Пасля Жыццё
Шрифт:
– А й на Берыю з Яжовым знайшлася ўправа.
То быў пэўны намёк, Сазон рэзка азірнуўся на суседа - ён быў абураны.
– Управа! А порядок был. Через границу как зайцы не бегали. Граница была на замке. А этим дали волю…
Тут усе ведалі, што Сазон быў з чэкістаў, гадоў з трыццаць праслужыў на мяжы, і гаражнікі, асабліва нябожчык Аляксееў дзед, клікалі яго Карацупам. Пасьля перасталі, як дазналіся, што ён разам з іншымі быў прыроўнены да ўдзельнікаў ВАВ (Вялікай айчыннай вайны). Раней і Ступак яму штось адказаў бы, але не цяпер: ён ня мог раскрывацца да часу. Тым болей, калі ў яго пачалася гэтая гульня.
– Але ж то рускія журналісты, - вёў сваё Плешка.
– Дык як жа ты супроць рускіх?
– Я против националистов!
– Беларускіх? Ці і рускіх таксама?
Сазон на тое не адказаў нічога, толькі прабурчэў нешта. Мабыць, тое пытаньне было надта складанае для просталінейнага і катэгарычнага памежніка,
Нарэшце грошы ў Ступака і зусім скончыліся, ён даеў у гаражы засохлы акраец хлеба і галадаў зранку. Пазычыць ужо не было ў каго, Плешку ён і без таго быў вінаваты дваццаць пяць тысячаў, Сазону, праўда, менш, але цяпер да Сазона ён не хацеў зьвяртацца. Заставалася папрасіць у маладога Аляксея, і Ступак зранку чакаў яго ў гаражы. Ды Аляксей штось не паяўляўся, можа куды зьехаў, думаў Ступак. Адлучыцца куды ў горад ён не адважваўся, чакаў, што павінен жа прыехаць да яго Шпак. Так і сядзеў да вечару галодны і дужа злосны - на сябе, на жыцьцё, на ўвесь белы сьвет.
На другі дзень, аднак, замест Аляксея ля гаражу паявілася Аляксеева жонка, худзенькая маленькая чарнушка, з малым сынком. Яна выглядала заплаканай і скупа паведаміла скрушную навіну:
– Алёшу зарыштавалі.
– Завошта?
– Ну, прыслалі павестку з пракуратуры, што выклікаюць як сьведку. Наконт таго мітынгу. Ён пайшоў і прапаў. Аказваецца, у пракуратуры і арыштавалі. Што цяпер рабіць?
– сумна пыталася жонка.
Малы задуменна церабіў падол яе кароценькай, па модзе, сукенкі.
– Пусть не путается с бэнээфовцами, - сурово зазначыў Сазон.
– Нічога, ня плач, - суцяшаў Плешка.
– У Хельсінскі камітэт трэба. Там добрая адвакатка ёсьць.
Ступак не сказаў нічога і, каб не цьвяліць душу, адышоўся ў цёмны кут свайго гаражу. Ён адчуваў, што ніхто ёй не паможа - ні Хельсінскі камітэт, ні адвакатка, ні нават сто адвакатаў: і суд, і закон былі ў ягоных руках, і ён сваю палітыку вёў, як хацеў, - напралом праз закон і права, па лёсах людзей, таптаў канстытуцыю і ўсе міжнародныя пагадненьні. Мабыць, зважыць ён толькі на сілу. Але дзе яна была, тая сіла? Дзе і адкуль было яе ўзяць? Цёмны забіты народ толькі і ведае глядзець у яго хітра-блатняцкія вочы і падтрымліваць, што ён ні скажа. Варта каму з замежжа заступіцца за бязьвінныя ахвяры, памагчы грашыма, як тут жа - разьюшаны вэрхал у газетах і на тэлебачаньні - змова, прошукі ЦРУ, прасоўваньне НАТА на ўсход. Недзе варушыцца жменька апазіцыі, самыя адважныя з якой ідуць на злом галавы, нявечаць жыцьцё сабе і сямейнікам. На што спадзявацца?
Можа, аднак, праз месяц пасьля шпаковага прыезду ўсё вакол Ступака раптам зьмянілася, - забурліла, замітусілася, бы на пажары. Уранку, толькі ён пагаліўся перад кавалкам люстэрка, дужа забразгала гаражнай засаўкай жонка, якую паднялі з ложку. Ступак адчыніў дзьверы, і ўбачыў яе ў файным хатнім халаце, побач стаялі два ў камуфляжы, а ззаду чарнелася ўрадавая «волга». Яго пасадзілі на задняе сядзеньне і моўчкі павезьлі кудысь па горадзе, затым - у загараддзе. Пасьля паволі між нейкіх дачных забудовак па лесе ці цераз парк, пад’ехалі да нейкага асабняку з калонамі. У Ступака ажно непрыемна заныла пад грудзямі — куды гэта яго? Ужо ці не пранюхалі што? Але, мабыць, яшчэ не пранюхалі, хоць па хмурых тварах яго спадарожнікаў і тых нямногіх, што траплялі насустрач, нічога нельга было заўважыць - так умелі хаваць усё ў сабе. Ці, можа, у іх не было нічога, - падумаў Ступак. Затое сыты, як і ў Шпака, твар нестарога яшчэ палкоўніка, да якога нарэшце яго прывялі, сьвяціўся лагодай і прыязнасьцю.
– Сядайце, таварыш прапаршчык, Ступак, здаецца?
– папытаўся палкоўнік і для пэўнасьці зірнуў у паперку на стале.
– Дык як жывяцё? Як здароўе?
– Нічога, - стрымана адказаў Ступак. Ён ужо ведаў, што гэтыя заўжды так пачынаюць гаворку - пра жыцьцё і здароўе, быццам тое іх дужа хвалюе.
Гаворка, аднак, выдалася доўгая - пра жыцьцё і пра палітыку, унутраную і зьнешнюю, камуністаў і дэмакратаў. Відаць па ўсім, палкоўнік быў чалавек гаваркі і меў процьму часу. Ступак болей слухаў, і калі палкоўнік пытаўся, сьціпла адказваў: так або не. Мусіць, яго суразмоўніка тое задавальняла. Як можна было зразумець, яго найбольш клапаціла стаўленьне Ступака да апазіцыі, якая «шалёна ірвецца да ўлады». А таксама той факт, што «НАТА апантана прасоўваецца на ўсход». Ступак нешта мармытаў у адказ, што мала разумеў сам, але думаў: «У труне я хацеў бачыць тое НАТА разам з табой». Аднак услых не сказаў нічога, нават трохі пабойваўся, каб палкоўнік не адгадаў яго крамольнае думкі. Мабыць, аднак, не адгадаў, бо ў той час натхнёна апавядаў, як важна супрацьстаяць агрэсіі заходняга капіталу і ратаваць бацькаўшчыну. Што ён разумеў пад тым словам - Беларусь, СНД ці ранейшы СССР, засталося невядома.
Далей Ступак паўдня праседзеў у асобным кабінеце - запаўняў анкеты. Гэтых было тры ці чатыры адразу,
на некалькіх старонках, і ён аж спацеў, падрабязна адказваючы на дзясяткі пытаньняў - ад першага, пра імя, прозьвішча і імя па бацьку да імёнаў бацькоў, месца іх нараджэньня і сьмерці (дзе і калі памерлі, месцы пахаваньня і нумары магілаў). Жывога бацьку Ступак падрабязна атэставаў як партызана і ўзнагароджанага, а маці… Яна памерла, калі ён быў у Афгане. Сястра Алена жыла пад Масквой, ды ён ня ведаў дзе, у якім горадзе (ні то ў Жукоўску, ні то ў Чарняхоўску) і думаў, як лепш напісаць? Ці калі ня ведаеш, дык не пісаць нічога? Але тады могуць прыдрацца, што ўтаіў. I ён напісаў першае, што прыйшло ў галаву: горад Зеленагорск, вуліца Касманаўтаў, 10, кв. 20.Пасьля ў іншым кабінеце афармляў падпіску аб строгай сакрэтнасьці - гэта ўжо было, як ён здагадаўся, па лініі бясьпекі. Хоць і прымаў яе лысаваты чалавек у модным двухбортным пінжаку з дужа акуратна завязаным гальштукам, важнасьці было нават больш, чым у кабінеце палкоўніка. Неяк вельмі стрымана, нібы выпрабоўваючы ягоную рэакцыю, чалавек вымавіў яму ў твар адно толькі слова «Музыкант», і Ступак зразумеў усё. Некалі гэтую мянушку прыляпілі да яго таксама ў дужа сакрэтным аддзеле перад адпраўкай у Афган. З тае пары, праўда, ніхто яму пра яе не напамінаў, і ён ужо думаў: забыліся. Аж не, не забыліся. Зрэшты, цяпер ад яго нічога не патрабавалася, а гуляць з імі ў тыя сакрэтныя гулі ўвогуле было няцяжка, хай пацешацца. I ён усё падпісаў.
Мусіць, да паўдня, аднак, усе паперы былі аформленыя, якія забрала ў яго прыгожая, у міліцэйскай форме дзяўчына з дужа суровым позіркам і дзьвюма зоркамі на пагонах. У апошні момант ён нават падміргнуў ёй, ды тая не павяла і брывом, склала ягоныя паперы ў шыкоўную зялёную папку і замкнула ў шэры сейф у кутку. Значыць, будзе захоўвацца вечна і сакрэтна, падумаў Ступак. Пасьля ўжо іншы, белабрысы міліцэйскі сяржант павёз яго кудысьці ў горад. Спакваля Ступак пачаў пазнаваць МУС. «Гэта навошта?» - спытаў Ступак. «А медкамісія!
– проста і дабразычліва адказаў белабрысы шафёр і хіхікнуў: - Праверка на СНІД».
Тое ўжо мала Ступаку падабалася, хутчэй - не падабалася зусім. На якога д’ябла!
– думаў ён, губляючы трываньне ад гэтага падрабязнага дасьледваньня ягонай асобы. Што ён ім будзе служыць? У яго іншая мэта, яму б толькі дапяцца да зброі. Мабыць жа, дадуць якога «Сьцечкіна» ці «Калашнікава», і ён падловіць момант. Ягонае здароўе яго мала цікавіла, хай не цікавіць яно і гэтых.
Але гэтых якраз дужа цікавіла. Да цямна яго вадзілі з кабінету ў кабінет, з паверху на паверх, - слухалі, мацалі, вымервалі на апаратуры, высьвечвалі ягоныя вантробы на мільготкіх маніторах. Але ўсё было ў норме, ціск жа, сказалі, бы ў юнака, і яго пахвалілі. «Алкаголь ужываеце?
– папытаўся строгі доктар, на плячах пад халатам якога мулялі цьвярдыя пагоны. Ступак з наіўным выглядам пакруціў галавой: «Ну што вы!» Трохі затрымаў на ім свой пранізьлівы позірк хірург, як убачыў сіняватую адмеціну на плячы. «Што - агнястрэльная?» - «Афган», - коратка адказаў Ступак. «А то - ушыб?» — даволі груба памацаў ён сьлед ад нядаўняй амапаўскай палкі. «Упаў…» - «Па п’янцы?» - ухмыльнуўся доктар, штось разумеючы. Ступак тое пакінуў без адказу - здаецца, яны і так паразумеліся. Далей была кардыяграма з правадамі, якія аблыталі ягоныя рукі і ногі, акуліст са сваёй табліцай на сьцяне і ў канцы дзіўнаватая гаворка з псіхіятарам. Адзінае, што з яе запомніў Ступак, былі прыдзірлівыя пытаньні пра выпіўку і наркоту. I тое, і іншае Ступак рашуча адмаўляў, сказаў, што ніколі ні-ні, успамінаючы пры тым, як у тым жа Афгане, і неаднойчы, яны добра-такі кайфавалі анашой. Шкада, пасьля кінуў. Каб ня кінуў, можа б, лепей было, нечакана падумаў ён, седзячы перад хітраванам-псіхіятарам. Здаецца, стан ягонага здароўя іх задаволіў. Яго тым болей.
Да свайго гаражу ён прыплёўся, калі ўжо сьцямнела, побач на падворку ўгары сьвяціўся ліхтар, сьвяціліся вокны ў хрушчоўках. Ведаў, цяпер там усе ўтаропіліся ў свае зіхоткія скрынкі - хто на музычныя шоу, крывуляк-танцуляк са шнурамі ў руках, а болей, мусіць, на чарговы нумар самога. Амаль кожны вечар той выступаў са сваім гіпнозам - то пагрозьліва-строга, калі гаварыў пра апазіцыю, якая мае ад ЦРУ заданьне яго зьнішчыць, то шчодра адорваючы ўсіх белазубай усьмешкай з-пад шыкоўных вусоў, калі зьвяртаўся да гледачоў. Асабліва глядачак, якіх ён часьцяком на прамілы Бог прасіў падтрымаць яго ў сьвятой барацьбе за дабрабыт народу. Слухаючы яго лісьлівыя звароты, жанчыны былі гатовыя на што хочаш, - з такімі просьбамі да іх ніхто раней не зьвяртаўся. Тым болей з вялікіх начальнікаў, не памінаючы ўжо ўласных мужоў, якія даўно не прызнавалі нічога ў жыцьці, апроч бутэлькі. Мужчыны не любілі палітыку, якая цікавіла іх усё меней, чым горш жылося. Затое яна ўсё болей захапляла жанчын, асабліва з тае прычыны, што ў ёй верхаводзіў ён - такі выбітны, прывабны, амаль нежанаты, які ўвасабляў недасяжныя жаночыя мары аб мужчы-некавалеру, мужчыне-лідэру. I тым вабіў.