Сэрца на далоні
Шрифт:
Галлё з боку Яраша разгарэлася, і агонь асвятліў яго постаць. Чырвоны ад водбліску полымя, вялікі і нерухомы, з місачкай у руках, ён нагадваў правадыра невядомага племя надзвычай дужых і прыгожых людзей. Галіна, убачыўшы мужа ў такой паставе, адчула новы прыступ страху ад думкі, што можа страціць яго. Валянціна Андрэеўна глядзела на Яраша з захапленнем і патаемнай жаночай зайздрасцю.
Ён варухнуўся і няўлоўным рухам чараўніка кінуў пустую місачку ў цемру.
— Дык і я табе скажу. Слухай. Ты ж не даследуеш падполле ў поўным аб'ёме. Ты — як дэтэктыў. Цябе захапіла гісторыя аднаго чалавека, яго загадкавая смерць, і ты ўзрадаваўся выпадку знайсці востры сюжэт.
— Яго ўвесь час хіліла да дэтэктыва, — сказала Валянціна
— Але ты нічога такога не знойдзеш. Цяпер я больш, чым раней, упэўнены, што Савіч не быў ні ворагам, ні героем. Ён звычайны стары лекар, які хацеў памагаць людзям у любых абставінах. Інфекцыяніст, ён баяўся эпідэмій, якія заўсёды прыносіць вайна. Каб сачыць за санітарным станам роднага горада, пайшоў на службу да акупантаў. Вось табе ўвесь твой дэтэктыўны сюжэт.
Касцёр разгарэўся. Святло яго выхапіла з цемры ладны круг, колькі дубоў, сосен і дзіўна пафарбавала іх: кара сосен пачырванела, а мох на старых дубах стаў што снежны іней— сівы-сівы. Над галавой зашамацела лісце — ад гарачага паветра. Страляў залатымі кулькамі-вугальчыкамі касцёр. Яраш, яшчэ больш пачырванелы, прыўзняўся на руках і адсунуўся далей ад агню. Шыковіч стаяў з другога боку вогнішча, шырока расставіўшы ногі, заклаўшы рукі за спіну.
— Тое, што ты расказаў, доктар, ёсць найлепшы сюжэт. Але я сюжэтаў не шукаю, май на ўвазе. Савіч абвешчаны здраднікам. А ты сам сцвярджаеш, што ён сумленны чалавек, няхай сабе і не герой. Дык што ж, па-твойму, пакінуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя, як рэабілітаваны імёны тысяч ні ў чым не вінаватых людзей?
Шыковіч пачакаў пярэчанняў. Але Яраш маўчаў. Ён згаджаўся. Больш таго, ён не разумеў самога сябе — чаму раптам уздумалася адгаворваць сябра ад такой пачэснай і высакароднай справы? Не, ён бадай што разумеў — чаму, бо думаў пра гэта яшчэ ў бальніцы. Цяпер, калі Зосі зроблена, ён упэўнены, удалая аперацыя і яна, па сутнасці, пачне новае жыццё — новае ва ўсім (аб гэтым ён паклапоціцца), яму чамусьці не хочацца, каб хто-небудзь ці што-небудзь вяртала яе да мінулага. Добра, калі Шыковічу ўдасца даказаць тое, што хочацца даказаць. Ён, Яраш, упэўнены, што Савіч — сумленны чалавек, сумленны лекар. Але калі не будуць знойдзены дакументы, якія пацвердзілі б яго сувязь з падпольшчыкамі, з партызанамі, гэта застанецца толькі яго прыватным перакананнем ці гэткай жа прыватнай думкай Кірылы. Зосі наўрад ці будзе лягчэй ад гэтага.
— Маўчыш? — пераможна спытаў Шыковіч. — Май на ўвазе, што абыякавасць да лёсу людзей, якіх мы ведалі, з якімі працавалі, якія вучылі нас, прынесла вялікую шкоду ў пэўны час. Так, я паставіў у цэнтры справу Савіча, бо нельга ахапіць усяго адразу. Але, знаёмячыся з дакументамі, я выяўляю ўсё новых і новых герояў. Хіба для гэтага не варта пачыхаць ад архіўнага пылу? Хіба пыл гэты такі шкодны? — наступаў Кірыла так напорыста і рашуча, што ледзь не ўлез у агонь — наблізіўся да кастра так блізка, што яму прыпякло калена. Адступіў, нахіліўся, каб пагладзіць калена, але як толькі прытуліў нагрэтую штаніну да цела — заенчыў:
— Гару, ратуйце!
Жанчыны засмяяліся. Антон ледзь прыкметна ўсміхнуўся. Такая раптоўная задумлівасць яго сур'ёзна ўстрывожыла Галіну.
«Залішне ён думае пра гэтую Зосю», — падумала яна.
14
У папцы было нямнога дакументаў. Фота ў памер паштоўкі. Спакойны і просты, з шырокім ілбом і глыбокімі залысінамі хударлявы твар чалавека год шасцідзесяці. Вось ён які, Савіч! Шыковіч доўга ўглядаўся ў рысы гэтага твару.
Данясенне безыменнай разведгрупы аб здрадніках і нацыяналістах, якія займалі кіруючыя пасады ва ўправе і паліцыі. Бургамістр Цішчанка стаяў у гэтым спісе першым. Лучынскі — другім, Савіч — дзевятым, перадапошнім.
Відаць, данясенне перадавалася групай па радыё, а таму характарыстыкі былі вельмі лаканічныя: адзін-два факты. Толькі факты, без усялякіх тлумачэнняў.«Цішчанка Мікадзім Фёдаравіч, бургамістр. Пры арганізацыі гета ўласнаручна страляў у жыдоў, забіваў дзяцей.
Лучынскі (Склота, Усаў Іван Селівонавіч), начальнік паліцыі, шпіён, агент СД. Катуе арыштаваных. Кіруе расстрэламі. Павесіў дзевяць калгаснікаў сяла Вялоцічы, заложнікаў».
Самая разгорнутая характарыстыка давалася рэдактару фашысцкага лістка, нацыяналісту Хмару — на добры абзац. Супроць прозвішча Савіча стаяла: «Загадвае аддзелам управы. Заражае людзей інфекцыйнымі хваробамі!»
У той суровы ваенны час, пры той падазронасці, якая мела месца, і такое агульнае абвінавачванне пераконвала. Безумоўна, што і лейтэнант Шыковіч тады паверыў бы яму: усё можа зрабіць чалавек, які пайшоў на службу да фашыстаў! Але цяпер, ведаючы па расказах Яраша і другіх Савіча, Шыковіч адразу зразумеў, што ў разведчыкаў не было ніводнага факта злачыннай дзейнасці лекара-інфекцыяніста, акрамя таго, што ён загадвае аддзелам управы, і яны яўна выдумалі гэтае — «Заражае людзей інфекцыйнымі хваробамі». Якіх людзей? Якімі хваробамі?
Шыковіч не вытрымаў і выказаў сваё меркаванне капітану Сербаноўскаму. Той адарваўся ад нейкіх папер, якія перачытваў, уважліва выслухаў, неазначальна гмыкнуў, сказаў:
— Чытайце далей.
Шыковіч не проста чытаў, ён вывучаў дакументы, як сапраўдны дэтэктыў, звяртаючы ўвагу на кожную дэталь. Данясенне было напісана на машынцы і, безумоўна, з'яўлялася копіяй. Але на ім стаяла ажно шэсць нумароў і шыфраваных літар. Супроць прозвішчаў Лучынскага і Хмары былі пастаўлены крыжыкі сінім алоўкам, наперадзе Савіча — чырвоная «птушка».
Другі дакумент збянтэжыў Шыковіча — заява самога Савіча на імя нямецкага фельдкаменданта оберштурмбанфюрэра Ютнера. У верасні 1941 года Савіч запэўняў фашыста ў сваёй вернасці «новаму парадку» і прасіўся на службу. Паклёпу на савецкую ўладу не рабіў, аднак фактамі ўласнай біяграфіі даводзіў, што мае на бальшавікоў даўнюю крыўду. Ён, Савіч, дарэвалюцыйны інтэлігент і паходзіць з інтэлігентнай сям'і, бацька быў выкладчыкам гімназіі. Ён, Сцяпан Савіч, быў жанаты на дваранцы. Рэвалюцыя пазбавіла яго жонку ўсіх правоў, адняла багатую маёмасць. З-за гэтага першая жонка яго заўчасна памерла. Другая яго жонка была пралетарскага паходжання — з рабочай сям'і, але, магчыма, з-за яго бальшавікі яе праследавалі. Выключалі з інстытута, калі яна вучылася. У трыццаць сёмым пасадзілі ў турму, а можа, і расстралялі (ніхто не ведае) яе брата, хоць ён быў сябрам партыі і займаў адказную пасаду на чыгунцы. І самую яе тры месяцы трымалі ў турме. А ў пачатку вайны забралі зноў нібыта ў армію, але ён, Савіч, не вельмі ўпэўнены ў гэтым. Ён цяпер, мусіць, здзіўляецца, чаму не зачапілі яго. Відаць, бальшавікам патрэбны былі яго веды, яго спецыяльнасць, бо лекараў у іх не хапала. Заява канчалася словамі:
«…Пан фельдкамендант!
Сваёй прафесіяй і грамадскай дзейнасцю я жадаю паслужыць стварэнню ў маім родным горадзе новай цывілізацыі і новай культуры, якую прынесла вялікая армія фюрэра.
Чалавек эмоцый, Шыковіч не стрымаўся — і ўголас вылаяўся, калі прачытаў гэта. Сербаноўскі паглядзеў на яго з дзіўнай ухмылкай, здавалася, здзекліва пытаў: «Што ты будзеш даказваць цяпер?» Кроў ударыла Кірылу ў твар, ён пачырванеў. З'явілася адчуванне, што мёртвы Савіч груба і нахабна ашукаў яго, жывога. Каб той, як другія здраднікі, галаслоўна і агульна паклёпнічаў на савецкую ўладу і кляўся ў вернасці акупантам, гэта пераконвала б менш, чым вось такая біяграфія. Бо калі ў ёй усё праўда, то зусім натуральна, што стары інтэлігент мог мець крыўду на савецкую ўладу і гэтая крыўда павяла яго да ворага.