Постаці
Шрифт:
Трэба расказаць не толькі пра Коласа.
Перажыта шмат. Былі нялёгкія гады перад вайной. І сама вайна…
Чалавек часам не дабярэ рады, як жа трэба расказаць пра сябе. Вось колькi сказаў аб тым, як паэта на фронце засыпала выбухам мiны ("Гэтак яно i рабiлася", у зборнiку "Пяцьдзесят чатыры дарогi"). I анi слова аб тым, што ён потым расказваў мне: як, знямогшы без тытуню, закурылi пад шынялём, ды, вiдаць, знячэўку 6лiснулi. Пачаўся такi мiнны абстрэл, што аж засыпала па плечы. Сам не мог вылезцi i выбавiўся толькi падазваўшы свайго каня i абхапiўшы яго за шыю.
…Чыталi вершы… Бэзава цвiў верас у вазачцы на жоўтым столiку. Ляжалi на стале спiсаныя блакноты i дзённiк з замочкам i
А за вокнамі мансарды — цеплыня і яснасць жнівеньскага дня. Побач са зборнікам Дануты Бічэль (чытаў, відаць) — новыя вершы. Свае. Адна паэма пра апошнія дні Купалы.
3 купалаўскім эпіграфам — усе яго помняць — аб тым, што не трэба напуста наракаць на свой лёс… каб не клялі нас праўнукі. Аб ад'ездзе ў эвакуацыю, аб тым, як замест клункаў браў Купала алоўкі… Пакінуць Радзіму… Самае гаротнае, што можа быць у чалавека. Слухаеш гэта і ясна бачыш, як плыве з прыгаршчаў аршанскі пясок, як астаюцца званочкі ў збанку ды далягляд у душы. Той далягляд, які так і не здолеў узяць з сабой.
3 часам усё лепш разумееш, што для вялікага верша і прычына павінна быць вялікая. Уражанне, якое перапаўняе душу, скручвае ўсё ў ёй, сціскае сэрца і горла. І шчасце таму, хто зразумее гэта раней. На жаль, такіх шчасліўцаў няшмат. І не ўсе яны могуць адгукнуцца сэрцам людскім і вушам чалавечым па гарачых слядах, адразу ж сказаўшы тое, што патрэбна вось сёння, вось зараз, вось у гэта імгненне.
Ёсць сотні добрых вершаў пра смерць Пушкіна. I, аднак, усе яны крыху адступаюць перад "Он лежал без движенья…" В.Жукоўскага, "На смерть поэта" М.Лермантава, "28 января 1937" Цютчава. Уся справа ў тым, што гэта створана тады, калі грамадства было яшчэ непасрэдна ўзрушана трагедыяй, калі шматпакутныя рукі паэтавы не паспелі яшчэ аледзянець у труне, пад пякучым студзеньскім снегам.
Але ўсё ж гэтыя тры класічныя вершы яшчэ не прычына, каб пра вялікую смерць не пісалі зноў і зноў. І справа не толькі ў тым, што на змену свежаму болю прыходзіць з часам усё большае ўсведамленне таго, што адбылася ў той дзень нацыянальная трагедыя. Справа яшчэ і ў тым, што з адлегласці ўсё яснейшыя робяцца абставіны, накопліваецца ўсё большая колькасць асэнсаваных фактаў, з'яўляецца ўсё большая магчымасць даць ім належную ацэнку, сказаць шчырую праўду.
Пра апошнія месяцы жыцця, пра смерць Купалы будуць яшчэ пісаць і пісаць, але няма сумнення, што Максім Лужанін сказаў тут сваё вагомае слова.
Сказаў з талентам, праўдай, сардэчным болем і шчырасцю, той, якая паспела б і з фронту падбегчы, каб падхапіць чалавека і паэта, які бачыў сваім позіркам "усю Беларусь, неаб'ятну, як мора".
Хто ведае, як нараджаецца ў паэта дзіва верша. Тэорыі тут нічога не могуць растлумачыць. Бывае, што верш выльецца ў адзін дзень (як тыя ж "Праводзіны"), а бывае — аж вось калі, праз чвэрць стагоддзя.
Адкуль гэта пачалося? Ад партрэта ў чорнай рамцы? Ад страшнага супадзення, што маці ў акупацыі памерла ў адзін дзень з сынам, быццам падсвядома адчувала, ведала і не магла перажыць? Можа і так: узяўшы, на адным краі свету, за руку сына, матку, на другім краі свету, бярэш за сэрца… А можа на пушкінскіх урачыстасцях, на адпяванні ў Святагорскім манастыры, калі стаіць, здаецца, між людзей нябачная труна і сівы чалавек спявае песні тых часоў.
Я рад, што пачуў гэта. Таму што… можа і не месца казаць пра такое ў дзень гадавіны, але трэба. Менавіта таму,
што я не ўрачысты артыкул і не юбілейную оду пішу, а спакойна і бесстаронна разважаю пра чалавека і паэта.Я неяк не належаў да палкіх прыхільнікаў усёй, агулам, паэзіі Максіма Лужаніна. Лічыў, што на першым месцы ў яго проза ды майстэрскія пераклады. 3 паэзіі вылучаў некалькі дзесяткаў першакласных вершаў. Астатнія лічыў моцна і грунтоўна зробленымі, але крыху разважлівымі і халаднаватымі (гэта не датычылася, вядома ж, "Ручая", "Драча", "Каштаноў" і іншых такіх, што не адзін я лічыў вершамі для анталогіі).
Мабыць, і сам ён, як і ўсе мы, многае б зараз рабіў іначай. Віна тут не толькі ягоная. Цяпер, асабліва пасля новых вершаў, новых паэм, якія чуў, думаю, што шмат у чым памыляўся. Гэта лепшае, што калі-небудзь было напісана паэтам. І гэта, створанае літасцю божай, нібы асвятліла і ўсё астатняе. Але пра гэта крыху пасля.
Калі ж гэта мы пазнаёмі.ліся? Чатырнаццаць год таму. На нарадзе маладых. Стаяў у зале Саюза пісьменнікаў доўгі стол, і за ім сядзелі маладыя і немаладыя ўжо людзі. Там былі паэты, кампазітары, дзеячы сцэны. Сярод іх я заўважыў чалавека, які сядзеў спіною да дзвярэй, далёка наўскос ад мяне. Светлага, колеру кавы з малаком — ну, можа крыху і фісташкавага колеру — гарнітур, залатыя запінкі ў дзіўна неяк, мякка выкручаных манжэтах белай сарочкі. Больш рыжынкі ў валасах, як цяпер больш сівізны. Увесь час ён папраўляў гэтыя манжэты, нават слухаючы вершы, а па твары нельга было зразумець, падабаецца яму тое, што чуе, або не. Нібы нават не вершы слухаў, а з журбою думаў пра жыццё.
Выступаў ён і па маіх вершах (о, успомніў! дваццаць першага верасня 1955 года было гэта). Даваў, між іншым, і за тое, за што варта было даць, ды і без усякага шкадавання: за варварызмы ў мове. У прыватнасці, за тое, што ляпаў я зусім бессаромна мяккі знак у дзеяслоўных канчатках. А за такое і зараз не шкодзіла б сім-тым выдаць. Мова — твой інструмент, то ўмей ім валодаць, калі ласка, і не бяры чужога слова і чужой формы, шукай сваю.
Нарада тая, падалося мне, не вельмі яму спадабалася. Наколькі памяць не падводзіць, гаварыў ён пра неаб'ектыўнасць абмеркавання творчасці тых-сіх паэтаў, пра захвальванне вершаў некаторых людзей, якія толькі і бяруць, што самаўпэўненасцю і ўяўнай, вычварнай прыгажосцю. Гаварыў аб тым, што не ахоплена было шмат людзей, што за аснову трэ было браць не творчасць прыезджых толькі, а самае цікавае, каб вучыліся маладыя.
На заключным вечары Лужанін чытаў сваю "Вільнянку". Верш мне падабаўся, дый чытаў ён яго добра.
Вось тады недзе нас і пазнаёмілі, і мы перакінуліся дзесяткам-другім слоў.
А пасля пайшло ў нас усё не так. Настолькі не так, што каб год шэсць назад нехта сказаў мне аб гэтай размове і аб гаворцы маёй пра яго — я засмяяўся б яму ў вочы. За бліжэйшым знаёмствам, здавалася б, разважлівых людзей, якія ведаюць цану сабе і суседу, прыйшла недарэчная непрыязнасць. Урэшце, умовы кіно могуць каго хочаш штурхнуць на такое.
А тут яшчэ пры павазе да работы калегі, было непрыняцце некаторых яго поглядаў.
Мне, напрыклад, хоць я лічыў і лічу паэта яшчэ і разумным, цікавым крытыкам, дужа не падабаецца ягоны артыкул пра Кузьму Чорнага. Яму не падабаецца мой сцэнарый "Гнеўнае сонца". Ну і што? Гэта ж яшчэ не прычына. Але як часта яшчэ ў нашым асяроддзі вырастае з гэтага нецярпімасць, якой не павінна быць хаця б таму, што галоўнае, чаму павінен вучыць пісьменнік, — менавіта цярпімасць і чалавечнасць.
Сорамна зараз прызнацца ў гэтым. Сорамна і пісаць. Але з адносін нашых гэтага не выкрасліш. Ды, зноў жа, трэба, каб не думалі, што гэтае эсэ — юбілейшчына. Хачу, каб паверылі, што на гэтых старонках няма ніводнага няшчырага слова.