Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Яраш павярнуў да сябра мокры твар.

— Я даўно, Кірыла, нічога падобнага не перажываў, — сказаў ён даверліва і з глыбокім смуткам.

— Што здарылася?

— Яны памерлі ў мяне на стале.

— Хто?

— Дзеці. Абодва. Два хлопчыкі. Браты. Аднаму дзевяць, другому сем. Каб мне ўдалося прыляцець хаця б гадзіны на дзве раней. Аднаго, безумоўна, удалося б уратаваць. Непаваротлівыя ідыёты і там, у раёне, і тут, у аблздраве! Дзве гадзіны арганізоўвалі вылет. Я з іх душы вытрасу за гэтых дзяцей! — Ён скрыгатнуў зубамі. — Каб я прыляцеў раней, я зашыў бы артэрыю…

— А што з дзецьмі?

— Міна. Выцягнулі з рэчкі. І, як водзіцца, разбіралі. Ведаеш, старэйшы, Міша, быў у прытомнасці.

Усё пытаў: «Дзеці цэлы? Як Алёнка?» Там былі малодшыя, і яны адганялі іх ад сябе, адчуваючы небяспеку. Падазраю, што ў апошні міг ён сабою закрыў дзяцей. Яму разарвала жывот. Дзіму асколкам прабіла шыю. Засынаючы пад наркозам, Міша сказаў: «Ох, будзе мне ад мамы!» — Яраш закрыў далонямі вочы, паківаў галавой, паўтарыў: — Ох, будзе мне ад мамы! Жахліва, Кірыла! Ніколі я не быў яшчэ такі бяссільны перад смерцю.

Шыковіч маўчаў. Што гаварыць? Яго моцна ўразіла і сама трагедыя і тое, як яе перажывае чалавек, які бачыў тысячу смерцяў, які ўмеў перамагчы яе, бязлітасную кастлявую. Яны доўга сядзелі моўчкі.

Дождж барабаніў па кузаве. Зрэдку прабягалі з парасонамі і ў накідках прахожыя. Зазіралі ў машыну не без здзіўлення. Яраш пакруціў галавой, як бы страсаючы нешта:

— У мяне ў галаве звіняць яго словы. Не магу. Напіцца, ці што? Крыўдна! У клініцы я мог бы ўратаваць іх абаіх. У Мішы парвала кішэчнік. Трэба было ўдаліць парваныя ўчасткі і хутка сшыць. Хутка! А там, ва ўчастковай бальніцы, прыйшлося ўсё рабіць дзедаўскім спосабам. Асістэнтка, раённы хірург, маладая, нявопытная, яе ліхаманіла. Ды і ў самога мяне — сорамна прызнацца — дрыжалі рукі. Жахліва! Можа, дваццаць гадоў праляжала яна на дне рэчкі, гэтая праклятая міна. Уяўляеш? І вось — новыя ахвяры вайны. Дзеці! Дзеці! Ух-х! Паедзем куды-небудзь.

— Куды?

— Куды хочаш.

— Можа, заедзем да Зосі? — спытаў Шыковіч.

— Так, так… Да Зосі, — адразу згадзіўся Яраш.

Яны зноў маўчалі, пакуль ехалі. Каля самага дома Яраш сказаў:

— Толькі не будзем расказваць ёй пра гэта.

Гаспадыня ўзрадавалася гасцям. А Маша, якая жыла цяпер у Зосі, спалохалася. Яна лепш, чым нават Шыковіч, ведала Яраша, і яе спалохаў яго выгляд. Увогуле, яна стала баяцца яго пасля нядаўняй размовы. Неяк ён паклікаў яе ў кабінет. Калі яна ўвайшла, ён сядзеў за сталом і чытаў Блока. Яна спынілася каля дзвярэй, здзіўленая тым, што ён не паглядзеў нават. Гэта не яго манера: ён кожнага з персаналу, ці то галоўны лекар, ці то санітарка, сустракаў заўсёды аднолькава — добрым позіркам, прыветлівым словам.

Маша чакала, імкнучыся здагадацца, навошта паклікана.

Ён сказаў, не адрываючыся ад кнігі:

— Яны пабіліся за вас.

— Хто? — Хоць яна адразу ж здагадалася хто, і ёй вельмі захацелася засмяяцца.

«Няўжо праўда пабіліся? — падумала з вясёлай гарэзлівасцю. — Хто каго біў?»

— Яны працуюць у адной брыгадзе. Сем'і нашы дружаць, разам жывуць. Навошта вам спатрэбілася сутыкнуць іх ілбамі?

— Каб зрабіць правільны выбар, трэба эксперыментаваць, Антон Кузьміч, — адказала яна яго словамі і не вытрымала — засмяялася.

Тады ён адарваўся ад кнігі і паглядзеў на яе. Дзіўна вельмі паглядзеў, быццам на яе месцы чарадзейна апынуўся зусім другі чалавек — не тая сястра, якую ён ведаў два гады, любіў, цаніў, паважаў. З якой нават пасябраваў пэўным чынам, калі з'явілася Зося.

— Дзіўны эксперымент, — хмыкнуў ён, хіснуўшы галавой. — Можна вас папрасіць, каб вы з нашымі сынамі такіх эксперыментаў не рабілі?

Ад гэтай яго просьбы, падкрэслена-ветлівай, афіцыйна-халоднай, яна страшэнна збянтэжылася. Як яна недарэчна трымала сябе — засмяялася, сказала несусветную лухту! Праваліцца б лепш скрозь падлогу. Добра, што ён зноў углыбіўся ў кнігу і не глядзеў на яе. Але

яна не ведала, як выйсці, і ўсё стаяла перад сталом, анямелая, пакараная найгоршым чынам. Відаць, ён зразумеў, што з ёю робіцца, бо сказаў:

— Папрасіце, калі ласка, Дабравольскую зайсці да мяне.

Маша ветрам вылецела з кабінета.

…Таму яна і спалохалася, убачыўшы абодвух бацькоў. А што, калі яны збіраюцца пагутарыць з ёй?

Супакоіў Шыковіч.

Выйшаў за ёй на кухню, спытаў прыветліва, па-сяброўску:

— Маша, вы ўмееце варыць каву? Чорную?

— Умею.

— Вы ўсё ўмееце. З вас будзе цудоўная жонка.

Ён даў ёй грошы на каву і каньяк. Яна ўзрадавалася даручэнню.

Зося захвалявалася была, хацела адзявацца, каб прымаць гасцей, як належыць гаспадыні. Але Яраш пачаў распытваць яе пра адчуванне, прафесійна, падрабязна, па-бальнічнаму. І яна зноў залезла на шырокую канапу з нагамі. Сядзела ў куточку, захутаўшыся ў халацік, як малая японачка. Маша навучыла яе адмыслова закручваць валасы, і высокая кукла прыгожых валасоў сапраўды рабіла яе падобнай на ўсходнюю жанчыну.

Яраш скончыў распытваць пра здароўе і змоўк. У той дзень яму цяжка было весці размову для размовы, гаварыць пра ўсё.

Шыковіч паліў на кухні, пускаючы дым у фортку, слухаў іх, зразумеў зацяглую паўзу.

Зося сказала нешта пра дождж. Яраш крыху іншымі словамі сказаў тое ж.

— У вас стомлены выгляд, Антон Кузьміч.

— Я сёння прыляцеў з раёна.

— Камандзіроўка?

— Але.

Шыковіч кінуўся на дапамогу сябру.

— Соф'я Сцяпанаўна, не сумна вам адной у гэтым доме? — спытаў ён з жартаўлівай весялосцю, сядаючы ў зручнае нізкае крэсла.

— О не. Я чытаю. У мяне добрыя суседзі. Яны наведваюцца. А потым прыходзіць з работы Маша…

Вось так пагаварылі яшчэ пра тое-сёе. Нарэшце Кірыла падступіў да галоўнага, асцярожна, далікатна:

— Соф'я Сцяпанаўна, скажыце, калі ласка, вас не вельмі расхвалюе размова пра мінулае?

Яна ўздрыгнула, насцярожылася:

— Пра якое мінулае?

— Ну, напрыклад, пра вайну. Пра смерць бацькі…

— А што вас цікавіць?

— Што мяне цікавіць?.. — Ён палез ва ўнутраную кішэню пінжака і дастаў складзеныя лісты паперы. — Прачытайце вось гэта, і вы зразумееце.

Яраш зірнуў на сябра з дакорам, але змаўчаў.

Зося разгарнула сашчэпленыя лісты, прачытала загаловак, устрапянулася, паглядзела на Шыковіча са здзіўленнем, страхам і надзеяй. Позірк яе пытаў:

«Што ты падрыхтаваў мне? Гора? Хіба ў мяне яго было мала? Радасць? Няўжо радасць?..»

Пачала чытаць прагна, нецярпліва, маланкава хутка. Лісткі трапяталіся ў руках, як жывыя птушкі. Пабляднелі, а потым загарэліся шчокі. Яны абодва не зводзілі з яе вачэй. Але вось яна, перагортваючы старонку, з палёгкай уздыхнула. Прыціхлі лісты, перасталі трапятаць. Павольней пачала чытаць яна. Пад канец, было відаць, зусім супакоілася і здавалася нават крыху расчараванай. Задумалася глыбока. Яны доўга, ніводным рухам не парушаючы цішыні, цярпліва чакалі, калі яна вернецца з успамінаў.

Шпарка-шпарка, нібы надзвычай спяшаўся — цік-цік-цік, — адганяў у нябыт секунды прыгожы гадзіннік на кніжнай паліцы. За акном у лісцях таполі шумеў дождж.

Нарэшце Шыковіч не вытрываў:

— Пра што вы думаеце?

Яна не ўздрыгнула, не схамянулася, — паглядзела сухімі, але напоўненымі святлом удзячнасці вачамі, спакойна адказала:

— Я думаю, як хораша, што ёсць на свеце такія людзі, як Антон Кузьміч, як вы… Дзякую вам.

— Падзякі пасля. Ды і не мне павінны быць адрасаваны. Антону — справа іншая. А за тое, што ў нашы дні ўсюды аднаўляецца справядлівасць, вы ведаеце, каму дзякаваць. Цяпер вы разумееце, што мяне цікавіць. Як загінуў доктар Савіч? Хто яго забіў? Вы былі пры гэтым?

Поделиться с друзьями: