Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пасля Жыццё

Быкаў Васіль

Шрифт:

А гэта вось Серафіма, якую ён ні разу ня бачыў і ўжо не пабачыць ніколі, чужая і незнаёмая, даглядае яго і корміць, ратуе ад пагібелі — па сваёй добрай волі, без усякага разьліку і нават бяз жаднай надзеі. Учора, як прынесла бульбачку і ён пачаў няўмела есьці, так сардэчна забедавала, здаецца, ажно заплакала. Што за жанчына яна і якога хоць бы ўзросту? Голас мяккі, дужа далікатны і мілагучны жаночы голас, але якая яна з твару, аб тым Хлебнікаў ня мог нават здагадвацца. Хоць бы спытаць, колькі ёй год? Канешне, жанчыны яму цяпер без патрэбы, што яму і Серафіма? Але ўсё ж такі… Ён чакаў пачуць яе голас — ведаў, тады пачынаецца дзень, яна прыносіць харч, падтрымлівае ў ім жыцьцё і тоненькай нітачкай зьвязвае яго са сьветам і безьліччу падзей, з якіх выпаў ён. Усе гэтыя дні ён дужа пакутваў бяз курыва, немец прынёс дзясятак слабых, бы трава, цыгарэт, якія ён скурыў за некалькі гадзінаў і прагнуў курыць яшчэ. Можа, і тут Серафіма яму паможа? Ня можа быць, каб у вясковых мужыкоў не знайшлося якога самасаду? Хіба што ў зруйнаванай вёсцы ня знойдзецца і мужыкоў…

Праклятая вайна, як усё няўлад абярнулася на ёй! Нават для яго, кадравага вайскоўца, для яго вайна — прафесія, і ён за гады сваёй службы ўпарта і старанна спасьцігаў

яе таямніцы, складаную тэхналогію барацьбы з ворагам. І можа на вайне ён упершыню задаў сабе сакраментальнае пытаньне: ці падрыхтавалі яго хоць бы ў галоўным да таго, што гэтак спатрэбілася на фронце? Усю сваю службу, колькі памятаў Хлебнікаў, пяхоту вучылі абароне і найбольш — наступленьню, зімой і ўлетку малымі падразьдзяленьнямі і буйнымі злучэньнямі, на тактычных і штабных вучэньнях адпрацоўваліся дзясяткі варыянтаў гэтых складаных тэм. Ніхто з вайскоўцаў ня мог нават падумаць пра такія праблемы адступленьня — такога віду баявой дзейнасьці не прадугледжвалі статуты Чырвонай арміі, якая не зьбіралася адступаць ніколі і планавала разьбіць ворага малой крывёй і магутным ударам. Найбольш верагодным ворагам меркавалася імперыялістычная Японія, там ля яе, на Далёкім Усходзе, адбываліся частыя стычкі і правакацыі, на граніцах з ёю, у Маньчжурыі і Манголіі, стаялі самыя баяздольныя далёкаўсходнія дывізіі Чырвонай арміі, камандзіры ўсіх рангаў і ступеняў нястомна вывучалі арганізацыю і тактыку японскай імператарскай арміі. Немцы перад вайною былі сябрамі, іхнія камандзіры перад вайною вучыліся ў нашых акадэміях, дыпламаты і вайскоўцы рэгулярна прысутнічалі на нашых вялікіх манеўрах БВА і КВА. На захадзе быў пакт, мір і поўны ажур.

А на справе атрымалася ўсё наадварот. Японцы мірна стаяць, дзе стаялі, немцы ж пад прыкрыцьцём пакту ўварваліся ў краіну і адцяпалі ўвесь яе захад. І няма ім супынку, пруць на Маскву. І хто вінаваты ў гэтым?

Іхні полк і дывізія адступалі ад Баранавічаў, двойчы вы-ходзілі з акружэньня, перажылі танкавы разгром на Беразіне, страцілі большую палову асабістага складу. Несьціханым болем ныла душа па забітых сябрах, пакутвала ад бясконцых няўдач і паражэньняў, а розум ноччу, у ціхія хвіліны спакою ўсё перабіраў, варашыў тысячы розных прычынаў і фактаў, каб зразумець, у чым справа, хто вінаваты?

Неяк яны начавалі на хутары пад Менскам. Была цёмная ноч, зьбіралася на дождж, дружна насядалі камары, і, каб уратавацца ад іх, Хлебнікаў пайшоў спаць на хутар у хату. Там ужо былі палкавы начарт Бурш, начхім Емяльяненка, нехта з байцоў. Не запальваючы сьвятла, яны палеглі на лаўках, але ня спалі, гаманілі пра тое і гэта, а найбольш — пра нашы няўдачы. І тады Бурш сказаў, што ў такой сітуацыі, калі праціўнік навязвае нам сваю тактыку, трэба гэтую тактыку пераняць у яго, гэта значыць нешта пазычыць у немцаў. Тое Бурш у найбольшай меры адносіў да дзеяньня танкавых злучэньняў, а таксама нямецкай пяхоты, іхніх аўтаматчыкаў, якія дзейнічалі зусім інакш, чым гэта вызначалася ў нашых статутах. Ня ў прыклад нашым баявым парадкам, немцы наступалі ў адзін ланцуг, камандзіры ў іх былі ззаду, адкуль кіравалі боем, ніхто ў іх ня бег перад ланцугом з пісталетам у руках і з крыкам «Ура!». Ніхто тады Буршу не запярэчыў. Хлебнікаў таму, што ўжо засынаў ды і адчуваў пэўна: начарт кажа праўду, што можна было сказаць насуперак? Праўда, наступаць ім яшчэ не даводзілася, яны ўсю дарогу адступалі, але контратак было ўжо нямала, і кожны раз камандзіры і камісары павінны былі весьці байцоў за сабой у штыхавую, падахвочваючы іх крыкамі «Ура!» і «За Сталіна, за Радзіму!». Ня дзіва, што сярэдніх камандзіраў у іх не хапала, у батальёнах амаль усіх павыбівала, ротамі камандавалі старшыны і сяржанты, а батальёнамі часьцяком нядаўнія ўзводныя, лейтэнанты. Жахліва не хапала боепрыпасаў і сродкаў сувязі, якія таксама былі далёка ня лепшыя. Хлебнікаў, калі выпадала, стараўся разжыцца трафейнымі — выдатнымі тэлефоннымі апаратамі ў эбанітавых футаралах, а таксама нямецкім чырвоным кабелем, які быў куды лепшым за наш эзекерытавы. Мабыць, праўду тады казаў Бурш, але на другі дзень, як яны былі ўжо на маршы, па калоне пакацілася чутка, што Бурша арыштавалі асобаддзельцы за пранямецкую агітацыю. На прывале пад вечар да закрытай машыны асобага аддзелу паклікалі і Хлебнікава, і ён там пісаў тлумачэньне, пра што ў той вечар гаварыў на хутары Бурш і чаму ён, капітан Хлебнікаў, ня даў яму водпаведзь. Хлебнікаў пісаў, лаяўся ў душы і праклінаў усё на сьвеце — ці ён сам думаў інакш, чым начальнік артылерыі? Але во насуперак свайму жаданьню мусіў капаць на сумленнага і разумнага камандзіра, якому тая размова, мяркуючы па ўсім, будзе каштаваць жыцьця.

А калі во цяпер напішуць на яго самога? Хоць бы за гэты хаўрус з нямецкім яфрэйтарам? Мусіць, таксама не паздаровіцца, не зважаючы, што паранены.

«Ну і чорт з ім!» — лаяўся ў думках Хлебнікаў. Ужо, мабыць, цяпер яму ня страшна нічога. Цяпер ён не камандзір і нават не паранены. Цяпер ён — сьляпец, калека, жабрак. А жабраку-калеку можна ўсё. Усё, што дапускае яго сумленьне. Пляваць яму на іншых і іхнія відушчыя клопаты. Яны — ня ён. Бо яны відушчыя.

Яму б толькі вось закурыць…

Але ў бліндажы спалі, а Серафіма яшчэ не прыходзіла, значыць, яшчэ была ноч, дзень яшчэ не наступіў. Але, мабыць, наступіць. Што толькі ён прынясе ім у гэты бліндаж?

Ад доўгага ляжаньня на мулкіх земляных камяках даўно ўжо нылі ягоныя сьцёгны, ён круціўся на шынялі, спрабуючы легчы і так, і гэтак, але ўсё было мулка і нязручна. Сон прыходзіў урыўкамі, як да птушкі на дрэве, Хлебнікаў то крыху драмаў, то зноў вяртаўся да бязрадаснай свае рэчаіснасьці. Усё ж тут, у бліндажы, ён адчуваў сябе старшым над двума іншымі, хоць яго ніхто і не назначаў ім, але па даўняй вайсковай завядзёнцы ён рашаў за ўсіх і зьдзівіўся б, калі б хто-небудзь яго не паслухаўся. Шкада, што абодва яго падначаленыя былі з яўным бракам: адзін — немец, які ўсё ж кепска разумеў па-руску, а другі хворы — каго пашлеш, калі што будзе патрэбна? Сам таксама не хадок. Заставалася адна Серафіма.

Зноў Серафіма. Як не мяркуй, увесь сьвет для іх, мабыць, сыходзіўся на гэтай вясковай цётцы.

9. [Серафімка.]

Як Серафімка са стоеным страхам прыбегла ў вёску, паліцаяў ужо нідзе не было — мусіць, куды змыліся ці, можа, шукалі яе дзе ў іншым

месцы. Але цяпер яна іх не баялася: Дземідовіча яна збольшага ўладкавала, а што ён прыходзіў да яе, дык што ж: зайшоў і пайшоў. Адкуль яна ведае, куды? У яго свае справы, а ў яе свае.

Клопату, канешне, у яе прыбавілася — як ніколі раней. Дагэтуль яна прызвычаілася жыць з малымі патрэбамі, нават зусім без патрэбаў — быў кавалак хлеба і бульбіна — і добра. А не было — таксама ня плакала, неяк абыходзілася, не памерла, вось дажыла да сарака гадоў і, дзякаваць богу, яшчэ здаровая. А што адна — клопат невялікі. Гэта ня тое, што ў іншых — сем’і, дзеці, кожны дзень трэба нагатаваць ім ежы, накарміць, апрануць. У яе нічога не было ў гаспадарцы, толькі дваццаць сотак агароду, дзе яна вясной пад рыдлёўку старалася пасадзіць бульбу, ну яшчэ троху гуркоў, цыбулі, буракоў — тым і жыла. У калгас хадзіла кожнага дня, куды пасылаў брыгадзір: улетку на палявыя работы — праполка, уборка, увосень — абмалот і ўсю зіму — лён. Летась выгнала аж пяцьсот дваццаць працадзён, ні адна баба ў Любашах столькі не выганяла. Праўда, карысьці з таго мела няшмат: увосень пры разьмеркаваньні далі збожжа і гароху — прынесла ўсё на сабе ў торбе. І воза ня трэба было прасіць. Але ёй хапала. Тыя гады трымала карову, ды карову добра трымаць улетку, а чым яе пракарміць зімой? Усё ж карова — не чалавек, ёй ня скажаш, што сена няма, бо з калгасу не далі, а накасіць Серафімка ўжо не магла: ня тыя былі яе рукі. Прадала кароўку, як наймала мужчын падправіць хату — трэба было мяняць падрубку, стала дужа халодна маразамі, і яна разьвіталася са сваёй Цьвятоняй. Было тры курачкі, добра несьліся, ды, халера на яе, летась унадзілася лісіца — ведама ж, сядзіба на водшыбе, блізка кустоўе, за тры дні і перадушыла ўсіх яе трох рабенькіх. Засталася Серафімка зусім адна. Добра што трохі ўцалела хата, іншым пашэньціла меней — ні майна, ні харчу, ні жытла. Куды цяпер дзявацца з рабятамі?

Не, мусіць, яна ўсё ж вязучая, думала Серафімка, нездарма да яе ідуць людзі; цяпер вось звалілася столькі клопату — трэба было памагаць. Бо калі не паможа яна, дык прападуць жа. І той сьляпы камандзір, і гэты Дземідовіч. Ды яшчэ немец — нейкі незразумелы салдат, але камандзір кажа: харошы. Можа яно і праўда, харошы, толькі во дзе набрацца ім харчу? Сама яна — сялянская жанчына, яна пераб’ецца і бульбачкай з агароду, а ім жа, мусіць, трэба яшчэ і да бульбы. Найперш трэба хлеба. А ў яе, як на тую бяду, — ні хлеба, ні збожжа, ні мукі. Трохі ячменю і ўсё… А калі была б і мука, дык як з яе сьпячы хлеб, калі нельга напаліць у печы?

Дзьверы ў сенцы зноў былі не зачыненыя, як і дзьверы ў хату — значыць, тут пабылі тыя, і Серафімка спалохалася, што, можа, пабралі і астатняе з яе харчовых прыпасаў. Аж не, здаецца, нічога не ўзялі; усе яе транты на месцы і нават кажух — на палку, трэба будзе яго аднесьці ў бліндаж. Бо там хоць і ня холадна і зацішна, але хвораму Дземідовічу ён будзе ня лішні, — падумала Серафімка.

Міскай яна зачэрпнула з корабу ячменю, падумала, трохі адсыпала назад. Усё ж ячмень трэба было ашчаджаць, скончыцца — што тады есьці? Чым тады карміць яе небаракаў? Тое, што ўзяла, у хвартушку разаслала на цёплым з ночы пяколку за грубкай — хай крыху падсохне, будзе лепей таўчыся. Яна ім наварыць крупніку з бульбай — шкада, не было чым забяліць ці заскварыць — хоць плач. Ну і хлеб? Дзе ўзяць збожжа на хлеб, яна думала ўвесь час па дарозе з поля і дома, але нічога прыдумаць не магла. Таксама як і пра тую табаку, што прасіў камандзір. Дзе яна знойдзе цяпер табакі?

Хіба паглядзець у гародах? Найперш у старога Кірылы. Ужо такі быў курэц, гадзіны ня мог пражыць без цыгаркі, прадыміў усю хату, аж у сянях сьмярдзела табакай, мабыць, ён сеяў. Праўда, сам Кірыла памёр перад вайной, але, калі сеяў, дык, мабыць, што-нішто вырасла. Хата дык згарэла, адсюль відаць была куча вугольля на Кірылавай сядзібе з садком, а гарод, можа, зьбярогся.

Яна выбегла з хаты і, баючыся паказвацца на пустой гразкай вуліцы, каб не наткнуцца на каго благога, павярнула на зады, абышла дзьве вялікія варонкі ля сажалкі і выбралася на Кірылаў агарод. Агарод быў вялікі і спраўны, абгароджаны ладным плотам, бульба напалову выбрана, ля хаты зелянела некалькі лёх бурачніку ды цыбулі з аблеглым парудзелым пер’ем, стары, бадай ужо восеньскі, агурэчнік. Але тытуню тут не было нідзе, можа, яго ўжо ўбралі? Баючыся, як баяцца хіба нябожчыкаў, Серафімка ўзышла на падворак, узіраючыся ў атухлае і, мабыць, ужо астыглае пажарышча з чорнаю печчу пасярэдзіне. Аднекуль з крапівы вылез згаладнелы кот, пачаў жаласна мяўкаць, утаропіўшыся ў яе рудымі галоднымі вачыма. «Што я табе дам?» — разьвяла рукамі Серафімка. У куце спаленай Кірылавай істопкі пад нейкім абгарэлым друзам-капцамі страпілаў і дошак выглядваў ражок уцалелага лара, — ён таксама ўцалеў збоку, але, можа, увесь не згарэў. Згледзеўшы яго, Серафімка асьцярожна, каб часам не абпячы босыя ногі, ступіла на край пажарышча, яе ногі трохі ўвязьлі ў мяккім, халодным попеле, ступіла другі раз. Па нейкай палцы дабралася да кутка былой істопкі, адвярнула ўбок абгарэлую дошку, прываленую з канца пыльным друзам. Не, у першым сусеку было пуста. Тады яна пачала вызваляць ад друзу другі сусек гэтага лару і, як адчыніла вечка, аж скаланулася ад радасьці: у сусеку нешта было, мабыць, збожжа, зьверху трохі нават абвуглілася, але, мусіць, там можна было штосьці наскрэсьці. Серафімка таропка выбралася з пажарышча на травяністы падворак, тым жа шляхам хуценька пабегла дамоў за якой пасудзінай. У сваёй радасьці думала: можа, яе не асудзяць дужа — Кірылава нявестка з малымі, мабыць, сыйшла да радні, можа, там як пракормяцца, а яна падбярэ тое, што ўцалела ад вайны, ёй жа гэта так трэба. За сваё жыцьцё яна не ўзяла ні каліва чужога, дужа баялася нават дакрануцца, калі дзе валялася што згубленае ці пакінутае без гаспадара.

А тут… А тут хай ёй бог даруе — тыя недагаркі, можа, як дадуць ёй пракарміць небаракаў у траншэі.

Выпэцкаўшыся ўся ў попеле, яна ўсё ж трохі нагрэбла зерня — амаль напалам з абгарэлым, але ўсё ж то было жытцо, і ў ім — наша жыцьцё, як некалі гаварыла яе нябожчыца маці. Цяпер яна ўжо як-небудзь агорае пару боханаў хлеба, ня можа быць, каб, маючы збожжа, не зрабіла хлеба. Канешне, найперш трэба змалоць, а перад тым падсушыць. Але сушыць, можа, і ня трэба, падсохла на пажары, а змалоць яна паспрабуе на суседавых жорнах, мусіць, тыя стаялі спраўныя. Толькі малоць, мусіць, трэба па начы, як сьцямнее. Удзень тут наўрад ці пашэньціць. Калі шляюцца тыя Піліпёнкі, паліцыя, тады дзе ўжо там ёй малоць.

Поделиться с друзьями: