Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка ў сусьветную вайну
Шрифт:
— Піф-паф!
Швэйк, спачуваючы, паківаў галавою, а замораны салдат з каманды ачуняваючых, выцягнуў левую руку на паўмэтра ад зямлі і, выставіўшы тры пальцы на правай, сказаў Швэйку, што ў яго дома трое малых дзяцей.
— Няма ам-ам, няма ам-ам, — казаў ён, жадаючы перадаць, што ім няма чаго есьці.
Сьлёзы пацяклі ў яго па твары, і ён уцёрся брудным рукавом шынэля. У рукаве была дзірка ад кулі, якая параніла яго на славу вэнгерскага караля.
Няма нічога дзіўнага ў тым, што за гэтаю забаўкаю пяцёрка патроху раставала, і Швэйк павольна, але пэўна, адразаў сабе шлях у Чэскія Будэйовіцы, з кожным кубкам выпітым Ім і салдатам вэнграм, трацячы ўсё больш і больш магчымасьць купіць сабе білет.
Яшчэ адзін цягнік праехаў на Будэйовіцы, а Швэйк усё сядзеў каля стала і слухаў, як вэнгар паўтараў сваё:
— Піф-паф… Harom guermek [7] —
Апошнія словы ён праказаў, чаркаючыся са Швэйкам.
— Валі, пі, мядзьярскае рыла, не саромейся! — казаў яму Швэйк. — Нашага брата вы, нябось, так-бы не частавалі.
Салдат, што сядзеў за суседнім сталом, расказаў, што, калі іх полк, едучы на фронт, увайшоў ў Сэгедзін, мадзьяры на вуліцах, як адзін, падымалі рукі ўгору.
7
Трое дзяцей.
8
Вэнгерскае прывітаньне.
Гэта была праўда, бо па тоне, якім гэта было сказана, было чуваць, што салдат лічыў за ганьбу падняць рукі і здацца. Потым гэта сярод салдат чэхаў стала звычайнаю зьяваю. Ды і вэнгры потым шырока ўжывалі гэты гэст, калі ім перастала ўжо падабацца разаніна на славу вэнгерскага караля.
Потым салдат перасеў да стала Швэйка і расказаў, як хлопцы з яго палка ў Сэгедзіне ўсыпалі мадзьярам па першае чысло і павыкідалі іх з некалькіх шынкоў. Ён пахваліў, што вэнгры ўмеюць біцца і што яму самому так парнулі нажом у сьпіну, што яго прышлося адправіць у тыл лячыцца.
Цяпер варочаецца ў батальён, і камандзір яго, напэўна, пасадзіць за тое, што ён ня ўсьпеў, як трэба, накласьці вэнгру, каб яму таксама засталося што-небудзь «на ўспамін» і каб падтрымаць гонар свайго палка.
— Ihre Dokumenten — фашы такумант? — зьвярнуўся да Швэйка начальнік патруля, фэльдфэбель, з якім было чатырох салдат са штыхамі.
— Я пачу фас уфесь час сядзець, піць, ня ехаць, толькі піцы
— Няма ў мане дакумантаў, любы, — адказаў Швэйк. — Пан паручнік Лукаш з 91-га палка ўзяў іх з сабою, а я застаўся тут на вакзале.
— Што такое «люпы»? — запытаўся па-нямецку фэльдфэбэль ў аднаго з салдат, старога апалчэнца. Той, відаць, ня вельмі добрасумленна выконваў свае абавязкі ў дачыненьні да начальства; ён спакойна адказаў:
— «Любы» гэта ўсёроўна што «пан фэльдфэбель».
Фэльдфэбэль зноў пачаў размову са Швэйкам:
— Токумэнт пафінен кошны зольдат. Пез токумэнт пасадзіць зукінага сіна, як сапаку.
Швэйка завялі ў камэндатуру пры станцыі. У каравульным памяшканьні Швэйк убачыў каманду, што складалася з салдат накшталт старога апалчэнца, які так правільна пераклаў сдова «любы» на нямецкую мову свайму спрадвечнаму ворагу— начальству.
— Каравульнае памяшканьне было аздоблена літографіямі, якія вайсковае міністэрства ў той час рассылала па ўсіх установах, дзе праходзілі салдацкія масы, па казармах і вайсковых школах.
Першае, што, пры ўваходзе, кінулася ўдаламу ваяку Швэйку ў вочы, была карціна, дзе было намалёвана, згодна надпісу, як камандзір разьдзелу Францішак Гамэль і аддзялённыя камандзіры Паўльгарт і Бахмайер 21-га стралковага яго вялікасьці палка заклікаюць каманду да стойкасьці.
На другой сьцяне вісела лубачная карціна з надпісам:
Ніжэй направа вісеў плякат:
Такімі плякатамі і «прыкладамі выключнай адвагі», тэкст, да якіх складаўся прызванымі на вайну журналістамі, старая вар‘ятка Аўстрыя хацела натхніць салдат, якія гэтай літаратуры ня чыталі, і калі ім прысылалі на фронт такія «прыклады выключнай адвагі», салдаты круцілі з іх сабачыя ножкі ці знаходзілі ім яшчэ лепшае ўжываньне, адпаведнае мастацкай каштоўнасьці і самому дух гэтых «прыкладаў адвагі».
Пакуль фэльдфэбэль пашоў шукаць якога-небудзь афіцэра, Швэйк прачытаў плякат:
…Санітары зносілі цяжка параненых да санітарных двуколак, што стаялі напагатове ў лагчыне. Калі двуколькі напаўняліся, яны накіроўваліся на перавязачны пункт. Рускія, даведаўшыся, дзе знаходзіцца санінтарскі атрад, пачалі абстрэльваць яго гранатамі. Конь, запрэжаны ў адну з дарожных двуколак, якія тут стаялі, быў забіты гранатаю.
— Бедны Васька, прапаў ты ні за грош! — з жалем сказаў ніжні чын санітарнага атраду № 3 Іосіф Бонг, які знаходзіўся пры двуколцы.
У гэты момант ён сам быў паранены асколкам гранаты. — Ня гледзячы на гэта ён выпраг забітага каня і адцягнуў двуколку ў больш бясьпечнае месца. Пасьля гэтага ён вярнуўся па вупраж забітага каня. Рускія ўсё абстрэльвалі.
— Страляйце, страляйце, праклятыя забойцы, я вупражы ня дам прапасьці!—і з гэтымі словамі ён зьняў з каня вупраж і занёс яс на двуколку. якая стаяла ў закрытым месцы. Таварышы сустрэлі яго папрокамі за тое, што ён дарэмна ставіць сябе ў небясьпеку.
— Я не хацеў кідаць вупражы — яна-ж амаль што новая. Шкода, думаю сабе, у нас саміх лішняй няма, — апраўдваўся адважны салдат і толькі пасьлм гэтага дазволіў завесьці сябе на перавязачны пункт, бо быў паранены.
Неўзабаве пасьля гэтай падгеі начальнік атраду аздобіў яго грудзі сярэбраным мэдалём «За храбрасьць».
Прачытаўшы плякат і бачачы, што фэльдфэбель яшчэ не вярнуўся, Швэйк зьвярнуўся да апалчэнцаў, што знаходзіліся ў каравульным памяшканьні:
— Дасканалы прыклад адвагі! Калі так пойдзе справа далей, у нас ва ўсёй арміі будзе толькІ новая вупраж. Калі я жыў у Празе, прачытаў я ў «Праскай офіцыяльнай газэце» яшчэ мудрэйшы прыклад пра аднаго вольнапісанага [9] Іосіфа Войена. Ён быў у Галіцыі, у 7-м егерскім палку. У час атакі папала яму ў голаву куля. Калі яго хацелі занесьці на перавязачны пункт, ён закрычаў, што няма чаго перавязваць такую пусьцяковіну, і палез зноў у атаку з сваім разьдзелам. У гэты час яму гранатай адарвала ступень нагі. Зноў хацелі яго занесьці, але ён схапіў палку, закульгаў на ёй уперад, і палкаю стаў адбівацца ад няпрыяцеля. Якраз тут прыляцела яшчэ адна граната і адарвала яму руку, ды якраз тую, у якой ён трымаў палку. Тагды, доўга ня думаючы, ён бярэ палку ў другую руку і крычыць, што ён гэтага ім ня даруе. Бог яго ведае, як-бы гэта ўсё скончылася, каб яго шрапнэльлю дашчэнту не зьліквідавала. Магчыма, што ён атрымаў-бы сярэбраны мэдаль, каб яго ня зьнішчыла шрапнэль. Калі яму адарвала галаву, дык пакуль яно кацілася, ён яшчэ пасьпеў крыкнуць:
9
Ніжні чын, які па сваёй агульнай асьвеце меў права на чын, але яшчэ ня меў належнай вайсковай адукацыі, каб быць афіцэрам. У расійскай царскай арміі—«вольноопределяющийся».
— Чаго толькі ў газэтах ня пішуць, — заўважыў адзін з каравульнай каманды. — Нябось, у самога складальніка ад гэтага галава ашаламілася.
Ён плюнуў:
— У нас у Чаславі быў у палку адзін рэдактар з Вены, немец. Служыў прапаршчыкам. Па-чэску ні з кім не хацеў гаварыць, а калі прыкамандыравалі яго да маршавай роты, дзе былі адны чэхі, адразу па-чэску загаварыў.
У дзьвярах паказаўся сярдзіты твар фэльдфэбэля:
— Wen man ist drei Minuten wed, da hort man nichts anders als: «па-чэску, чэхі» [10] .
I выходзячы (відавочна, у буфэт), ён сказаў унтэр-афіцэру з апалчэнцаў, каб той завёў гэтага вашывага нягодніка (ён паказаў на-Швэйка) да падпаручніка, як толькі падпаручнік прыдзе.
— Пан падпаручнік, мусіць зноў з тэлеграфісткай са станцыі бавіцца, — сказаў унтэр-афіцэр, калі фэльдфэбэль вышаў.— Прыстае да яе вось ужо два тыдні і кожны дзень прыходзіць са станцыі злосны, як чорт, і гаворыць: «Вось-жа б… ня хоча прыйсьці да мяне нанач».
10
Варта выйсьці на тры хвіліны, як толькі і чутно: «па-чэску, чэхі».