Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Пугачоўскі цырульнік

Шніп Віктар

Шрифт:

У бібліятэцы

6.03.2010. Неяк пасля выступлення ў горадзе N мне і Міхасю Казлоўскаму загадчык бібліятэкі прапанаваў павячэраць у кампаніі трох сімпатычных бібліятэкарак. Мы не адмовіліся, бо да нашага дызеля было больш як тры гадзіны. Вывесіўшы абвестку, што бібліятэка па тэхнічных прычынах часова не працуе, мы прайшлі да стала, які ўжо быў багата накрыты. І вось сядзім ушасцёх, выпіваем, жартуем, чытаем вершы. На вуліцы цямнее, але святла не ўключаем. І раптам у пакой адчыняюцца дзверы і да нас заходзіць высокая жанчына. Я напачатку падумаў, што гэта бачыцца ад выпітага, але, пасля таго, як жанчына падышла да загадчыка бібліятэкі і, падняўшы яго з­за стала за вуха, моўчкі павалакла ад нас,

зразумеў: пара дамоў! На хаду закусваючы, мы з Міхасём пачалі развітвацца з бібліятэкаркамі. Адна прашаптала на развітанне: «Гэта жонка нашага загадчыка…»

* * *

8.03.2010. Патэлефанаваў у вёску і павіншаваў маму са Святам. Даведаўся ад брата, што першы дзень пасля яе прыезду ў вёску бацька ўсё нешта бубнеў сам сабе. Учора ж амаль цэлы дзень бацькі разам спявалі…

Вада і брат

8.03.2010. На вясновых вакацыях з малодшым братам Вовам бадзяюся па вадзе ў Гаіку. На хаду прыдумляю ўсялякія гісторыі і расказваю. Брат уважліва слухае. У Гаіку на сажалцы яшчэ ляжыць лёд. Ён стаў белы і рыхлы, як снег. Заходжу на лёд і кажу: «Я праліваў кроў на Падэкале!» — і тут жа правальваюся ў ваду па самае горла. Вова выцягвае мяне з сажалкі і мы, мокрыя, як жабы, вяртаемся дамоў…

Казах і поўня

9.03.2010. Cваячніца пісьменніка N, паехаўшы ў Казахстан уздымаць цаліну, выйшла там замуж за мясцовага. Праз некалькі гадоў жанчына прывезла мужыка да сябе ў вёску, каб пазнаёміць з раднёй. Вечарам казах перад сном выйшаў на вуліцу і праз хвіліну з крыкам прыбег назад у хату: «Ай­яй­яй! Гэта ж трэба! І ў вас ёсць поўня ў небе!»

Янушкевіч і Кісялёў

10.03.2010. Прачытаў у «Дзеяслове» №44 нататкі Язэпа Янушкевіча пра Генадзя Кісялёва. Напісана больш пра сябе, чым пра свайго настаўніка, але цікава. Каторы раз лаўлю сябе на думцы, што з майго земляка Язэпа мог бы атрымацца добры раманіст, які б пісаў на гістарычную тэматыку. Аднак, Язэпу ўжо за пяцьдзясят, а ён усё ніяк да канца не разбярэцца ні з Дуніным­Марцінкевічам, ні з Багушэвічам…

Васілеўскі і народныя мастакі

10.03.2010. Былы «лімавец» Пятро Васілеўскі цяпер працуе вартаўніком. А было, здаецца, нібыта ўчора, калі Пятро на рэдакцыйнай лятучцы (кіраваў Алесь Пісьмянкоў) запланаваў гутарку з Гаўрыілам Вашчанкам, абяцаючы праз пару дзён здаць матэрыял. Прайшоў тыдзень, два, месяц, тры, паўгода, а Пятро ўсё плануе і плануе Вашчанку і, не здаўшы матэрыял, раптам прапанаваў запланаваць гутарку з Леанідам Шчамялёвым. Запланавалі. Праз тыдзень зноў запланавалі тое ж самае, праз месяц зноў, праз тры зноў. Прайшло паўгода і, не здаўшы Шчамялёва, Васілеўскі зноў запланаваў Вашчанку. І не здаў... Словам, былі часы...

1979

10.03.2010. Вясна. Інтэрнат архітэктурна­будаўнічага тэхнікума. Прачынаюся сярод ночы ад стуку ў дзверы: «Усім з’явіцца ў тэхнікум на сход!» Чаго і што — ніхто з нас не ведае. На хаду апранаючыся, бяжым у актавую залу. Каля сцэны з мікрафонам стаяць вайскоўцы. Чалавек дзесяць. Праз хвілін пяць старэйшы па званні аб’явіў, што нас сабралі разнесці позвы. Па спісах кожнага прысутнага выклікалі да сцэны і адпраўлялі ў ноч з заданнем. Дайшла чарга і да мяне, але я ў кішэні выпадкова знайшоў стары рэцэпт на лякарства ад ангіны і, выправіўшы даты, сказаў, што я хворы і не магу ноччу хадзіць па вуліцах. Вайскоўцы ўважліва паглядзелі на мой рэцэпт і на мяне, і адпусцілі. Мае ж сябры да раніцы разносілі позвы па кватэрах. Яшчэ ніхто не ведаў, што ў канцы года савецкія войскі распачнуць вайну ў Афганістане...

Чаму?

11.03.2010. Выступаў у дзіцячай бібліятэцы № 4 перад гімназістамі 9 класа. З трыццаці чалавек было

толькі сем хлопцаў, а астатнія дзяўчаты. Хапала пытанняў да мяне, але найбольш запомнілася пытанне гімназісткі, якая сядзела за першым сталом: «Чаму вы пішаце па­беларуску?»…

У вёсцы

12.03.2010. Ужо цэлы тыдзень, як мама ў вёсцы з бацькам пад наглядам майго брата Вовы. Адчуванне такое, нібыта жыццёвая рэчка ўвайшла ў звыклае рэчышча, і мама па­ранейшаму здаровая, і не агледзешся, як трэба зноў садзіць бульбу і рабіць агарод. А на самай справе ў гэтым годзе садзіць бульбу не бу­дзем зусім. Гаспадарка звужаецца і звужаецца да печы, з якой і пачалася пяцьдзясят гадоў таму...

Хваробы

15.03.2010. «А потом меня постигла серьёзная болезнь — я влюбился»,— пісаў Іван Бунін. А нас апошнім часам усё наведваюць несур’ёзныя хваробы — то птушыны грып, то свіны, а то проста галава баліць…

Любоўная гісторыя

15.03.2010. Чытаю лісты, якія пісаліся пятнаццаць гадоў таму закаханым адзінокім мужчынам да замужняй жанчыны. Яму тады было 50, і ён называў сябе: «Стареющим мавром с диктаторскими замашками». Любоўная гісторыя закончылася, і паўгода назад жанчына пажаўцелыя лісты ў поліэтыленавым пакеціку вярнула мужчыну, бо пабаялася далей трымаць іх дома. Сёння мужчына прынёс свае лісты ў выдавецтва, каб выдаць іх у кнізе, прысвечанай сваёй творчасці…

Што такое шчасце?

16.03.2010. Учора патэлефанаваў прафесар­пенсіянер: «У 1985 годзе ў газеце «Знамя юности» мне было заказана растлумачыць моладзі «што такое шчасце». Я працу нядаўна закончыў, і ў мяне атрымалася 140 старонак. Можна, я вам прынясу іх для выдання?» Пасля працяглай размовы пра выдавецкія справы і пра тое, што такое шчасце, я пагадзіўся, што прафесар­пенсіянер прынясе рукапіс кнігі і я пагляджу яго. У дзесяць гадзін раніцы стары прыйшоў да мяне. Заглядаю ў папку, а там... вершы...

Ала Канапелька

17.03.2010. Рыхтуем зборнік літаратараў Хойнікаўшчыны. Чытаю Алу Канапельку. Вершы знаёмыя, напісаныя гадоў 20, а то і 30 назад. Так светла і з такой шчырай і ўзнёсла­балючай любоўю да Радзімы цяпер амаль ніхто не піша. На жаль, і сама Ала нічога новага даўно не друкуе...

Брыльянты і Зыкіна

18.03.2010. «Cамы вялікі брыльянт Людмілы Зыкінай коштам амаль 2 мільёны даляраў знайшлі на лецішчы яе прыслугі» — паведаміла сёння «Камсамольская праўда». Хутка будзе дзевяць месяцаў, як спявачка памерла...

Гаспада

18.03.2010. У канцы працоўнага дня тэлефонны званок: «Гаспадзіна Шніпа можна пачуць?» Гадаючы, з якой жа гэта краіны мне тэлефануюць, адказаў: «Я слухаю...» — «Гэта вас турбуе Гулезава. Як там мая кніжка?» — «Якая ваша кніжка?» — «Как стать первой свиньёй?» — «Помню такую. Яе рыхтуе гаспадзін Юрась Пацюпа. Тэлефануйце яму»,— адказаў я.

Любоў

20.03.2010. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь у лісце да замужняй жанчыны піша: «Я болен тобой! Я люблю тебя. Я хочу только тебя. А ты, зараза, спишь...»

Дзень паэзіі

21.03.2010. «Тюман… Тюман… Усё далемна…» — гледзячы ў акно на туман, раптам успомніў сказанае ў Доме творчасці «Іслач» двухгадовай дачкой Лёні Галубовіча дваццаць гадоў таму. Сёння Сусветны дзень паэзіі.

Бульба

21.03.2010. У двары з машыны прадавалі бульбу. Купіў пятнаццаць кілаграм. Успомніліся маці і бацька. Захацелася ў вёску, і не на адзін дзень. Ды дзе там — праца, як ланцуг, не пускае…

Поделиться с друзьями: