык.

– Ён добры фермер, Руф, - прамовiў Рой.

– А для мяне ён заўсёды будзе батраком, i я не хачу, каб такiя людзi дапамагалi мне дарма. Яму патрэбна падзёншчына. Такiм ён быў, такiм i

застанецца.

Рой цярплiва выслухаў яе, ён ведаў, што яна грэбуе Джэкам, як можа грэбаваць дачка фермера сынам батрака. Бацька Джэка дзесяць гадоў батрачыў у бацькi Руф - старога Боба Мудзi. Сёння нiхто з гэтай сям'i не затрымаўся на зямлi, а ў Джэка была свая ферма, якая ўсё ж кармiла яго. Ён нават купiў два акры той зямлi, якую стары Мудзi мусiў прадаць, калi яго зрабiлi банкрутам зямельныя банкi i зламалi пастаянныя спрэчкi, сваркi i грубасць сваiх жа дзяцей, у тым лiку i Руфi. Рой заўсёды ўсведамляў тое зло, якое яна прынесла ў iх дом, паступова аблытваючы спакойнага Сэма сваёй фанабэрыстасцю i дробязнасцю, нiколi не падтрымлiваючы яго ласкавым словам, спагадлiвым клопатам, дапамогай у працы. Яна так добра пастаралася зрабiць Сэма такiм, якiм ён стаў, што Рой ужо не аддзяляў iх адно ад аднаго, хiба што толькi ў тым, што Сэм быў канчаткова знясiлены i амаль не размаўляў з жонкай, хоць яна яшчэ i зараз спрабавала падбухторваць яго. "Бедны Сэм, - падумаў Рой.
– Яму патрэбна была цiхая, спакойная жонка, якая клапацiлася б пра яго i паважала. А ён атрымаў злосную бабу, якая трымала яго пад пастаянным страхам, чаплялася да кожнага слова i кожную спрэчку ператварала ў грубую лаянку. Яе пошлая грубасць была галоўнай прычынай сённяшняга становiшча Сэма".

– Не хачу я яго, - паўтарала яна i зараз пра Джэка Бэртана.
– Я яму i самому скажу тое ж самае проста ў вочы, калi вы яго сюды прывядзеце. Ён не патрэбен нам!

– У яго ж уласная ферма, - сказаў Рой, звяртаючыся да, Руф з марнай спробай абаранiць Джэка.
– I гаспадарыць ён няблага.

– Яму iнакш i нельга, маючы гэткую жонку: напладзiлi цэлы вывадак.

Гэтыя грубыя словы, сказаныя з цынiчнай усмешкай, былi падмацаваны непрыстойным жэстам яе нязграбных рук. Роя абурыла такая грубасць, не вартая чалавека, i ён адвярнуўся.

Сэм пакiваў галавой.

– Джэк выкручваецца таму, што збiрае хоць нейкi капiтал - карчуе зямлю iншым, працуе на дарозе, прадае гарбузы, але праз год-другi i яго прыцiснуць. Усе гэтыя карлiкавыя фермы ў сасновай зоне не выжывуць. Тут месца зусiм не для ферм. Уся гэтая паласа ўздоўж Гурона ўзнiкла таму, што некалькi пустагаловых бедных кратоў, накшталт дзядулi Мак-Нэйра, прывалаклiся сюды за лесарубамi i пачалi калупацца пасярод скал: вырасцяць бульбу, выгадуюць свiней i выцягваюць грошы з лесарубаў. Мо тады гэта i было вынiковым, але яно скончылася адразу, як толькi лясныя кампанii ўзялi ўсё забеспячэнне ў свае рукi. А пасля, калi лесарубы агалiлi ўсю акругу i пайшлi, фермерства тут пазбавiлася апошняга сэнсу. Тады трэба было сысцi i Мак-Нэйрам, iсцi ў Манiтобу, на Нiягару, у Буфало, у Дэтройт. А яны не сышлi, чаплялiся за лясную ўскраiну, як занесеныя снегам авечкi, якiя баяцца скрануцца з месца, - Сэм носiкам бота адчынiў дзверцы печкi i плюнуў на вуголлi.
– Дык вось, я менавiта той Мак-Нэйр, якi не затрымаецца тут, калi не атрымае дапамогi. Я гэта кажу сур'ёзна, Рой.

Рой прамаўчаў.

– Калi ты прыйдзеш наступным разам, Мак-Нэйраў тут ужо небудзе.

Рой ступiў некалькi цяжкiх крокаў, адчынiў дзверы кухнi i цвыркнуў у цемру чорным струменем тытунёвай жвачкi. Вярнуўся да агню, усеўся на сваё месца побач з братам i прасядзеў там моўчкi, пакуль рашэнне, што мае быць, не ўклалася ў яго ў галаве. Тады ён падняўся наверх i адразу спусцiўся ўнiз з вялiкiм пакункам i двума звязкамi скурак з-пад матраца.

Руф Мак-Нэйр назiрала за iм. Ведаючы, куды ён збiраецца, яна з'едлiва прамовiла, калi ён адчыняў знадворныя дзверы:

– Вось пойдзеш так калi-небудзь да Эндруса i спаткаеш свайго Эндзi.

Рой прыпынiўся ля адчыненых дзвярэй.

– Кажуць, што яго бачылi!
– гукнула яна следам.

Рой iмкнуўся не слухаць яе, але гэтыя словы ўжо ўчапiлiся ў яго i рвалi на часткi яго насцярожанае сумленне. Шыбуючы па асветленых месяцам камянiстых градах на палях i сасновых лясах, ён увесь час думаў: а што, калi Эндзi Эндрус ужо дома, з Джын, i чакае, калi на дарозе з'явiцца Рой. Вось ужо дзесяць гадоў, iдучы па гэтых мясцiнах, Рой задаваў сабе ўсё тое ж пытанне, але нi разу яшчэ не было i прыкмет на тое, што Эндзi дзесьцi тут.

Поделиться с друзьями: