Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

Бедная Франя! Ратавалася ад вайны ў Эўропе, ды менавіта ў Эўропе вайна дагнала яе. Але чаму менавіта яе? Я ж во меў болей падставаў на сьмерць, а жыву.

У кірху прайшлі яшчэ дзьве кабеты ў чорных капелюшах, зьдзіўлена паўзіраліся ў мяне, — мабыць, зусім недарэчную тут істоту. Я й сам увесь час адчуваў сваю тут недарэчнасьць, але я чакаў. На вялікую прыязнасьць, вядома, разьлічваць не даводзілася. Хоць яны й ня ведалі пэўна, хто ўчыніў разбой у кватэры Шарфа, але, мабыць, здагадваліся. А можа, і падазравалі. Таму я чакаў тут, ля кірхі. Калі ўжо чаканьне маё гатова было скончыцца, аднекуль з завулку да брамы пад’ехала фура. Два біцюгі, ледзьве варушачы тоўстымі, як бёрны, нагамі, пакорліва спыніліся насупраць. З пляскатай фуры саскочыў чалавек з паголеным тварам і бэрэтам на галаве. Убачыўшы мяне штось замычэў, замахаў рукамі, і я здагадаўся, што гэта — нямы.

З кірхі выйшаў той самы сьвятар, які са мной ужо гутарыў.

— Он прывазіт вэрсторбэнэ [1]

кірхэ бегрэбен [2] , — сказаў сьвятар.

Здаецца, я яго зразумеў і выйшаў з-пад аркі. Нямко тым часам заляскаў раменнымі лейцамі, і мы рушылі па-над агароджай. Я ішоў наперадзе, фура ўвесь час адставала. Мусіць, я залішне сьпяшаўся, а магутныя біцюгі не маглі хутчэй.

Усё ж мы дабрылі-даехалі да злашчаснага катэджа над рэчкай. Тут усё было, як раней, калі я яго пакінуў. Мы зь нямко спыніліся перад дзяўчынай, і я прыўзьняў абрус. Згледзеўшы нежывую Франю, нямко загергетаў штось невыразнае, роспачнае, запляскаў аб сябе рукамі, выказваючы тым сваё гняўлівае пачуцьцё. Я свае пачуцьці, як мог, таптаў на сподзе душы, паказваць ці перажываць іх я ня меў ўжо сілы. Удвух мы асьцярожна паклалі дзяўчыну на абрус і, трохі загарнуўшы, панесьлі на фуру. Тут ўжо я ня мог стрымаць слёз, і не пасаромеўся нямога. У каторы раз я праклінаў усё на сьвеце. I сябе ў тым ліку. Навошта было яе кідаць тут, трэба было ўчора забраць. Дык пабаяўся, пасаромеўся. Сваіх хлопцаў, камбата, «сьмершаўца». Цяпер вось не саромеюся, і не баюся. Нікога. Але што карысьці… За Франяй гэткім жа шляхам на тым самым абрусе перанесьлі ў фуру доўгае цела доктара Шарфа і ягонае фраў. На шырокай фуры хапіла месца для ўсіх. Нямко накрыў абрусам нябожчыкаў, і мы рушылі тым жа шляхам да кірхі. Нямко зь лейцамі ішоў па адзін бок фуры, а я — па другі. Дзе-нідзе з падворкаў і вокнаў на нашую сумную працэсію пазіралі людзі, рэдкія жыхары гэтага гарадка. Я ж не пазіраў нікуды. Брыў, бы сьляпы, не адчуваючы ні вуліцы, ні людзей, ні перамогі. Здаецца, я выпаў з часу і перастаў адчуваць сябе. Мяне ашукалі. Людзі ці лёс. Ці вайна. А можа, перамога, якую цяпер безь мяне сьвяткавалі на той лугавіне. Мне ж выпала іншае сьвята. Чорнае сьвята бяды.

1

Нябожчыкі.

2

Хаваць.

Як мы прыехалі да кірхі, зь цьвінтара выносілі труны тых, каго адпявалі раней. Мы трохі счакалі, і тады да нашае фуры падступілі людзі. Безь вялікага смутку яны агледзелі забітых, штось коратка перагаворваліся, уздыхалі і жагналіся. Я стаяў збоку і чакаў, што яны падступяцца да мяне — можа, з крыўдай, папрокам ці лаянкай. Але ніхто на мяне не зважаў. Быццам і не прыкмячаў нават. I я думаў: няўжо яны столькі пахавалі, што ім ужо нічога не цікава? Хто і чаму забілі? Хаця што б я сказаў ім? Што я сам ведаў? Па адной труне яны пераносілі нябожчыкаў за кірху. Я туды не пайшоў, толькі адыйшоўся пад засень дрэваў і назіраў здаля.

За кірхай прыткнуўся да каменнай агароджы невялічкі могільнік — дужа акуратныя, пасыпаныя жарствой дарожкі, заімшэлыя магільныя камяні з аблезлымі надпісамі, прысадзістыя лютаранскія крыжы з чорнага і шэрага мармуру. У дальнім канцы могілкаў, дзе ўжо не было дрэваў, цяпер хавалі. Раскапаная зямля, чалавек пяць жанчын у чорным убраньні. Ці ня там пахаваюць і маіх нябогаў? I Франю. Я хацеў пайсьці паглядзець тую мясьціну, ды не адважыўся. Я мусіў быць паблізу ад уваходу ў кірху.

Я ня ведаў, што рабілася ў сярэдзіне кірхі, куды мяне не паклікалі і я ня йшоў. Я ўсё ня мог саўладаць сам з сабою. Часам гатовы быў зарыдаць, ды не рыдалася. Здушыла штосьці ў горле і не адпускала. I я хадзіў так па дарожцы ля кірхі — узад і ўперад. Людзі, што заходзілі з вуліцы ці выходзілі з кірхі, не пераставалі са зьдзіўленьнем пазіраць на мяне. Але ніхто не запытаўся нічога, быццам для іх усё было надта звычайнае. I тое, што тут хаваюць, і што тырчыць ля кірхі савецкі афіцэр. А можа у той іх няўвазе было пэўнае стаўленьне? Я б не хацеў тое прызнаць, хоць і цалкам адмовіць таксама не было падставы.

Зрэшты, людзкія адносіны да мяне цяпер ня дужа мяне цікавілі. Адзіная мая цікавасьць была цяпер у царкве. Дзеля яе я тут і хадзіў — сюды і туды, туды і сюды. Я прыпамінаў начны аповед Франі, нашыя зь ёй размовы. А таксама словы, сказаныя небаракам доктарам Шарфам. Тады я не пярэчыў ні наконт міру, ні наконт вайны. Усё ж вайна для нас вялікая школа, я шмат што спасьціг на вайне. Нават і ў яе апошнія дні. Найперш тое, што нічога ня трэба баяцца. На вайне табе нічога ня зробяць, апроч як заб’юць ці параняць. Тое і другое надта ўжо проста, амаль прымітыўна. Здаецца, аднак, толькі пасьля вайны з твайго жыцьця могуць зрабіць пекла. Калі не захочацца і жыць.

Можа, праз гадзіну ці дзьве мяне паклікалі, і я зразумеў, што набліжаецца самае важнае. Сунуўшы ў кішэню зьнятую з галавы пілотку, увайшоў у паўзмрок кірхі.

Там ужо чакалі мяне два сьвятары. Худзенькая белатварая манашка ў чорнай хустцы была за перакладчыцу.

— Хай пан скажа, як былі змарлыя людзі, — зьвярнулася яна чамусьці па-польску. Сьвятары ўважліва пазіралі на мяне.

— Я ня бачыў, — хрыпата адказаў я. — Як прыехаў, яны ўжо былі мёртвыя. Іх забілі.

— Хто іх зрабів змарлымі?

— Ня ведаю.

— Какой імець канфэсія маладая паненка?

— Хто ведае. Можа, каталічка.

— Добжа, — сказала манашка і штось загаманіла да сьвятароў па-нямецку. Тыя згодна паківалі галовамі. Болей яны нічога не запыталіся, мабыць, тая справа для іх была ўжо звыклая. Яны падаліся да нябожчыкаў, і тады я зірнуў у труну, што была на краі. Да падбародзьдзя прыкрытая чымсь, Франя ляжала ціхенька, нібы жывая, і толькі прыкідвалася мёртвай. Прыкідвалася, аднак, назаўжды.

Купка людзей, што была ў кірсе, пачала адпяваньне. Я не разумеў словаў, але ад шчымлівай мэлёдыі адразу пачало выварочваць душу. Дужа баяўся не стрымацца, баяўся заплакаць. Сьлёзы засьцілалі зрок, я ледзьве стрымліваў іх, каб не паплылі з вачэй. Дзіва, што навакол ня плакаў ніхто, толькі сьпявалі, быццам у якім экстазе, і гукі анёльскага харалу самотна луналі пад цёмным скляпеньнем кірхі. Можа, гэта было апошняе пахаваньне вайны. Спазьнелае пахаваньне. Злыя сілы вайны дабіралі свае ахвяры. Быццам ня ўсё дабралі за чатыры гады.

Як пачалі зачыняць векамі труны, я памкнуўся бліжэй, ды спазьніўся і Франі больш не пабачыў. Чорнае века назаўжды схавала яе ад мяне. Людзі ўзяліся паднімаць труны, каб вынесьці іх. Усё ж мужчын тут было няшмат, труны выносілі па адной. Як паднялі труну з Франяй, я таксама падставіў плячо. Труна была ня цяжкая, хіба велікаватая для маленькага цела дзяўчыны. Мабыць таму, як ішоў, здалося, што яна там варушыцца. Але варушылася, мусіць, ад нашых нязладных крокаў. Мы абыйшлі кірху і жвіровай дарожкай патупалі ў самы канец могілак. Ля каменнай сьцяны ў куце было ўжо накапана некалькі купін-магіл — тых, каго тут пахавалі раней. З апошніх магіл узьлятаў угару жвір, то заканчвалі сваю працу два далакопы. Адзін зь іх быў той самы нямко ў сінім бэрэце, зь якім мы езьдзілі па забітых. Франіну труну мы паставілі на дол ля яе магілы, і мужчыны вярнуліся да кірхі па астатнія. Трохі разважыўшы, я пайшоў зь імі.

Калі ўсе труны былі вынесеныя, сьвятар з крыжам у руках сказаў сваю казань, усе захрысьціліся. Я таксама перахрысьціўся. Затым тройчы перахрысьціў труну Франі. Далакопы на вяроўках хутка і спрытна апусьцілі труну ў яму.

Ну во і ўсё.

Як апусьцілі астатніх, я ўжо не глядзеў. Я закопваў Франю. Гарнуў і гарнуў рыдлёўкай на чорную накрыўку труны. Як яна схавалася пад жвірам, крыху перадыхнуў і пачаў сунуць жвір зноў. Так да самага верху магілы. З рэшты жвіру, наскрэбенай побач, змайстраваў кароценькі, бы дзіцячы, пагорачак — якраз у рост Франі. Заплаканая кабета ў чорным шаліку зводдаль моўчкі перахрысьціла мяне. Што ж, дзякуй табе, добрая аўстрыячка. I пухам табе аўстрыйская зямля, мілая мая зямлячка.

Ні з кім не разьвітаўшыся, я зморана пабрыў да брамы. Было не да разьвітаньняў, не да падзяк. Не хацелася болей чуць нічыіх і ніякіх словаў. Ні нават бачыць людзей. Я чуўся спустошаным і зьнясіленым. Толькі адыйшоўшыся па завулку ад кірхі, надзеў на галаву пілотку і азірнуўся. Гэтак звычайна рабіў на вайне, калі куды меў патрэбу вярнуцца — каб лепей запомніць шлях. Сюды я павінен быў вярнуцца. Я меў цьвёрды намер на тое.

I — не вярнуўся ніколі.

Балота

Выбраўшыся са змрочных, воглых на ранку лесавых нетраў, дзе яны праблукалі палову начы, Гусакоў апынуўся на краі жытняга поля і аж уздыхнуў з палёгкай — тут хоць стала відаць. Наперадзе, над прысмужанай сцяной суседняга лесу, паўзло ўгару зырка-агнянае кола летняга сонца. Промняў ад яго яшчэ не было ў чыстым пагодным небе, якое шырока залілося над лесам ранішняй чырванню і хутка святлела. Святлела і ў полі, дзе жытнёвыя нівы-палоскі чаргаваліся з ячменнымі, пшанічнымі, а то і бульбянымі ніўкамі. Зусім як колісь у аднаасобніцкай Заходняй Беларусі, дзе Гусакоў бліз году служыў у пагранкамендатуры. Але тут не заходняя, тут павінна быць усходняя, тут тыя ніўкі даўно павінны быць пераараныя трактарамі, а зямля абагульненая ў калгасы. Другі раз за сённяшнюю ноч яго агарнула трывога: а ці туды яны трапілі? Першы раз ён затрывожыўся, калі на вялізным скошаным лузе, дзе яны прызямліліся на парашутах, іх ніхто не спаткаў, ніякага партызанскага дазору там не было. Праўда, не было і нямецкай засады. У глухой цемры яны паспелі сабраць свае надзімастыя парашуты і пасля трохі завалтузіліся ў балацявіне, пакуль патапілі іх пад лазовым кустоўем. Добра намоклі прытым, ён набраў у боты вады, а ягоны памагаты Агрызкаў аж да пояса ўваліўся ў багну. Зрэшты, тое — бяда не вялікая, дзень абяцаў быць пагодны — высахнуць. Горай, што ўначы нельга зарыентавацца, вызначыць, дзе яны і куды патрапілі. Заставацца на лузе было небяспечна, і яны па компасе рушылі хмызнякамі на захад. Пасля ўзбіліся на палявую дарожку, і яна прывяла іх у стары хвойны лес, з якога ўрэшце выбавіліся ў гэтае жытняе поле.

Поделиться с друзьями: