Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Прыглядзіцеся, таварышы, хто жыве з вамі побач, узнайце чалавека, яго справы, яго біяграфію. Колькі на зямлі нашай безыменных герояў, сціплых і простых! Мы і дзеці нашы павінны ведаць іх імёны!

Не ўсё яшчэ нам ясна і зразумела ў гісторыі доктара Савіча. Невядома, хто яго забіў. Невядома, навошта акупантам і нацыяналістам спатрэбілася камедыя з пахаваннем доктара. Але тыя факты, дакументы і расказы, якія маюцца, даюць мне права сцвярджаць: у інфекцыйнай бальніцы актыўна дзейнічала падпольная група, пра якую пакуль што нідзе не ўпамінаецца ў нашых афіцыйных дакументах. Кіраваў гэтай групай доктар Савіч, які

меў сувязь з камандзірам партызанскага атрада імя Чапаева Пракопам Ігнатавічам Варавам.

Я спадзяюся, што на артыкул гэты адгукнуцца людзі, якія здолеюць дапоўніць факты і выясніць тое, што няясна ў дзейнасці Савіча і другіх савецкіх патрыётаў, жывых і мёртвых, гераічныя справы якіх будуць натхняць многія пакаленні.

К.Шыковіч».

Артыкул спачатку выклікаў буру. Спачатку — у рэдакцыі. Першы ўзвіўся Рагойша.

— Гэта ж прыём жоўтай прэсы! — крычаў ён. — Шыковічу захацелася набыць танную папулярнасць. Паласкатаць нервы абывацеля. Як сябра рэдкалегіі, я катэгарычна супраць надрукавання.

Чуткім нюхам сваім Рагойша адразу адчуў, у кім шукаць надзейнага і аўтарытэтнага саюзніка. Гукан, напэўна, выкажацца супраць, а ён — першы аўтарытэт у горадзе па партызанскай гісторыі. Экземпляр артыкула тут жа апынуўся на стале ў старшыні гарвыканкома.

Сямён Парфёнавіч чытаў, зачыніўшы дзверы, каб ніхто не перашкодзіў.

Назву ён злосна падкрэсліў тоўстым карычневым алоўкам і паставіў напроціў на полі тоўсты клічнік, як бы сцвярджаючы гэтым, што для яго няма пытання ў тым, хто такі доктар Савіч.

На цытаце са сваёй кнігі ён зламаў аловак і шыбануў яго ў кошык. Другі не ўзяў. Чытаў так, раптам сцішаны, засяроджаны, уважлівы. На твары яго не адбіваліся больш ні гнеў, ні раздражненне. Толькі неяк дзіўна ўсё больш і больш аплывалі худыя шчокі і адвісала ніжняя губа, нібы імкнулася дацягнуцца да паперы.

Скончыўшы чытаць, ён згарнуў лісты, паклаў у рэдакцыйны канверт, пераламаў канверт, сунуў у глыбокую кішэню галіфэ і, шырока сігаючы, выйшаў з будынка гарсавета.

Гэтак жа шырока крочыў ён па кабінеце сакратара гаркома, пакуль Тарасаў канчаў размову з загадчыкам аддзела. Тарасаў употай назіраў за ім і здзіўляўся: даўно ўжо ён не бачыў спакойнага Гукана такім устрывожаным.

Не зачыніліся яшчэ дзверы за работнікам — і Сямён Парфёнавіч нецярпліва і непаважліва кінуў канверт на стол:

— Чытаў?

— Што гэта? — Тарасаў выцягнуў з канверта артыкул, глянуў, падумаў: «Ах, вось што цябе…» І чамусьці зманіў: — Не, не чытаў.

А на самай справе чытаў. Рэдактар яшчэ ўчора прыслаў артыкул у гарком.

— Пачытай. Хоць няма чаго чытаць. Дурная фантазія безадказнага пісакі. Знайшоў, ведаеш, нейкую бабу, знахарку, і на яе блытаным расказе хоча перагледзець гісторыю ўсяго падполля…

— Няўжо ўсяго? — як бы здзівіўся Тарасаў, праглядаючы бегла артыкул.

— Хоча абяліць таго, хто сам сябе счарніў. Адкрывацель знайшоўся! Але ж не ў гэтым сутнасць… Гісторыя ёсць гісторыя. Шыковіч яе не рабіў. Не Шыковічу яе і перарабляць. Тут небяспечная сама тэндэнцыя. Я табе папрок кіну, Сяргей Сяргеевіч. Патураеш ты яму. А ён з тых, хто лічыць, што калі партыя развянчала культ Сталіна, значыцца, трэба ўсё перавярнуць дагары нагамі…

— Тэндэнцыя, безумоўна, шкодная, — спакойна згадзіўся Тарасаў, праглядаючы апошнюю старонку артыкула,

а потым узняў галаву, глянуў на Гукана і сказаў: — Але я не бачу лагічнай сувязі. Пры чым тут гэтая тэндэнцыя да таго, што Шыковіч хоча даказаць ды амаль даказвае, што ў бальніцы была падпольная група. Ты цвёрда ведаеш, што яе там не было?

Гукан шумна сеў з боку стала, ляпнуў сябе далоняй па грудзях.

— Ды не ў гэтым справа, Сяргей Сяргеевіч! Тут галоўнае — метад. Пры такім метадзе пошукаў любы фашысцкі паслугач можа цяпер аб'явіць сябе падпольным дзеячам…

— А хто тут аб'яўляе? — паклаў на артыкул рукі Тарасаў.

— Ды хаця б баба гэтая…

— Сухадол? — голас сакратара гаркома раптам стаў жорсткі. — Дзе ж яна служыла? У заразнай бальніцы?! — І рэзка падняўся. Але, мабыць, спалохаўшыся, што можа сарвацца, дастаў папяросу, запаліў і сказаў прымірэнча: — Не гарачыся, Сямён Парфёнавіч. А то як бы нам не вярнуцца да старой тэндэнцыі, якая таксама нямала шкоды нарабіла.

Гукан зразумеў, што Тарасаў знаёміўся з артыкулам раней. Не мог ён, так бегла прагледзеўшы, запомніць прозвішчы і абставіны.

«Ясна, Шыковіч узгадняў з ім. Цяпер, безумоўна, Тарасаў будзе падтрымліваць яго. З ім не дамовішся. Трэба ісці ў абком».

— Ты пачытай уважліва. Як ён будуе артыкул. Робіць надзьмутую позу аб'ектыўнага шукальніка. А па сутнасці, рэвізуе рашэнні гаркома аб падполлі.

— Сур'ёзна? — зноў як бы здзівіўся Тарасаў. — Ну, гэта мы паправім.

«Паправім? Няўжо ён збіраецца друкаваць?»

— Ты што, лічыш, што гэтую муру можна друкаваць?

Тарасаў зноў сеў, падсунуўшы крэсла бліжэй да Гукана, каб не было так афіцыйна, убок выпусціў дым і, пранікліва зазіраючы ў глыбокія чорныя вочы Гукана, спытаў па-сяброўску інтымна, каб выклікаць на шчырасць:

— А што цябе, Сямён Парфёнавіч, так усхвалявала? Жаданне Шыковіча рэабілітаваць Савіча? А калі ён сапраўды патрыёт?!

— Сяргей Сяргеевіч, ты далёкі ад нашых партызанскіх спраў. Ты быў на фронце. А я ў самай гушчы варыўся. Ты не ўяўляеш умоў, у якіх мы вялі барацьбу. Акупанты, правакатары, здраднікі. Нарэшце, такія зайцы, якія баяліся вушамі паварушыць. А цяпер хочуць выдаць сябе за герояў. Ну, у атрадах, там ясна, на віду ўсё: хто герой, хто баязлівец. А вось тут, у горадзе… Я семнаццаць год разбіраюся з гэтымі справамі…

«Нічога ты не разбіраешся. Напісаў за цябе ІІІыковіч кнігу, і ты цяпер выдаеш яе за непагрэшную ісціну», — падумаў Тарасаў з абурэннем. А сказаў з усмешкай:

— Памруць гісторыкі, Сямён Парфёнавіч, калі ты захопіш манаполію на ўсе даследаванні.

Гукан зразумеў іронію сакратара, і яна моцна апякла яго. Ён ажно адхіснуўся. Але зрабіў выгляд, што адваліўся на спінку крэсла, прыгладзіў рэдкія валасы, адпарыраваў амаль весела:

— Ну, з Шыковіча гісторык, як з мяне… паэт.

Тарасаў патушыў у попельніцы папяросу і адсунуўся разам з крэслам да стала. Быццам абодва работнікі захацелі разгледзець адзін аднаго з пэўнай адлегласці.

— А гэта дрэнна, што мы з табой не паэты. На нашых пасадах нам трэба быць паэтамі. Неабавязкова, канешне, рыфмаваць. Рыфмачоў без нас даволі. А вось мысліць паэтычна, шырока і вобразна… — Сакратару самому падабалася гэтая нечаканая думка, і ён падняўся да акна з намерам трохі пафіласофстваваць. Але Гукан зірнуў на гадзіннік і таксама падняўся:

Поделиться с друзьями: