Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пасля Жыццё

Быкаў Васіль

Шрифт:

Зрэшты, можа, тое была адна балбатня, можа, ніхто б яго і не падпаліў у гаражы, і ўсё абышлося б. Неяк сьцярпелася б і ў гаражы - не такі ён пан, каб кожнай начы спаць на мяккай канапе, пад белымі прасьцінамі. Але калі б былі грошы. Неяк неўпрыкмет і хутка разышліся тыя васемсот баксаў, што выручыў вясной за свой 412-ы «Масквіч» - з гэтага ж гаража. Тады здавалася, васьмісот баксаў хопіць надоўга, усё ж гэта былі немалыя грошы; гэтак жа лічылі і сябры-суседзі, што вечарком прысаджваліся ў ягоным ацусьцелым гаражы да засланай газеткай прамазучанай табурэткі. Суседзі ўвогуле былі неблагія людзі, яны і падбілі яго расстацца з надаедам-«Масквічом», і ўсё падказвалі агораць іншамарку, якіх на той час стала паяўляцца ў двары. Канешне, ён быў не супроць перасесьці на «Опель» ці «Мерседэс» і ўжо прыглядваўся да іх на вуліцы, ды сталася так, што ягоныя баксы скончыліся раней, чым ён выбраў патрэбную мадэль.

Да таго, што засталося, трэба было добра дакласьці, але дакласьці не было адкуль, а да жонкі ён не хацеў патыкацца. Тады ён плюнуў на ўсе іншамаркі разам і на апошнія дзесяць баксаў купіў два паўлітры, нейкую закусь і справіў хаўтуры па сваім наіўным намеры. Урэшце, можна

было пражыць і без машыны - меней клопату і вальней было павярнуцца ў гаражы.

Тое, аднак, толькі здавалася - бяз грошай пражыць было немагчыма, у тым ён неўзабаве ўпэўніўся.

Калінікалі надвячоркам ці ў сьвяты ля гаражоў зьбіраліся іх уладальнікі, расчынялі дзьверы і пачыналі поркацца ў рухавіках ці перабіралі майно у багажніках. А то перакурваючы на падворку, пачыналі нясьпешныя размовы пра прыкрыя няспраўнасьці сваіх «Запарожцаў» ці пра бензін. Пасьля даволі працяглага перыяду бензінавага дэфіцыту, той нарэшце паявіўся на заправачных, але цэны на яго так заскакалі ўгору, што аж замільгацела ўваччу. Праўда, Ступака тое ўжо мала цікавіла, бензін яму быў непатрэбны, той клопат яго не кранаў. Яго кранала іншае: калі скончыцца гэтае бязладдзе, беспрацоўе і безграшоўе, калі ён, здаровы малады мужык, прыдбае працу і стане зарабляць на жыцьцё? Маладжавы дацэнт Мінкевіч, што езьдзіў на ніштаватай «сямёрцы», глыбакадумна даводзіў, што прычына ўсяго - у энергетычным крызісе, што трэба шукаць альтэрнатыўныя крыніцы забесьпячэньня нафтай, але ўсё ўпіраецца ў рэакцыйнае кіраўніцтва, якое арыентуецца адзіна на ўсход. Сазон Іванавіч, сівы ветэран з другога канца гаражоў, на тое імпэтна пярэчыў, што ўсё - у развале вялікай магутнай дзяржавы пад назвай Савецкі Саюз. Ягоны сусед, таксама пенсіянер, якога яны клікалі трошкі зьняважліва Плешка - за ягоную лысіну на патыліцы, звычайна гаварыў мала, але заўжды, нібы забіваў цьвік: за каго галасавалі, таго і напаткалі. Лепшага не заслужылі. Камлюкаваты Плешка ведаў, за каго галасавалі суседзі, аб тым даўно ўжо папрызнаваліся адзін аднаму ў Ступака за табурэткай, ведаў тое і Ступак, бо сам галасаваў за таго ж. Цяпер на каго было наракаць? Сьпярша ён сумняваўся ва ўласным выбары, усё думаў: справы ў дзяржаве як-небудзь паправяцца, але ішоў час, а справы катастрафічна горшалі. Тыя, што кралі, сталі красьці болей, а галоўнае - на законнай падставе. За горадам, бы на дражджах, расьлі дачы-палацы, рабочых звальнялі, бо заводы «паштовыя скрынкі» спыняліся адзін за адным, а ў тых, што яшчэ працавалі, амаль перасталі плаціць — не было грошай. Затое грошай хапала для вялізнае зграі міліцыі, АМАПу, усіх гэтых сьпецслужбаў, якія кішмакішэлі на вуліцах сталіцы. Даведзены з галадухі да адчаю, Ступак пайшоў па дапамогу да кіраўніка таварыства афганцаў, ды той толькі разьвёў рукамі - што я магу? Грошай у мяне няма. Але ж ён па тэлевізары ўсё гаворыць, што воінамафганцам трэба памагаць. Во хай ён і паможа, калі так гаворыць, адказаў кіраўнік. Ступак прыкруціў да пінжака свой ордэн і пайшоў у рэзідэнцыюпалац, але там яго на парозе спыніла ахова. Як ён ні даказваў ёй, што і ардэнаносец, і паранены, прайсьці ўнутр не далі. Ён аблаяў іх, а заадно і іхняга ўладара і паплёўся дадому. У свой апусьцелы гараж. Усё неяк стрываў бы, каб кожнага дня не хацелася есьці.

На сваім падворку сярод знаёмых і незнаёмых ён, аднак жа, маўчаў. За жыцьцё ён не прывык выказвацца, асабліва наконт улады, ведаў, лепей язык трымаць за зубамі. Так некалі вучыў яго бацька, вучылі ў камсамоле, затым у войску і ў партыі, з якой ён лічы што выбыў у памятную восень дзевяноста першага. Партбілет, праўда, тады не спаліў - сунуў пад бялізну ў жончынай шафе, хай ляжыць. Мабыць, ляжыць і цяпер.

Аднойчы ён добра набраўся з хлопцамі на саракавінах інваліда, таксама афганца, што да пары згарэў ад гарэлкі, і ўначы ледзьве дабрыў да свайго жытла. Уранку прачнуўся, пачуваў сябе надта паскудна, балелі галава і сэрца, зусім не хацелася жыць. Неяк дачакаўшыся, пакуль разьвіднее, устаў, прыладзіў пад стольлю пятлю з капронавага буксіру, на сярэдзіну гаража пасунуў табурэтку. Толькі хацеў стаць на яе, як у дзьверы ціха пастукалі, і ён зразумеў: то быў хтосьці з сваіх. Адпіхнуўшы ўбок табурэтку, расчыніў дзьверы - насупроць стаяў сусед, малады хлопец Аляксей, пытаўся струбцыну, заціснуць шарнір. Ступак мусіў падацца ў свае цёмныя закуткі, шукаць струбцыну. Стоячы пасярод гаражу, Аляксей пытаўся: «А што гэта - вяроўка ў вас?» - «Ды так, прывязваў нешта», - схлусіў гаспадар замагільным голасам, бы вяртаючыся з таго сьвету. Пасьля, як хлопец пайшоў, ранейшая рашучасьць яго і зусім зьнікла, засталася толькі ўсеадольная прыкрасьць. 3 расплюшчанымі вачыма ён праваляўся паўдня на раскладусе, а затым пабрыў да піўнога ларка, дзе доўга чакаў першага знаёмага. Ледзьве дажыў той дзень да вечару.

Сам Ступак быў чалавек маўклівы, але слухаць размовы іншых любіў, асабліва, калі размова ішла пра палітыку, ад якой цяпер залежала ўсё. Ды яшчэ ад такой палітыкі, у якой палягала ня столькі розуму і развагі, колькі цынічнага гвалту. Гвалтавала ўлада, гвалтаваў крыміналітэт, які множыўся, шчырэў, ад якога простаму чалавеку не было прадыху. Днямі ў суседнім падворку зпад самага вакна ўкралі, праўда, няновы ўжо БМВ, толькі што прыгнаны з Нямеччыны. Не зважаючы на надта ж шыкоўны «алярм», які гаспадар дэманстраваў цэлы вечар, тым даючы зразумець, што ня варта красьці - загудзезагалосіць. Аж не загаласіў, і ніхто не пачуў, як машыну выгналі з падворку, і яна назаўжды зьнікла. Людзі казалі - міліцыя, хто ж яшчэ так умее? Можа, і міліцыя, думаў Ступак. У пенсіянера з суседняга дому менавіта міліцыя знайшла скрадзены ўзімку «Жыгуль», але нумары аказаліся перабітыя, кузаў перафарбаваны, і ма-шыну гаспадару не аддалі: у міліцыі, ці бачыце, зьявіўся сумнеў. Пасьля таго, як машына паўгоду прастаяла ў мілі-цэйскім двары, той сумнеў зьнік, але мала што засталося і ад машыны - раскулачылі дашчэнту. Стаяў голы кузаў. Можа, і добра, што Ступак збыў да чортавай матары свой «Масквіч», менш будзе клопату і менш небясьпекі.

3 прычыны безграшоўя ён амаль не чытаў газетаў, хіба калі-нікалі выпадкова,

але тады кожны раз нерваваўся і расстройваўся, ажно карцела лаяцца. Газеты хлусілі гэтак на-хабна, як не хлусілі ніколі раней пры саветах. Апроч таго, у кожным нумары - указы, дакрэты, законы і безьліч папра-вак да ранейшых законаў і да папярэдніх паправак, бяскон-цыя выступы самога, ад якіх хацелася ванітаваць. Усё ўказваў, патрабаваў, гразіўся і падманваў, - як калісьці па-літрукі ў войску, як у тым Афгане. Што значыць пачатко-вец-міліцыянт, які дарваўся да ўлады не накамандаваўшы-ся ў паліцэйскай службе і зараз імпэтна спаганяў свой ка-мандзірскі сьверб. I, як ні дзіўна, тое шмат каму падабала-ся, пенсіянеры, былыя вайскоўцы-адстаўнікі, бы зачарава-ныя, чыталі ўсе ягоныя выступы ў газетах, усе ягоныя да-крэты, і наўрад ці што разумеючы ў іх пустазвонным шмат-слоўі, адабралі. «Можа, парадак навядзе» - было іх нязьменным аргументам. Хоць які ім патрэбны парадак у бяс-праўнай краіне, было невядома. Наўрад ці яны тое разу-мелі самі.

Колькі разоў Ступак спрабаваў яго слухаць па тэлевіза-ры, але не мог стрываць і пяці хвілінаў, сподам душы адчу-ваючы фальш яго пыхлівых словаў, і толькі дзівіўся, як таго не адчувалі іншыя. Хоць бы і ягоная жонка. Варта было Ступаку пасярод яго выступленьня ткнуць пальцам у які ін-шы сенсар, пераключаючы на іншы канал, як яна кідалася да тэлевізару і вяртала ўсё на ранейшае месца. I жонка, і яе малодшая сястра гатовыя былі з замілаваньнем гля-дзець і слухаць яго хоць да ранку. А на Ступаковы папрокі звычайна адказвалі: як можна грэбаваць такім выступлень-нем гэткага інтэлігентнага, віднага сексуальнага мужчы-ны? Яны проста млелі ад аднаго толькі выгляду яго заўжды старанна паголенага, напамажанага твару з загадкавым, амаль сакаліным, позіркам, тугімі пашчэнкамі і сківіцай ка-пылом, што лезла наперад з экрану. У такія хвіліны Ступак гатовы быў узьненавідзець увесь жаночы род, ня толькі

ўласную жонку. Яго ж ён ужо даўно ненавідзеў, нутром ад-чуваючы яго фальшывую сутнасьць, таннае акцёрства, разь-лічанае на дурняў або нягоднікаў. А як ён езьдзіў па гора-дзе? Рух на вуліцах заміраў, даішнікі пераключалі сьветла-форы і з палкамі выскоквалі на перакрыжаваньні зганяць тых, што замарудзілі зьнікнуць з дарогі. Усё пруцянела на вуліцы, бы ў чаканьні канца сьвету, як здаля шалёна вы-скоквалі тры-чатыры чорныя аўтамабілі ўступам управа ці ўступам улева і сьледам за міліцэйскай «мігалкай» на вялі-кай хуткасьці імчалі далей. Скрозь на іхняй дарозе кідаліся да тратуараў машыны прыватнікаў, ці, як іх звыкла назы-валі «аўтааматараў». Аднойчы Ступак замарудзіў у такі мо-мант спыніцца са сваім «масквічом» бо не было як прыт-кнуцца да тратуару, дзе стаялі аўтобусы, як даішнік каршу-ном накінуўся на яго, аблаяў, адабраў дакументы, за якімі пасьля давялося пахадзіць у іхнюю кантору.

Агледзеўшыся і зразумеўшы нарэшце, каго абралі, мужыкі пачалі папракаць адзін аднаго за свой неразумны выбар. З такім жа правам мог папракнуць сябе і Ступак. Ён таксама галасаваў за яго. Але як было не галасаваць ці галасаваць за ягонага суперніка, як некаторыя казалі - на-цыяналіста? Той можа, быў і неблагі хлопец, вучоны, але што б ён зрабіў з гэтым задушаным народам які ўмеў толь-кі піць, лайдачыць і красьці? Які напалову складаўся з каму-ністаў ды камсамольцаў, а другой паловай абслугоўваў КДБ? А яшчэ той абвясьціў, што ўзаконіць прыватную ўлас-насьць ды ўвядзе абавязковай нацыянальную мову, на якую амаль усе забыліся - і ў горадзе, і ў вёсцы. Ступак пачаў ад яе адвыкаць яшчэ ў войску, хоць для яго, вясковага хлоп-ца, авалодаць як сьлед расейскай было нялёгка. Ён доўга ня мог правільна вымавіць шмат якія расейскія словы (тряпка, напрыклад, за што яго так і дражнілі ў роце - «трапка»). Толькі адвучыўся ад вясковага, збольшага зага-

варыў, як і ўсе ў горадзе, на расейскай, як гэты вучоны-нацыяналіст зьбіраецца ўсіх перавучыць назад, па-вяско-ваму. Не, на тое Ступак быў нязгодны. Хай ужо вясковыя бацькі дагаворваюць свой век, як умеюць, ён жа застанецца пры гарадской мове. Як начальства. Як усе навакол. Зноў жа мітынговыя пагрозы камуністам, наменклатуршчыкам ды кадэбістам. Якраз перад тым Ступака прынялі ў пар-тыю, зьявіліся нейкія магчымасьці, і ён сьвядома прагала-саваў за міліцыянта, таксама камуніста. Праўда, тады сла-бенька паспадзяваўшыся, што, можа, таго яшчэ і не выбе-руць. Ды во выбралі - на сваю галаву.

Недзе на сярэдзіне лета, як яго асабліва дапякла нэндза, удумаў зьезьдзіць на вёску да бацькі. Якраз у той бок ехаў на сваім «Запарожцы» сусед Плешка, узяўся падвезьці. Вы-ехалі раненька, па халадку, на вуліцах яшчэ было вольна ад аўтамабіляў, Плешкаў «Запарожац» ня-звыкла стракатаў рухавіком, здавалася, вось-вось пойдзе ў разнос і разваліц-ца. Але не разваліўся, порстка каціў па шашы. За гарадской рысай на раздарожжы ўперліся ў шлагбаум ДАІ - праверка дакументаў, усё роўна, як калісьці ў Афгане. Але там ішла вайна, а тут… Пахмурыя з бессані хлопцы ў камуфляжы з аўтаматамі на грудзях прыдзірліва агле-дзелі Плешкавы правы, зазірнулі ў салон і ў багажнік наперадзе. Плешка нечакана для свайго ўзросту і, пэўна, насуперак характару пачаў лісьліва лепятаць штось, бы падлізвацца, нібы быў вінаваты. Ступак жа адчуваў толькі злосьць, калі гэтыя ма-лакасосы прыдзірліва, з-пад ілба азі-ралі яго, запасьніка-афганца, узнагароджанага баявым ордэнам. Хто яны такія? Ці стрэльнулі яны хоць раз з тых аўтаматаў па жывым ча-лавеку, раздражнёна думаў ён.

Пасьля, ужо на дарозе, мабыць разьмякшы на КПП, Плешка пачаў скардзіцца, як цяжка жыць. На сваю працоў-

ную пенсію трэба яшчэ ўтрымліваць і дачку з унукамі, якая два гады нідзе не працуе. На старасьці год замест таго, каб забіваць у даміно ці сядзець з вудай над рэчкай, ён змуша-ны рамантаваць чужыя машыны, адбіваць пальцы на кузаў-ным рамоньце. Але ўсё нейкі рубель на прыварак для дачкі і ўнукаў. Зрэшты, у гэтым сэньсе Плешка ня быў выклю-чэньнем, цяпер шмат маладых жыло на жабрацкія пенсіі бацькоў. Ступак, едучы ў вёску, таксама меў спадзеў чым-небудзь пажывіцца ад бацькі. Ён расслаблена сядзеў побач з засяроджаным на дарозе Плешкам і, як той змоўк, пачаў гаварыць сам. Карцела пагаварыць, расказаць пра сваё на-балелае. Там ля гаражоў, гэтаму Плешку не было калі слу-хаць, тут жа нідзе ня дзенецца, будзе слухаць, - думаў Сту-пак.

Поделиться с друзьями: