Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Што зробiш, Антон Кузьмiч. Такая наша прафесiя.
– Але, брат, прафесiя наша цяжкая. Нiчога не скажаш.
Прыгадаўшы аддзяленне, куды яму належала iсцi, i галоўнага лекара, Яраш зноў адчуў злосць. Беспарадак, бруд не толькi ў бальнiцах, але i ў другiх месцах, яго, звычайна спакойнага, прыводзiлi ў лютасць. Можа, праз гэта пра яго хадзiлi легенды. Расказвалi, напрыклад, што ён пабiў лекара сельскай бальнiцы, якую правяраў, аддаў пад суд хiрурга, якi аперыраваў п'яны, што ён у часе сваiх аперацый мацюкаецца на асiстэнтаў i сясцёр. Усё гэта, безумоўна, выдумкi. Лекара ён завёз у райком, хiрургу толькi пагразiў судом, а мацюкнуўся адзiны
Па дарозе ў тэрапеўтычнае аддзяленне ён сказаў Майзiсу:
– У Гаецкай у кабiнеце халадзiльнiк. А шторы? Бачыце якiя? Побач з такiм аддзяленнем!
Майзiс падняў галаву, i з яго акуляраў выскачылi асляпляльныя зайчыкi. Усмешка варухнула тоўстыя вусны.
– У нас яе завуць "царыца Тамара".
– Бо вы бяззубыя тут, як малюскi. Прапясочылi б гэтую "царыцу" на партыйным сходзе.
– Для гэтага патрэбна прынцыповасць доктара Яраша.
– Не падхалiмнiчайце, Майзiс.
Маладзенькая лекарка, якая вяла хворую, сустрэла iх у калiдоры i адразу разгубiлася - пачырванела, пачала заiкацца, называла Яраша "прафесарам". Ён не ўзлаваўся на гэтае дзяўчо. Але, баючыся, што ўсё разам - яе пачцiвасць, выгляд аддзялення, успамiн пра Тамару - можа даць недзе гнеўную ўспышку, Яраш нахмурыўся, апусцiў галаву, выключыў увагу (ён умеў гэта рабiць), каб менш бачыць i чуць.
Яны ўвайшлi ў палату, дзе стаяла штук сем ложкаў, памiж iмi было цесна праходзiць. Як нi хацеў Яраш, усё адно ўбачыў усё адразу: ложкi, сцены, пацямнелыя ад старасцi залатаныя навалачкi, прасцiны, ручнiкi, абшарпаныя тумбачкi i хворых - хто як глядзiць на яго: з цiкавасцю, абыякава цi хоча папрасiць: "Доктар, паглядзiце i мяне".
– Вось наша хворая, - сказала лекарка, спынiўшыся каля ложка ў кутку, i, спахапiўшыся, падала Ярашу табурэт.
Хворая як хворая. Такiх ён бачыў сотнi. Маленькая жанчына, такая худая, што здавалася, пад коўдрай - пустата. А на падушцы спакутаваны твар з яркiмi прыкметамi яе хваробы: крыху збляклая ўжо сiнюшнасць губ, крылляў носа. А шчокi заружавелi. Хвалюецца. I вочы... Якiя вочы! I як яны глядзяць! Чаго толькi не бачыў за сваё жыццё i лекарскую практыку Яраш, але такiя вось вочы яго заўсёды выводзiлi з раўнавагi. Яны прасiлi, малiлi, выказвалi надзею, страх - усю бясконцую гаму пачуццяў чалавека, якi прагне жыць.
Сядаючы на табурэт, ён падумаў, што ў большасцi такiх цяжкахворых жанчын прыгожыя валасы. Ад кантрастнасцi, вiдаць. У гэтай вунь таксама якiя цудоўныя - светла-залацiстая пышная карона. Каб не сустракацца позiркам з хворай, Яраш разглядаў свае вялiкiя, адбеленыя спiртамi i эфiрамi пальцы i слухаў даклад лекара. У яго ўжо выпрацавалася прафесiйная звычка: чуць i фiксаваць у памяцi толькi тое, што патрэбна яму як кансультанту. Усё iншае, у тым лiку прозвiшча i iмя, ён выясняў пасля, калi сам пачынаў аглядаць хворага. Але паведамленне лекара аб тым, што хворая перанесла першую атаку рэўматызму ў нямецкiм лагеры, узварухнула яго. Ён глянуў на гэтую маленькую жанчыну з цiкавасцю i жалем, сустрэў яе вочы, поўныя дзiвоснага агню i малення, падумаў:
"Вось яна, вайна. Збудаваны гарады. А сэрцы людзей... Сэрцы ранены". Ён падумаў пра сэрцы не наогул. Не. Як лекар, уявiў канкрэтнае маленькае сэрца, у якiм развiўся
парок. Лекар расказвала, у якiм стане хворая паступiла ў бальнiцу:– Ацёчнасць нiжнiх канечнасцей... Рэзка павялiчана пячонка...
– Калi паступiла?
– спытаў Яраш.
– Два тыднi назад.
– Лекар збянтэжылася, забылася, на чым яе перапынiлi.
– Гаварыце, гаварыце.
– I зноў збоку здавалася, што кансультанта цiкавяць толькi ўласныя рукi.
– Быў праведзены курс лячэння...
I раптам у аднатонны даклад, перасыпаны лацiнскiмi словамi, уварваўся шэпт:
– Кузьма...
Яраш нават спачатку не звярнуў увагi.
– Антон Кузьмiч, - гучна паправiў Майзiс, якi стаяў за спiной у Яраша.
Тады Яраш рэзка падняў галаву, паглядзеў на хворую. Яна ўсмiхнулася вiнавата i зноў нясмела прашаптала ўжо другое iмя:
– Вiктар...
Яраш адчуў, што праз рукi яго быццам прапусцiлi электрычны ток, закалола ў кончыкi пальцаў: ён пачуў свае падпольныя клiчкi.
У яго былi надзвычай чуткiя пальцы, паталагiчна чуткiя, нават уласныя эмоцыi ён перш за ўсё адчуваў пальцамi. Вось так заколе - значыцца, злосць, радасць, здзiўленне.
Ён пазнаў гэтую жанчыну. Але не верыў вачам.
Хiба ўваскрасаюць мёртвыя? Колькi прайшло год! Дзе яна была дагэтуль?
Ён павольна падняўся з табурэта.
Лекар са страхам глядзела на сваю пацыентку: што тая трызнiць?
Майзiс лёгка свiснуў: ён быў рамантык, любiў прыгоднiцкiя кнiгi, фiльмы, нечаканыя сустрэчы людзей.
Хворая супакоiла свайго лекара простым i ясным запытаннем:
– Не пазнаяце, Антон Кузьмiч?
Яраш умеў стрымлiваць свае пачуццi ў любых абставiнах. Але тут не стрымаўся.
– Зося?
– прашаптаў ён так, што ўздрыгнула лекар, прыўзнялiся на локцях хворыя, а Майзiс у захапленнi пацёр рукi.
– Зося!
– паўтарыў ён гучней i, высокi, мажны, схiлiўся над ложкам, як бы хочучы загарадзiць яе ад чужых вачэй, ад хвароб, ад усiх навал. Узяў тонкiя, схудалыя рукi ў свае мяккiя шырокiя далонi, асцярожна сцiснуў.
– Адкуль вы з'явiлiся, Зося?
А ў дзверы ўжо заглядвалi сёстры, хворыя, i ўсё аддзяленне загудзела, як разварушаны вулей.
5
На супынцы таксi каля вакзала адзiн з шафёраў ветлiва запрасiў Яраша:
– Калi ласка, доктар, у маю машыну.
– У Дзятлаўскае ляснiцтва. Ведаеце?
– Ведаю. Наш брат усё мусiць ведаць.
"Волга" рванула з месца, Яраш па iнерцыi адкiнуўся на спiнку i гэтак застыў. Мiльгалi вулiчныя лiхтары, вiтрыны, сiгналы сустрэчных машын. Ён заплюшчыў вочы, але не адчуў асалоды адпачынку. Дзень скончаны. Незвычайны дзень. Яраш жыў уражаннямi ад сустрэчы з чалавекам, якога васемнаццаць год лiчыў мёртвым. "Вось сюжэт для Кiрылы". Ён хацеў надаць думкам iншы кiрунак, абстрагавацца i супакоiцца. Але дарэмна. Супакоiцца не так проста.
Зося папрасiла, каб ён аперыраваў яе. I не сказала, як многiя iншыя: "Лепш памерцi, чым так пакутаваць". Не. Яна верыць, што ён здолее ўратаваць яе.
Калi тая аперацыя! Праз месяц... I цi можна яе ўвогуле аперыраваць? Гэта яшчэ пакажуць даследаваннi. А ён ужо хвалюецца. Хвалюецца, бадай, мацней, чым перад сваёй першай самастойнай аперацыяй. Уяўляе яе сэрца, бачыць, як на макеце, звужэнне левай перадсардэчна-страўнiкавай шчылiны... Недастатковасць клапана... Мозг пачынае напружана працаваць. Iдзе аперацыя. Ён уважлiва i прыдзiрлiва прасочвае ўвесь ход яе, ад падрыхтоўкi хворай да...