Сэрца на далоні
Шрифт:
— Асцярожна ж, хлопчыкі, — ласкава сказала Валянціна Андрэеўна, калі яны выйшлі з дачы, абодва са стрэльбамі на плячах. Маці радавалася, што Славік пасябраваў з Тарасам, з рабочымі хлопцамі і, здаецца, бярэцца за розум. Цяпер яна згаджалася з мужам, што трэба было адразу ўладкаваць хлопца на завод.
Валянціна Андрэеўна доўга з замілаваннем глядзела ім услед.
Яны выйшлі на луг. Быў ціхі, але па-вераснёўску бадзёры ўжо адвячорак. На небе ляжалі пашматаныя воблакі, нізкія, высокія, перыстыя і дажджавыя. Быццам нейкая цэнтрабежная сіла разагнала іх
Ад лугавых узгоркаў, выпаленых сонцам да попельнага колеру, дыхала сумным настроем восені. Цешыла вока атава ў лашчынах, але і яе колер мала нагадваў колеры вясны: ніводнай краскі, адна цёмная, як зацвілая вада балота, зялёнасць. На адным з узгоркаў стаяла маладая асінка, амаль уся ўжо чырвоная. Яны прайшлі міма. Тарас пагладзіў асінку рукой і засмяяўся — золатам сваіх лісцяў яна нагадала яму Машу. Славік зірнуў на асінку і, напэўна, усё зразумеў.
«Смяешся, гад? Радуешся? Хутка ты ў мяне заплачаш». Ён выплюнуў недакурак цыгарэты і запаліў новую. Ён паліў усю дарогу. Гэтае яго глытанне цыгарэт, маўклівасць і асабліва тое, што ад яго патыхала каньяком, не падабаліся Тарасу, насцярожвалі яго.
«Ну і характар! Не ведаеш, што ён выкіне праз хвіліну. То ў яго славесны панос, то маўчыць як анямелы».
Яны наблізіліся да густога зарасніку высокай лазы. За гэтай лазой — невялікая старыца, на якой любяць начаваць качкі.
Раптам Славік спыніўся, павярнуўся да Тараса, які ішоў крыху ззаду. Абразліва плюнуў міма яго недакурак. Зняў з пляча стрэльбу, паставіў прыкладам на пясок сцежкі. Вочы яго гнеўна бліснулі і тут жа пацямнелі.
— Адзін з нас сёння павінен памерці! — сказаў ён злосна і сур'ёзна.
Тарас, хоць і адчуваў нешта нядобрае, усміхнуўся, як бы зацікаўлены гульнёй.
— Умова: разыходзімся і сыходзімся ў лазняку. Хто ўбачыць першы… выпадковы стрэл… Няшчасны выпадак… Больш двух год не дадуць… Не бойся!
Каб не бліскалі так вочы, не перасмыкаліся вусны і пальцы ліхаманкава не гралі па гранёных ствалах дубальтоўкі, то гэта можна было б палічыць за чарговы Славікаў жарт, няхай недарэчны, дзіцячы, але жарт. А так — Тарас узлаваўся.
— Для такой гульні ты папрасіў бы Віцю. І не стрэльбы трэба вам — кіі. А я перарос. Ды і табе час…
— Ты — гад! — закрычаў Славік, пырскаючы слінай. — Ты… Ты… Ты — падлюга! Я ненавіджу цябе!
— Завошта?
— Завошта?! Яна мая дзяўчына. Я першы пазнаёміўся!.. Я першы!..
— Ціў, — свіснуў Тарас. — Чакай, ты пра каго гэта?
— Хадзем, а то я цябе прыкончу на месцы! — шалеў Славік.
Тарас нарэшце ўсё зразумеў. Маша неяк прызналася, што яна сустракалася са Славікам. Не сказала толькі, што страчаецца па чарзе з імі. Ён не прыдаў гэтаму значэння. Мала хто з кім раней сустракаўся! Аж вунь яно як павярнулася! Аднак што гэта за метад вырашаць такія пытанні? Скажы, калі ласка, які сярэдневяковы рыцар!
— Дурань! Яна што, твая прыватная ўласнасць? Ты прысвоіў яе? Ідыёт! У яе свая галава на плячах. І не такая пустая, як твая. Яна сама можа выбраць, з кім ёй страчацца.
Пайшоў ты! — Тарас моцна вылаяўся, павярнуўся і, паправіўшы на плячы стрэльбу, шпарка закрочыў назад.У душы Славік узрадаваўся, што Тарас адмовіўся ад «каўбойскай дуэлі». Ён, безумоўна, быў упэўнены, што Тарас адмовіцца, калі яму яшчэ там, на заводзе, ускочыла ў галаву гэтая вар'яцкая думка. Але калі ішлі па лузе, спалохаўся: а раптам згодзіцца? Страляе ён лепш і ростам вышэйшы.
Адмовіўся, спалохаўся, уцякае — гэта, бадай, ужо яго, Славікава, перамога. Няхай паспрабуе цяпер расказаць пра ўсё на камсамольскім сходзе ці дзе хоча — як з яго можна пасмяяцца! А па якіх матывах ён выганіць яго з брыгады?
Аднак гэтага мала, трэба замацаваць перамогу. Тым больш што злосць не астыла, кіпела.
— Стой! Буду страляць! — Славік ускінуў стрэльбу і выпаліў угору.
Тарас уздрыгнуў. Ён ішоў з незараджанай, а гэты тып, выходзіць, зарадзіў яшчэ дома.
«Ад такога вар'ята ўсяго можна чакаць». Ён спыніўся, павярнуўся:
— Страляй!
Славік з узнятай стрэльбай пасунуўся на яго:
— Хто цябе будзе страляць! Каб прасмярдзеў увесь луг. У цябе ж поўныя штаны ўжо. Дрыжыш? Збялеў?
Сапраўды, Тарас пабляднеў і дрыжаў. Ён быў з тых, каго ўвесці ў такі гнеў, калі чалавек губляе ўладу над самім сабой, амаль немагчыма. Але няхай сцеражэцца той, хто ставіць сабе такую мэту! А неразумнаму Славіку, відаць, здалося, што ён і напраўду ўтаптаў свайго саперніка ў гразь — спалохаў, зняважыў, збэсціў. Што яму яшчэ дадаць? І ён з усяго размаху даў Тарасу кулаком у сківіцу. Той трохі пахіснуўся, адступіў на крок убок, шырэй расставіў ногі. Крыва ўсміхнуўся:
— Хіба так б'юць?
Здаецца, амаль не замахваўся, а Славік адляцеў крокаў за пяць, пляснуўся патыліцай на калючую сухую траву. Стрэльба вывалілася з рук.
Падхапіўся і пеўнем кінуўся на Тараса. Той даў яму ўдарыць сябе. А потым зноў як бы і не моцным ударам спрактыкаванага баксёра адкінуў яго яшчэ далей. Славік завыў ад шаленства і не падхапіўся, а папоўз да стрэльбы. Тарас кінуўся наперарэз. Падняў Славіка, убачыў, як заплывае ў яго падбітае вока. Спытаў:
— Хопіць ці яшчэ?
Славік да крыві пракусіў яму руку. Тарас за гэта аддзячыў яго дзвюма лёгкімі аплявухамі, без удару ўжо адкінуў у лазняк. Схапіў яго стрэльбу і адбег, схаваўся ў кустах. Славік не кінуўся шукаць яго. Сядзеў у лазе, закрыўшы далоняй падбітае вока, і ціха скуголіў — ад злосці, крыўды і болю…
Валянціна Андрэеўна жахнулася, убачыўшы Тараса з дзвюма стрэльбамі.
— А Славік? — кінулася яна насустрач.
— Ляжыць там.
— Як ляжыць?
— Я набіў яму морду. Не ўмее абыходзіцца са стрэльбай. Ледзь не падстрэліў мяне.
Маці глыбока ўдыхнула халоднае вячэрняе паветра і тады толькі пачула, што сэрца няроўнымі штуршкамі пагнала гарачую кроў у пахаладзелыя ногі.
— Што ў вас здарылася там? Тарас!
— Нічога. Ён раскажа, — адмахнуўся Тарас, перадаўшы Валянціне Андрэеўне стрэльбу.
Але размову пачула Наташа. Ускочыла ў пакой, паведаміла бацьку і маці з захапленнем:
— Тарас набіў Славіку морду.
— Што ты вярзеш? — абурылася Галіна Адамаўна.
Малая сустрэла брата на парозе, павісла на шыі: