Постаці
Шрифт:
Так дзень за днём. І так, якраз тады, стваралася цудоўная кніга пра Валянціна Таўлая.
…А вось Андрэевіч, не дужа яшчэ ўмеючы круціць баранку, ледзь не зваліўся з яра ў Нёман, і мы падпіраем машыну, і ногі нашы слізгаюць на цудоўным, высокім разнатраўі нёманскага поплаву. І мы ледзь не налажылі ў той Нёман галавой, а пасля стаім, збялелыя, і тупа лаем невядома каго і што.
Ці едзем у Белавежу з харошым хлопцам, настаўнікам з прыпушчанскай вёскі.
…Рэзкі бярозавік у леснічоўцы на Свіцязі. Мы з Уладзімірам Калеснікам сядзім у чоўне паміж небам і зямлёй, і нязменны яго шэры берэт ссунуты на самую патыліцу. І маўчым, і добра нам, як ніколі, бо мы ўсё разумеем у сабе і адзін у адным, а вуды нашы перакрэсліваюць захад.
Або як ездзілі ў 1968 годзе па вёсках Брэсцкага і Пружанскага раёнаў. У Дзмітровічы, у Харава, дзе чыталі вершы, дзе паднеслі нам дзеці каравай "на волата" — зараз і партызанскай ротай не з'ясі…
А рыба на Лясной. Ён і дагэтуль не ведае, што гэта не я, наступіўшы, зламаў таду яму цудоўнае вудзільна. Мусіў згадзіцца, што гэта я, бо на сябра асабліва крычаць не будзеш.
Я люблю бываць і досыць часта бываю ў яго хаце. І, вядома ж, у Брэсцкім інстытуце, дзе ён заваяваў агульную любоў студэнтаў. Рэдка мне даводзілася бачыць так добра абладнаны кабінет беларускай мовы і літаратуры. Хай небагата, але з цеплынёй, веданнем справы і любоўю да яе, з уніклівасцю вучонага і азартам паэта, з усім: ад частых пісьменніцкіх выступленняў да магнітафонных запісаў.
…Зноў дом, і гарачыя спрэчкі, і размовы аб кнігах, раптоўны рогат, калі ўспомнілі, як сядзела на каменнай агароджы інстытута малпа (уцякла з інстытуцкага звярынца) і дражніла служачага, што хацеў яе ўзяць, і натоўп разявак, якія не бачылі такой звычайнай істоты, такой з'явы, як малпа на брэсцкім плоце.
…Ну вось. Усё тут атрымалася ўрыўкамі. Урэшце, як і ўсё жыццё. Але ж гэта не крытычны артыкул. Я наношу на паперу штрыхі, ствараючы накід партрэта. Партрэта, які нехта колісь вылепіць ці напіша куды больш спакойна, куды больш выгаблевана, чым я.
…І яшчэ адзін успамін. Чэрвень 1971 года. Зноў сцелецца пад колы дарога. Едзем. Янкам і Валодзем ужо зроблены выключны (на жаль, кепскавата зроблены паліграфічна) альбом пра мясціны Міцкевіча. Але яны, па-мойму, яшчэ не прыступалі да чарговай сваёй агульнай работы: з магнітафонам, блакнотам і фотаапаратам аб'ездзіць
спаленыя ў вайну вёскі. Каб на старонках былі нявыдуманыя апавяданні, непрыхарошаныя абліччы, каб з пласцінак гучалі са слязьмі і з гневам галасы дзівам уцалелых людзей. Што ж, калі гэта будзе створана — гэта і будзе тое, што называецца служэннем айчыне і ісціне.Тады была апошняя наша сустрэча з Паўлам Арсенавічам Жалезняковічам. Ён памёр на кастрычніцкія святы таго ж года. Сядзелі ў садзе. Вялізныя яблыні распасціраліся шырока, раскошна і цяніста. На іх была ўжо завязь.
Дужа хворы, спрацаваны чалавек сядзеў на лаве, склаўшы маршчакаватыя рукі. Гаварылі. Я і тут бачыў, што галава Валодзева працуе. Запамінае. Такі ўжо грунт яго адносін з людзьмі. Таму што, у сваю чаргу, без памяці аб былой барацьбе, былых здзяйсненнях, былых няшчасцях не можа быць дабрыні да людзей.
На гэты раз запісваў і я. Пра ўдзел у КПЗБ хлопцаў-украінцаў. Шкада, што Павел Арсенавіч не ўбачыць гэтых старонак мае кнігі для Украіны пра Беларусь.
Я неяк зусім па-іншаму, не так, як раней, глянуў на вёску, куды мы прыехалі нейкай, можа, гадзінай пазней. Крынкі Карэліцкага раёна.
Сіняўку тры разы палілі немцы. Бацьку Валодзевага пасля вайны перавялі загадчыкам вадзянога млына — за дваццаць ад Сіняўкі кіламетраў — сюды, у Крынкі. Тут і дагэтуль жыве Валодзева мачыха. Бацька дзесяць год як памёр, а яна з Валодзем дружыць. Сапраўды, сябры і родныя людзі.
Хата. Сакавітыя лопухі — сцісні, і пырсне сок. Над хатаю ў вялікім садзе волат-каштан.
Вакол узгоркі над Сервеччу. І ўсё мы з Жэнем Крымком, былым партызанам і выключным чалавекам, ідзём высока над звівамі Сервечы па ўрвішчах, і вакол далеч, якую рэдка бачыць свет, і Крымко ўгаворвае нас пасяліцца тут, у Беражне, вёсцы, якую як пашукаць, то і не знойдзеш.
А што?
Спалілі хату, вёску, пазбавілі роднага дому. Думалі, што не будзе куды прыйсці? Але адбудуецца новае гняздо, і заўсёды будзе куды з'явіцца нам на нашай зямлі.
Астануцца не адны ўспаміны аб старой хаце. Астанецца і другая, куды можна прыйсці як у сваю, калі захочацца прыпасці да зямлі або проста паляжаць на мурагу і падумаць. Нічога. Таптаць нам гэтыя шляхі ў полі яшчэ незлічоную колькасць год.
…Стаім над Сервеччу. Набліжаецца, насоўваецца навальніца. Грувасцяцца і глубяцца хмары, цяжка перавальваецца ў іх пярун.
…Стаім на зямлі, якая і Валодзю, і Янку, і іншым сябрам была і будзе вельмі дарагая.