Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
Шрифт:
I таму што чыгуначнік не адказаў, Швэйк расказаў выпадак з адным сваім знаёмым, нейкім Францішкам Млічкам з Угржэнэвэса пад Прагай, які таксама нек раз пацягнуў за ручку тормаза і з перапуду яму заняло мову. Адпусьціла толькі праз два тыдні, калі ён пашоў у госьці да гародніка Вапэка і там пабіўся, а рэшта гасьцей схвасталі аб яго бізун з валовых жыл.
— Гэта здарылася, — дадаў Швэйк, — у 1912 годзе ў маі месяцы.
Чыгуначнік замкнуўся ў клёзэце.
З Швэйкам застаўся праваднік і стаў цягнуць з яго душу, патрабуючы, каб Швэйка заплаціў дваццаць крон штрафу, напіраючы на тое, што ў адваротным выпадку Швэйка прыдзецца зсадзіць у Табары і здаць начальніку станцыі.
— Ну што-ж, вельмі добра, — сказаў Швэйк, —
Швэйк вынуў з вапазухі люльку, закурыў, і, выпускаючы хмары горкага дыму, казаў далей:
— Некалькі гадоў таму назад начальнікам станцыі Сьвітава быў пан Вагнэр. Вось быў жывадзёр. Прыдзіраўся да падначаленых і прыціскаў іх, дзе толькі мог, але больш за ўсё насядаў на стрэлачніка Юнгвірта, пакуль небарака з адчаю не пабег тапіцца. Але перад тым як скончыць самагубствам, Юнгвірт напісаў начальніку станцыі ліст, што пасьля свае сьмерці будзе прыходзіць да яго па начох. Дальбог ня лгу. Так і зрабіў. Сядзіць, напрыклад, начальнік станцыі ўночы каля тэлеграфнага апарату, як раптам чуецца званок, і начальнік станцыі прымае такую тэлеграму: «Як маешся, сволач? Юнгвірт».
Гэта цягнулася цэлы тыдзень, і начальнік станцыі стаў пасылаць па ўсіх правадох у адказ на тэлеграмы з таго сьвету такую дэпэшу: «Даруй мне, Юнгвірт». Нарэшце аднае ночы апарат настукаў яму такую тэлеграму: «Павесься на сэмафоры каля моста, Юнгвірт». Начальнік станцыі паслухаўся. Потым за гэта арыштавалі тэлеграфіста з суседняй станцыі… Як бачыце, бываюць у нябесных сфэрах рэчы, пра якія мы нічагусенька ня ведаем.
Цягнік падышоў да станцыі Табар, і Швэйк, перад тым, як пайсьці за правадніком да начальніка станцыі, далажыў, паводле дысцыпліны, паручніку Лукашу:
— Гонар маю далажыць, пан паручнік, мяне вядуць да начальніка станцыі.
Паручнік Лукаш не адказаў. Яго апанавала нейкая нэндза.
«Пляваць мне на ўсё, — мільганула ў яго ў галаве, — і на Швэйка і на лысага генэрал-майора, што сядзіць насупраць. Сядзець-бы да Будэйовіц, каб ніхто не чапаў, а там выйсьці з цягніка, зьявіцца ў казармы і накіравацца на фронт з першай-жа маршавай ротай. На фронце падставіць лоб пад няпрыяцельскія кулі,—толькі-б уцячы з гэтага няшчаснага сьвету, па якім цягаюцца такія сволачы, як Швэйк».
Калі цягнік крануўся, паручнік Лукаш глянуў у вакно і ўбачыў на пэроне Швэйка, захопленага размоваю з начальнікам станцыі.
Швэйк быў абкружан натоўпам, які чагосьці чакаў, і сярод якога відаць было некалькі чыгуначнікаў.
Паручнік Лукаш уздыхнуў. Уздыхаў ён не ад шкадаваньня. На душы ў яго стала лёгка, калі ён убачыў, што Швэйк застаўся на пэроне. Нават лысы генэрал-майор ужо не здаваўся яму такім агідным.
Цягнік даўно ўжо пыхкаў у кірунку на Чэскія Будэйовіцы, а на пэроне табарскага вакзалу натоўп вакол Швэйка не зьмяншаўся.
Швэйк даводзіў, што ён не вінават і настолькі пераканаў натоўп, што якаясьці бабулька выказалася так:
— Зноў да салдаціка прыдзіраюцца.
Уся публіка згадзілася з гэтаю думкаю, а нейкі пан падахвоціўся заплаціць за Швэйка дваццаць крон штрафу: ём быў пераконаны, што гэты салдат не вінаваты.
— Гляньце на яго толькі, — спасылаўся ён на нявінны выраз Швэйкавага твару.
Швэйк зьвяртаўся да натоўпу:
— Браткі! Я невінават!
Потым прышоў жандар, вывалак з натоўпу некага грамадзяніна, арыштаваў яго і павёў яго, гаворачы:
— Вы за гэта адкажаце. Я вам пакажу, як «нельга патрабаваць ад салдат перамогі, калі з імі так абыходзяцца». Я вам пакажу, як народ падбухторваць!
Няшчасны грамадзянін не знашоў другога апраўданьня, апрача таго, што ён — мясьнік і «ня тое хацеў сказаць».
Тым часам добры пан, які верыў у невінаватасьць Швэйка, заплаціў за яго ў канцылярыі начальніку станцыі штраф і павёў Швэйка ў буфэт трэцяй
клясы, дзе пачаставаў яго півам, і высьветліўшы, што ўсе пасьведчаньні Швэйка і праяздны ліст знаходзяцца ў паручніка Лукаша, даў яму звыш таго пяць крон на білет і на далейшыя выдаткі.Пры разьвітаньні ён адкрыта сказаў Швэйку:
— Калі пападзецеся, салдацік, да рускіх у палон, кланяйцеся ад мяне півавару Зэману ў Здалбунове. Я вам на запісцы сваё імя чыркану. Ня будзьце дурнем і доўга на фронце не затрымлівайцеся.
— Будзьце спакойны, — адказаў Швэйк, — кожнаму цікава паглядзець чужыя краіны, ды яшчэ дарэмна.
Швэйк застаўся сядзець у буфэце і памаленьку прапіваў пяцёрку, атрыманую ад выпадковага дабрадзея.
Тым часам на пэроне ішоў абмен думкамі сярод тае часткі публікі, якая ня была пры размове Швэйка з начальнікам станцыі і толькі здалёк бачыла натоўп, што іх абкружагў. Пераважала думка, што злавілі шпіёна, які фотографаваў вакзал. Аднак думка гэта была зьняпраўджана аднаею паняй, якая сьцьвярджала, што справа зусім ня ў шпіёне, а ў тым, што, як яна чула, нейкі драгун засек шашкаю афіцэра за тое, што афіцэр пёрся ў жаночую прыбіральню за каханкаю драгуна, якая прышла праводзіць свайго мілага на вайну.
Гэтым фантастычным вэрсіям, характарным для першай эпохі вайны, палажыў канец жандар, ачысьціўшы пэрон.
А Швэйк усё піў, з пяшчотнай заклапочанасьцю думаючы пра свайго паручніка: «Што гэта ён будзе рабіць, калі прыедзе ў Чэскія Будэйовіцы і ва ўсім цягніку ня знойдзе свайго дзяншчыка?»
Перад прыходам пасажырскага цягніка заля трэцяе клясы напоўнілася салдатамі і публікай. Найбольш было салдат. Іх было многа, розных палкоў, розных відаў зброі і нацыянальнасьцяй. Усіх занесла віхураю вайны ў табарскія шпіталі і цяпер яны ехалі назад на фронт. Ехалі па новыя раны і калецтва, ехалі зарабляць сабе просты драўляны крыж дзе-небудзь на нудных раўнінах Усходняй Галіцыі, на якім праз некалькі год яшчэ будзе матацца пад ветрам і дажджом аблезлая аўстрыйская шапка з заржавелаю цэшкаю; калі-ні-калі на крыж сядзе пануры стары крумкач і ўспамяне пра смачныя абеды мінулых гадоў, калі для яго па ўсім полі быў банкетны стол, завалены смачнымі трупамі людзей і конскаю падлаю; успамяне, што пад такімі, як гэта, шапкамі былі самыя ласыя кусочкі—чалавечыя вочы…
Адзін з кандыдатаў на той сьвет, выпісаны пасьля опэрацыі са шпіталю, у брудным мундзіры з плямамі глею і крыві падсеў да Швэйка. Гэта быў схудзелы, змораны вэнгар з сумнымі вачыма, палажыўшы на стол маленькі клуначак, ён выняў абтрапаны партам нэт і стаў пералічваць грошы. Потым ён глянуў на Швэйка і спытаўся:
— Magyarul? [4]
— Я чэх, таварыш, адказаў Швэйк. — Ці ня хочаш выпіць?
— Nem tudom baratom. [5]
4
Вы вэнгар?
5
Не разумею, таварыш.
— Гэта, таварыш, не бяда, — частаваў Швэйк, падсунуўшы свой поўны кубак да сумнага салдаціка, — пі на здароўе.
Той зразумеў, выпіў і падзякаваў:
— Koszenem szepc. [6]
Потым ён зноў пачаў пераглядаць, што ёсьць у яго ў партаманэце і ўздыхнуў. Швэйк зразумеў, што вэнгар з задаваленьнем заказаў-бы сабе піва, але грошай ў яго ня хопіць. Швэйк заказаў яму піва. Вэнгар зноў падзякаваў і стаў ківамі расказваць нешта Швэйку, паказваючы сваю прастрэленую руку і дадаў міжнароднаю моваю:
6
Сардэчна дзякую.