Першая справа Мэгрэ (на белорусском языке)
Шрифт:
– Ён, вiдаць, быў тады вельмi стары?
– Дзiва што! Яму восемдзесят восем было. Жыў адзiн як сыч у агромнiстым асабняку на авеню дзю Буа. I яшчэ ўласнаручна вёў усе справы, памагала толькi дачка.
– А не сын?
– Божа баранi! Яго сын не меў права нават нагой ступiць у офiс. Ён выдзяляў яму грошы на пражытак. Цяпер сынок жыве на набярэжнай непадалёк ад Пон-Нёфа. Шалапут!
– Хвiлiнку... Авеню дзю Буа... Дачка замужам за Фелiсьенам Жандро?
– Была. Але месье Фелiсьен - той таксама не смеў i носа сунуць у справы.
– Чаму?
– Кажуць, аднойчы яму паспрабавалi
Пазней Мэгрэ давялося адведаць асабняк на авеню дзю Буа, адзiн з самых пачварных у Парыжы будынкаў з сярэдневечнымi вежамi i вiтражамi. Пабачыў ён i партрэт старога - васковы твар з выразна акрэсленымi рысамi, доўгiя сiвыя бакенбарды, наглуха зашпiлены сурдут, з-пад якога па абодва бакi чорнага гальштука выглядвалi палоскi жылета.
Калi б ён быў болей дасведчаны ў жыццi парыжскага свету, ён ведаў бы, што стары Бальтазар завяшчаў свой асабняк з усiмi карцiнамi, якiя ён сабраў там, дзяржаве. Ён хацеў, каб дом яго быў ператвораны ў музей. У свой час гэта выклiкала шмат плётак. Болей года эксперты вялi заўзятыя спрэчкi... i справа скончылася тым, што ў рэшце рэшт урад адмовiўся ад завешчанай маёмасцi, таму што большасць палотнаў аказалiся падробленыя.
Настане час, Мэгрэ пабачыць i партрэт дачкi - сiвыя валасы, сабраныя ў вузел на патылiцы, профiль "а ля iмператрыца Яўгенiя", твар, гэткi ж ледзяны, як i ў заснавальнiка кававай дынастыi.
Што да Фелiсьена Жандро, то Мэгрэ ўжо меў магчымасць бачыць яго нафарбаваныя вусы, гетры i трысцiну з залатой булдавешкай.
– Кажуць, стары ненавiдзеў усю сваю сям'ю - i сына, i зяця, i месье Рышара, якога цудоўна раскусiў. Ён прызнаваў толькi дачку i ўнучку. Дзед убiў сабе ў галаву, што толькi гэтыя дзве асобы належаць да яго роду, i пакiнуў завяшчанне, у якiм сам чорт шыю зверне. Месье Бракеман не дасць схлусiць.
– Хто такi месье Бракеман?
– Яго натарыус. Яму таксама гадоў пад восемдзесят. Яго ўсе баяцца, бо аднаму яму ўсё вядома.
– Што iменна?
– А я скуль знаю? Усё павiнна высветлiцца, калi мадэмуазель Элiз споўнiцца дваццаць адзiн год. Таму яны i вар'яцеюць, жмiнды. Асабiста мне ўсё роўна, я нi за таго, нi за другога. Калi б я толькi захацела...
Яму раптам прыйшло ў галаву:
– Месье Рышар?..
– сказаў Мэгрэ, уступаючы ў гульню.
– Папавiўся ён каля маёй спаднiцы. А я секанула яму проста ў вочы, што не на тую натрапiў, i параiла лепш пайсцi да Мары. "Я не такая дурнiца, як яна, каб дазволiць пакарыстацца сабой", - так вось i заявiла яму.
– I ён паслухаўся вашай парады?
– Скуль я ведаю? Што ён - шкляны, цi што? Калi хочаце ведаць, што я пра iх думаю - а я iх наскрозь бачу!
– то ва ўсiх гэтых Бальтазараў не ўсе дома.
Жэрмена была ўзбуджана. Вочы яе зусiм скруглелi, а позiрк зрабiўся такi дапытлiвы, што Мэгрэ стала не па сабе. А яна ажно падалася да Мэгрэ здавалася, яшчэ мiг - i яна ўхопiць яго за каленi.
– А Луi таксама родам з Ансеваля?
– Ён сын нашага былога настаўнiка. Сёй-той, праўда, лiчыць, што ў сапраўднасцi
ён сын папа, а не настаўнiка.– Ён падтрымлiвае месье Рышара?
– Ды што вы?! Ён усё жыццё ходзiць за паненкай. Ён не пакiдаў старога да самай смерцi, на руках насiў яго, калi той занядужаў, i ўжо хто-хто, а ён павiнен ведаць, бадай, больш за ўсiх, больш, можа, нават за самога Бракемена.
– А Луi нiколi не заляцаўся да вас?
– Луi?
Яна разрагаталася.
– Ды куды яму! З яго парахна ўжо сыплецца! Па-першае, ён шмат старэйшы, чым можна падумаць. Прынамсi, яму не меней пяцiдзесяцi пяцi. I ўвогуле, капейчына цана яму ў базарны дзень, разумееце? Вось чаму мадам Луi i Альбер...
– Выбачайце, хто такi Альбер?
– Лёкай. Таксама з Ансеваля. Да дваццацi аднаго года быў жакеем.
– Выбачайце... Мяне вадзiлi па ўсiм доме, але я не бачыў пакоя, у якiм...
– Таму што Альбер начуе над стайняй, разам з Жэромам.
– З Жэромам?
– Вазаком месье Фелiсьена. Адзiн толькi Арсен, шафёр - ён жанаты i мае дзiцёнка - начуе дома.
Мэгрэ ў рэшце рэшт старанна занатаваў усе iмёны ў сваю запiсную кнiжку.
– Калi хто i стрэлiў у паненку, - а мяне гэта не здзiвiць, - то хутчэй за ўсё сам месье Рышар. Калi яны ўсчынаюць сварку...
– Яны часта сварацца?
– Каб не зманiць - штодня. Аднойчы ён гэтак сцiснуў ёй рукi, што яна цэлы тыдзень хадзiла з сiнякамi. Але i яна не промах, i яму таксама дастаецца будзь здароў. Але я гатова бiцца аб заклад, што стралялi не ў паненку.
– У каго ж тады?
– У графа!
– Якога графа?
– Вы ўсё яшчэ нiчога не цямiце? У графа д'Ансеваля!
– Сапраўды! Ёсць жа яшчэ адзiн граф д'Ансеваль!
– Унук таго, што прадаў замак старому Бальтазару. Мадэмуазель сама няведама дзе адкапала яго.
– Ён багаты?
– Ён? Ды ў яго нi капейчыны за душой!
– I ён бывае ў доме?
– Ён... Я хачу сказаць...
– Вас цiкавiць, цi ён спiць з ёю? Не думаю, што ён прагне гэтага. Цяпер вы разумееце? У iх ва ўсiх шарыкаў не хапае. Грызуцца як сабакi. Адзiн месье Юберт у баку ад усяго, а гэтыя двое, брат i сястра, вылузваюцца са скуры, каб уцягнуць i яго ў сваю калатню, заручыцца яго падтрымкай.
– Вы гаворыце пра Юберта Бальтазара, сына старога? Колькi яму год?
– Ды гадоў з пяцьдзесят. А мо трошкi больш? Ён такi далiкатны, так добра выхаваны. Як толькi прыйдзе да нас, дык заўсёды трошкi пагаворыць i са мной. Паслухайце! Цяпер ужо позна, цягнiкоў на Канфлан няма, а дзе ж я пераначую! У вас знойдзецца для мяне ложак?
Яе позiрк быў настолькi красамоўна правакацыйны, што Мэгрэ аж папярхнуўся i мiжволi глянуў на кухонныя дзверы.
– На жаль, у нас няма пакоя для гасцей. Мы зусiм нядаўна ўладкавалiся тут.
– Вы нядаўна пажанiлiся?
I гэтыя словы ў яе вуснах мелi амаль непрыстойны сэнс.
– Я ўладкую вас у гатэль.
– Вы ўжо будзеце ўкладвацца спаць?
– У мяне яшчэ сустрэча ў горадзе.
– Гэта праўда, што шпегам не часта даводзiцца начаваць ва ўласнай пасцелi? Пацеха, вы зусiм непадобны на палiцэйскага. Я ведала аднаго такога - ён быў сержантам, такое боўдзiла, высачэзны, смуглы-смуглы, Леанардам звалi.