Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:

– "Разумееш, - кажа яна, - дзiця тваё ўсё роўна з'явiцца на свет божы, а я праз гэтую гiсторыю магу ўлiпнуць у такi пераплёт!.."

Я не ведаў, што рабiць, але падумаў, што вам будзе карысна выслухаць яе. Я не ведаў, куды яе весцi. I прывёў да вас. Мне ўдалося перагаварыць з вашай жонкай на лесвiчнай пляцоўцы. Божа мой! Якая мiлая ў вас жонка! Я папрасiў яе прыгледзець за Жэрменай, каб яна не збегла. Вы злуяце на мяне?

Як можна было злаваць на яго? Але душа ў Мэгрэ была не на месцы.

– Можа, так яно i лепш, - уздыхнуў ён.

Калi ж я пабачу вас зноў?

Мэгрэ ўспомнiў, што апоўначы павiнен сустрэцца з рамiзнiкам Карнi.

– Магчыма, яшчэ сёння вечарам.

– Калi не пабачымся, то дазвольце мне прыйсцi да вас заўтра ранiцай, я ўжо ведаю, дзе вы жывяце. А! Яшчэ вось што...

Ён збянтэжыўся, не рашаючыся сказаць.

– Яна спыталася, хто аплоцiць яе выдаткi, i я сказаў... Я не ведаў, што сказаць... Прасiў яе не хвалявацца... Але калi гэта наробiць вам турбот, то я...

Мэгрэ выйшаў з рэстаранчыка, не дачакаўшыся канца музычнага нумара, i заспяшаўся да метро.

Убачыўшы святло пад дзвярыма сваёй кватэры, яго ахапiла лёгкае хваляванне. Даставаць з кiшэнi ключ не было патрэбы: дзверы расчынiлiся - мадам Мегр заўсёды пазнавала яго па кроках.

Яна дасведчана паглядзела на яго i весела кiўнула:

– Цябе чакае чароўная дзяўчына.

Слаўная мадам Мэгрэ! Яна не iранiзавала. Ёй проста хацелася быць прыязнай. Жэрмена сядзела, аблакацiўшыся на стол, з цыгарэтай у зубах; перад ёю стаялi талеркi з рэшткамi ежы. Яе вялiкiя вочы ўпiлiся ў Мэгрэ, быццам яна намервалася праглынуць яго. Было вiдно, што яна яшчэ не давярала яму.

– Гэта праўда, што вы з палiцыi?

Ён палiчыў за лепшае паказаць ёй сваё пасведчанне, i з таго моманту яна ўжо не зводзiла з яго вачэй. Перад ёй стаяў кiлiшак: мадам Мэгрэ дастала-такi вiшнёвую налiўку, якую зберагала для большай урачыстацi.

– Ты яшчэ не вячэраў?

– Дзякуй, перакусiў ужо трошкi.

– У такiм разе, я пакiдаю вас. Трэба памыць пасуду.

Яна прыбрала са стала, выйшла на кухню, але дзверы за сабою ўсё ж не зачынiла.

– Ваш сябар таксама з палiцыi?

– Не. Не зусiм. Ён выпадкова...

– Ён жанаты?..

– Жанаты. Здаецца.

Яму было трошкi няёмка ў сямейнай абстаноўцы з гэтай цiкаўнай дзяўчынай, а яна трымалася, як у сябе дома, устала, паправiла перад люстэркам на камiне прычоску.

– Можна?
– дзеля прылiку амаль давяральна запытала яна i ўселася ў крэсла мадам Мэгрэ.

– Вы даўно знаёмы з мадэмуазэль Жандро?
– запытаўся Мэгрэ.

– Мы разам вучылiся ў школе.

– Мне здаецца, вы з ансеваля, калi не памыляюся? У Ансевалi вы i вучылiся разам?

Яго здзiвiла, што наследнiца Жандро-Бальтазараў атрымала адукацыю ў невялiчкай правiнцыяльнай школе.

– Я хачу сказаць, што мы аднагодкi, рознiца ўсяго некалькi месяцаў. У будучым месяцы ёй стукне дваццаць адзiн год, а мне гэтулькi ж споўнiлася два тыднi назад.

– I вы абедзве хадзiлi ў адну школуў Ансевалi?
– перапытаў Мэгрэ.

– Яна - не. Яна жыла ў манастыры ў Ньеўры. Але мы вучылiся ў адзiн i той жа час.

Цяпер ён усё зразумеў. I

з гэтага моманту зрабiўся недаверлiвы, стаў уважлiва размяжоўваць ману ад праўды, праўду ад амаль праўды цi ад праўдападобнасцi.

– Вы чакалi нейкiх непрыемных падзей на вулiцы Шапталь?

– Я заўсёды лiчыла, што гэта дабром не скончыцца.

– Чаму?

– Таму, што яны ненавiдзяць адно аднаго.

– Хто?

– Мадэмуазель i яе брат. Я ўжо чатыры гады служу ў iх. Прыйшла адразу пасля смерцi мадам. Вы ж ведаеце, што яна загiнула пры крушэннi на чыгунцы, калi ехала на воды ў Вiтэль? Якi жах!

Яна сказала гэта так, быццам сама прысутнiчала пры тым, калi з-пад друзу вагонаў выцягвалi ахвяр.

– Пакуль мадам была жывая, самi разумееце, завяшчанне не мела значэння.

– Вы добра дасведчаны ў сямейных справах.

– Я ўраджэнка Ансеваля. I бацька мой там нарадзiўся. А дзед быў фермерам у графа i гуляў у бiльярд з самiм дзедам.

– Якiм дзедам?

– Так яго звалi ў нас. Вы нiчога не ведаеце? Я думала, што палiцыя ведае ўсё на свеце.

– Вы, несумненна, маеце на ўвазе старога месье Бальтазара?

– Ну, так, месье Гектора. Яго бацька быў рымарам у нашай вёсцы. А яшчэ i званаром. У дванаццаць год месье Гектор стаў карабейнiкам. Хадзiў ад фермы да фермы з корабам за плячыма.

– Гэта ён заснаваў кававае аб'яднанне "Бальтазар"?

– Ён, але гэта не замiнала майму дзеду да самай смерцi гаварыць яму "ты". Ён доўга не паяўляўся ў Ансевалi, а калi зноў з'явiўся, то быў ужо багаты. I купiў замак.

– Каму належаў замак?

– Графу д'Ансеваль, чорт вазьмi!

– Хто-небудзь з гэтай сям'i яшчэ жывы?

– Сын жывы. Дружок нашай мадэмуазель. Вы не пачастуеце мяне кiлiшкам налiўкi? Цi не з дому прыслалi?

– Не, жонка зрабiла.

– Як падумаю, што гэта карга - я не пра вашу жонку - набралася нахабства выдаць сябе за мяне i спаць у маёй пасцелi!.. Вы сапраўды бачылi яе ў адной кашулi? Яна куды таўсцейшая за мяне. Калi б я толькi захацела - такое б расказала пра яе!..

– Такiм чынам, стары Бальтазар, гаспадар фiрмы "Кава Бальтазар", адкупiў замак у д'Ансеваля. Ён быў жанаты?

– Быў, але жонка да таго часу памерла ўжо. У яго была дачка, не столькi прыгожая, колькi ганарыстая, i яшчэ сынок, месье Юберт, якi за ўсё жыццё нiчога талковага не зрабiў. Сястра яго - сапраўдная ведзьма, а ён - дабрун, ласкавы як цялё. I ўсё падарожнiчаў па свеце.

– Вас тады яшчэ i на свеце не было?

– Канешне. Але там i цяпер нiчагуткi не змянiлася!

Мэгрэ машынальна дастаў з кiшэнi запiсную кнiжку i пачаў занатоўваць прозвiшчы па парадку, як бы малюючы генеалагiчнае дрэва Бальтазараў. Ён адчуваў, што з такой дзяўчынай, як Жэрмена, неабходна пастаяннае ўдакладненне.

– Такiм чынам, спачатку быў Гектор Бальтазар, якога вы называеце дзедам. Калi ён памёр?

– Пяць год назад. Роўна за год да смерцi дачкi.

Мэгрэ, прыгадаўшы Фелiсьена Жандро, якi сам быў ужо далёка не малады, здзiвiўся:

Поделиться с друзьями: