Сэрца на далоні
Шрифт:
Але ў наступную хвіліну Шыковіч падумаў пра Заслонава, пра Кузняцова, потым — пра Яраша: колькі ў таго было падпольных біяграфій і якую заяву ён пісаў, калі па заданню гаркома паступаў у пажарную: сын кулака, асуджаны і ўсё, што хочаш.
Не, адступаць нельга! Яраш не жадае, каб ён узнімаў архіўны пыл, — баіцца за Зосю, гуманіст. Ён і Зося ўпэўнены, што бацька яе — сумленны чалавек, «не герой, але і не вораг». Яраш баіцца, раптам дакументы дакажуць другое. Пакуль што пра здраду Савіча напісаў адзін чалавек — Гукан, напісаў адзін сказ, на якім наўрад хто з чытачоў затрымлівае ўвагу. Прайшло шмат год, вырасла новае пакаленне, якому няма ніякай справы да нейкага
І Шыковіч пачаў вывучаць гэты бадай што галоўны дакумент абвінавачвання. Цікавы дакумент. Ён чытаў пераклад, надрукаваны на машынцы. Але тут жа быў падшыты і арыгінал. Савіч вырашыў паказаць сваё веданне нямецкай мовы. Відаць, сам камендант з нямецкай акуратнасцю зялёным чарнілам выправіў у заяве ўсе памылкі (іх было многа), падкрэсліў няправільныя выразы і напісаў рэзалюцыю ўнізе пад подпісам Савіча:
«Пану Цішчанку. Рэкамендую даручыць пану Савічу ахову здароўя цывільнага насельніцтва», — і вельмі неразборлівы подпіс, замест якога ў перакладзе стаіць пытальнік.
«Ахову здароўя! Які цынізм!» — падумаў Шыковіч, перачытваючы пераклад заявы яшчэ раз.
Наступны дакумент — пастанова ўправы ў сувязі з эпідэміяй брушнога тыфусу, якая ўспыхнула ў горадзе ўлетку сорак другога года. Доўгі тэкст на штучнай беларускай мове. Аднак чамусьці ў друкарні замест «н» кірыліцы часта набіралі «п» лацінскае. Слова «насельніцтва», напрыклад, было надрукавана як «пасельніцтва». Подпісы — Цішчанкі і Савіча. Параграф, у якім гаварылася, што кожны, хто парушыць вышэйпералічаныя санітарныя правілы, будзе асуджаны па законах ваеннага часу, абведзены сінім алоўкам. Яшчэ адзін доказ віны Савіча. Але тэкст пастановы сведчыў, што напісана яна чалавекам, які ведаў, як змагацца з эпідэміяй, і сапраўды дбаў пра ахову здароўя цывільнага насельніцтва.
— На месцы вашага калегі я не далучаў бы такі дакумент да справы. Ён апраўдвае Савіча, — сказаў Шыковіч капітану.
Сербаноўскі адказаў холадна, амаль непрыязна, не адарваўшыся нават ад папер:
— Тут падшыты ўсе дакументы, якія знойдзены.
— Мяркуючы па заяве, захоплены архіў управы… Так?
— Не ведаю.
— Няўжо там больш нічога не знайшлося, што характарызавала б дзейнасць Савіча?
— Не ведаю. Прачытайце выразкі.
Выразак з газет было некалькі. З розных — нацыяналістычных, нямецкіх, партызанскіх. Фота: у прэзідыуме сходу беларускай інтэлігенцыі — Савіч, над галавой яго пастаўлены крыжык. Здымак цьмяны, невыразны, твары расплыліся, але ўсё-такі пазнаць можна, што чалавек, адзначаны крыжыкам, той самы, што і на фота, якім адкрываецца справа. Вельмі прыкметны лоб.
Узнагароджанне шчырых служкаў «новага парадку» ордэнамі рэйха. У спісе ўзнагароджаных Савіча няма. Але на фота, на якім адбіта цырымонія ўручэння фашысцкім генералам узнагарод, на заднім плане, праўда, — зноў той жа лоб выглядвае з-за галоў другіх. Нарэшце доўгі слязлівы некралог, які Шыковіч чытаў яшчэ тады, калі пісаў кнігу Гукана. Спачуванні ў нацыяналістычнай і нямецкай газетах. Паведамленне аб пахаванні «актыўнага дзеяча беларускага вызваленчага руху», праслаўленага доктара медыцынскіх навук Сцяпана Савіча, «які загінуў ад рук бандытаў». Кароткая інфармацыя ў газеце партызанскай брыгады «За Радзіму»: «Падпольшчыкі горада выканалі прысуд народа над здраднікам Радзімы доктарам Савічам. Такая кара чакае кожнага фашысцкага сабаку!»
Шыковіч загарнуў папку,
моцна пляснуў па ёй далоняй. Настрой у яго быў такі, што хацелася з кім-небудзь пасварыцца. З Сербаноўскім, ці што? Яго ўзлавала, што капітан ніяк не зрэагаваў на тое, як ён скончыў сваю працу. Нават не ўзняў галавы.— І гэтыя дакументы вы баяліся паказаць мне? Ва ўсіх інстанцыях узгаднілі? Фармалісты!
— Нічога цікавага для вас няма? — як бы шкадуючы, спытаў Сербаноўскі, адкінуўшыся на спінку крэсла і праціраючы пад акулярамі стомленыя вочы.
— Апроч прашэння Савіча, усё гэта я чытаў дванаццаць год назад. Без усялякай гульні ў хованкі.
Капітан, між іншым, падумаў:
«А следчы з цябе не надта. Каб ты быў больш уважлівы, то ўбачыў бы, што папка расшывалася і адзін дакумент з яе вынялі».
— Не сакрэт, што вы намерваецеся рабіць далей?
— У маёй працы сакрэтаў няма. Плюну на архіўны пыл, як раіў мой сябра Яраш. Буду шукаць жывых людзей, якія ведалі Савіча, працавалі з ім. — Шыковіч падняўся, пацягнуўся, каб распрастаць самлелае цела. І раптам павярнуўся да капітана, спытаў ва ўпор: — Скажыце, Сербаноўскі, па-чалавечы шчыра: а што вы думаеце, пазнаёміўшыся са справай Савіча? Што падказвае вам чуццё старога чэкіста?
Сербаноўскі падняўся, падышоў да сейфа, дастаў з кішэні ключы, адчыніў тоўстую дзверку.
— Я пакажу вам маленькі дакуменцік, які мне ўдалося адшукаць. — І дастаў з верхняй палічкі блакнотны пажоўклы лісток, доўгі і вузкі, працягнуў Шыковічу. Той у адзін позірк прачытаў:
«Хведзя!
Я абсалютна уверен, что аграбление аптечного склада не абышлося без Савича. О, ты не знаеш, какая эта хитрушчая лиса! Гарантируй тысячу марак — и я табе раскушу эты арех. Имею „ключик“. Табе — слава и спасибо гестапо, а мне — грошы. Давай согласие. Не тяни.
Напісана алоўкам, па-расейску, з памылкамі.
Шыковіч прачытаў другі раз, трэці, здзіўлены і ўзрадаваны. Потым з удзячнасцю паглядзеў на капітана. Зачыніўшы сейф, Сербаноўскі круціў на пальцы ключы і тлумачыў:
— Гэта з «архіва» следчага паліцыі Хведара Швагерава. Яго судзілі ў сорак пятым, далі пятнаццаць год. Я вось разбіраю судовыя матэрыялы. На жаль, тады ніхто не расшыфраваў гэтай запіскі. Хто пісаў? Калі? З якой прычыны? Відаць, палічылі, што намёк на Савіча — непаразуменне. Прыйдзецца расшыфроўваць цяпер.
Яны глядзелі ў вочы адзін аднаму, глядзелі з той шчырасцю і разуменнем, якое яднае людзей, робіць сябрамі. Сербаноўскі адчуў, зразумеў, як раптам змяніў сваю думку аб ім пісьменнік, і парадаваўся, хоць лічыў, што яму не да твару выяўляць якія б там ні было пачуцці. А Шыковіч, наадварот, адчуваў, што ён не можа, не мае права апусціць вочы, пакуль не скажа гэтаму, на першы погляд, сухому чалавеку нейкія асаблівыя словы.
— Слухайце, Анатоль Барысавіч!.. Каб мы з вамі былі ў больш блізкіх адносінах, эх, як я зараз вылаяў бы вас! Ведаеце, ёсць такія нецэнзурныя словы, якія пры адпаведнай інтанацыі лепш і мацней за любую пахвалу.
— Мне не трэба пахвалы, Кірыла Васільевіч. Толькі, калі ласка, не думайце, што я і мае калегі заўсёды падбіралі толькі тыя дакументы, якія абвінавачваюць. «На месцы вашага калегі…» Эх, Кірыла Васільевіч! Паверце, што для мяне самая радасная работа — даказаць, пацвердзіць сумленнасць савецкага чалавека.
Шыковіч працягнуў яму руку. Яны застылі ў моцным сяброўскім поціску рук.
— Памажыце нам. А я памагу вам.
— Дзякую, Анатоль Барысавіч.