Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Быкаў Васіль

Шрифт:

Трохі счакаўшы спадарожнікаў, Гусакоў памалу пайшоў па жытнёвай мяжы, сцёбаючы воглымі з начы ботамі ў рамонках, васільках ды іншых палявых красках, усё ўзіраючыся наперад, каб не наткнуцца на якую нечаканасць. Найбольшая небяспека, вядома, ішла ад людзей. Людзі, канешне, могуць быць розныя — партызаны, падпольшчыкі, але ж, мабыць, нямала і здраднікаў ды паліцаяў, спатыкацца з якімі зусім нс выпадала савецкаму камандзіру Гусакову. Уначы, ведама, было лепей, ноч памагала, але як было мінаваць дзень? Можа, лепей перадняваць, зарыентавацца па карце і пасля рашаць, куды ісці далей, думаў Гусакоў. Бо ўжо было пэўна, што яны апынуліся не там, дзе павінны былі апынуцца і дзе іх чакалі. Але хто ў тым вінаваты? Канешне, летуны. Ім абы куды скінуць, а там як хочаце, — хоць у

палон да акупантаў. Яны дакладуць, што заданне выканана, — рыхтуйце ўзнагароды. Хто іх праверыць? А тут выгрэбвайся як умееш.

У полі яны пайшлі рэдкім ланцужком на дыстанцыі бяспекі, — як і належала паводле партызанскай інструкцыі, якую тры дні перад вылетам вывучаў Гусакоў. Там было ўсё вызначана: як зарыентавацца ў лесе па пні спілаванага дрэва, як пры сырых запалках распаліць вогнішча, як правільна закласці толавую шашку пад рэйку ды шмат што іншае. Але не было сказана, што рабіць, калі цябе не спаткалі там, дзе павінны былі спаткаць. Або як знайсці ў гэтых лясах патрэбную базу, калі яна строга засакрэчаная. Кажуць, — компас, ідзі па компасе. Але што компас, калі невядома, дзе ты ёсць, дзе апынуўся пасля шаталомнай начы? Застаецца хіба — ісці ў вёску і пытацца ў якой цёткі: дзе знаходзіцца партызанская база?

Во становішча! I гэта ў першыя суткі пасля прызямлення. Жытнёвая ніўка канчалася, у канцы яе цямнела прывабная здаля купка маладога бярэзнічку, і Гусакоў павярнуў туды. Трэба было памеркаваць, што рабіць далей.

Пад бярозкамі ляжаў густы росны засень, ён тут няблага туліў ад наваколля, у якім непадалёк за жытам вытыркаліся вяршаліны бухматых дрэваў. «Ці не ад якой вёскі?» — з засцярогай падумаў Гусакоў перш чым апусціцца на дробную траўку долу. Неўзабаве падышоў старшына Агрызкаў, — статны, крутаплечы хлопец у юфтовых ботах. Ні пра што не пытаючыся, ён зняў з пляча свой ППШ і як быў — з цяжкаватым рэчмяшком за спіной адкінуўся на траву. Яны моўчкі аддыхваліся, чакалі трэцяга з іхняе групы — фельчара Тумаша, чалавека старэйшага за іх абодвух, канешне ж, з запасных, якога належала даставіць партызанам.

— Што? — хрыплавата вымавіў той, валюхаста датэпаўшы да астатніх. — Перакур?

— А ты курыш? — перапытаў яго Агрызкаў. Пазнаёміліся яны толькі на аэрадроме перад тым, як скокнуць у ноч, раней Тумаша нават не бачылі і цяпер прыглядаліся да новага чалавека. Які ён?..

— Я дык не куру, — мовіў Тумаш. — Але ж вы, мабыць, курыце?

— I мы ня курым, — сказаў Агрызкаў, з асалодай выцягваючыся ў доле. — Курыць урэдна для здароўя.

— Яно так. Здароўе і партызану не шкодзіць…

Гэта была звычайная балбатня падначаленых, якія ні за што канкрэтна не адказвалі. Не тое што камандзір групы, галава якога трашчала ад нязбыўнага клопату, што гэтак знянацку на іх зваліўся. Яго спадарожнікі ляжалі сабе, з асалодай выцягнуўшыся на траўцы, счакаўшы і Гусакоў зняў з-за плячэй свой рэчмяшок, расшпіліў кірзовую палявую сумку, з якой найперш выняў даволі пакамечаную за дарогу карту і разгарнуў на траве.

— Ну што там? — лежачы, азваўся Агрызкаў. — Далёка топаць яшчэ?

— Спярша трэба ўведаць, дзе мы? — азваўся Гусакоў. — Гэта як мінімум.

— А максімум?

— А максімум — той жа мінімум, — загадкава патлумачыў начальнік.

— Да-а… Раздалбаі летуны…

Пэўна ж так, раздалбаі лётчыкі. Нелыа ж дапусціць, што іх не спаткалі партызаны. Такога не магло быць… А можа, і было — і тое і гэта зусім нават магчыма, нечакана падумаў Гусакоў. Працуючы ў штабе партызанскага руху, ён ужо што-колечы чуў пра летуноў, як і пра партызанаў таксама. Але і Агрызкаў павінен быў што-нішто ведаць, бо хоць за лінію фронту выпраўляўся ўпершыню, усё ж служыў у дыверсійным аддзеле. Ня тое што Тумаш.

— Доктар, ну як ты скокнуў? — звярнуўся да яго Агрызкаў. — У штанах суха?

— Ды скокнуў! — адмахнуўся Тумаш. — Добра, што ноч, ні чарта не відаць. А ўдзень усё магло быць.

— У некаторых горай бывае, — тонам бывалага парашутыста сказаў Агрызкаў. — I ўначы тожа.

З выгляду яны быццам бесклапотна перагаворваліся, а твары ў абодвух былі напружаныя, і ўсё часцей абодва пазіралі і на камандзіра,

ад якога залежала цяпер усё наступнае. Ды і што ён мог ім сказаць? Колькі хвілін ён вывучаў карту, і ўсё большы неспакой агортваў яго — ніводнага знаёмага арыенціра. Ні лугу, ні лесу, ні якога падобнага да гэтага поля. Яўна карта ніяк не дастасоўвалася да канкрэтнай мясцовасці. Дзе тая, патрэбная ім дарога да возера, дзе Востраў Барок ва ўрочышчы Багавізна, што зялёнаю плямай балота заняло палову аркуша карты? Дзе яны ў натуры? У якім накірунку? На захад, поўдзень, усход? Куды ім кіравацца далей? Мусіць, сапраўды давядзецца ісці ў вёску.

— Старшына! — клікнуў камандзір з ціхай рашучасцю. — Трэба вызначыцца.

Агрызкаў адразу насцярожыўся, хаця і не скрануўся з месца.

— Гэта як?

— Трэба спытацца, якая то мясцовасць. Якая вёска?

— А дзе вёска?

— Там, за полем.

Старшына пачаў уставаць — відаць было, марудна і неахвотна. Седзячы, начапіў на сябе рэчавы мяшок, падняўся на адно калена, затым на другое.

— Рэчмяшок пакінь. Тумаш возьме.

Борзда скінуўшы з плячэй цяжкі рэчмяшок, Агрызкаў з аўтаматам у апушчанай руцэ паціху пайшоў па мяжы жытняй нівы. З-пад нізка навіслага вецця Гусакоў прасачыў за ім аж пакуль той не схаваўся за збажыной.

— Да-а, — няпэўна зазначыў Тумаш. — Як цяпер быць? Камандзір нервова перасмыкнуў тварам. Фельчар яўна разьлічваў на размову ці хоць бы на адказ, але Гусакову было не да размовы. Свой клопат ён прывык трываць моўчкі і менш ім дзяліцца з кім бы то ні было. Тым болей з чалавекам староннім ці падначаленым. Зрэшты, на тое самае напіралі і ў асобым аддзеле, куды яго выклікалі перад вылетам і дзе ён пакінуў немаведама якую па ліку «падпіску аб неразглашэнні». Кепска, што ягоных спадарожнікаў у каманду сабралі паспешліва, мабыць, каго трэба было тэрмінова пераправіць у партызанскі тыл, карыстаючыся ягонай камандзіроўкай. Інструктаж давалі кароткі, для адчэпнага, як, зрэшты, і яму таксама. Хаця хто думаў, што ўсё так атрымаецца? Ён ужо ведаў, як гэта небяспечна блукаць па варожым тыле, поўным нямецкага войска, паліцыі, розных мясцовых здраднікаў. Але ж во давялося… Як цяпер выйсці з такога становішча?

— Тумаш, ты дзе ваяваў? — запытаўся Гусакоў, уважліва зірнуўшы на фельчара, на яго зморшчаны, мабыць, нядаўна абгарэлы, чырвоны твар.

— Ды ў танкавай брыгадзе.

— Танкіст, значыць?

— Фельчарам быў.

— Панятна, — сказаў Гусакоў і падумаў: трэба было яго, а не старшыну паслаць у вёску, бо старшына, хоць і назваўся разведчыкам, аднак ці не трапіў у тую разведку ўпершыню?

Ведама, тут назвацца можна як хочаш — дакументы і пагоны яны здалі ў штаб і з выгляду былі ўсе роўныя.

Засцярожліва азіраючыся па баках, Агрызкаў выйшаў з-за жытняе нівы і стаіўся пад грушкай.

Грушка была маладая, нізкарослая і бухматая на сонечным прыволлі, калючае яе сучча абвісала да самага долу і добра затуляла чалавека. Наперадзе за платамі і агароджамі ляжала невялічкая прылесная вёска — агароды, бульбоўнікі, далей — хлеўчукі і будынкі пад саламянымі стрэхамі, за імі некалькі высокіх дрэваў. З закапцелага коміна крайняе хаты віўся ўгару слабы дымок, гатаваўся сьняданак. А за плотам, сярод бульбяных барознаў хадзіла танклявая, мабыць, не старая яшчэ кабета, штось узіралася долу, часам нагіналася, поркалася ў баразёнках. Болей паблізу ў вёсцы нікога не было бачна. Збоч, крыху наводшыбе ля кустоўя пасвіўся прывязаны на вяроўку конь. Каб там быў чалавек, Агрызкаў падышоў бы да яго, занытаў. Ды чалавека ля каня не было, зыачыць, давядзецца яму гукнуць тую цётку. Ён, аднак, не спяшаўся, лежачы пад грушкай, чакаў, калі кабета падыдзе бліжэй. Сонца ўжо даволі высока паднялося ў небе і няблага прыгравала ягоныя плечы, штаны ззаду і боты памалу падсыхалі пасля начнога купаньня ў балоце. Агрызкаў думаў, што ўвогуле то — кепскі знак, такі няўдалы пачатак. Галоўнае — не было сувязі. А ён ужо чуў, як нядаўна гаварыў ягоны начальнік генерал, што без сувязі ў тыле ворага — вельмі блізка хана. Можна аддаць жыццё за радзіму. Агрызкаў аддаваць сваё жыццё не хацеў. Нават і за сваю савецкую радзіму. Ён хацеў жыць.

Поделиться с друзьями: