Пугачоўскі цырульнік
Шрифт:
Шнапс у школе
5.06.2010. У Дуброўскай школе Шнапс быў самым непаслухмяным вучнем. На перапынках гойсаў па калідорах як угарэлы, а на ўроках перашкаджаў і вучням, і настаўнікам. Настаўніцкія крыкі «Выйдзі з класа!» на Шнапса не дзейнічалі. Недзе ў класе шостым на адным з урокаў Лёнька давёў настаўніка фізікі да поўнага шаленства, што той, не змогшы выцягнуць вучня зза парты, схапіў яго разам з партай і выкінуў на школьны калідор. На парце, як на санках, Лёнька праехаў метраў дзесяць…
Кола
7.06.2010. Мне гадоў пяць. Стаю на гасцінцы на Русакі і назіраю, як воз з белым канём, пыльна праімчаўшыся побач, падымаецца пад гару. І раптам у метрах ста ад мяне ад воза адвальваецца кола і, падскокваючы, коціцца з гары проста на мяне. «Уцякаааай!» — чуецца з воза крык цёткі. «Трымаааай!» — крычыць дзядзька. А я стаю
Паэт і матылі
7.06.2010. Пасля абеда да мяне прыйшоў новы аўтар гадоў трыццаці. З пакета дастаў ладную папку і працягнуў мне. «Вершы?» — пацікавіўся я. «Ага...» — адказаў наведвальнік. Развязваючы тасёмкі на папцы, мне чамусьці падалося, што, як толькі я разгарну рукапіс, з яго адразу вылятуць рознакаляровыя матылі. І матылі вылецелі, а ў папцы засталіся вершы. Вершы добрыя. Малады чалавек пасля васьмі класаў працуе на будоўлі каменшчыкам. Раней свае творы нікому не паказваў. Не было часу. На развітанне, пахваліўшы маладога паэта і растлумачыўшы, чаму мы не можам цяпер выдаць яго кніжку, параіў яму пакуль што звярнуцца ў «Нёман». Паэт пайшоў, а ў маім пакоі засталіся лётаць матылі з ягонай папкі...
Улан
8.06.2010. Патэлефанаваў Анатоль Блашчытын: «Я ў тваёй кніжцы «Проза і паэзія агню» знайшоў недакладнасць. Ты пішаш: «Крысціна Андрэеўна — маёй бабулі Параскі родная сястра...» Гэта няправільна, бо Крысціна Андрэеўна — не сястра тваёй бабулі Параскі, а жонка Янкі Шніпа, які быў бацькам твайго дзеда Юзі». І расказаў мне Анатоль пра майго прадзеда Івана Кандратавіча Шніпа (1866—1916): «Янка быў уланам у царскім войску і ў час Першай сусветнай вайны ўдзельнічаў у баях з немцамі на фронце, які праходзіў па тэрыторыі цяперашняга Смаргонскага раёна і каля возера Нарач. Прадзед твой там і загінуў. У час нямецкага нападу яму шабляй была адсечана галава. Пра гэта вестка прыйшла ў Пугачы ад аднавяскоўцаў, якія таксама ваявалі з немцамі. Янка недзе ў Смаргонскім раёне і пахаваны ў брацкай магіле. Казалі, што ён быў высокі, прыгожы, добра адукаваны. Ды ўсе Шніпы высокага росту...» — «Адзін я няўдалы...» — перабіваючы Анатоля, я тут жа пачуў: «Што той высокі рост? Галоўнае, каб галава добрая была. А ў цябе галава ёсць...»
Сумна
9.06.2010. Сёння цэлы дзень да мяне ў выдавецтва прыходзілі з творамі адны пенсіянеры. Хоць бы адна маладая паэтка! Чытаючы наведвальнікаў, узгадаўся Саша Чорны: «Холостой стаканчик чая. Хоть бы капля коньяку! Добросовестно скучаю и зелёную тоску заедаю колбасой»...
Маўзон і яго жонка
10.06.2010. Тэлефонны званок: «Вас турбуе жонка драматурга Аркадзя Маўзона. Хачу даведацца пра яго п’есы, якія гадоў дваццаць ляжаць у выдававецтве. Ці можна іх забраць?» Пачуўшы, што рукапіс можна забраць, жанчына паскардзілася, што зза Дударава нікуды не прабіцца і пра драматургаў, якія памерлі, усе забыліся. Гаворым доўга і шчыра. Жанчыне 92 гады і яна яшчэ цікавіцца ўсім, што адбываецца ў беларускай культуры. На развітанне запыталася як мяне завуць. «Віктар Шніп»,— адказаў я. «Шнік?» — перапыталася жанчына. «Шніп!» — паўтарыў я. «Шнір?» — «Шніп!» — «Шніл?» — «Не! Шніперзон!» — «Ааа! Шніперзон. Вельмі прыемна!» — нарэшце пачула мая суразмоўца.
Царазабойца
12.06.2010. Да палавіны дагледзеў фільм Шахназарава «Царазабойца». Далей не стаў, не таму, што фільм не спадабаўся, а таму, што цара і яго сям’ю расстраляюць…
* * *
12.06.2010. Узгадалася. Гадзіны чатыры ночы. Цемра непраглядная. З аднакласнікамі вяртаюся з Еленкі з танцаў. Дарога праз лес. Страшна аж жутка, бо здаецца, што навокал за намі сочаць вурдалакі, якія ў любы момант могуць напасці на нас. І мы ідзём моўчкі і не азіраючыся. І ў мяне перад вачыма, як ікона, постаць аднакласніцы, з якой танцаваў…
Валік
12.06.2010. Даведаўся, што хлопца з Сасноўцаў, які быў падобны да Мулявіна, звалі Валікам. За паўгода да самагубства Валік пачаў казаць знаёмым: «Я абрыд не толькі вам, а ўжо і самому сабе!» І неяк, едучы на матацыкле, п’яны Валік убачыў каля дарогі цыстэрну з аміякам. Спыніўся. Залез на бочку, адчыніў люк і нырнуў у смярдзючую вадкасць. Ад Валіка застаўся матацыкл і шкілет…
Мухля
12.06.2010. Непадалёку ад нашага дома ёсць невялікі парк, які ўсе называюць Мухляй. У парку існуе вадаём. Яшчэ гады тры назад яго рэгулярна чысцілі ад смецця і ў спякотныя дні ў ім купаліся дзеці і падпітыя дарослыя. Побач з вадаёмам на беразе стаяў жалезны, пафарбаваны ў сіні колер, стэнд, які папярэджваў, што купацца нельга. На стэндзе была інфармацыя, з якой можна было даведацца
ў які год і колькі чалавек патанула. Цяпер стэнда няма. Ніхто не купаецца, а ў вадаёме плаваюць дзікія качкі і пух ад таполяў. А нядаўна сярод ціны і смецця зацвілі жоўтыя гарлачыкі…Навіны з Пугачоў
13.06.2010. З Пугачоў тэлефанавала цётка Аля. Расказала, што ўсю ноч бушавала навальніца. На мінулым тыдні ў вёсцы памерлі два мужчыны. Аднаму было 38 гадоў. Лавіў у сажалцы рыбу, седзячы на беразе пад кустом. Вечарам знайшлі мёртвага ў вадзе. Другі мужчына, пенсіянер, ішоў вечарам дахаты і памёр па дарозе. Цётка сказала, што абодва, у свой час, любілі добра выпіць…
Скарб
13.06.2010. Мне было трынаццаць. Начытаўшыся кніжак пра скарбы, я вырашыў закапаць свой сшытак з вершамі пад рабінай на ўзмежку нашых сотак. Мне ўяўлялася, што пройдзе шмат гадоў і нехта знойдзе мае вершы і будзе радавацца такой нечаканай знаходцы. Загарнуўшы сшытак у цэлафан, а цэлафан вымазаўшы ў салідол і паклаўшы гэты скрутак у вялікую бляшанку, я закапаў яго пад рабінай. Месяцы тры кожны дзень хадзіў да свайго скарба правяраць, каб ніхто яго без пары і часу не дастаў. Пачалася зіма. Усё пазамятала, а каля рабіны наогул намяло велізарную гурбу, якая вясной доўга не магла растаць. За зіму я надумаўся, каб мой скарб набыў большую каштоўнасць, да сваіх вершаў дакласці некалькі старых злотых, якія даўно знайшоў у Гаіку ў сметніцы. Дадаўшы злотых да свайго сшытка з вершамі, я зноў засыпаў яму. Восенню да скарба даклаў яшчэ пяцьдзясят капеек драбязой. Праз зіму не пашкадаваў рубля. Закончылася вясна, прайшло лета, і я паехаў у Мінск вучыцца. І перастаў хвалявацца за свой скарб…
У Беларусі пчолы, як гусі
14.06.2010. Учора з Людмілай хадзіў на дзень народзінаў да мастака Алеся Квяткоўскага. У майстэрні акрамя нас былі Алесева жонка Вікторыя і філосаф Уладзімір, які праз гадзіну пайшоў у горад па справах. Павінен быў прыехаць літаратуразнаўца Алесь Бельскі і яшчэ некалькі мастакоў, але ў іх не атрымалася выбрацца з дому. Таму кампанія была невялікая, але ўсё ж было каму гаварыць і пра паэзію, і пра карціны. Апошнім часам Алесь малюе пчол. Гледзячы на новыя работы, я сказаў: «У Беларусі пчолы, як гусі!» Сказаў і задумаўся: «Чыё гэта: ці я толькі што прыдумаў, ці паўвека назад Караткевіч?» Сёння на працы пра пчол, што як гусі, пацікавіўся ў Юрася Пацюпы. Ён адразу ж заявіў: «Гэта радок Рыгора Барадуліна!»
Глебавы
14.06.2010. З cамага ранку патэлефанаваў Ігару Вярсоцкаму, які для кніжкі пра кампазітара Яўгена Глебава, якая выйдзе ў нас, у сваім выдавецтве рыхтуе музычны дыск. Ад Ігара пачуў сумную навіну: 30 мая памёр сын Глебава Радзівон, які быў вельмі таленавітым кампазітарам, але які так і не змог выйсці з ценю геніяльнага бацькі. Жонка Яўгена Глебава Ларыса Васільеўна засталася адна...
Пятро Ліпай
14.06. 2010. «Не той паэт, хто піша вершы, а той, хто вып’е першы!» — любіў, гучна смеючыся, казаць пляменнік Пятра Глебкі Пятро Ліпай. І ўжо болей ён гэтых слоў не скажа, бо ён памёр. Быў Пятро чалавекам гаваркім, завадным. Пісаў вершы і песні. Тоесёе друкавалася, выконвалася на эстрадзе. А памёр Пятро Ліпай пасля таго, як у нейкім піўбары яго моцна пабілі...
Пра закаханага паэта
15.06.2010. Учора глядзеў японскі фільм пра закаханага паэта. Сёння нарадзіліся радкі:
Вы мая адзінота зямная, Вас адну я люблю, як турму, У якой я зза Вас паміраю, Ды без Вас і на волі памру. І не зменіцца ў Вас анічога, І не спыніцца сонца і час. Не любіце мяне нежывога, Я й жывым быў, як мёртвы, для Вас...Дождж
19.06.2010. На вуліцы дождж. Каля майго акна высокія дрэвы з густымі галінамі, як марскія водарасці, і я сяджу ў кватэры, як у падводным царстве…
Бацька і ўколы
19.06.2010. Паўтары гады, як бацька ў вёсцы жыве адзін. Сёння яго наведалі мае брат з сястрой, Вова і Валя. Пакуль яны корпаліся ў градах, бацька схадзіў да доктаркі на ўколы. Вярнуўся і прылёг паляжаць. Валя пацікавілася: «Што за ўколы прапісалі? Дарагія?» — «Вітаміны. Надта ж дарагія! Аж па сто дваццаць рублёў!» — адказаў бацька...