Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:

Але Мэгрэ не цiкавiў Леанард.

– Я вам яшчэ буду патрэбна? А можа, мне вярнуцца да iх, нiбыта нiчога не здарылася? Тады я змагу кожны вечар расказваць вам, што там адбылося за дзень.

З кухнi данёсся грукат каструль, але зусiм не пагэтаму Мэгрэ адхiлiў зробленую яму прапанову. Жэрмена прыводзiла яго лiтаральна ў жах.

– Мы ўбачымся з вамi заўтра, - сказаў ён.
– Хадзем, калi ласка...

Перш чым надзець свой капялюшык i палiто, яна зноў паправiла валасы перад люстэркам i схапiла пляшку з налiўкай.

– Можна? Я столькi

гаварыла, столькi перадумала! А вы не вып'еце?

Не мела сэнсу расказваць ёй пра тое, колькi чарак кальвадосу, па сваёй ахвоце цi пад прымусам, выпiў ён за гэты дзень.

– Я магу вам цэлую процьму ўсяго нарасказваць. Ёсць людзi, якiя пiшуць раманы, а не перажылi i чвэрцi таго, што перажыла я. Калi б я ўзялася пiсаць...

Мэгрэ зайшоў на кухню, пацалаваў жонку ў лоб. Яна весела глянула на яго, i ў яе вачах прамiльгнуў гарэзны агеньчык.

– Я, магчыма, вярнуся позна.

– Не спяшайся, Жуль!
– з вясёлай падколiнкай адказала мадам Мэгрэ.

Гатэль знаходзiўся ўсяго цераз некалькi дамоў, непадалёк ад бульвара Вальтэра. На вулiцы Жэрмена рашуча ўзяла свайго спадарожнiка пад руку.

– У мяне высокiя абцасы...

Чорт пабяры! Звычайна ж яна хадзiла ў драўляных башмаках!

– У вас вельмi мiлая жонка, скажу я вам. I гаспадыня яна цудоўная.

Мэгрэ не адважыўся даць ёй грошы, каб яна сама заплацiла за нумар. Ён сам зайшоў у адмiнiстратарскую i пачырванеў ад пытання адмiнiстратара:

– Пакой на ноч цi часова?

– На ноч. Толькi для мадэмуазель...

Пакуль адмiнiстратар выбiраў на стэндзе ключы, Жэрмена зусiм павiсла на руцэ Мэгрэ, цяпер ужо i не просячы прабачэння.

– Васемнаццаты нумар, трэцi паверх, налева. Хвiлiначку, зараз дам бялiзну.

Мэгрэ не любiў успамiнаць, як ён развiтаўся з ёю. Лесвiца была ўслана чырвонай дывановай дарожкай. Жэрмена ў адной руцэ трымала прасцiны, у другой ключ, прычэплены да меднай бляшкi. Адмiнiстратар зноў уткнуўся ў газету.

– У вас сапраўды няма да мяне больш пытанняў?

Яна стаяла на першай прыступцы. Круглыя вочы яе не адрывалiся ад Мэгрэ. Чаму яму прыгадаўся багамол, якi пасля спарвання пажырае свайго партнёра?...

– Не... На сёння ўсё...
– прамармытаў ён.

– Ах, праўда ж, я i забылася, што ў вас спатканне.
– Яе сакавiтыя вусны склалiся ў iранiчную ўсмешку.
– Тады да заўтра?

– Да заўтра.

Што ж, гэтага i трэба было чакаць. Выйшаўшы з гатэля, Мэгрэ кiнуўся ў метро. Шчоўкнулi аўтаматычныя дзверы, i ён доўга ехаў у цьмяным святле падземкi, машынальна назiраючы за познiмi пасажырамi, па тварах якiх прабягалi мудрагелiстыя ценi.

Ён доўга блукаў па бязлюдных, ледзь асветленых вулiцах, пакуль не апынуўся ля парка Лявiйет i не адшукаў нарэшце вялiкую стадолу, забiтую парожнiмi, з узнятымi ўгору, аглоблямi. У глыбiнi двара патыхала цеплынёй стайняў.

– Карнi? Не, ён яшчэ не вярнуўся. Чакайце, калi хочаце.

Толькi а палове першай ночы з'явiўся п'янюткi рамiзнiк. Асавелым позiркам ён утаропiўся ў Мэгрэ:

– Дама з вулiцы Шапталь?

Чакайце, чакайце! Яна дала мне цэлы франк гасцiнца. А высокi брунет...

– Якi высокi брунет?

– Той, што спынiў мяне на вулiцы Бланш, чорт пабяры, i загадаў мне пад'ехаць на вулiцу Шапталь i пачакаць ля дома нумар... нумар... Смехатура, я нiколi не запамiнаю лiчбы... Пры маёй рабоце гэта, прама скажам...

– Вы адвезлi яе на вакзал?

– На вакзал? На якi вакзал?

Рамiзнiк пахiстваўся. Доўгiм цырком ён сплюнуў проста перад сабой жвачку ад жавальнага тытуню, ледзь не пацэлiўшы на штаны Мэгрэ.

– Па-першае, загадана было не на вакзал... Па-другое... па-другое...

Мэгрэ ўсунуў яму ў руку франк.

– Яна ў гатэлi насупраць Цюiльры, на невялiчкай плошчы... Чакайце... Як жа называецца тая дамавiна?.. Я вечна блытаю гэтыя дамавiны... Во "Атэль дзю Луўр"! Но, малота!
– таргануў рамiзнiк свайго каня.

Метро ўжо не працавала, трамваi i аўтобусы не хадзiлi, i Мэгрэ мусiў тупаць пешкi па бясконца доўгай вулiцы Фландр, перш чым дабраўся да ажыўленых плошчаў цэнтра.

Рэстарацыя "Клiшы" была, канешне, даўно зачыненая, i Жустэн Мiнар вярнуўся ў сваё жытло на вулiцы Ангiен, дзе яго напэўна чакаў чарговы сямейны скандал.

Раздзел V

ПЕРШЫЯ СЛАВАЛЮБНЫЯ ДУМКI МЭГРЭ

Мэгрэ галiўся перад люстэркам, прымацаваным у сталовай да зашчапкi аконнай рамы. У яго было прывычкай кожную ранiцу хадзiць услед за жонкай, завяршаючы свой туалет дзе прыйдзецца, - i для iх абаiх гэта былi самыя светлыя хвiлiны дня. Мадам Мэгрэ валодала каштоўнай якасцю - як на золку, так i ўвечары яна была аднолькава акуратная, аднолькава жыццярадасная. Яны расчынялi вокны, з асалодай дыхалi свежым паветрам. Да iх даносiўся грукат кувалды з размешчанай непадалёку кузнi, тарахценне вазоў, iржанне коней i нават ледзь улоўны пах свежага гною з суседняй стайнi.

– Ты думаеш, яна сапраўды ненармальная?

– Калi б яна засталася ў сваiм сяле, выйшла замуж i нарадзiла дзесяцера дзяцей - нiхто гэтага, магчыма, i не заўважыў бы. Можа, проста дзецi былi б не ад аднаго бацькi, толькi i ўсяго.

– Зiрнi, зiрнi, Мэгрэ! Часам цi не твой гэта прыяцель топчацца ў нас пад вокнамi?

Мэгрэ з намыленай шчакой высунуўся ў акно i пазнаў Жустэна Мiнара, якi цярплiва чакаў яго на вулiцы.

– Ты не хочаш запрасiць яго да нас?

– Навошта? Я праз пяць хвiлiн буду гатовы. А ты не збiраешся пагуляць сёння?

Мэгрэ рэдка пытаўся ў жонкi, чым яна будзе займацца цэлы дзень, i яна адразу здагадалася, што ён мае на ўвазе.

– Ты хочаш, каб я папiльнавала паненку?

– Магчыма, мне сапраўды прыйдзецца прасiць цябе зрабiць гэта. Калi я прамаргаю яе ў Парыжы, а ёй, сама бачыш, проста няўцерп памалоць языком, дык адзiн бог ведае, што яна каму набалбоча.

– Ты зараз да яе?

– Неадкладна.

– Яна будзе яшчэ ў пасцелi.

– Магчыма.

– Магу прысягнуць, ты апынешся ў пiкантным становiшчы.

Поделиться с друзьями: