Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Кірыла падняўся і… раптам адчуў, што не ведае, пра што гаварыць. Ён не вызначаўся красамоўствам увогуле. А ў такіх абставінах — тым больш. Яму варта было, пакуль сядзеў у прыёмнай, прадумаць сваё выступленне. Але яго мала закранула, што выклікаюць з-за сына. Хвалявала другое — аперацыя.

І цяпер зноў, узіраючыся ў шырокі добры твар Тарасава, Кірыла бачыў… сэрца на далоні. На вялікай, умелай, чулай, ласкавай далоні Яраша. І захацелася яму расказаць пра ўсё гэта сябрам бюро — пра Яраша, Зосю, пра чалавечае сэрца, якое можна адрамантаваць… Але ён усведамляў, што цяпер на хаду не знайсці яму лагічнай сувязі, «трывалага мастка» паміж адным і другім і яго, безумоўна, не зразумеюць,

падумаюць, чаго добрага, што ён знарок «расказвае казкі», «водзіць бюро за нос». З чаго ж пачаць?

Ажно ўспацеў ад думак. Дастаў хусцінку і выцер лоб, шыю. Цяпер ужо ўсе, хто прысутнічаў, глядзелі на яго, адны — з цікаўнасцю, другія — са спачуваннем, трэція — з трывогай. Ён стрэўся позіркам з Гуканам, той, можа, адзін з усіх глядзеў амаль зларадна.

«Чаму?»

Успомніліся словы Гукана. З іх ён і пачаў упэўнена і смела:

— Але, Сямён Парфёныч, я многа думаў пра гэта. Вельмі многа. Не толькі як бацька, але як сябра партыі, грамадзянін… Не здымаючы з сябе адказнасці за паводзіны майго сына, я хачу разабрацца… пранікнуць у сутнасць… з вашай дапамогай, таварышы: чаму сярод нашай увогуле здаровай, адданай партыі моладзі трапляюць вось такія…

— Як ваш сын, — кінуў Грыбок.

— Як мой сын. Хоць сын мой не самая небяспечная з'ява, як я разумею. Ёсць горшыя прыклады…

— Гаварыце за сябе. Па сутнасці, — сказаў сакратар Чыгуначнага райкома Красоўскі, малады высокі брунет, апрануты ў асляпляльна белы, модна скроены часучовы касцюм. Шыковіч мала ведаў гэтага чалавека. Глянуўшы на яго, падумаў: «Сам ты ў студэнцкія гады, відаць, быў хват», — і адчуў непрыязнасць, адказаў раздражнёна:

— Маё жаданне разабрацца — не па сутнасці хіба? Я не буду апраўдвацца, але хачу сказаць: у тым, што мой сын вырас, на жаль, не такім, якім бы хацелася і мне, і грамадству, — не толькі віна бацькоў… Думаецца, што ўсе разам мы робім у гэтай важнейшай справе сур'ёзныя промахі… Школа, камсамол…

— Вы не ўмееце выхоўваць, а вінаваты камсамол! Здорава! — хмыкнуў няўрымслівы Грыбок.

Шыковіч глыбока ўдыхнуў гарачае паветра, якое гнаў у адчыненыя вокны лёгкі скразняк, і — быццам захлынуўся ім.

Тарасаў пастукаў алоўкам па стале, папярэдзіў:

— Таварышы, не перашкаджайце. Дайце яму сказаць.

Грыбок паслухмяна апусціў галаву. Але Шыковіча ўзлаваў наскок гэтага маладога пеўня. І ён не стрымаўся, каб не спытаць уедліва:

— А вы лічыце, таварыш Грыбок, што гарком камсамола працуе ідэальна?

Грыбок змаўчаў. Адказаў Гукан, паважна, ветліва:

— Кірыла Васільевіч! Гарком мы будзем слухаць асобна. А цяпер слухаем вас. І ў нас во колькі яшчэ пытанняў. — Ён паляпаў далоняй па стосе папер, што ляжаў перад ім, і адштурхнуўся ад стала, выпрастаўся ў крэсле; найвышэйшы ростам, як бы ўзняўся над усімі і глядзеў паверх галоў.

— Але, — пацвердзіў першы сакратар з нечаканай строгасцю. — Без доўгай прэамбулы, таварыш Шыковіч.

— Добра, Сяргей Сяргеевіч. Як я выхоўваю сваіх дзяцей? Было б недарэчнасцю сказаць — абсалютна правільна, бо абсалютна правільнае выхаванне, у маім разуменні, само па сабе — абсалютнае глупства. Але я адно магу сказаць: у галоўным мы — я і жонка — ніколі не давалі дрэнных прыкладаў…

— У чым — у галоўным? — спытаў Гукан.

— У чым? Я быў дармаедам? Несумленным перад грамадствам, перад партыяй? Хітраваў? Браў хабары? Жыў не па сродках? Вы мяне ведаеце, Сяргей Сяргеевіч. І вы, Сямён Парфёнавіч. Усю вайну я быў на фронце. Пасля настаўнічаў. Жонка і зараз настаўнічае. Можа, хто-небудзь скажа, што праца журналіста лёгкая?

— Чакайце, — перапыніў яго Тарасаў. — Чаму вы задаяце такія катэгарычныя пытанні? Ніхто не сумняваецца, што вы працуеце сумленна.

Дык у чым жа заключаецца выхаванне дзяцей? Адносіны ў сям'і? Я жыў і жыву з жонкай, далібог жа, душа ў душу. Абодва працуем. Паважаем працу адно аднаго. Скандалаў нашы дзеці не чулі. Калі спрачаемся, то па прынцыповых пытаннях. Між іншым, часцей за ўсё менавіта з-за гэтага самага выхавання. Яна педагог, і, думаю, нядрэнны. Але ў адносінах сваіх дзяцей робіць тую ж памылку, якую робяць многія маці ў інтэлігентных сем'ях. Асцерагаюць ад фізічнай працы. «Я сама зраблю». Год дзесяць ужо мы не трымаем нават хатняй работніцы. Прынцыпова. Усё робім самі. І я не сказаў бы, што сын мой Уладзіслаў — гультай і лежабока. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелі. Пасля дзесяцігодкі хлопец пачаў адбівацца ад рук. За яго ўчынкі, і ў прыватнасці за апошні ўчынак, я бяру віну на сябе. Вас не віню, таварыш Грыбок, хоць мог бы сказаць пра работу камсамольскай арганізацыі тэлестудыі. Няма там ніякай работы. Але пра гэта — пасля. А што датычыць майго сына, то думаю, што больш, таварышы, вы нічога благога пра яго не пачуеце. Хлопец нарэшце трапіў у добрыя рукі — у брыгаду Ганчарова.

— На станкабудаўнічы? — здзівіўся Тарасаў і глянуў на Лукашэнку. Той нарэшце адарваўся ад сваіх формул.

— Да нас? Цікава. — Аднак дырэктар зусім не выказваў гэтым «цікава» здзіўлення. Не. У яго быў свой погляд на моладзь: пасталеюць — паразумнеюць. Але затое ажно падскочыў уважлівы Грыбок.

— Яшчэ як цікава! Проста з турмы, без перасадкі, — у брыгаду камуністычнай працы. Куды там глядзіць Клецень? Вы бачыце, Сяргей Сяргеевіч, што робіцца!

Шыковіч адчуў, што спіну яго, павернутую да акна, абадзьмуў халодны вятрыска, непрыемны, калючы.

«Няўжо яны супраць, каб Славік быў у брыгадзе?»

Больш, чым пры любой другой акалічнасці дагэтуль, спалохаўся за сына. І разгубіўся. Як даказаць, што нельга выганяць хлопца з брыгады, куды ён пайшоў з радасцю. Што гэта не толькі жорстка і несправядліва… Зноў — каторы раз ужо! — уявілася жывое чалавечае сэрца. А слоў, важкіх, пераканаўчых, каб абараніць сына, не было. Кірыла пакутліва шукаў іх.

Яму сказалі раз і другі: «Сядайце». Кірыла дайшоў да сэнсу слова толькі тады, калі перад ім падняўся Гукан. Гаварыў старшыня роўна, не павышаючы і не паніжаючы голасу, націскі рабіў стукам алоўка аб стол, паўзамі. Атрымлівалася важка, пераканаўча, салідна.

Шыковіч, думкі якога насіліся ад аднаго полюса да другога, успомніў, што Кушнер, намеснік старшыні гарвыканкома, камічна перадае Гуканаву манеру выступаць, і не стрымаў усмешкі.

— …Вы думаеце, калі працуеце вы, жонка, дык гэтага даволі? Не, Кірыла Васільевіч. У нас працуюць усе. Дармаедаў у нас адзінкі. Але акрамя працы ёсць яшчэ маральныя прынцыпы, грамадскія паводзіны чалавека… І яны часта з'яўляюцца рашаючымі ў выхаванні дзяцей. Гляньце на сябе! Уважліва гляньце на свае паводзіны! Вы аналізуеце другіх — прааналізуйце сябе. Вы здзіўляецеся, чаму ваш сын вырас такі? А я не здзіўляюся. Быццё вызначае свядомасць. Дабрабыт нашага народа расце. І я не супраць таго, што вы купілі машыну. Трэба вам машына. Але на ёй ездзіць ваш сын.

— Я забараніў яму.

— Ездзіў. Машына, лішнія грошы, кампанія… Дзяўчаткі, выпіўкі… А ў бацькоў тым часам другія клопаты. Машыны ім мала — трэба дача. Абуджаюцца дробна-ўласніцкія тэндэнцыі.

Шыковіч слухаў надзіва спакойна. Разумеў: Гукан «задае тон». Кірыла ненавідзеў гэты тэрмін — «задаць тон», народжаны ў часы культу. Але ў такой сітуацыі, відаць, інакш нельга. Трэба пагаварыць з бацькамі такіх сынкоў з усёй суровасцю! Што ж, няхай сабе валяць на яго, што хочуць, — усё стрывае, абы толькі пакінулі Славіка ў брыгадзе.

Поделиться с друзьями: