Сьцяна (аповесцi, на белорусском языке)
Шрифт:
Усё ж яны добра выпiлi, i думкi ў iхных галовах роiлiся густа, блыталiся словы, што ня ў лад з думкамi iшлi зь языка.
– А ўсiм - i камунiстам, i беспартыйным, - няпэўна тлумачыў Саўчанка.
– Мой брат быў чэсны бальшавiк, - пачынаў злаваць Ляплеўскi.
– Гэта яго энкавэдэшнiкi згубiлi.
– Ён тут дваццаць чалавек згубiў, - удакладнiў Снайпер-Iван, маючы на ўвазе Вусава.
– I яшчэ мае нахабства сюды прыяжджаць на госьцi. Цi ня ведае, што ўсiх рэабiлiтавалi?
– А, можа, ён мяркуе, што рэабiлiтавалi няправiльна. Iнакш гэта ж - брак у рабоце, - сказаў Саўчанка.
– Мы яму пакажам брак! Я яму самалiчна чарапок раскрою!
– лютаваў Снайпер-Iван,
– Во гэтай сякерай галаву зьнясу!
Наглядна дэманструючы астатнiм, як ён зробiць гэта, Снайпер-Iван шырока замахнуўся ў паветры, i сякера, зьляцеўшы з тронка, недзе тупа шпокнулася ў гародзе.
– Што гэта? Што ты мне прынёс, паскуда! А ну, шукай!
Дубчык моўчкi палез у гарод, поўзаў там пад плотам i ў градках, але знайсьцi ня мог. Тады Снайпер-Iван выламаў блiжнi кол з плоту, адкiнуў на траву рэшту ссохлых лазовых перавязкаў.
– Пайшлi!
Ён быў ужо на добрым падпiтку, але, мабыць, не заўважаў таго. Астатнiя, вiдаць, цьверазейшыя за яго, напэўна, ужо сталi разумець сур'ёзнасьць сытуацыi i не адразу кiнулiся за самазваным камандзiрам. Хоць i не стрымлiвалi яго. Першым з гатоўнасьцю скiраваў за Снайперам-Iванам Дубчык, пасьля з-за стала ўстаў Саўчанка. Ляплеўскi спрабаваў нешта намацаць на газэцiне, ды кiнуў i таксама падаўся сьледам за ўсiмi.
– Мальцы, не адставаць, не адставаць мне!
Яны выйшлi з падворку на пустэльную ранiшнюю вулiцу. Вёска спала, сонца яшчэ ня выкацiлася з-за лесу, але навокал было ўжо добра вiдаць. Недзе ў хляве паблiзу спазьнела пракукарэкаў певень, цераз вулiцу, вяртаючыся з начнога паляваньня, перабег чыйсь кот. Саўчанка збочыў на свой падворак i прыхапiў навостраную зьвечара касу - прыдасца. Ля плоту зраньня ўжо пасьвiлася сiвая каза Баранiхi, яна толькi азiрнулася на мужыкоў i працягвала сваю традыцыйную справу. Баранiхi паблiзу не было вiдаць, затое ў сваiм двары Снайпер-Iван адразу ўбачыў жонку. Ну вядома, тая ня спала, як заўжды, калi гаспадар дзе-небудзь бавiўся, i цяпер стаяла ў варотцах.
– Куды гэта вы?
Снайпер-Iван зрабiў выгляд, што ня бачыць жонкi i важна пратупаў мiма з калом на плячы. Тады жонка зьвярнулася да iншых.
– Аўдзей, Дубчык, куды гэта вы?
– Чакiстага бiць, - не адразу патлумачыў Дубчык.
– Ай, Божа, здурнелi, цi што! Жонка зусiм выскачыла з варотцаў на вулiцу i аж залемантавала ў прадчуваньнi хуткага злачынства.
– Спынiцеся, не чапайце яго! Не рабiце таго, вы сябе пагубiце, не хадзiце туды!
– Цiха, цётка!
– прыкрыкнуў на яе Ляплеўскi.
Жанчына засталася ззаду, а болей iх нiхто не спыняў, i яны ня надта хуткай хадою iшлi па вулiцы.
Сядзiба Касатага была на канцы вёскi, i чацьвёра мужчын ня надта суладнай чарадой валаклiся туды. Iмi кiравала да мэты нязьдзейсьненая прага помсты, застарэлая крыўда, якая гэтак нечакана дала магчымасьць сквiтацца. Ляплеўскi трымаўся трохi ў баку ад Снайпера-Iвана, ягонай рашучасьцi на вулiцы пачало бракаваць. Хоць ён i быў ня меней за iншых п'яны, але ня мог не разумець небясьпеку iхнай задумы, асаблiва яе наступствы. Мусiць, трэба б запярэчыць гэтаму Снайперу, думаў ён, але пярэчыць усё не выпадала, i ён iшоў разам з усiмi - цяпер сьледам за Дубчыкам. Дубчык жа, можа, упершыню адчуў сiлу свае праваты i гатовы быў дзеля яе на што хочаш. Асаблiва калi разам з мальцамi, на чале з адважным завадатарам Снайперам-Iванам.
Так яны прывалаклiся нарэшце ў канец вёскi. Далей ляжаў пусты выган, а да
сядзiбы Касатага з вулiцы вёў нядбайна агароджаны плотам кароткi завулак. Прайсьцi ў той завулак мальцы чамусь асьцерагалiся. Снайпер-Iван спынiўся, за iм спынiлiся астатнiя.– А калi ён з нагана праз вакно...
– сказаў Ляплеўскi.
Усе на хвiлiну змоўклi, прыслухоўваючыся, але нi на падворку, нi ў хаце нiчога не было чутна. Пасьля вечаровай гасьцiны, мусiць, там яшчэ спалi.
– Я ж казаў: трэба было ўначы, - сказаў Снайпер-Iван.
– Трэба пачакаць: выйдзе. У дзевяць аўтобус, - патлумачыў Саўчанка.
Снайпер-Iван пагадзiўся:
– Правiльна! Бы пры шашы ў засадзе.
Яны адышлiся на другi бок пыльнай дарогi i спынiлiся ля канавы. Нядоўгая вулiчная праходка, падобна, стамiла iх пасьля бяссоннае ночы, i Дубчык першы сеў на зямлю за канавай. За iм на дробную, запэцканую курамi траўку апусьцiлiся Снайпер-Iван i астатнiя. Побач Снайпер паклаў iнструмэнт забойства - кол.
– Я яму як урэжу!
– гразiўся ён.
– А вы не зявайце. Як упадзе, адразу насесьцi. Галоўнае, каб усе разам. Мы яму пакажам рэпрэсiю... А закурыць? Цi ёсьць у каго закурыць?
Усе, аднак, маўчалi, здаецца, курава нi ў кога не было. Тады Снайпер-Iван вылаяўся i сьцiх. Мабыць, трэба было патрываць, зрабiць сваю справу, а затым ужо дбаць пра курава цi яшчэ што.
З-за саламяных i шыфэрных дахаў выглянула нарэшце нiзкае сьляпучае сонца. Саўчанка глыбей насунуў на вочы кепку. Ягонае звыкла зацiснутае пачуцьцё было на парозе нейкага выйсьця. Адчуваў, калi б яны зьдзейсьнiлi тое, на што наважылiся, яму была б палёгка. Толькi во гэты Снайпер... Саўчанка пачынаў сумнявацца ў ягоных якасьцях самазванага камандзiра-завадатара, i ўсё болей стаў пазiраць не на падворак Касатага, а на сьцежку ў поле. Там, згледзеў адразу, паявiлася з касой раньняя кабета Баранiха, за пуняй на гародзе стала, пастаяла, няўцямна ўзiраючыся з-пад рукi на iхную купку на выгане. Яна iшла касiць пайку, тым напомнiўшы Саўчанку пра ягоную патрэбу, i ён затурбаваўся:
– Ну, дзе ён там? Мне тожа касiць трэба.
– Ды чакай ты! У Сiбiры не накасiўся!
– груба папракнуў яго Снайпер-Iван.
– Заб'ем, тады i скосiш.
Яны i яшчэ пасядзелi моўчкi. Напружана ўзiраючыся ў ненавiсны падворак, якi працягваў мiрна спаць. Пэўна, пасьля добрага гасьцяваньня ўвечары. А можа, i ўначы. Але пачынаўся дзень, i ягоныя турботы ўсё болей апаноўвалi людзей. За парканамi суседнiх падворкаў замiльгалi жаночыя хусткi - гаспадынi распачыналi ранiшнюю дойку, выглядвалi на вулiцу, калi пачнуць выганяць на пасту. Дбайна абскубваючы падплоцьце, да мужчын паволi наблiжалася памаўзьлiвая Баранiшына каза. За ёй паявiлiся на вулiцы тры хлапчукi, - зь цiкаўнасьцi да таго, што тут мела адбыцца. Паселi непадалёк пад плотам, моўчкi пазiраючы на мужчын.
– Ну, што ён там так доўга!
– занепакоiўся i Ляплеўскi.
– Хiба дняваць будзе?
– А можа, ён агародамi? Струсiць - па вулiцы, - памеркаваў Саўчанка.
– Дагонiм! I ногi паламаем.
– Ну-ну.
Яшчэ пасядзелi колькi часу. Нарэшце, Саўчанка ўстаў з канавы.
– Ды ну яго ў дупу! Пайду касiць...
– Дрэйфiш?
– злосна прыжмурыў адзiнае вока Снайпер-Iван.
Не адказаўшы, Саўчанка ўскiнуў на плячо касавiльна i спорна пакрочыў краем вулiцы. Астатнiя яшчэ болей апанурылiся, ужо амаль безнадзейна азiраючы абгароджаную сядзiбу Касатага. Сонца тым часам прыўзьнялося над вёскай, стала прыграваць астылую за ноч зямлю. Снайпер-Iван стомлена адкiнуўся на локаць, вальней выцяг у канаву доўгiя ногi ў шэрых, падсохлых ад начное расы гумавiках. Трохi паляжаўшы, успомнiў: