Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Порт у тумане (на белорусском языке)
Шрифт:

А ў спальнi - нi гуку! Глыбокая цiшыня! Яна прыгнятала, як неба ў гэты дажджлiвы ранак.

Гэтыя трое нечага баялiся... Вядома, баялiся!.. Усе трое!.. I Марцiно, i мэр, i яго жонка!.. I кожны баяўся па-свойму... У кожнага быў свой страх!..

Мэгрэ напусцiў на сябе ўрачысты выгляд i паволi, быццам суддзя, пачаў:

– Пракуратура даручыла мне знайсцi i арыштаваць забойцу капiтана Жарыса, раненага стрэлам з пiсталета ў галаву, а праз месяц атручанага стрыхнiнам у сябе дома. Цi не хоча хто з прысутных заявiць што-небудзь з гэтай нагоды?

Дагэтуль

нiхто не заўважыў, што печ у пакоi была няпаленая, - i раптам усе адчулi, як тут было холадна. Кожнае слова гучала гулка, як у царкве. Здавалася, што ўсё яшчэ чуецца: "...атручанага стрыхнiнам..." Асаблiва стаялi ў вушах апошнiя словы: "Цi не хоча хто з прысутных заявiць што-небудзь з гэтай нагоды?"

Марцiно першы апусцiў галаву. Панi Гранмэзон кiнула позiрк на мужа, пасля на нарвежца. Вочы ў яе блiшчалi.

Але нiхто не вымавiў нi слова. Нiхто не мог вытрымаць цяжкага позiрку Мэгрэ.

Дзве хвiлiны... Тры... Чуваць было, як старая падкiдвала ў печ дровы...

Зноў камiсараў голас, наўмысна сухi, без нiякага пачуцця:

– Жан Марцiно, iмем закона вы арыштаваны!

Крык жанчыны. Усёй сваёй iстотаю панi Гранмэзон падалася была да Марцiно i адразу ж страцiла прытомнасць.

Раз'юшаны мэр павярнуўся да сцяны.

А Марцiно, нiбыта скарыўшыся, стомлена ўздыхнуў. I нават не падышоў да жанчыны.

Мэгрэ нахiлiўся над ёю, пашукаў вачыма шклянку вады.

– Воцат ёсць?
– спытаўся ён, адчынiўшы дзверы, у старой.

I без таго цяжкае паветра халупы змяшалася з пахам воцату.

Неўзабаве панi Гранмэзон апрытомнела. Узнервавана ўсхлiпнуўшы некалькi разоў, яна спынiла позiрк на нейкiм узоры на дыване.

– Вы можаце iсцi.

Яна слаба кiўнула галавою, паднялася i пайшла да дзвярэй няроўнай паходкаю.

– Прашу вас iсцi за мною, панове! Спадзяюся, гэтым разам я магу разлiчваць на тое, што вы будзеце памяркоўныя?

Разгубленая старая моўчкi глядзела iм услед. I толькi калi ўжо ўсе выйшлi на двор, яна кiнулася да дзвярэй i крыкнула:

– Пан Раймон, вы вернецеся абедаць?

Раймон! Ужо другi раз гучала гэтае iмя. Марцiно адмоўна пакруцiў галавою.

Усе чацвёра пайшлi па вясковай вулiцы. Перад тытунёвай крамай Марцiно спынiўся i сказаў Мэгрэ:

– Выбачайце, але я не ведаю, цi вярнуся яшчэ сюды, i мне не хацелася б пакiдаць за сабою даўгi. Я павiнен заплацiць тут за тэлефон, грог i пачак цыгарэт.

Заплацiў Мэгрэ. Выйшлi з вёскi. У канцы няроўнай дарогi iх чакала машына. Камiсар запрасiў усiх сесцi ў яе i, падумаўшы крыху, сказаў шафёру:

– У Вiстрэам! Але спачатку спынiцеся каля жандармерыi.

Усю дарогу праехалi моўчкi. Па-ранейшаму iшоў дождж, неба было ўсё такое ж шэра-халоднае, вецер спакваля ўзмацняўся i пагойдваў мокрыя дрэвы.

Перад жандармерыяй Мэгрэ папрасiў Марцiно выйсцi з машыны i загадаў начальнiку аддзялення:

– Пасадзiць яго ў камеру... Вы адказваеце за яго. Тут нiчога новага?

– Буксiр прыйшоў. Чакаюць, калi павысiцца ўзровень мора.

Паехалi далей. Мэгрэ трэба было пабываць у порце, i камiсар яшчэ

раз спынiў машыну, выйшаў з яе на хвiлiнку.

Быў поўдзень. Шлюзаўшчыкi чакалi на сваiх месцах параход з Кана. Мора падыходзiла ўсё блiжэй да берага, белыя хвалi набiралi ўсё больш моцы.

Справа стаяў вялiкi натоўп. Людзi з цiкаўнасцю разглядвалi буксiр з Трувiля, што стаяў на якары за паўмiлi ад берага. Да "Сэн-Мiшэля", якi з прылiвам ужо напалову выраўняўся, наблiжалася невялiкая шлюпка.

Глянуўшы на машыну, Мэгрэ заўважыў, што мэр таксама назiрае за выратавальнымi работамi. З шынка выйшаў капiтан Дэлькур.

– Атрымаецца?
– спытаўся камiсар.

– Думаю, што ўсё будзе нармальна. Вось ужо дзве гадзiны яны вызваляюць шхуну ад баласту. Толькi б швартовы не парвалiся.
– Спрабуючы ўгадаць, якi будзе вецер, ён паглядзеў на неба, бы на карту.
– Трэба адно зрабiць усё гэта да канца прылiву.

Начальнiк порта заўважыў, што ў машыне сядзяць мэр i яго жонка, пачцiва павiтаў iх, але больш у iх бок не глядзеў.

Падышоў Люка, адвёў камiсара на колькi крокаў ад Дэлькура.

– Узялi Вялiкага Луi.

– Гм!

– Сам папаўся!.. Сёння ранiцай жандары з Дзiў заўважылi сляды на полi... Сляды чалавека, якi iшоў напрасткi, перамахваючы праз агароджы... Сляды вялi да ракi, да мясцiны, дзе адзiн рыбак пакiдае звычайна на беразе лодку... А тут яна была на другiм беразе...

– Жандары перабралiся туды?

– Але... I выйшлi акурат насупраць шхуны. Там, каля дзюнаў, ёсць...

– Развалiны каплiцы!

– Вы ўжо ведаеце?

– Каплiца Божай Мацi Дзюнаў...

– Ну, там яго i накрылi... Ён залез туды i назiраў за выратавальнымi работамi. Калi я прыйшоў, ён упрошваў жандараў не забiраць яго адразу i дазволiць заставацца там, пакуль не выратуюць шхуну... Я дазволiў... Ён у кайданках... Аддае загады: баiцца, што без яго судна загiне... Не хочаце глянуць на яго?

– Не ведаю... Можа, крыху пазней...

Камiсара чакалi ў машыне мэр з жонкаю.

– Думаеце, дакапаемся ўрэшце да праўды?
– спытаўся Люка.

I, паколькi Мэгрэ не адказваў, iнспектар дадаў:

– Асабiста я пачынаю думаць, што не. Усе маняць! А тыя, што не маняць, маўчаць, хоць i ведаюць сёе-тое. Можна падумаць, што ў смерцi Жарыса вiнаваты ўвесь гарадок...

Але камiсар адно пацiснуў плячыма i пайшоў да машыны.

– Да сустрачы!
– толькi i сказаў на хаду.

У машыне ён вельмi здзiвiў шафёра, загадаўшы:

– Дамоў!

Нiбыта гаворка iшла пра яго ўласны дом, гаспадаром якога быў ён сам.

– Дамоў у Кан?

Па праўдзе кажучы, Мэгрэ яшчэ пра гэта не думаў, але словы шафёра навялi яго на думку.

– Але, у Кан!

Гранмэзон нахмурыўся. Што да яго жонкi, дык тая, здавалася, скарыўшыся, плыла па цячэннi.

* * *

Па дарозе ад гарадскiх варот да вулiцы Дзюфур з Гранмэзонамi павiталiся чалавек пяцьдзесят. Вiдаць, мэраву машыну ведалi ўсе. Вiталiся вельмi пачцiва. Суднаўладальнiк быў падобны на сеньёра, што аб'язджае свае землi.

Поделиться с друзьями: