Quo Vadis
Шрифт:
Урэшце, крыху прымучаныя, селі на атуленай зеленню цыпрысаў лаўцы ды пачалі гутарыць аб тым, што найбольш ім ляжала на сэрцы: аб уцёках Лігіі.
Актэ далёка менш верыла, чым Лігія, што гэта ўдасца. Часамі здавалася ёй нат, што гэта шалёны намер, які не можа ўдацца. Чула штораз большую літасць над Лігіяй. Здавалася ёй, што ўштораз беспячней было б спрабаваць прасіць Вініція. І пачала выпытваць, як даўно знае Вініція, ды ці не думае, што даўся б мо ўпрасіць і вярнуў бы яе Пампоніі.
Але Лігія сумна запярэчыла галавою.
— Не. У Аўлаў Вініць быў іншы, вельмі добры, а ад учарашняга банкету я баюся яго і хутчэй хачу ўцячы ад яго да лігаў.
Актэ пыталася яе далей: — Аднак
— Так, — адказала Лігія, пацвярджаючы галавою.
— Ты ўсё ж ткі ня ёсць нявольніцай, як была я, — сказала, надумаўшыся, Актэ. — Цябе Вініць мог бы ўзяць замуж. Ты ж закладніца й дачка князя лігаў. Аўлы кахаюць цябе, як родную, і я пэўная, што гатовы цябе прыняць за дачку. А Вініць мог бы цябе ўзяць, Лігія.
А Лігія ціха ды шчэ сумней адказала: — Лепш уцякаць да лігаў.
— Хочаш, Лігія, зараз пайду да Вініція, збуджу яго, калі спіць, ды скажу яму тое, што кажу табе цяпер? Так, мая дарагая, пайду да яго й скажу: «Вініць, гэта князёўна і дарагое дзіця слаўнага Аўла; калі кахаеш яе, вярні яе Аўлам, а пасля вазьмі яе замуж з іхняга дому».
А дзяўчына адказала голасам так ужо ціхім, што Актэ ледзь дачула: — Лепш да лігаў… І дзве слязіны павіслі на ейных спушчаных зрэнках. Далейшую гутарку перарваў шорах збліжаючыхся крокаў, і Актэ не паспела глянуць, хто йдзе, як перад лаўкаю паказалася Сабіна Папея з невялікім карагодам нявольніц.
Дзве з іх трымалі над ейнаю галавою пучкі страўсавых перынаў, асаджаных на залатых прутках, ды матлялі імі лягонька, засланяючы ад гарачага йшчэ вясенняга сонца сваю спадарыню, а перад ёю чорная, бы гебан, этыёпка з напучанымі грудзьмі нясла на руках дзіця, атуленае пурпураю з залатымі фрэндзлямі. Актэ й Лігія ўсталі, думалі бо, што Папея пройдзе вобак лаўкі, не звярнуўшы на іх увагі, але яна затрымалася перад імі й сказала: — Актэ, званочкі, што прышыла ікункулі [26] , дрэнна прышытыя; дзіця адарвала адзін ды ўзяло ў рот; шчасце, што Ліліт упору агледзела.
26
Ляльцы (лац.).
— Выбачай, боская, — адказала Актэ, крыжуючы на грудзях рукі ды скланіўшы голаў.
Папея глянула на Лігію: — Што гэта за нявольніца?
— Гэта не нявольніца, боская аўгуста, а ўзгадаванка Пампоніі Грэцыны і дачка князя лігаў, адданая як закладніца для Рыму.
— І прыйшла да цябе ў адведзіны?
— Не, аўгуста, ад анадашняга дня жыве ў палацы.
— Была ўчора на банкеце?
— Была, аўгуста.
— З чыйго загаду?
— На загад цэзара… Папея пачала ўважней углядацца на Лігію, якая стаяла перад ёю з пахіленай галавою, то падыймаючы з цікавасці свае прамяністыя вочанькі, то зноў накрываючы іх вейкамі. Нагла аўгуста прыхмурылася. Зайздросная собскай прыгажосці й улады, яна вечна трывожылася, каб якая шчаслівая канкурэнтка не згубіла яе так, як яна сама згубіла Актавію. Дзеля таго кажная красуня ў палацы будзіла ейнае падазрэнне. Знатоцкім вокам акінула адразу ўсю фігуру Лігіі, ацаніла кажную дробязь ейнага твару і жахнулася.
«Гэта ж сапраўды німфа, — сказала сама сабе. — Яе, няйначай, сама Венус нарадзіла». І нараз прыйшло ёй у голаў тое, што ніколі йшчэ не прыходзіла: яна ёсць значна старэйшай! Закіпела ў ёй зраненае самалюбства, агарнула трывога, і розныя сумнівы пачалі ёй лезці ў голаў. «Можа, Нэрон яе не прыкмеціў або, аглядаючы праз шмарагд, не дацаніў. Але што будзе, калі спаткае яе ўдзень, пры сонцы, так чароўную?.. У дадатку ня ёсць нявольніцай!
Ёсць князёўнай, барбарскай, але князёўнай!..
О, богі несмяротныя! Яна ж такая красуня, як бы й я, але маладзейшая!» І бровы насупіліся яшчэ хмарней, а вочы халадней бліснулі з-пад залацістых вейкаў.Але, звярнуўшыся да Лігіі, пачала нібыта спакойна распытваць: — Гутарыла з цэзарам?
— Не, аўгуста.
— Чаму ж тут прабываеш, а не ў Аўлюса?
— Я тут мімаволі, Пятроні нагаварыў цэзара, каб узяў ад Пампоніі, і я тут мімахоць, спадарыня!..
— І хацела б вярнуцца да Пампоніі?
Апошняе пытанне Папея выгаварыла крыху мякчэй ды лагадней, дык у Лігіі пачала радзіцца надзея.
— Уладарыня, — адазвалася Лігія, выцягаючы да яе рукі, — цэзар абяцаў аддаць мяне, бы нявольніцу, Вініцію, але ты ўступіся за мяне і вярні мяне Пампоніі.
— Дык намовіў цэзара, каб забраў цябе ў Аўлаў ды аддаў Вініцію?
— Так, уладарыня. Вініць шчэ сяння збіраецца мяне забраць, але ты, добрая, зжалься нада мною.
Гэта сказаўшы, нахілілася і, хапіўшы за бераг сукні Папеі, чакала з расхваляваным сэрцам на ейнае слова. Папея паглядзела, паглядзела на яе, злавесна ўхмыляючыся, дый кажа: — Дык абяцаю табе, што яшчэ сяння станешся нявольніцаю Вініція.
І пайшла, як здань стройная, спагудная. Да вушэй Лігіі і Актэ даляцеў толькі крык дзіцяці, якое, немаведама чаму, пачало плакаць.
Вочы Лігіі таксама набеглі слязьмі, але зараз узяла за руку Актэ й кажа: — Вяртаемся. Помачы трэ чакаць толькі адтуль, адкуль яна можа прыйсці.
І вярнуліся ў атрыюм, адкуль не выходзілі ўжо да вечара. Як сцямнела й нявольнікі ўняслі чацвярочныя пламянеючыя светачы, абедзве выглядалі збялелыя. Гутарка не клеілася. Наслухоўвалі ўсцяж, ці хто не йдзе, Лігія не пераставала паўтараць Актэ, што хоць добра ёй, але калі Урсус там ужо чакае, то хай бы ўжо хутка ўсё сталася. Аднак жа ўзварушэння апанаваць не магла. Актэ хутка згортвала, якія магла, каштоўнасці і, завязваючы іх у ражок пеплюма, заклінала яе, каб брала гэта з сабою, патрэбна будзе пры ўцёках. Раз-пораз западала цішыня, поўная спагудай. Абедзвюм здавалася, быццам чуюць то нейкія шэпты за котарай, то далёкі плач дзіцяці, то браханне сабак.
Нараз заслона прадсення заварушылася бясшэлесна, і высокі чарнявы чалавек з васпаватым тварам з’явіўся, бы дух, у атрыюме. Лігія ў той жа хвіліне пазнала Атацына, Вініціева вызвольніка, які прыходзіў да Аўлаў.
Актэ ўскрыкнула, але Атацын скланіўся нізка й кажа: — Прывітанне боскай Лігіі ад Марка Вініція, які чакае на яе з пачосткай у прыбраным зеленню доме.
Вусны дзяўчыны збялелі, як снег.
— Іду, — кажа.
І кінулася Актэ на шыю.
X
Адом Вініція сапраўды быў узяленены міртамі ды блюшчам, папрыпінаным на сценах і над дзвярыма. Калюмны паабвівана звіткамі вінаграду. У атрыюме, над якім распята ад начнога холаду ваўняную пурпуровую заслону, відно было, як удзень. Палымнелі васьмі- й дванаццацісветачныя каганцы, падобныя кшталтам да судзін, дрэваў, звярат, птушак або статуяў, трымаючых лямпы, напоўненыя пахучаю алівай, выкананых з мармуру, з залочанае карынцкае медзі, не так чароўных, як той слаўны свячнік Апалона Нэронавы, але стройных, работы слаўных разьбяроў. Некаторыя былі папрыслоньваныя александрыйскім шклом або ажуровымі тканінамі з-над Інду, чырвонага колеру, блакітнага, жоўтага, фіялетавага, так што ўвесь атрыюм поўны быў рознаколерных праменняў. Усюды расходзіўся пах нарду, да якога Вініць прывык і палюбіў на ўсходзе. У глыбі дому, дзе снавала мноства жаночай і мужчынскай службы, было таксама ясна. У трыклініюме быў накрыты стол для чатырох асоб, меліся бо апрача Вініція й Лігіі туды засесці Пятроні й Хрызатэміс.