Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Начаваць яго запрасіў стары. Ішлі па начной вуліцы, маўчалі. Кірыла падумаў, што стары, мабыць, выконвае павіннасць, даручаную яму старшынёй, і не вельмі задаволены начлежнікам. Але прыйшлося яшчэ раз здзівіцца, калі хату ім прыветліва адчыніла тая самая бухгалтарка, што так непрыязна глянула, калі ён сказаў, што хоча пісаць пра Сухадол.

На стале стаяла позняя вячэра і пляшка вішнёвай настойкі. Перад дакладам ён так і не паспеў павячэраць — прасядзеў у Клаўдзі Сідараўны.

— Хведара няма? — спытала жанчына.

— Пакрыўдзіўся твой Хведар. Далі яму перцу. Ажно чмыхнуў, — весела і задаволена засмяяўся стары.

Шыковіч зразумеў, што размова ідзе пра старшыню.

Гаспадар хаты —

нізкі ростам, хударлявы, з паголенай барадой, але пышнымі рудаватымі вусамі. Вусы гэтыя, аднак, не старылі, а, наадварот, маладзілі яго. Цяжка было сказаць, колькі яму год.

— Сядайце, Кірыла Васільевіч, — ласкава запрасіла гаспадыня.

— Прабачце, але мы нават не пазнаёміліся там як мае быць, — збянтэжыўся Шыковіч.

— Кацярына маё імя. А гэта мой бацька, Халімон Дзям'янавіч.

Стары, не трацячы часу, разліваў настойку ў чаркі. А Кацярына палівала госцю на рукі. Але за перагародкай заплакала дзіця, і яна ўміг забылася на ўсе свае абавязкі гаспадыні.

— Сядайма, таварышок, яе не дачакаешся.

Халімон Дзям'янавіч быццам спяшаўся без дачкі выпіць. Перакуліў чарачку — і загаварыў сцішаным голасам:

— Ета мая малодшая, Кацярына. Два сыны, Павел і Дзям'ян, з вайны не вярнуліся. Дужа гаравала старая. Усё чакала Дзям'яна. Не верыла, значыцца… Тут адзін у нас гадкоў, можа, пяць як з'явіўся… Там, у іх, быў… Старая, царства ёй нябеснае, тры гадкі, як праставілася. Яшчэ сын ёсць, Іван. Дык той пасля арміі ў Данбас паехаў. Не хочуць, таварышок, у калгасе… Во бяда. Я тут сваруся з каторымі. Хто хлеб будзе вырошчваць, чортавы дзеці? Закусвайце. Памідорчыкі, гурочкі. Свае. О, на ента я масцер. Яшчэ ў пана Пячэгі гароднікам служыў…

— Колькі ж вам год? — зацікавіўся Шыковіч.

Стары задаволена засмяяўся і зноў наліў чаркі:

— Адгадайце.

— Ды так шэсцьдзесят. Можа, з маленькім хвосцікам.

Стары зморшчыўся так, быццам хацеў пырснуць вясёлым і гучным смехам, ды стрымліваў сябе.

— А хвосцік енты дванаццаць гадкоў.

— Семдзесят два? — шчыра здзівіўся госць.

— Ага ж. Пражыў, таварышок, дзякуй Богу, усяго на свеце пабачыў і пачуў. Першым калгаснікам быў. Во! — сказаў ён сур'ёзна, з гонарам. — А цяпер Хведар кажа… Учора ета мы з ім за чубкі счапіліся… Цябе, кажа, Халімон, трэба пасадзіць за такія словы, каб ета ў трыццаць сёмым ты сказаў. А што я сказаў? Не пабудуем, кажу яму, Хведар, мы з табой камунізму. А як ён сказаў, што пасадзіць мяне трэба, ды я яму і кажу: навучыся, кажу, ты лепш памідоры ды буракі садзіць, а не людзей. — Стары хіхікнуў, задаволены, мабыць, сваім адказам.

З бакоўкі выйшла Кацярына.

— Што гэта вы тут гародзіце, тата?

— А што, хіба ж не праўду кажу? — узлаваўся раптам бацька.

— Цішэй, Паўліка разбудзіце. — Жанчына прысела каля стала, спытала: — Што ж гэта вы не выпіваеце, Кірыла Васільевіч?

Шыковіч падняў чарку:

— За вас і вашага сына.

Яна ўзяла і наліла сабе колькі кропель настойкі.

— А я за Лёню вып'ю. За мужа. Каб усё добра было. Ён паехаў у інстытут здаваць. На завочнае. Гэта ён бухгалтарам у нашым калгасе. А я замяшчаю. — Яна як ведала, што Шыковічу з самага пачатку карцела спытаць, дзе бацька малога, ды ён не адважваўся, каб не апынуцца ў няёмкім становішчы: усялякія акалічнасці бываюць.

У гэты раз стары не дапіў свае чаркі, настойка перастала яго цікавіць. Больш цікава яму было скончыць думку. Пазіраючы не вельмі добразычліва на дачку, мабыць, баючыся, што яна перапыніць, ён працягваў свае разважанні:

— Вы, таварышок, вас я слухаў… Дужа ладна вы гаварылі. Красіва. На Хведара кіўнулі правільна. Але мала. Яму трэба хіба так кіўнуць! Няма ў яго етай самай, як вы сказалі, праспякцівы. Няма! Во бяда…

— Ды і няма перспектывы, — нечакана згадзілася Кацярына. Стары, яўна здзіўлены, змоўк. — Мне Лёня скардзіўся. Ды і сама я, як улезла ў гэтую бухгалтэрыю, пасядзела там у праўленні… Вы ведаеце, Кірыла Васільевіч, застылі

мы на месцы. Паглядзіце, што робіцца. Мы не пагарэлі ў вайну. А таму ў першыя пасляваенныя гады наш калгас быў ледзь не самым багатым у раёне. Па кілаграму хлеба на працадзень. Усе нарыхтоўкі выконвалі. Грак лепшым старшынёй лічыўся. І цяпер шчэ нос задзірае. А летась таксама далі адзін кілаграм. Ды і ў гэтым больш не дамо. Якая ж будзе ў людзей перспектыва?

— Во-во! — падхапіў стары. — Я і кажу яму: па такім працадні мы далёка не заедзем. А ён мне кажа: за такія словы…

— Муж мой неяк гаварыў, што аджыла ўжо сябе гэтая форма ўліку. Бязлікі ён стаў, працадзень. Рысачка на паперы. Стаўлю я іх у табелі, і самой мне здаецца ўсё гэта несур'ёзным нейкім. Ненавуковым.

— Дык пераходзяць жа на грашовую аплату. Гарантыйную, — сказаў Шыковіч.

— А дзе іх узяць, грошай? Гэта хто блізка ад горада. А ў нас выгадаваць свінню ў паўтара раза даражэй абыходзіцца, чым мы маем за яе.

— Дык што, па-вашаму, трэба зрабіць?

— Не ведаю. Каб Лёня быў…

— Трэба, штоб хазяін з галавой! Во што трэба! — рашуча стаяў на сваім Халімон Дзям'янавіч. — Не задзіраў штоб нос, як той кажа… А на зямлю глядзеў.

— А чаму ж вы столькі год трымаеце такога старшыню?

Кацярына дзіўна глянула на госця і нічога не адказала, паклала яму з глінянай міскі свежых гуркоў са смятанай: еш, маўляў, наіўны чалавек.

А Халімон Дзям'янавіч адказаў па-свойму:

— Во, то я і кажу яму ўчора: ці не пара табе, Хведар, унукаў няньчыць? Як ён чмыхнуў, ты пабачыў бы! — Стары зноў смешна зморшчыўся, заплюшчыў вочы, пакруціў галавой, як бы выпаласкваючы смехам рот.

Лежачы пасля на сенавале, слухаючы, як унізе цяжка ўздыхае карова, Шыковіч доўга думаў і пра гэтую начную размову, і пра расказ Клаўдзі, і пра энтузіязм моладзі, і пра самаўпэўненасць старшыні. Як усё пераплялося — старое і новае, вялікае і малое, гераічнае і буднічнае, коснае і перадавое! Што ж галоўнае для яго — услаўляць ці выкрываць? Пісаць пра мінулае ці пра заўтрашні дзень? У галаве складаўся план артыкула пра Савіча. І тут жа побач — аб гэтым калгасе, аб яго перспектывах, аб людзях, з якімі сустрэўся за адзін толькі дзень. Дзякуючы за вячэру, ён сказаў Кацярыне:

— А пра Клаўдзю Сідараўну я зусім не збіраюся пісаць фельетон. Напроціў…

— Я ведаю, — усміхнулася яна.

Яна ўжо даведалася, а таму, магчыма, і запрасіла на начлег, частавала сярод ночы вячэрай. Але чаму тады ніхто пра Сухадол нічога не ведаў дагэтуль? Жыла жанчына трохі не дваццаць год — і нікому ні слова.

Пра ўсё хочацца напісаць.

Учора ён устаў разам з сонцам. Ехаў цягніком, аўтобусам, грузавіком. Працаваў. Аднак спаць не хацелася. Прачнуліся ластаўкі. Хутка ім збірацца ў вырай. Шыковіч прыслухаўся да іх шчабятання. Праз шчыліну ў страсе цадзіўся досвітак. Заскрыпеў першы журавель. Недзе далёка на балоце заржаў конь. Карова ў хляве цяжка паднялася і пацягнулася, ажно застагнала па-каровінаму. Вось-вось зазвоніць аб дно дайніцы струмень малака. Ён чамусьці чакаў гэтага моманту амаль з нецярплівасцю. Усё такое ж, як і тады, калі ён, юнаком, на світанні вяртаўся з гулянкі і цішком, каб не чуў бацька, залазіў на сенавал. Усе тыя ж гукі.

Ад гэтага было і радасна і чамусьці трохі сумна. Неяк ён сустрэў тую, да якой гадоў трыццаць назад бегаў на спатканне, — цяпер ужо даволі пажылую сялянку. Яму вось гэтак жа зрабілася радасна і сумна. Няўжо і ўчора ён сустрэўся са сваёй маладосцю? Калі зазвоніць малако аб дайніцу — не дачакаўся, заснуў пад спеў пеўняў.

17

Артыкул называўся: «Хто ж такі доктар Савіч?» Ён пачынаўся цытатай з кнігі Гукана ў яго, Шыковіча, літаратурным запісе і з некаторых іншых дакументаў, афіцыйных і неафіцыйных. Гэтыя выказванні аўтар падмацаваў вытрымкамі з заявы самога Савіча на імя фельдкаменданта. Можа, гэтага даволі, каб нашчадкі праклялі і забылі імя гэтага чалавека?

Поделиться с друзьями: