Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Постаці

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

…Цёплы і добры жнівеньскі поўдзень. Ва ўсім пачатак яснасці і празрыстасці, калі далёка відаць.

Гаспадару хаты — ён стаіць побач са мной, успёршыся на парэнчы, — скора шэсцьдзесят. Поўдзень жніўня. Час пачынаць збіраць ураджай і сеяць на будучае. Досыць далёка ад таго лістападаўскага дня 1909 года, калі нарадзіўся ў вёсцы Прусы на Случчыне будучы паэт Максім Лужанін, а тады папросту Алесь Каратай. Досыць далёка. Але яшчэ далёка і да восені.

Плённы спакойны час. Спакой у рухах, у абліччы, у разважлівых вачах, у сівізне. Ну і дзякуй богу, што спакой і плён, што ў гумне ўсё болей і болей прыбывае снапоў, што сэрцу ўсё яшчэ рупіць аб новай працы, што яшчэ многа яе. Бо кожны з нас у глыбіні душы, хай сабе ў закутачку яе, селянін, чалавек, які дбае.

Што

з таго, што я назапасіў, нарыхтаваў яму стандартных пытанняў: як пачыналася творчасць, у каго вучыўся, якія лепшыя вершы, што дала ў жыцці кніга? Я ж ведаю, што зададзенасць ніколі не даводзіла да дабра, што, як заўсёды, лепшае — гэта шчырая бяседа.

Проста бяседа. Проста бяседа двух мужыкоў на прызбе ці недзе на бярвеннях. За тытунцом. Пра тое, што цікава нам абодвум, і не толькі нам, але і ўсім іншым хлебаедам. Пра снапы. І паводдаль ад іх. Каб, крый божа, не згубіць іскры.

Ён дужа даўні мой знаёмы. 3 часам, калі розніца ва ўзросце сціраецца, узрастае і цікавасць да думкі другога. Малому з дваццацігадовым не сябраваць, але ўзаемнацікавыя адносіны паміж сарака- і шасцідзесяцігадовым. Думаецца, нам цікава адзін з адным, у жывой сувязі.

Пачыналася тое знаёмства аднабакова. Памятаю першыя пасляваенныя старонкі "Беларусі". 64 старонкі кепскай паперы, дрэнны друк (якія бедныя і якія багатыя мы тады былі!).

І як жа мы любілі гэтую шэрую, плямістую, сітаватую паперу! Дзіўныя там сустракаліся рэчы. Пераглядаючы, даведаешся, напрыклад, што Кузьма Чорны пісаў артыкул пра слуцкія сурвэты.

Вось там і натрапіў я на імя цяперашняга майго субяседніка. Можа не ўпершыню, але ўпершыню з такім пранікненнем. 1946 год — верш "Драч".

Жывучы на чужыне, быць можа, няслушна, Недарэчна, але не адгоніш, хоць плач, Набіваецца дзіўная песенька ў вушы, Ўспамінаецца мне невялічкая птушка — Драч. Ён не майстар лятаць, а вясна яго гоніць Да тых самых мясцін, дзе калісьці ён жыў, Дзе ён бегаў, хаваўся у жыце зялёным, На той самы палетак, на тыя загоны, У гняздо на той самай знаёмай мяжы. Час не зводзячы, ён выбіраецца пешкі, Прамінае Еўропу за ноч пехатой. . . . . . . . . . . . . Мы пабачылі свету і шырай і далей, Але помніцца сэрцу пачатак хады: Тут нас маці раджалі, тут мы вырасталі, Тут мы самыя лепшыя песні складалі, Тут паплачуць сябры, несучы на клады.

Да канца зразумелая была мне тая туга на чужыне. Сярод сухіх стэпаў успомніш крыніцу на беразе Дняпра, зялёны адбітак гор у ягонай вадзе, кароў, што ідуць па гэтай зелені дагары нагамі, - сэрца сцісне, а вочы мокрыя!

І не разумеў я, і ніколі не разумею людзей, якія па сваёй ахвоце кідаюць гэта. Як бы лепей ні было паводдаль, чалавек павінен жыць і памерці ў тым наваколлі, дзе ступалі ягоныя босыя ногі. Свая зямля заўдасць пакуты, яна, як сваяк, ведае ўсе твае слабыя месцы, яна можа зачапіць за сэрца — але яна ж і вылечыць. І ты створаны, каб жыць з ёю. На шчасце і на гора, на жыццё і на смерць.

Яна ўсялякая. Але яна твая, і іншай не дадзена табе. Не ведаю, як хто, а я праз месяц не знаходзіў бы месца з тугі, ведаючы, што мне не дадзена вярнуцца на яе, на яе лугі і ўзгоркі, межы і рэкі, да яе лясоў, да яе простых людзей.

Вось гэгы боль я і адчуў тады ў вершы невядомага мне чалавека. Усё гэта магло б быць усяго эпізодам. Тады пісалася ўсім. Агульны боль, агульная журба па знявечанай, мілай сваёй зямлі нараджалі літаратуру, нараджалі еднасць чалавечую.

Нездарма ж у таго самага Максіма Лужаніна адзін з найлепшых твораў — "Праводзіны" — створаны амаль адразу,

калі яшчэ не ступілася гора, агульнае наша гора па дзядзьку Якубу. Не ўсе, на жаль, зрабілі з гэтага высноў. Іх творы так і асталіся на тых зжоўклых старонках. Памог гэтаму і час. Цяжка было выцярэблівацца са старой манеры. Лепшыя выцерабіліся, хоць, вядома, не без страт.

Чаму так здарылася? Я думаю, таму, што ў паэта Максіма Лужаніна быў корань. І не ў сэнсе паходжання, зямлі, вёскі, чысціні мовы — хаця было і гэта, — але і ў сэнсе вернай настройкі душы.

..Бязмежная слуцкая роўнядзь. Чарназём і цяжкі, плодны лёсавідны суглінак. Адвечная жытніца. Мала рэк і лясоў. Над калючымі іржэўнікамі крыжы ветракоў, на якіх ад веку да веку канае, каб тут жа ўваскрэснуць, жытні распяты бог. Вечна круціцца і вечна канае.

Земляроб, працаўнік не быў пачасту багатым. Але зямля давала сілу зямную, што не будзе плакаць, калі кепска. Як у тым народным анекдоце.

Згарэла гумно, поўнае снапоў. Згарэла праца за год. Мужык стаіць над папялішчам і божкае:

— Ну й пагарэў ты, Яўхім! От жа пагарэў! Вой, пагарэў!!!

І адразу ж за тым:

— Але ж затое і мыш-шэй ляснула!!!

Чорта ты з ім, з такім, зробіш!

Цікава тое, што — народ. І самі мы цікавыя толькі тым, у чым мы — народ. І не так ужо награшыў супроць ісціны мастак Лісоўскі, намаляваўшы М.Лужаніна, Я.Брыля і яшчэ кагосьці за сталом з відэльцамі ў руках. За грубым сялянскім сталом. Босых. А П.Пестрак нясе ім загорнуты ў ручнік чыгун з бульбай. Тут яно, магчыма, і ёсць самае наша: прачнуцца раніцой і, яшчэ не расплюшчыўшы вачэй, пачуць глухі звон патэльні і пах аладак…

І ўражанні ў нас, людзей аднаго кола, падобныя, пачынаючы ад самых першых, дзяціных. Ад няяснай цягі да агнёў далёкага горада, ад кнігі з самых ранніх год, ад зімовых замёрзлых вокан.

Усё тое ж, што, з невялікімі варыяцыямі, было ў кожнага. Шэршні ў дупле старога дуба, якіх выкурваеш запаленай паперай. А яны, баронячы дом, кідаюцца на цябе і балюча джгаюць, і трэба шукаць паратунку ў цёмнай вадзе копанкі. А дуб раптам зоймецца агнём, і вецер нясе іскры на драўляную царкву, якую ледзь шанцуе ўратаваць. А там ужо багаборцу, хай і несвядомаму, дастанецца бацькавай папругі. І ідуць адразу за такім апавядяннем іншыя, падобныя, аж да разрытага, відаць, барсуком, гнязда земляных восаў, ля якога ляжаць з'едзеныя ім соты: пажмаканы воск у яловай гліцы.

А песні вясковыя, якія пасля хочаш не хочаш, але абавязкова адаб'юцца ў тваіх, будуць гучаць у вушах тваіх удзень і трызніцца ўначы. Увесь ты ад іх, і тут ужо нічога-нічога не зробіш.

А гэтая першая і апошняя любоў да Купалы і паэм Коласа. Мне, напрыклад, давялося бачыць Купалу ўсяго адзін раз, а Коласа — разы тры-чатыры. Максіму Лужаніну пашанцавала ў гэтым сэнсе куды больш, а з Коласам ён некалькі год быў дужа блізкі. Сведка гэтаму — выключная кніга "Колас расказвае пра сябе", твор дужа рэдкага, пакуль што, у беларускай літаратуры жанру. Шкада, што многае з вусных апавяданняў паэта пра другога паэта не ўвайшло ў кнігу. Але, можаце мне паверыць, гэта выдатныя апавяданні, смешныя і кранальныя адначасова.

Вобраз чалавека і паэта паўстае з іх. Без німба. Жывога. І вось так, жыва, хацелася б гаварыць пра ўсіх, з кім звёў цябе на нялёгкай тваёй дарозе жыццёвы лёс.

…А мы гаворым і гаворым. І пра салоныя, часам досыць злосныя, эпіграмы, і пра смаржкі, якія збіралі пад Сінілом, і пра слуцкія бэры — "раскрые дзядзька кош — увесь рынак пахне". Словам, пра ўсё тое, што, не менш чым вершы, складае літаратуру, бо ўзнаўляе атмасферу, без якой тая літаратура не можа дыхаць.

Мы ствараем цяпер свае ўспамiны. Нараджаюцца новыя лiтаратурныя легенды, з'яўляюцца нават новыя фальклорныя героi ад лiтаратуры. Але мы мала ведаем пра легенды 20-х — 30-х гадоў, пра побыт, пра жыццёвыя анекдоты, пра характары лiтаратараў таго часу. I дужа добра было б, каб чалавек з вострым вокам i памяццю, з пачуццём гумару расказаў бы пра тое, што адыходзiць з часам. Адкуль жа пазнаваць нам атмасферу спрэчак, самое паветра тагачаснага жыцця, вулiцы, дамы, тыпы старога Мiнска, Полацка, Слуцка…

Поделиться с друзьями: