Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сянкевіч Генрык

Шрифт:

— Смех, бач, адрознівае людзей ад быдлят, — тлумачыць Пятроні, — а ён жа не мае іншае адметкі, напрыклад, ад парсюка.

А Вітэлій перарваў нагла смех і, цмокаючы аслізлымі ад жыжкі ды тлустасці губамі, пачаў таропіцца на прысутных так, як бы іх ніколі перад гэтым не бачыў.

Пасля падняў сваю падобную да падушкі далонь ды адазваўся хрыплым голасам: — Зваліўся мне з пальца рыцарскі пярсцёнак па бацьку.

— Які быў шаўцом, — дасказаў Нэрон.

І Вітэлі зноў зайшоўся рогату ды пачаў шукаць згубы ў… пеплюме Кальвіі Крыспінілы.

На гэта Ватыні давай пішчаць — прыкідацца быццам перапалоханай жанчынай. Нігідыя ж, таварышка Кальвіі, маладая ўдава з дзіцячым тварам ды распуснымі вачыма, уголас падхватвае: — Шукае таго, чаго не згубіў.

— Ды што на нівошта яму не прыдасца, хоць бы й знайшоў, — дакончвае паэт Люкан.

Банкет станавіўся штораз весялейшым. Тоўпы нявольнікаў разносілі

штораз новыя стравы; з вялікіх вазаў, напоўненых снегам ды абвітых зеленню, штораз часцей даставалі кратэры розных гатункаў віна. Пілі ўсе ўдоваль. А згары на стол ды на бяседнікаў падаў ружовы дождж.

Пятроні пачаў, аднак, прасіць Нэрона, каб цяпер, калі госці яшчэ не панапіваліся, ушляхотніў банкет сваёю песняй. Госці падхапілі хорам просьбу, але Нэрон пачаў адказвацца. Не пра самую адвагу тут расходзілася, хоць заўсёды яе было ў яго недахоп. Багі ведаюць, колькі каштуюць яму ўсялякія выступы… Не адказваецца, праўду сказаўшы, ад іх, трэба ж бо што-небудзь зрабіць для мастацтва, дый калі Апалон надарыў яго голасам, дык нельга дараў божых марнаваць. Разумее нават, што гэта ж ёсць ягоны абавязак адносна дзяржавы. Але сяння сапраўды нейкі ён ахрыплы. Ноччу клаў сабе на грудзі валавянныя цяжаркі, але й гэта не дапамагло… Падумоўвае аб выездзе да Анцыюма, каб аддыхнуць марскім паветрам… Але пачаў маліць яго Люкан у імя мастацтва й чалавецтва. Усе ж бо ведаюць, што боскі паэт і пяюн улажыў новы гімн на чэсць Венеры, у параўнанні з якім Лукрэцыявы выглядае бы скавытанне белагубага ваўчаняці. Так добры ўладар не павінен задаваць мукаў такіх сваім падданым: «Не будзь лютым, цэзару!»

— Не будзь мучыцелем! — адгукнуліся ўсе сядзячыя бліжэй.

Нэрон развёў рукамі на знак, што здаецца. Тады ўсе распрамянелі радасцяй ды пачалі звяртацца да яго. Але ён згадаў паведаміць аб тым Папеі, што спяваціме, прысутным жа асведчыў, што не прыйшла яна на банкет дзеля пэўнага недамагання; а таму, што ніякае лякарства не робіць ёй такое палёгкі, як ягоная песня, дык шкада было б пазбавіць яе гэтае нагоды.

Незабаўна з’яўляецца й Папея. Валадала яна дагэтуль Нэронам, бы падданым, ведала, аднак, што ў справах ягонага «мастацкага самалюбства» жартаваць з ім нельга. Дык з’явілася прыгожая, моў боства ўбраная, падобна як Нэрон, у аметыставыя ўборы, у пацеркі з буйных перлаў, заграбленых калісь у Масынісы, залатавалосая, салодкая і, паміма трэцяга ўжо замужжа, з дзявочым абліччам.

Вітаюць яе воклічамі, называючы «боскай аўгустай». Лігія ніколі яшчэ не бачыла такое красы, яна не хацела верыць сваім вачам, ведама бо было, што Папея Сабіна ёсць адной з нягоднейшых жанчын на свеце. Ведала ад Пампоніі, што яна давяла цэзара да маткабойства ды жонкабойства, знала яе з расказаў Аўлавых гасцей і службы; чула, што гэта ейныя статуі ноччу ў горадзе разбівалі; чула аб напісах, якія, паміма найстрашнейшых караў, з’яўляліся ўсцяж пасля ночы на сценах. І вось цяперака, калі глядзела на гэну аслаўленую Папею, уважаную праз хрысціян за ачалавечанне зла й праступку, выдавалася ёй, што так толькі выглядаць можа анёл ці які нябесны дух. Проста не магла адарваць ад яе вачэй, а з вуснаў мімаволі вырвалася пытанне: — Ах, Марку, ці гэта можа быць?..

А ён, падагрэты віном і крыху як бы незадаволены з ейнае на яго няўвагі, гаварыў: — Так, яна прыгожая, але ты ў сто разоў прыгажэйшая. Каб ты толькі ведала, то б закахалася сама ў сябе, моў Нарцыс… Яна купаецца ў малацэ асліц, а цябе не йначай Венус выкупала ў сваім. Ты нясведамая, оcelle mi!.. [23] 1 Не глядзі на яе. Абярні вочы да мяне, оcelle mi!.. Дакраніся вуснамі гэнай кружы віна, а пасля я прытулю свае да гэтага самага мейсца… І прысоўваўся штораз бліжэй, а яна пачала адсоўвацца да Актэ. Але ў тым моманце запанавала цішыня. Цэзар устаў. Мастак Дыядор аддаў яму лютню, званую «дэльта», другі — Тэрпнас — які меўся яму акампаніяваць, збліжыўся з інструментам, званым «набліюм». Нэрон, абапёршы дэльту аб стол, падняў вочы ўгару, і за хвіліну залягла ў трыклініюме абсалютная цішыня, парушаная толькі ціхусенькім шорахам спадаючых згары ружаў.

23

Радасць мая! (лац.).

І пачаў пяяць, а вярней — спешна й рытмічна дэклямаваць свой гімн у гонар Венус пры водгаласе дзвёх лютняў. Ані голас, хоць крыху мутны, ані верш не быў благі, дык бедную Лігію пачало зноў турбаваць сумленне, гімн бо, паміма велічання нячыстае паганскае Венеры, выдаваўся аж надта прыгожым; дый сам цэзар з сваім лаўровым вянком на галаве і ўзнесенымі вачыма выглядаў менш страшным і агідным, а дастайнейшым, чым на пачатку банкету.

Бяседнікі

адазваліся громам воплескаў. Водгукі «О нябесны голасе!» разлягаліся навакол. Некаторыя з жанчын застывалі ў позе з паднятымі рукамі на знак захаплення нат пасля спеву, іншыя выціралі слёзы. Ва ўсёй залі загуло, бы ў вуллі. Папея, накланіўшы сваю залатавалосую галоўку, прытуліла да вуснаў руку Нэрона і трымала яе доўга маўкліва. А малады грэк Піфагор, цуднае красы юнак, з якім пазней паўпрытомны ўжо Нэрон загадаў фламінам даць сабе вянец, цэрыманіяльна ўпаў перад ім на калені. Але Нэрон непарушна глядзеў на Пятронія, пахвала якога перадусім была жаданай, дык той азваўся: — Арфей жаўцее з зайздрасці горш, чым прысутны тут музыка Люкан, а што да верша, дык шкада, што не горшыя, бо можа б льго было тады знайсці на іх пахвалу прыдатнейшыя словы.

Люкан ані думаў за гэта гневацца, наадварот, кінуў вокам на Пятронія з удзячнасцю і, нібыта нахмурыўшыся, пачаў мармытаць: — Праклятая доля судзіла мне жыць адначасна з такім паэтам, астаўся б чалавек у людзей у памяці ды на Парнасе, а так знікне, бы тая газоўка пры сонцы.

Пятроні, аднак, які меў годную подзіву памяць, пачаў паўтараць уступы з гімну, цытаваць асобныя вершы, адзначаць ды разбіраць удалейшыя сказы. Люкан, быццам забыўшыся аб зайздрасці з прычыны чару паэзіі, патураў ягоным словам ды захапленням. Воблік Нэрона заяснеў адчуццём пустое ды глупае раскошы. Сам падсуляў ім вершы быццам прыгажэйшыя, а ўрэшце паддаваў пацехі й адвагі быццам сумнаму Люкану, бо хоць чалавек тым астаецца, кім уродзіцца, то аднакава ж чэсць, аддаваная праз людзей Ёвішу, не выключае чэсці й іншым багом.

Потым устаў, каб адвесці Папею, якая сапраўды недамагала й хацела адыйсці. Бяседнікам усё ж дазволіў садзіцца, пацяшаючы, што неўзабавак вернецца. І праўда, цераз момант вярнуўся, каб у адураючым кадзідламі дыме любавацца далейшымі відовішчамі, якія ён сам, Пятроні або Тыгэлін прыгатавалі на банкет.

Зноў чыталі вершы, слухалі дыялогаў, у якіх пустая чаўпня заступала разумны гумар. Пасля слаўны мімік Парыс прадстаўляў прыгоды Іёны, Інахавай дачкі. Гасцям, асабліва Лігіі, не прывыкшым да гэных відовішчаў, здавалася ўсё цудамі ды чарамі. Парыс рухам цела й рук вытвараў такія рэчы, якія, казаў бы, у танцу выказаць было немагчыма. Далоні ягоныя замуцілі паветра, наганяючы быццам святлістую хмару, жывую, поўную дрыготаў, любошчаў, ахапляючую, млеючы, дзявочы стан уздрыганы спазмамі раскошы. Гэна быў жывы абраз, не танец, абраз ясны, адсланяючы тайніцы кахання, чароўны бессаромны абраз. А калі на канцы яго ўвайшлі карыбанты й пачалі пад музыку цытраў, флейтаў, цымбалаў ды бубянцоў з сірыйскімі малодухнамі бахічны танец, поўны дзікага вераску й дзічэйшае шчэ распусты — Лігіі здалося, што паліць яе жывы агонь, што пярун зара ўдарыць у гэны дом, або скляпенне заваліцца на галовы банкетнікаў… Але з залатога неваду, распятага пад скляпеннем, падалі толькі ружы, а паўп’яны Вініць шаптаў ёй: — Спаткаў я цябе ў Аўлаў пры вадаліве й пакахаў. Світала раніцаю, і ты думала: ніхто не бачыць. Я, аднак, цябе бачыў… І бачу цябе такою дасяння, хоць закрывае мне цябе гэты пеплюм. Скінь пеплюм, як Крыспініла. Бачыш! Багі й людзі шукаюць кахання. Няма апроч яго на свеце нічога! Прытулі галоўку мне да грудзей ды заплюшч вочанькі.

А ёй сэрца аж выскаквала. Здавалася ёй, ляціць у нейкую пропасць, а той Вініць, што нядаўна выдаваўся ёй так блізкім і пэўным, замест ратаваць, цягне яе туды. Парваў жаль на яго. Пачала зноў баяцца і таго банкету, і сябе самое. Нейкі голас, моў Пампоніі, чула ў душы: «Лігія, ратуйся!» — але штось падказвала ёй адначасна, што быццам ужо запозна, ды каго авеела падобнае полымя, хто ўсе дзеі падобнага банкету бачыў, у кім сэрца так скакала, як у ёй, слухаючы словы Вініція, ды каго праймалі такія дрыготы, як праймалі яе падчас прытуляння — той ужо прапаў, той ужо без ратунку. Пачало ёй рабіцца млосна. Часамі здавалася ёй, што абамлее, і пасля станецца нешта страшнае. Ведала, што нікому не можна ўстаць, пакуль не падымецца цэзар, але без яго яна ўжо ўстаць не ўздужае.

Тым часам да канца банкету было яшчэ далёка. Нявольнікі падносілі ўсцяж новыя стравы, напаўнялі кружы віном, а перад сталом, устаўленым у форме падковы, з’явіліся два сілачы, каб пацешыць гасцей баруканнем.

І ўміг пачалі барукацца. Магутныя, блішчастыя ад алівы мускулы склубіліся ў вадну брылу, аж косці пачалі трашчаць ды скрыгітаць сківіцы. Час ад часу чутны былі глухія ўдары іхніх ступоў аб прытрэсеную шафранам падлогу, то зноў застывалі ў заядлай скамянеласці, моў выкананая з каменя мастацкая група. Вочы рымлян з любасцю слядзілі йгру напружаных хрыбтоў, лыдак і плечукоў. Ды не доўга трывала змаганне, бо настаўнік школы гладыятараў Кратон нездарма лічыўся наймацнейшым у дзяржаве чалавекам. Праціўнік ягоны хутка зазяхаўся, пачаў храпці, потым счарнеў на твары, урэшце хлыснуў праз рот крывёю і абвіс.

Поделиться с друзьями: