Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:

Раскрывае грудзi... Бярэ сэрца... Вось яно...

Машына рэзка спынiлася. Яраш расплюшчыў вочы. Стаялi перад закрытым шлагбаўмам каля чыгуначнага пераезду на ўскраiне горада.

"Усяго праехалi?" - здзiвiўся ён.

Прайшло некалькi хвiлiн, а ён траха не скончыў такую аперацыю, на якую патрэбны гадзiны.

– Задрамалi, Антон Кузьмiч?
– спытаў шафёр.

Дзесьцi збоку пыхкаў паравоз. Затрубiў у ражок стрэлачнiк.

Яраш заглянуў шафёру ў твар, асветлены слабым водблiскам прыбораў i чырвоным лiхтаром шлагбаўма. Не, гэтага чалавека ён не лячыў, памяць у яго на твары добрая.

Шафёр, зразумеўшы, што доктар хоча пазнаць яго, растлумачыў:

– Вы ўратавалi майго сына, Антон Кузьмiч. На ўсё жыццё вам удзячны. Мацi штодня ўспамiнае. Хаця б ты, кажа, павазiў доктара. Скажыце, i я кожны дзень буду вазiць вас.

– Хабар?
– усмiхнуўся Яраш.

– Якi хабар, доктар?
– пакрыўдзiўся шафёр.
– Хабар даюць за цёмныя дзялы. А тут - жыццё сына...

Прайшоў нядоўгi таварны састаў. Старэнькi паравоз сыпануў у начное неба жменю iскраў. Але яны не сталi зоркамi - упалi назад на зямлю i патухлi.

Павольна падымаўся шлагбаўм. У нейкi мiг замест чырвонага лiхтара загарэўся зялёны. Яраша заўсёды здзiўляла гэтая няхiтрая механiка.

Машына кiнула на пераезд сноп кароткага святла. Заблiшчалi рэйкi. Вартаўнiк пагразiў пальцам. За пераездам фары выхапiлi з ночы больш доўгi кавалак чорнай шашы.

Яраш глянуў убок i ўбачыў зоркi. Iх было мала, i яны плылi над чорным лесам, якi заўсёды ўначы чамусьцi здаваўся горнай градой - з вяршынямi, доламi, цяснiнамi. А ўдзень гэта была зусiм роўная сцяна лесу за кiламетр ад дарогi. Там, наперадзе, лес падступiць да самай шашы, i тады знiкне гэтая iлюзiя. Антон Кузьмiч нiяк не мог растлумачыць прычыны такога зрокавага падману.

Усё гэта - супынка, размова з шафёрам, зоркi, лес - адцягнула думкi ад Зосi. Праўда, ненадоўга. Хутка ён пачаў зноў думаць пра яе, але ўжо iнакш. Прыгадаў, як зноў, другi раз за дзень, сутыкнуўся з Тамарай. Яна раптам запярэчыла супраць пераводу Зосi ў тую клiнiку, дзе пастаянна працаваў Яраш. Калi ён пайшоў, каб растлумачыць ёй, што мае сам аперыраваць хворую i таму зручней, каб яна была пад яго штодзённым наглядам, Тамара са здзекам спытала:

– Гэта тваё падпольнае каханне?

Антон не вытрываў i вылаяўся груба i злосна. Гаецкая спалохалася, адразу аформiла перавод.

Калi Яраш пазванiў у рэдакцыю Шыковiчу, што мусiць затрымацца, той сказаў:

– Хрэн з табой. Сядзi каля сваiх хворых хоць тыдзень. А я млею ад духаты.

Ён доўга сядзеў каля сваёй хворай. Зося глядзела на яго i хораша ўсмiхалася, шчаслiва i збянтэжана.

– Дзе вы былi ўвесь гэты час?

– Апошнiя тры гады тут, у нашым горадзе.

– I не ведалi пра мяне?

– Ведала. Бачыла колькi разоў.

– Бачылi? I не маглi прыйсцi?

– Я маленькi чалавек, Антон Кузьмiч. Прыёмшчыца арцелi кравецкай на Выселках.

– Ды якое мае значэнне, кiм вы працавалi! Глупства! Сорамна падпольшчыцы дзялiць людзей на маленькiх i вялiкiх.

– Якая я падпольшчыца! Я дачка доктара Савiча.
– Вочы Зосi напоўнiлiся слязамi.

– Ну, не трэба! Калi ласка! Нiякiх хваляванняў i нiякiх расказаў! Аб усiм пагаворым пасля.
– Ён падняўся, каб пайсцi.

Яна папрасiла нясмела, сарамлiва:

– Пасядзiце яшчэ трошкi, Антон Кузьмiч. Хлопчык гэты, Тарас, жывы?

– Хлопчык! Хлопчык гэты ў армii адслужыў. На заводзе робiць...

– Я

шукала яго.
– Яна як бы вiнавата прасiла прабачэння за тое, што не здолела знайсцi дзiця.

– Пасля, пасля. Не хвалюйце сябе нiякiмi ўспамiнамi.

Сёстры i санiтаркi хадзiлi на пальчыках i гаварылi шэптам. У iх былi спалоханыя твары. Яраша абурыла гэта, але ён змаўчаў. Прымусiў сябе маўчаць. Што б яны падумалi, каб ён, звычайна ветлiвы i далiкатны з малодшым персаналам, раптам накрычаў на iх?

Цяпер, у машыне, ён падумаў, што трэба заўтра ж пра ўсё расказаць Машы i папрасiць, каб яна ўзяла шэфства над Зосяй. Не медыцынскае. Чалавечае.

Таксi звярнула з шашы ў лес. У святле фар дрэвы здаюцца дэкаратыўна нежывымi i ў той жа час фантастычна прыгожымi. Праплываюць застылыя ствалы з нерухомым белым лiсцем. Быццам на мiг з'яўляюцца на свет з дагiстарычнай цемры i зноў знiкаюць назаўсёды. Ценi бягуць наперадзе, пераганяючы святло, доўгiя i вузкiя - блiзка i шырокiя - удалi. А з бакоў - чарната. А ўгары - цемра: зноў не вiдаць зорак.

Яраш надзвычай любiў начную язду па лесе. Часта прасiў Шыковiча паездзiць. Той не разумеў яго захаплення. Яраш злаваўся: "Якi ты, да д'ябла, пiсьменнiк, калi не адчуваеш такой прыгажосцi? Ты паглядзi на гэтыя сосны! Якi ў iх колер? А ценi? З чым ты параўнаеш iх? Паспрабуй напiсаць гэта рэалiстычным пэндзлем. Памрэш - не напiшаш. Тут, брат, трэба нейкi асобы, умоўны прыём".

"Хiрург-абстракцыянiст!
– хмыкаў Шыковiч.
– Навiна! Дзiва дзiўнае!"

Шафёр таксi, напэўна, хацеў у знак удзячнасцi давезцi свайго пасажыра як мага хутчэй i iмчаў па карэннях i ямах, не шкадуючы машыны.

Яраш папрасiў:

– Цiшэй, калi ласка. Можна?

– Можна!
– Шафёр адразу збавiў хуткасць.
– Я думаў, вы спяшаецеся.

– Не. Я люблю паглядзець на лес.

– О, лясок тут добры! Каб такiх сосен на дом.

– Што было ў вашага сына?

– Пералом пазваночнiка. На будаўнiцтве, ведаеце. Няшчасны выпадак.

– А-а, помню.

Шафёра ўзрадавала, што доктар помнiў яго сына. Як бы пакрыўджаны за хабар, ён праз усю дарогу маўчаў. Гзта яму, вiдаць, нялёгка давалася, бо калi прарваўся, то пачаў паспешлiва i мнагаслоўна расказваць пра сына, пра сябе, пра ўсю сваю сям'ю.

Яраш слухаў i не чуў. Глядзеў на лес i думаў. Як у святле фар выплывалi з цемры дрэвы, так i з ночы памяцi выплывалi эпiзоды жыцця, далёкiя i блiзкiя, з падполля i з сённяшняга дня.

Да дачы ён не даехаў. Спынiўся каля канторы ляснiцтва, сiлком усунуў таксiсту грошы i пайшоў пехатой.

Свяцiлася толькi адно акно - на паддашку ў Шыковiча.

"Трэба адвучыць яго ад начной працы, - падумаў Антон Кузьмiч пра сябра i тут жа пра жонку з пяшчотай: - Спiць Галка. Тут добра спiцца".

Шкада было будзiць яе. Калi пад нагамi пiснулi ўсходцы ганка, ён пагразiў iм пальцам: "Цыц!" Потым доўга стаяў нерухома, слухаючы начную цiшыню.

Не паднiмалася рука, каб цiхенька, адным пальцам, пастукаць у шыбiну веранды. Ён быў упэўнены, што дзверы зачынены. Але паспрабаваў асцярожна нацiснуць на ручку - i дзверы лёгка адчынiлiся. Белая, як прывiд, постаць стаяла ў адным кроку ад парога. Навучаны шматгадовым вопытам, Яраш усё зразумеў i ўмiг мабiлiзаваў свой спакой i вытрымку.

Поделиться с друзьями: