Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:
Раптам у вачах у яго прамiльгнула трывога. Перамянiўшы голас, ён спытаў:
– Скажыце, Эрнэст напраўду скончыў жыццё самагубствам?
А што, калi яго падманулi, каб прымусiць гаварыць?
– Калi зразумеў, што праўды не схаваць... А ўцямiў ён гэта, калi я арыштаваў вас... Ён здагадаўся, што я пайшоў на арышт толькi дзеля таго, каб даць яму час падумаць...
Дайшоўшы да пiрса, яны спынiлiся. Перад iмi паволi праходзiў "Сэн-Мiшэль".
Тут нехта падбег да натоўпу на пiрсе, адштурхнуў аднаго, другога i ўскочыў на палубу шхуны.
Вялiкi Луi!
Ён уцёк ад жандараў, сарваў кайданкi! Адштурхнуўшы рыбака, Луi схапiў руль у свае рукi.
– Цiшэй, няхай на вас!.. Шхуну загубiце!
– з усяе сiлы крыкнуў ён матросам з буксiра.
– А астатнiя двое?
– спытаўся Мэгрэ ў Раймона.
– Сёння ранiцай вы былi за метр ад iх. Яны абодва схавалiся ў пунi ў старой сялянкi...
Люка, прадзiраючыся праз натоўп, наблiжаўся да Мэгрэ. На твары ў яго было здзiўленне: не чакаў ён убачыць тут побач з камiсарам Марцiно.
– Вы ведаеце, мы iх узялi!..
– Каго?
– Ланэка i Сэлестэна...
– Яны тут?
– Жандары з Дзiў толькi што даставiлi.
– Ну, дык скажы, каб iх выпусцiлi. I няхай абодва iдуць у порт...
Насупраць iх бачны быў дом капiтана Жарыса i сад, у якiм у начную буру зляцелi з ружаў апошнiя пялёсткi. За фiранкаю - постаць Жулi. Убачыўшы на палубе брата, яна не паверыла вачам.
Каля шлюза партавiкi сабралiся вакол капiтана Дэлькура.
– Ну i намучыўся ж я праз iх цьмяныя адказы!
– уздыхнуў Мэгрэ, кiўнуўшы на маракоў.
Раймон усмiхнуўся:
– Гэта ж маракi!
– Я ўжо ведаю, што гэта за людзi. Не любяць яны, калi сухапутныя тыпы, як я, лезуць у iх справы!
Пальцам ён умiнаў тытунь у сваёй люльцы. Запалiўшы, спытаўся:
– Што iм сказаць?..
Эрнэст Гранмэзон быў мёртвы. Цi трэба казаць гэтым людзям, што забойца ён?
– Можна было б, - пачаў быў Раймон...
– Не ведаю! Скажу, вiдаць, што нейкая даўняя гiсторыя. Адзiн замежны марак адпомсцiў i ўцёк...
Маракi з буксiра паволi iшлi ў шынок i знакамi клiкалi шлюзаўшчыкоў.
А Вялiкi Луi iмклiва крочыў то ўзад, то ўперад па шхуне, абмацваючы ўсё, што траплялася пад руку, - гледзячы на яго, камiсар мiжволi прыгадаў сабаку, якi, вярнуўшыся дадому, радасны, хоча пераканацца, што ўсё на месцы i не змянiлася...
–
Гэй!– крыкнуў яму Мэгрэ.
Матрос аж падскочыў. Але падысцi да камiсара цi пакiнуць шхуну ён не рашаўся. А калi ўбачыў раптам, што Раймон на волi, здзiвiўся не менш за Люка:
– Як гэта?..
– Калi "Сэн-Мiшэль" зможа выйсцi ў мора?
– Хоць зараз! Усё ў поўным парадку! Цуд, а не судна, клянуся!..
Луi дапытлiва глядзеў на Раймона. Той вымавiў:
– У такiм выпадку прагуляйся на шхуне з Ланэкам i Сэлестэнам...
– Яны тут?
– Зараз прыйдуць... Некалькi тыдняў марской прагулкi... Далей адсюль... Каб пра "Сэн-Мiшэль" тут ужо болей не гаварылi...
– Я мог бы прыхапiць з сабою i сястру - займалася б кухняю... Ведаеце, Жулi не з палахлiвых...
I ўсё ж такi яму было няёмка перад Мэгрэ. Перад вачыма стаялi падзеi апошняй ночы. I ён яшчэ не ведаў, цi можна ўсмiхнуцца, маючы iх на ўвазе.
– Вы хоць не прастудзiлiся?
Яны стаялi на краi шлюза, i Мэгрэ адным штуршком адправiў матроса ў ваду.
– Здаецца, мой цягнiк адыходзiць у шэсць, - сказаў пасля камiсар. Аднак ён не рашаўся пайсцi. Глядзеў вакол сябе з сумам: гэты маленькi порт стаў яму дарагi. Усё ж такi цяпер яму былi знаёмыя ўсе яго закуткi... I ў якое толькi надвор'е не давялося яму пабываць цi не ў кожным з iх: i пад слабым яшчэ ранiшнiм сонцам, i ў буру, i ў дождж, i ў непраглядны туман...
– Вы едзеце ў Кан?
– спытаўся Мэгрэ ў Раймона, якi ўсё яшчэ стаяў каля яго.
– Не адразу. Думаю, так будзе лепш... Трэба, каб прайшоў нейкi час...
– Час, - скончыў за яго Мэгрэ.
Калi праз чвэрць гадзiны вярнуўся Люка i спытаў, дзе Мэгрэ, яму паказалi на "Марацкi прытулак", дзе ўжо гарэла святло.
Праз запацелыя вокны шынка iнспектар угледзеўся ў камiсара...
Той сядзеў, ёмка ўладкаваўшыся на саламяным крэсле, з люлькаю ў зубах i кухлем пiва ў руках, i слухаў розныя гiсторыi, якiя расказвалi вакол яго людзi ў марскiх фуражках i гумавых ботах...
У цягнiку, гадзiн каля дзесяцi вечара, Мэгрэ ўздыхнуў.
– Мусiць, сядзяць цяпер усе трое ў кубрыку ў цяпле...
– У якiм кубрыку?
– спытаўся Люка.
– На "Сэн-Мiшэлi"... На зрэзаным стале - лямпа, цяжкiя шклянкi i бутэлька галандскага джыну... Печ патрэсквае... Дай мне запалкi!..