Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Але ёсць людзі, якія, нягледзячы ні на што, думаюць інакш пра Савіча.

«Кандыдат медыцынскіх навук хірург Яраш, добра вядомы ў нашым горадзе…» Шыковіч коратка пераказваў, як пасля дзёрзка-смелага забойства начальніка паліцыі малады падпольшчык Яраш апынуўся ў доме доктара.

«Могуць сказаць, што Савіч не выдаў падпольшчыка, баючыся за дачку. Не было б другіх фактаў — адзін гэты, безумоўна, не мог бы служыць доказам патрыятычнай дзейнасці доктара».

Шыковіч пераказаў дакументы, якія знайшоў у архіве, — запіскі Варавы.

Была ў артыкуле і запіска, якую паказаў Сербаноўскі… Але чэкіст чамусьці папрасіў пра яе пакуль што не ўспамінаць. Шыковіч не стаў спрачацца. З яго даволі было таго, што расказала Сухадол. Расказ яе займаў большую палову артыкула. Прыводзіў яго Шыковіч амаль цалкам,

так, як запісаў на другі дзень свайго прабывання ў Загаллі. Там ён прачытаў гэты запіс Клаўдзі Сідараўне, выправіў па яе заўвагах.

Вось тая частка артыкула.

«…У той дзень, калі ўступілі немцы, у бальніцы заставаўся ён, Сцяпан Андрэевіч, ды я. Усе разбегліся. Нават хворыя паўцякалі, хто мог хадзіць. Але ў нас было чалавек дваццаць дызентэрыйных дзяцей. Доктар стараўся, каб эвакуіраваць іх. Ды каму хацелася браць у эшалон хворых з заразнай бальніцы?! Сцяпан Андрэевіч сказаў мне тады:

„Застанемся, Клаўдзя Сідараўна, на сваім пасту. Толькі баязліўцы пакідаюць пост у цяжкі момант“, — і прызначыў мяне старшай сястрой. З таго дня ўся бальнічная гаспадарка была на мне.

Хутка самі немцы пачалі прывозіць нам хворых. Яны вельмі баяліся эпідэмій розных. Загады пісалі адзін за адным. Тады вярнуліся некаторыя з нашага персаналу. Лекараў, праўда, мала, больш сёстры ды санітаркі. Лекар адзін новы прыйшоў. Малады, худы, як жардзіна, у акулярах. Макейчык яго прозвішча было. Ды я адразу ўбачыла, што ў хваробах ён нічога не разумее і вельмі баіцца хворых, каб не заразіцца. Сказала я пра гэта Савічу, а ён мне ў адказ:

„Не звяртайце ўвагі. Назначэнні яго сам буду правяраць. Вам раю: асцерагайцеся гэтага чалавека. Нічога не выказвайце пры ім“.

Тады я раскумекала, што да чаго і што гэта за гліста такая ў нас завялася.

А неяк увосень ужо выклікае мяне Савіч і кажа:

„Во, Сідараўна, штат ваш папаўняю. Бачыце, якія хлопцы!“

Хлопцы добрыя. Двое. Адразу бачу — не абкружэнцы. Абкружэнцы былі ўжо ў нас. Скура ды косці. Каторых мы лячылі, каторых проста падкармлівалі. А гэтыя абодва ў целе. Толькі адзін, Лёша, бараду адпусціў. А ў другога, Вані, дык яна, мабыць, не расла яшчэ. Чаго гэта, думаю, такія хлопцы да нас у заразную пруцца? Дурні. Праўда, Лёша гэты як адкрыў рот, дык, можа, хвіліна прайшла, пакуль слова сказаў: заіка такі. Яго Сцяпан Андрэевіч прызначыў ездавым — дровы прывозіць, мёртвых адвозіць на могілкі. А Ваню — санітарам. Ён як дзяўчынка быў, маладзенькі, беленькі і ручкі белыя, да чорнай работы нязвыклыя. Шкада мне яго было. Дзіцятка горкае, што цябе прымусіла за заразнымі прыбіраць?

А дзён праз колькі кліча мяне Сцяпан Андрэевіч, зачыняе дзверы ў сваім кабінеце і кажа шэптам:

„Сідараўна, ёсць да вас просьба. Дайце, кажа, ключ ад вашай кладоўкі Ваню“.

Я не зразумела адразу, завялася:

„Навошта яму ключ? Не дам я нікому ключа“.

Ён — галоўны лекар і мог загадаць мне, а ён просіць ласкава так:

„Зразумейце, Сідараўна. Гэта вельмі патрэбна“.

Тады я і пытаюся ў яго:

„Скажыце мне, Сцяпан Андрэевіч, хто гэтыя хлопцы?“

„Я нічога ад вас не таю, Сідараўна, — адказаў ён. — Гэта разведчыкі савецкія. Ім трэба нешта перадаць па радыё нашым. Яны аблюбавалі вашу кладоўку“.

Кладоўка для бялізны была на гарышчы трэцяга корпуса, дзе размяшчаліся ізалятары.

На другі дзень раніцой аддае мне ключы не Ваня, а Лёша і кажа ціхенька, але хуценька, ніколечкі не заікаючыся: „Дзякую, кажа, Клаўдзя Сідараўна. Утульная ў вас мясцінка там, зручная. Але мы вас будзем турбаваць не часта“.

Пасля я ведала, што яны перавозілі і пераносілі рацыю сваю ў розныя мясціны. Каб не засеклі іх.

Сцяпан Андрэевіч у той час пайшоў служыць ва ўправу. Нашы, хто не ведаў яго добра, лаяліся: да немцаў падлізваецца. Некаторыя нават кінулі працу. Бо ён заставаўся галоўным лекарам. Але цяпер ён не сядзеў увесь час у бальніцы. Прыязджаў пасля абеду, рэдка зранку, на кансультацыю, на абход. Бальніцай загадвала яго намесніца Вакулава, Раіса Сяргееўна. Яна і да вайны ў нас працавала, у дзіцячым аддзяленні. Не старая яшчэ была, ды ў першыя дні вайны яе сына забіла бомбай, шаснаццаць гадоў хлопчыку было. Можа, ад гора такога яна ўся пасівела. Белая-белая была. І маўклівая. Рэдка

слова ад яе пачуеш.

Раісу Сяргееўну гестапа схапіла ў тую ноч, калі забілі Савіча. Тады шмат каго з нашых арыштавалі. Аптэкарку Надзю (прозвішча не помню ўжо), Васю Адзінца, шафёра санітарнай машыны; Сцяпан Андрэевіч, калі пайшоў ва ўправу, машыну гэтую раздабыў для бальніцы. Грузавічок з будкай. Здымалі будку, вазілі дровы з лесу, бо са склада немцы не давалі. Добра ведаю, што і ў лес машына пустая не хадзіла: часам ехала па дровы пяць чалавек, а назад вярталася двое. Хто ўцякаў з лагера — прытулак у нашай бальніцы меў. Ачуняе, падкорміцца чалавек — і ў лес. Я такім вопратку знаходзіла, купляла, выменьвала. Мяне аднойчы сама Раіса Сяргееўна папрасіла купіць дзесяць ватовак, грошы дала. Але яна — не як Сцяпан Андрэевіч — не з адкрытай душой. Яна быццам і не давярала мне, асцерагалася. Мне гэта, прызнаюся, крыўдна было. Сцяпан Андрэевіч вунь каго мне даверыў — разведчыкаў! Ды і не толькі разведчыкаў! Аднойчы Вася прывёз у машыне „хворага“ — лысага чалавека з вясёлымі вачамі. Прывёз тады, калі Савіч у бальніцы быў. З машыны яго ссаджвалі, пад ручкі вялі, як напраўдашняга хворага. А паклікаў мяне Сцяпан Андрэевіч да сябе, гляджу: „хворы“ гэты ходзіць па кабінеце, гладзіць лысіну і весела смяецца, падміргвае. Доктар таксама ўсміхаецца:

„Трэба, кажа, Клаўдзя Сідараўна, гэтага хлопчыка памясціць у бокс у дзіцячае аддзяленне“.

А той смяецца:

„Вы мяне коклюшам не заразіце, а то буду кашлем птушак у лесе палохаць“.

„Дайце, — кажа мне Сцяпан Андрэевіч, — на сённяшні вечар якое-небудзь заданне вартаўніку. А на прахадную пастаўце Лёшу. Няхай падзяжурыць. Гэтак жа зрабіце з сястрой. Выдумайце якую-небудзь прычыну. А самі падзяжурце за яе“.

Я ўсё зрабіла як трэба. У той вечар яны доўга раіліся ў працэдурнай. Лысы, Сцяпан Андрэевіч, Раіса Сяргееўна, Вася Адзінец і яшчэ тры ці чатыры незнаёмыя мужчыны, якіх прапусціў Лёша.

Я хачу перапыніць расказ Клаўдзі Сідараўны, каб паведаміць чытачам, што Пракоп Варава, камандзір, пасля камісар атрада імя Чапаева, запіскі якога я знайшоў у архіве, быў лысы і вясёлы чалавек, як расказваюць тыя, хто яго ведаў асабіста. Гэта дае мне падставы меркаваць, што на нараду з падпольшчыкамі прыходзіў не хто іншы, як Варава.

Памер газетнага артыкула не дае магчымасці прывесці расказ К. С. Сухадол цалкам дэталёва. Яна расказала, што недзе ў пачатку сорак другога года загінулі Лёша і Ваня. Прозвішча аднаго з іх было Калуноў, але каторага — жанчына, на жаль, не помніць, ды наўрад ці было гэта сапраўднае прозвішча. Іх схапілі на могілках, яны вялі перадачу з капліцы. Напэўна, гэта пра іх пісаў у сваёй запісцы Варава.

Клаўдзю Сідараўну ў той жа дзень папярэдзіў Савіч, каб у выпадку арышту і допытаў яна нічога не гаварыла. Папрасіліся хлопцы на работу — узялі іх, больш нічога не ведаем, што яны рабілі, чым займаліся. Яе не арыштавалі. Але праз два дні ў бальніцы быў вобыск. Гестапаўцы перавярнулі ўсё дагары дном. Нічога не знайшлі. Але ў часе ператрусу лекар Макейчык, той самы, якога лічылі за фашысцкага агента, замест спірту (да спірту ён часта прыкладваўся) выпіў шклянку кіслаты. Знарок ці выпадкова — невядома. Пасля гэтага, як расказвае Сухадол, ёй доўга не давалі ніякіх даручэнняў. Увогуле ёй здавалася, што і Савіч і Вакулава прыціхлі, нават палонных больш не перапраўлялі за горад. Толькі Вася колькі разоў браў у яе прасціны і марлю. Пасля яна зноў пачала выконваць розныя, як сціпла кажа гэтая жанчына, дробныя даручэнні: узяць да сябе дзяўчыну і выдаць за пляменніцу, да некага схадзіць, нешта схаваць, нешта перадаць і г.д.

Пасля забойства доктара яе не арыштавалі разам з другімі, але тры разы выклікалі ў СД і хітра распытвалі пра ўсіх, больш пра Вакулаву і Васю, менш пра Савіча.

Дзіўны лёс гэтай жанчыны пасля вайны. У наш час, пасля дваццатага з'езда, пра гэта нельга не сказаць. Пасля вызвалення горада яна зайшла ў адну ўстанову „да высокага начальніка“ і шчыра расказала яму ўсё, што ведала пра падпольную дзейнасць Савіча і Вакулавай. Яе ўважліва выслухалі. А праз некалькі дзён яна была зволена з бальніцы „за супрацоўніцтва з фашыстамі“. Цяпер жыве ў далёкай вёсцы без пенсіі, нават без сядзібы. Жыве за тое, што збірае травы і лечыць хворых. За гэта мясцовыя медыкі абвясцілі яе знахаркай.

Поделиться с друзьями: