Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну

Гашак Яраслаў

Шрифт:

— У Будэйовіцы.

— Матка боская! — спужаўся жабрак. — Ды цябе ў адзін момант заграбуць. I дыхнуць ня ўсьпееш. Цывільнае адзеньне табе трэба, ды падранае. Прыдзецца табе стаць клышаногім… Ну, ды ня бойся; пойдзем праз Страконіцы, Валынь і Дуб, і чорт няхай мяне возьме, калі мы не разжывёмся на якую-небудзь цывільную адзежыну. У Страконіцах шмат ёсьць дурняў, якія, бывае, не замыкаюць нанач дзьвярэй, а ўдзень там наогул ніхто не замыкае. Пойдзе хто-небудзь да суседа пабалакаць, — вось табе і цывільнае адзеньне. Трэба-ж табе што? Боты ёсьць… Так, што-небудзь накінуць. Шынель стары?

— Стары.

— Можна пакінуць. У вёсках усе ў шынялёх ходзяць. Патрэбны порткі ды жакеціна. Калі дастанем цывільнае адзеньне, абмундыроўку можна будзе прадаць знаёмаму жыду Герману ў Ваднянах. Ён скуплёўвае казённыя рэчы, а потым прадае іх па вёсках… Сягоньня пойдзем у Страконіцы. Адгэтуль гадзіны чатыры хады да старой

шварцэнбэрскай аўчарні,—разьвіваў ён свой плян. — Там у мяне пастух знаёмы — стары дзед. Пераначуем у яго, а раніцою кранёмся ў Страконіцы і сьвісьнем там дзе-небудзь вопратку.

У аўчарні Швэйк пазнаёміўся з сымпатычным дзядком, як помніў яшчэ, як расказваў яго дзед пра наполеонаўскія паходы. Пастух быў на дваццаць год старэйшы за старога валацугу і таму называў яго, як і Швэйка, «хлапчына».

— Дык вось, хлопчыкі,—пачаў расказваць дзед, калі ўсе паселі наўкол печы, у якой варылася бульба з мундзірамі.—У тую пору дзед мой, як вось гэты твой салдат, таксама быў дэзэртырам. Яго ўсё-такі злавілі, ды так высьцебалі, што ад задніцы толькі шмацьцё ляцела. Яму яшчэ пашанцавала. А вось дзеда, старога Ярэша, стоража, дык таго за ўцекі наладавалі волавам, а перад расстрэлам прагналі яго праз строй і ўсыпалі шэсьцьсот палак, і сьмерць для была толькі палёгкаю…

— А ты як зьбег? — змахнуўшы сьлязу, запытаўся ён у Швэйка.

— Пасьля таго, як зьявіўся на прызыў, калі нас завялі ў казарму, — адказаў Швэйк, разумеючы, што нельга ганьбіць гонар мундзіра перад старым.

— Пералез цераз сьцяну, ці што? — з цікавасьцю запытаўся пастух, відавочна ўспомніўшы апавяданьне свайго дзеда пра ўцекі.

— Іначай ніяк нельга было, дзядуня.

— Варта, нябось, страляла?

— Страляла, дзядуня.

— А куды цяпер нукіроўваешся?

— I якая яго муха ўкусіла. Цягне яго ўсё ў Будэйовіцы, — адказаў за Швэйка валацуга. — Вядома, чалавек малады, бяз розуму, дык і лезе сам сабе на пагібель. Прыдзецца ўзяць яго ў адукацыю. Сьвісьнем якую-небудзь адзежыну, а там — бог дасьць! — усё абыдзецца. Як-небудзь да вясны прабадзяемся, а вясною пойдзем да сялян працаваць. У гэтым годзе ў людзях будзе патрэба. Усіх валацуг, кажуць, будуць зганяць на палявую работу. Лепш, я думаю, пайсьці добраахвотна. Людзей, кажуць, мала будзе. Пераб‘юць усіх.

— Думаеш, у гэтым годзе ня скончыцца? — спытаўся пастух. — А й праўда. Доўгія войны ўжо бывалі. Наполеонаўская, швэцкая, — настаўнік расказваў,—сямігадовая. Самі людзі гэту вайну заслужылі. Таго яны і варты: вельмі ўжо яны заганарыліся, самаму госпаду богу адваротна стала глядзець. Ужо і бараніна стала ім не да смаку, ужо і яе ня хочуць жэрці. Раней да мяне чуць не чародамі хадзілі, каб я ім з-пад крысы прадаў гаспадарскага баранчыка, а цяпер падавай ім толькі дзічыну ды сьвініну, і не як-небудзь, а на масьле ды на сале. Вось бог і загневаўся на іх непамерную гордасьць Дачакаюцца яшчэ: будуць варыць лебяду, як у часы Наполеона. А панства зусім з дуру вар‘юецца. Стары пан, князь Шварцэнбэрг, езьдзіў у брычцы, а малады князь, сапляк, усё кругом сваім аўтомобілем засмуродзіў. Пачакай, Пан бог ужо нашмаруе табе рыла бэнзінам.

У гаршку з бульбай булькатала вада. Стары пастух, памаўчаўшы, як прарок, сказаў:

— Гэту вайну наш гасудар імпэратар прайграе. Які ў народа можа быць дух, калі гасудар не каранаваўся [11] , як кажа настаўнік з Страконіц. Няхай цяпер запраўляе Пятра Кірылава, каму хоча. Ужо, калі ты, старая шэльма, абяцаў каранавацца, то слова павінен стрымаць!

— Можа, ён гэта цяпер як-небудзь змадыгуе, — заўважыў валацуга.

— Цяпер, хлапчына, усім і кожнаму на гэта начхаць, — загарачыўся пастух, — у кожнага на вайне хто-небудзь ды ёсьць: у каго брат, у каго сват. Калі ў нас на вёсцы сыдуцца мужчыны ды пачнуць гаварыць, дык толькі дзяржыся! Пасьля вайны, кажуць, будзе слабода, ня будзе ні панскІх маёнткаў, яі цароў і ў князёў маенткі адбяруць. Ужо некага Коржынку за такія гутаркі згрэблі жандары: не падбухторвай, кажуць. Цяпер жандары, што хочуць, тое і робяць.

11

Франц-Іосіф не каранаваўся каралём Чэхіі—фармальнасьць, якую выконвалі ўсе імпэратары Аўстра-Вэнгерскай монархіі.

— Дый раней так было, — сказаў валацуга. — Памятаю ў Кладне быў жандарскі ротмістр Ротэр. Загарэлася яму заняцца выхаваньнем гэтых, як іх там, паліцэйскіх сабак воўчага заводу, якія ўсё вам могуць высачыць, калі навучаны. I была ў ротмістра ў Кладне гэтых самых сабачых выхаванцаў поўна задніца. Знарок для сабак быў у яго домік: жылі яны там, як графскія дзеці. Уздумалася ротмістру рабіць досьледы з сабакамі над намі, беднымі

жабракамі. Ну, аддаў загад па ўсёй Кладненскай акрузе, каб жандары зганялі валацуг і накіроўвалі іх проста да яго. Даведаўшыся пра гэта, пусьціўся я з Лан [12] наўцёкі, падаюся глыбей у лес, ды куды! Да ляска, куды меркаваў, не дайшоў, ужо мяне сцапалі і павялі да пана ротмістра. Бацюхны вы мае! Толькі падумаць, што я з гэтымі сабакамі перанёс. Спачатку далі мяне ўсім сабакам абнюхаць, потым загадалі мне лезьці па драбінках і, калі я ўжо быў траха што на страсе, пусьцілі за мною адну зьвяругу, а яна — сьцерва даставіла мяне з драбінак далоў, а там ня мяне ўзьлезла, пачала бурчаць ды скаліць зубы над самым маім носам. Потым гэту гадзіну адвялі, а мне сказалі, каб я схаваўся, куды хачу. Пусьціўся я на наўцёкі праз лес і схваваўся ў яме. І паўгадзіны не прайшло, як да мяне зьявіліся два сабакі і павалілі мяне на землю, а пакуль адзін трымаў мяне за горла, другі пабег у Кладна. Праз гадзіну прышоў сам пан ротмістр Ротэр, з жандарамі, адазваў сабаку, а мне даў пяцёрку і дазволіў аж цэлыя два дні жабраваць у Кладненскай акрузе. Чорта лысага! — я паджгаў у кірунку на Бэроўнку [13] , нібы мне шпігінару пад хвост запусьцілі, і больш у Кладна ні нагою. Уся наша хэўра гэту масцовасьць абыходзіць, бо ротмістр Ротэр над усімі рабіў свае досьледы… Але да чаго ён любіў сабак! Па жандарскіх аддзяленьнях расказвалі, што калі ротмістр робіць рэвізію, дык як убачыць дзе аўчарку, там ужо не рэвізуе, а на радасьці жлукча з вахмістрам гарэлку.

12

Багатая густым лесам мясцовасьць. Цяпер летняя резыдэнцыя прэзыдэнта.

13

Рака.

Пастух высыпаў з гаршка бульбу і наліў у агульную міску кіслага авечага малака. Валацуга ўспамінаў далей, як жандары сваю ўладу паказвалі:

— У Ліпніцы [14] жыў жандарскі вахмістр пад самым замкам, кватэра ў яго была ў самым жандарскім аддзяленьні. А я, стары дурань думаў, што жандарскае аддзяленьне заўсёды павінна стаяць на відным месцы, на пляцы ці дзе-небудзь накшталт гэтага, а зусім не ў маленькім завулку. Абыходжу я раз дамы на ўскраіне. На шыльды-ж не глядзіш. Дом за домам так і ідзе. Нарэшце ў адным доме я адчыняю дзьверы на другім паверсе і дакладваю пра сябе, як належыць: «Падарэце няшчаснаму» убогаму старцу… Родненькія! Ногі ў мяне адняліся: гляджу— жандары! Уздоўж сьцяны стрэльбы, на стале крыж з Езусам, на шафе рэестры, гасудар імпэратар над сталом проста на мяне вылупіўся. Не пасьпеў я і слова пралепятаць, падскочыў да мяне вахмістр, ды-ак дасьць! Паляцеў я па ўсіх усходах, ды так і не спыніўся да самых Кэйжліц. Вось брат, якія ў іх правы.

14

Мястэчка ў паўднёваўсходняй Чэхіі. Там, між іншым. пахаваны аўтар гэтага роману.

Усе заняліся ядою, і праз паўгадзіны ў напаленай хатцы ўсё ахутаў сон.

Сярод ночы Швэйк ўстаў, ціха апрануўся і вышаў. На ўсходзе ўзыходзіў месяц, і пры яго бледым сьвятле Швэйк закрочыў на ўсход, гаворачы сам сабе:

«Ня можа-ж гэтага быць, каб я ня трапіў у Будэйовіцы».

Вышаўшы з лесу, Швэйк убачыў направа нейкі горад. Ён павярнуў на поўнач, потым зноў на поўдэень і зноў вышаў да нейкага гораду. (Гэта былі Вадняны). Швэйк зьвярнуў цераз луг, і ўпяршыню прамені сонца віталі яго на ўзгорыстых схілах непадалёку ад Працівіна.

— Уперад! скамандаваў сам сабе ўдалы ваяка Швэйк. — Абавязак заклікае. Я павінен трапіць у Будэйовіцы.

Але на няшчасьце, заміж таго, каб ісьці ад Працівіна на поўдзень — да Будэйовіц, Швэйк падаўся на поўнач — да Пысэка.

Пад поўдзень ён убачыў вёсачку. Спускаючыся з ўзгорка, Швэйк падумаў:

«Так далей справа ня пойдзе. Запытаю вось, як ісьці ў Будэйовіцы».

Уваходзячы ў вёску, Швэйк са зьдзіўленьнем убачыў на слупе каля крайняй хаты надпіс «Пуцімская воласьць».

«Вось табе й на! — падумаў Швэйк, — зноў трапіў у Пуцім. Гэта-ж я тут у стозе начаваў».

Далей яму ня прышлося дзівіцца. З белага памалёванага доміка, на якім красавалася «курыца» (так называлі дзяржаўнага арла), вышаў жандар, як павук на паляваньне.

Жандар пашоў проста на Швэйка і спытаўся толькі:

— Куды?

— У Будэйовіцы, у свой полк.

Жандар саркастычна ўсьміхнуўся.

— А сам ідзе з Будэйовіц. Будэйовіцы-ж ззаду ў вас засталіся.

І павалок Швэйка ў аддзяленьне.

Поделиться с друзьями: