Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:

– Столькi год я з табой сябраваў i не ведаў, што ты такая дрэнь.

Эх, як Тукала зноў падскочыў.

– Чуеце?.. Станiслаў Iванавiч!

– Хлопцы, як вам не сорамна, - паспрабаваў прымiрыць рэдактар.

– Цяпер разумею, што не зусiм таго, каго трэба, я выкiнуў за дзверы. Вось каго трэба! I не за дзверы. За акно. Дазволь, Станiслаў Iванавiч?
– I Кiрыла пайшоў, каб абысцi доўгi стол.

Тукала хутка адступiў за рэдактарскi стол. Спалатнелы, стаў побач з Жывiцкiм, якi таксама насцярожана падняўся.

Шыковiчу стала смешна. Ён дайшоў да краю стала, хмыкнуў i накiраваўся да выхаду. Калi дзверы за iм зачынiлiся, Тукала выхапiў хусцiнку i пачаў выцiраць успацелыя рукi i лоб.

– Ты бачыў? Зазнаўся! Напiсаў дзве бяздарныя

кнiжачкi i гэтак зазнаўся! Як псуе слава! Жах!

Жывiцкi засмяяўся.

Не разумеючы прычыны яго смеху, Тукала пачаў развiваць цэлую тэорыю наконт славы i зазнайства.

8

Яраш абсталёўваў аперацыйную навейшай апаратурай. Рэканструкцыi яго неаднойчы прыводзiлi ў жах аддзел аховы здароўя. Але няўмольныя вартавыя фiнансаў не маглi ўстаяць перад яго хiрургiчным аўтарытэтам. Патрыёты горада, яны таксама ганарылiся славай хiрургiчнага аддзялення бальнiцы, якое лiчылася лепшым у рэспублiцы. Аперацыйная прывяла ў захапленне дэлегацыю чэшскiх лекараў, якiх нялёгка здзiвiць медыцынскай тэхнiкай. А Яраш усё адно быў незадаволены: ёсць апаратура лепшая. Пераабсталяванне ён планаваў даўно. Многiя з патрэбных апаратаў былi набыты загадзя. Але ўстаноўку iх адцягваў: па-першае, шмат чаго не хапала, па-другое, ён спадзяваўся, што пад канец года галоўны лекар i аддзел будуць больш шчодрымi.

I раптам ён пачаў работу па пераабсталяванню нечакана. Сам працаваў з манцёрамi i мантажнiкамi вечарамi. Плацiў iм прэмiяльныя са сваёй кiшэнi. За гэтае дзiвацтва яму ўжо неяк раней накiвалi на партбюро. З тым жа, што ён часта працуе не толькi з манцёрамi, але i са сталярамi, з паркетчыкамi, у клiнiцы звыклiся. Добрыя душы тлумачылi, што Ярашу проста няма куды дзяваць сiлу i энергiю, злыя - што такiм чынам ён хоча павялiчыць сваю папулярнасць.

Каб яму сказаў хто, што ўсё гэта робiцца так тэрмiнова з-за адной хворай, ён, напэўна, пачаў бы аспрэчваць, можа, нават з абурэннем. Не, апаратура ўдасканальваецца не для адной хворай! Для ўсiх. Але ён разумеў, што было б няпраўдай адмаўляць, што гэта ўваходзiць у падрыхтоўку да аперацыi Зосi Савiч. Ён зрабiў сотнi розных аперацый, нямала ўжо i такiх - на сэрцы. Але бадай нi да адной не рыхтаваўся з такой стараннасцю i адказнасцю. Як да найвышэйшага экзамену. Тут усё павiнна быць узважана i ўлiчана. Каб нiякай выпадковасцi. Яго апраўдаюць усе, што б нi здарылася. Але сам ён не даруе сабе, калi гэтая спакутаваная жанчына скончыць сваё жыццё на аперацыйным стале. Неяк уначы ён увесь захаладаў ад такой думкi, гэтак жа, як некалi, калi цяжка хварэў Вiця i ён, хiрург Яраш, страцiўшы веру ў медыцыну, раптам падумаў, што сын можа памерцi. З'яўлялася думка: а можа, запрасiць каго-небудзь з калег з Масквы, з Кiева? Да яго прыедуць. Рэдка якi хiрург бярэцца аперыраваць блiзкага чалавека. Блiзкага... А гэтую дзяўчынку ён ведаў роўна восем сутак, бачыў, размаўляў, калi яна прыносiла яму ежу на гару, дзе i ўдзень панаваў паўзмрок. Ён амаль не ведае (можа, толькi здагадваецца), як яна жыла васемнаццаць год свайго жыцця. I ўсё-такi яна была блiзкiм чалавекам. Нi адзiн хворы цi хворая не жылi так у яго сэрцы, у думках.

Пакуль што Яраш аддаў яе тэрапеўтам, каб падлячылi, паназiралi, зрабiлi ўсе кардыяграмы, здымкi i аналiзы. Сам заходзiў рэдка, раз у тры днi, на кароткi час, як лекар. Гэта не зблiжала, наадварот, аддаляла iх. Калi ў дзень сустрэчы ён казаў ёй "ты", то цяпер звяртаўся на "вы", як належыць лекару да хворай. На такое аддаленне ён пайшоў свядома. У той жа час папрасiў Машу, каб тая наведвалася да Зосi. Ён сказаў пра гэта аперацыйнай сястры чамусьцi крыху збянтэжана:

– Маша, ёсць у мяне да вас просьба...

Яна адразу насцярожылася.

– Калi ласка, Антон Кузьмiч.
– I падняла свае тонкiя рукi, каб паправiць бялюткi чэпчык на высокай дзiвосна залатой кукле валасоў. Ён даўно заўважыў, што яна заўсёды слухае вось так - з паднятымi рукамi.

– У тэрапii ляжыць хворая Соф'я Савiч. Нам з вамi, здаецца, прыйдзецца аперыраваць яе. Я хацеў

бы, каб вы наведвалiся да яе. Не як сястра. Як добры друг. Разумееце? Жанчына гэтая пражыла цяжкае жыццё.

Яраш адчуваў, што, выказаўшы такую просьбу, ён абавязаны растлумачыць Машы, хто ж такая Савiч. Але што сказаць?

Што Зося ратавала яго ад смерцi? Чамусьцi не хацелася, каб да аперацыi пра гэта даведалiся ў бальнiцы. Ён добра ведаў, што, бадай, няма большых легендатворцаў i аматараў сенсацый, як лекары i сёстры.

Падумаўшы пра легенды, ён сказаў пра другое:

– Вы ведаеце, Маша, я не люблю казак. Але ёй расказвайце пра мяне любыя легенды.

Сястра застыла, як манекен, зграбная i халодная; яна заўсёды астывала, калi чаго не разумела. Ён растлумачыў:

– Пра маю хiрургiчную славу. Псiхiчная падрыхтоўка.

Маша ўсмiхнулася проста i цёпла, здавалася, што ўсмiхнуўся не толькi яе твар, вусны, а ўся постаць - ад залатых валасоў да бронзавых ад загару стройных ног.

– Цяжка расказаць больш, чым вы заслугоўваеце, Антон Кузьмiч.

– Не будзем гаварыць адно аднаму камплiментаў, Маша. Нам не патрэбна псiхiчная падрыхтоўка.

Жарт гэты збянтэжыў дзяўчыну.

Днi праз два Маша зайшла да яго ў кабiнет у той час, калi ён адпачываў памiж дзвюма складанымi аперацыямi. Яна не магла не ведаць, што хвiлiны такога адпачынку былi свяшчэннымi. Як добры актор настройвае сябе на iнакшае псiхалагiчнае гучанне ў другой дзеi, так ён настройваў сябе на другую аперацыю. Сядзеў у мяккiм крэсле, скiнуўшы чаравiкi, паклаўшы ногi на другое крэсла, i палiў. I вельмi не любiў, калi хто-небудзь заходзiў, перашкаджаў адпачынку. Пра гэта ў аддзяленнi ведалi.

На стук у дзверы адказаў незадаволена:

– Хто там?
– i скамячыў цыгарэту.

– Я.

Ён здзiвiўся, убачыўшы Машу. Яна ўвайшла, нясмелая i надзiва збянтэжаная. Куды падзелiся яе разлiчаныя, да ненатуральнасцi артыстычныя рухi! Спынiлася каля дзвярэй, трымалася за ручку, як бы рыхтуючыся ўцякаць. Выраз твару быў вiнаваты.

Яраш хутка сунуў ногi ў чаравiкi.

– Што здарылася, Маша?

– Я дрэнная сядзелка, Антон Кузьмiч, - сказала яна так, як магла б сказаць тады, калi ён выказваў сваю просьбу, каб мела намер адмовiцца.
– Мы не разумеем адна адну. Яна, Савiч, адносiцца да мяне з дзiўнай падазронасцю...

– З падазронасцю?
– перапытаў Яраш.

– Можа, не тое слова я сказала. Але... дзiўная яна. Пра такiх у нас кажуць: нелюдзiмая.

– Нелюдзiмая?
– з суровым дакорам перапытаў ён i гэтай суровасцю зусiм збянтэжыў дзяўчыну. Але тут жа мякка прапанаваў: - Сядайце, Маша, - i паказаў на тое мяккае крэсла, у якiм толькi што сядзеў сам.

Яна нясмела села. Як тая вясковая дзяўчынка, што ўпершыню трапiла да суровага i бязлiтаснага прафесара. Яраш не пазнаваў сваю маўклiвую, але надзвычай упэўненую, спакойную, гордую аперацыйную сястру.

– Яна нiчога не расказала вам пра сваё жыццё?

– Не, нiчога.

– Вы чулi што-небудзь пра доктара Савiча?

Маша пакiвала галавой - не.

Цяпер Яраш зразумеў, чаму яна прыйшла вось так i такая: хацела, каб ён расказаў ёй пра хворую, тады толькi яна можа выканаць яго просьбу. Ён узлёг на стол сваiм магутным целам i такiм чынам даверлiва наблiзiўся да яе.

– Скажыце, Маша, а вы да каго-небудзь адносiлiся з падазронасцю?

– Я? Калi бачыла, што перада мной хлус, няшчыры чалавек... Але гэта не тая падазронасць!
– Тут яна застыла ў сваёй звыклай паставе - не зразумела яго.

– Скажыце, а вы нiколi не баялiся людзей, Маша?

Яна ўсмiхнулася, але ўсмешка не растапiла халоднага неразумення i не зварухнула застылыя рысы твару.

– У школе я баялася нашага гiсторыка. Мне дрэнна давалася гiсторыя.

Ярашу здалося, што пра гiсторыю яна выдумала знарок, надаўшы словам хiтры i тонкi сэнс. Ён не здзiвiўся, бо заўсёды лiчыў яе разумнай i дасцiпнай. Закрыўшы далонямi вочы, задумаўся: як расказаць ёй пра Зосю?

У часе гэтай паўзы Маша спытала ва ўпор:

Поделиться с друзьями: