Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:

На камiсаравы пытаннi ён адказваў пачцiва.

– Мяркую, - сказаў ён, - наша сустрэча - простая памылка, i быў бы рады зноў адправiцца ў дарогу...

– Гэта ўжо iншае пытанне. Дзе вы пазнаёмiлiся з Вялiкiм Луi?

Але незнаёмы, насуперак чаканню Мэгрэ, i не паглядзеў на матроса.

– Вялiкiм Луi?
– перапытаў нарвежац.

– Вы пазнаёмiлiся з капiтанам Жарысам, калi ён яшчэ плаваў?

– Прабачце. Я не разумею.

– Вядома! А калi я спытаю ў вас, чаму вы начуеце на борце развалiны-драгi замест таго, каб уладкавацца ў гатэлi, вы таксама будзеце здзiўлены?

А як вы думаеце? Згадзiцеся, што на маiм месцы...

– I, аднак, учора вы прыбылi ў Вiстрэам на борце "Сэн-Мiшэля". Пры ўваходзе ў порт пераселi са шхуны ў шлюпку. Потым перабралiся на драгу i правялi там ноч. Сёння пасля абеду абышлi вiлу, у якой мы цяпер знаходзiмся, потым узялi ровар i паехалi ў Кан. Купiлi там машыну. Выехалi ў Парыж. I цi не з панi Гранмэзон вы павiнны былi сустрэцца ў гатэлi "Лютэцыя"? У такiм выпадку няма патрэбы нiкуды ехаць. Або я дужа памыляюся, або яна будзе тут сёння ноччу.

Маўчанне. Мэр ператварыўся ў статую. Позiрк у яго быў настолькi нерухомы, што ў iм не адчувалася нiякага жыцця. Вялiкi Луi пачэсваў раз-пораз патылiцу i пазяхаў, усё яшчэ седзячы, тым часам як усе астатнiя стаялi.

– Вас завуць Марцiно?

– Але, Жан Марцiно.

– Ну дык вось, пан Жан Марцiно, падумайце! Цi сапраўды вам няма чаго паведамiць нам? Вельмi нават магчыма, што адзiн з тых, хто тут прысутнiчае, хутка ўстане перад судом.

– Мне не толькi няма чаго вам сказаць, але i хочацца папрасiць вашага дазволу папярэдзiць нарвежскага консула, каб ён прыняў неабходныя меры.

I гэты туды ж! Гранмэзон пагражаў ужо, што паскардзiцца, цяпер i Марцiно збiраецца зрабiць тое самае! Хiба што адзiн Вялiкi Луi нiкому нiчым не пагражаў, згодзен цярпець што хочаш, было б толькi што выпiць.

Чуваць было, як бушаваў шторм, якi з прылiвам дасягнуў свайго пiку.

Позiрк у Люка быў вельмi красамоўны. Канечне, ён думаў: "Ну i ўлiплi ж мы ў гiсторыю! Хоць бы што-небудзь высветлiлася!.."

Мэгрэ хадзiў па пакоi, сердаваў, палiў.

– Значыць, вы нiчога не ведаеце, нi адзiн, нi другi, пра знiкненне капiтана Жарыса i яго смерць?

Абодва моўчкi пакруцiлi галавою. Раз-пораз Мэгрэ спыняў свой позiрк на Марцiно.

У гэты момант звонку пачулiся хуткiя крокi i стук у дзверы. Пасля кароткiх ваганняў Люка пайшоў адчыняць. Убегла Жулi. Яна цяжка дыхала. Спынiўшыся, ледзь вымавiла:

– Камiсар, мой брат...

I адразу ж здзiўлена змоўкнула, убачыўшы перад сабою гiганцкую постаць Вялiкага Луi, якi ўстаў з крэсла.

– Ваш брат?..
– перапытаў Мэгрэ.

– Нiчога... Я...

Яна паспрабавала ўсмiхнуцца, усё яшчэ цяжка дыхаючы. Адступаючы спiнаю назад, наткнулася на Марцiно, павярнулася да яго.

– Прабачце, пан...

Стала ясна, што яна не знаёмая з iм.

Праз адчыненыя дзверы ў пакой урываўся вецер.

IХ. ЗМОВА МАЎЧАННЯ

Жулi спяшалася ўсё расказаць:

– Я была дома зусiм адна... Мне было страшна... Легла спаць не раздзеўшыся. Раптам у дзверы моцна пастукалi... Прыйшоў Ланэк, братаў капiтан...

– "Сэн-Мiшэль" у порце?

– Ён быў у шлюзе, калi я праходзiла мiма... Ланэк хацеў тэрмiнова пабачыць брата... Здаецца, яны спяшаюцца адплыць... Я сказала яму, што Луi нават не заходзiў да мяне... I ўстрывожылася

за яго, бо ён плёў нешта дзiўнае, я нават не разабрала нiчога...

– Чаму вы прыйшлi сюды?
– спытаўся Мэгрэ.

– Хацела даведацца, цi няма для Луi якой небяспекi... Ланэк сказаў, што небяспека ёсць i што, мажлiва, нiчым ужо не паможаш... А ў порце мне перадалi, што вы тут...

Незадаволены матрос пацiснуў плячыма, быццам казаў тым самым, што жанчыны часта хвалююцца праз любую драбязу.

– Вам пагражае небяспека?
– спытаўся Мэгрэ, спрабуючы злавiць яго позiрк.

Вялiкi Луi засмяяўся. Смех у яго быў штучны i здаўся iдыёцкiм.

– Чым устрывожаны Ланэк?

– А я адкуль ведаю?

Агледзеўшы прысутных, камiсар задуменна, з горыччу вымавiў:

– Значыцца, вы нiчога не ведаеце! I ўсе ў аднолькавым становiшчы. Вы, пан мэр, не знаёмы з панам Марцiно i не ведаеце, чаму Вялiкi Луi, якога вы прымаеце, як добрага знаёмага, гуляеце з iм у шашкi, кормiце i поiце, пачынае раптам бiць вас па твары кулакамi, проста м а л а ц i ц ь...

Нi слова ў адказ.

– I гэта яшчэ не ўсё! Вы лiчыце такiя паводзiны матроса натуральнымi! Не баронiцеся! Адмаўляецеся нават падаць на яго скаргу. Ды што там - i не думаеце выставiць "вашага сябра" за дзверы!

Камiсар павярнуўся да Вялiкага Луi.

– Вы таксама нiчога не ведаеце! Праводзiце ноч на дразе, але хто там быў з вамi - сказаць не можаце... Вас прымаюць у гэтым доме, як дарагога госця, а за гасцiннасць вы плацiце гаспадару лупцоўкаю... I, вядома, вы, як i ўсе, нiколi не сустракалiся з панам Марцiно!..

Нiхто нават не ўздрыгнуў. Усе ўпарта разглядвалi карункi на сурвэце.

– I вы, пан Марцiно, таксама ведаеце не больш за iншых. Вам вядома хоць, на чым вы прыбылi з Нарвегii ў Францыю? Не?.. Вам ямчэй спаць на старой канапе на борце драгi, чым у мяккiм ложку ў гатэлi... У Парыж вы едзеце спачатку на ровары, пасля купляеце машыну... Але вы не ведаеце нiчога i нiкога! Нi пана Гранмэзона, нi Луi, нi капiтана Жарыса... Ну, а вы, Жулi, натуральна, ведаеце пра ўсё гэта яшчэ менш за iншых!..

Камiсар разгублена зiрнуў на Люка. Той зразумеў: i думаць нават не прыходзiлася, каб арыштаваць усiх.

Кожны з iх паводзiў сябе вельмi дзiўна, манiў i сам сабе пярэчыў. Але ж i нiхто не даваў сапраўднага доказу!

Гадзiннiк паказваў адзiнаццаць вечара. Мэгрэ выбiў люльку ў камiн.

– Я вымушаны прасiць вас усiх заставацца ў руках правасуддзя. Мне, несумненна, прыйдзецца яшчэ задаць вам некалькi пытанняў, нягледзячы на тое, што вы нiчога не ведаеце... Мяркую, пан мэр, вы не маеце намеру пакiнуць Вiстрэам?

– Не!

– Я вам удзячны... Вы, пан Марцiно, маглi б зняць нумар у гатэлi "Унiверсаль", дзе спынiўся i я...

Нарвежац пачцiва нахiлiў галаву.

– Люка, правядзi пана ў гатэль, - сказаў камiсар памочнiку i павярнуўся да Вялiкага Луi i Жулi.
– Вы абое iдзiце за мною...

Выйшаўшы з вiлы, Мэгрэ рушыў спачатку ў шынок. У перапынку памiж шлюзаваннямi партавiкi пiлi там гарачы грог, грэлiся. Камiсар адпусцiў жандараў, што чакалi яго тут, як ён загадаў. На дварэ зiрнуў услед Люка i Марцiно. У гатэлi яшчэ гарэла святло: гаспадар не клаўся спаць, чакаў пастаяльцаў.

Поделиться с друзьями: