Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:
Адчынiўшы, яна ўзнялася па прыступках, якiя вялi ў хол, i Мэгрэ прыйшлося самому зачыняць за сабою дзверы. Потым яна пастукалася ў мэраў кабiнет i знiкла, калi камiсар ужо ўваходзiў.
Ва ўсiм гэтым адчувалася штосьцi загадкавае. Гэта быў не той выпадак, калi нешта адразу ж кiдаецца ў вочы. Здзiўлялi розныя дробязi, якiя выдавалi, што ў доме не зусiм спакойна.
Вiла была вялiкая, амаль новая, пабудаваная ў стылi, якi часта сустракаецца на ўзбярэжжы.
Але, улiчваючы той факт, што Гранмэзон быў уладальнiкам амаль усiх акцый буйной Ангельска-Нармандскай кампанii,
Можа, яго дом у Кане быў раскошнейшы? Мэгрэ ступiў некалькi крокаў, i толькi тады пачуўся голас:
– Гэта вы, камiсар?
Голас даносiўся ад акна. Гранмэзон сядзеў у глыбокiм фатэлi, паклаўшы ногi на крэсла. Супраць святла яго было дрэнна вiдаць, але Мэгрэ ўсё ж прыкмецiў, што замест каўнерыка на шыi ў гаспадара была чорная хустка. Левую шчаку мэр прыкрываў рукою.
– Сядайце, - сказаў ён.
Мэгрэ абышоў пакой i сеў акурат насупраць суднаўладальнiка. Камiсар не без цяжкасцi стрымлiваў усмешку: ён не чакаў сустрэць мэра ў такiм стане.
Яго левая шчака, якую рука закрывала не поўнасцю, прыкметна распухла, як i вусны. Але больш за ўсё мэр стараўся прыкрыць велiзарны сiняк пад вокам.
Усё гэта выглядала б не так камiчна, калi б суднаўладальнiк не стараўся захоўваць важнасць. Нерухомы, ён глядзеў на Мэгрэ варожа i з недаверам.
– Вы прыйшлi паведамiць мне пра вынiкi расследавання?
– Не. Вы так добра прынялi мяне мiнулы раз, што я хацеў падзякаваць вам за гасцiннасць.
Мэгрэ нiколi не ўсмiхаўся iранiчна. Наадварот, чым больш ён насмiхаўся з чалавека, тым больш сур'ёзным здаваўся яго твар.
Ён разглядваў кабiнет. Сцены былi пазавешваны схемамi грузавых суднаў i фатаграфiямi караблёў Ангельска-Нармандскай кампанii. Мэбля была звычайная: чырвонае дрэва добрай якасцi - i толькi. На пiсьмовым стале ляжала некалькi папак, лiсты, тэлеграмы.
Падлога была пакрытая лакам, i, спыняючы раз-пораз вочы на яе гладкай паверхнi, камiсар пачаў задаваць пытаннi.
– З вамi, здаецца, нешта здарылася?
Мэр уздыхнуў, паварушыў нагамi i прабурчаў:
– Спатыкнуўся на лесвiцы.
– Сёння ранiцай? Як, мусiбыць, напалохалася панi Гранмэзон!..
– Жонкi тады ўжо не было.
– Сапраўды, у такое надвор'е няма чаго рабiць каля мора... Хiба што паляваць на качак... Мяркую, панi Гранмэзон цяпер у Кане, разам з дачкою?
– Не, у Парыжы.
Адзеўся суднаўладальнiк не надта вытанчана. Цёмныя штаны, халат на фланелевую кашулю, лямцавыя пантофлi.
– А што было ўнiзе лесвiцы?
– Што вы маеце на ўвазе?
– На што вы ўпалi?
Зласлiвы позiрк, сухi адказ:
– На падлогу.
Гэта была мана, мана вiдавочная! Такi сiняк пад вокам не заробiш, упаўшы проста на падлогу. I ўжо на шыi слядоў таго, што цябе душылi, напэўна не застанецца!
А Мэгрэ выдатна бачыў кожны раз, калi хустка ў мэра хоць трохi збiвалася з шыi, кровападцёкi, якiя спрабаваў той схаваць.
– Вы, вядома, былi ў доме адзiн?
– Чаму "вядома"?
– Ды таму, што няшчасныя выпадкi заўсёды здараюцца, калi няма каму памагчы!
– Служанка пайшла па прадукты.
–
У доме толькi яна?– Ёсць яшчэ садоўнiк, але ён паехаў у Кан, таксама нешта купляць...
– Мусiць, i балела ж вам...
Больш за ўсё непакоiла мэра сур'ёзнасць Мэгрэ, яго спагадлiвы голас.
Гадзiннiк паказваў толькi палову чацвёртай, але ўжо цямнела, i мэраў твар стала вiдаць яшчэ горш.
– Вы дазволiце?
– выцягнуў Мэгрэ сваю люльку.
– Калi хочаце цыгару - яны на камiне.
Цэлы стос скрыначак з цыгарамi. На падносе - бутэлька старога арманьяку. Мэгрэ звярнуў увагу на высокiя дзверы з пакрытай лакам смольнай сасны, якiя вялi ў гасцёўню.
– Ну, як ваша расследаванне?
– спытаўся мэр.
Невыразны жэст камiсара. Мэгрэ стараўся не глядзець на гэтыя дзверы: яны неяк дзiўна пачыналi нi з таго нi з сяго дрыжаць.
– Нiякiх вынiкаў?
– Нiякiх.
– Хочаце пачуць, што я пра гэта думаю? Не трэба было рабiць з гэтай гiсторыi нiчога складанага.
– Ну вядома!
– адказаў Мэгрэ.
– Што ж тут складанага, у гэтай гiсторыi?! Аднойчы вечарам знiкае чалавек, i паўтара месяца нiхто не ведае, што з iм. Нарэшце яго знаходзяць у Парыжы з разбiтым i залатаным чэрапам, зусiм без памяцi. Яго прывозяць дамоў, i тае ж ночы ён памiрае - атручаны. Тым часам з Гамбурга на яго банкаўскi рахунак прыходзiць трыста тысяч франкаў. Усё проста! Усё ясна!
Нягледзячы на камiсаравы словы i даволi зычлiвы тон, з якiм яны былi сказаны, мэр адказаў яшчэ больш катэгарычна:
– Ва ўсякiм выпадку, справа, можа, усё роўна прасцейшая, чым вы думаеце. I, дапускаючы, што ў ёй нямала дзiўнага, не варта было, лiчу, надаваць ёй такi трывожны характар. Калi разважаць пра гэта ў шынках, дык можна дужа засмуцiць галовы тым, у каго мазгi праз алкаголь i без таго размяклi.
Мэгрэ адчуваў на сабе жорсткi iнквiзiтарскi позiрк. Мэр гаварыў павольна, чаканiў словы, усё роўна як прамаўляў абвiнаваўчы акт.
– З другога боку, палiцыя анi разу не звярнулася да кампетэнтных органаў улады!.. Я, мэр, нiчога не ведаю тое, што адбываецца ў порце...
– Ваш садоўнiк носiць сандалii на вяровачнай падэшве?
Мэр хутка зiрнуў на паркет, дзе вiднелiся сляды. Малюнак вяровачнай падэшвы быў выразны.
– Адкуль я ведаю?
– Прабачце, што перапынiў вас... Проста ў галаву прыйшла адна думка... Дык вы кажаце?..
Але працягваць свой наступ на камiсара мэр не стаў.
– Перадайце мне, калi ласка, скрынку з цыгарамi... Вось гэтую... Дзякую...
Ён запалiў цыгару i прастагнаў, бо занадта шырока разявiў рот.
– Увогуле, што вам удалося даведацца? Вы, напэўна, багата што высветлiлi...
– Так мала!
– Дзiўна... У партавiкоў фантазii хапае, асаблiва пасля некалькiх чарак аперытыву...
– Мяркую, вы адправiлi жонку ў Парыж, каб уберагчы яе ад хваляванняў, звязаных з усiмi гэтымi драматычнымi падзеямi?.. I тымi, што могуць яшчэ здарыцца?..
З абодвух бакоў адчувалася непрыязнасць. Урэшце, камiсар i мэр былi людзi з розных грамадскiх класаў, вельмi непадобныя адзiн на аднаго.