Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Тарас глядзеў за акно, на зялёны вагон з шырокiмi вокнамi. У адным акне дзявочы твар, прыгожы i сумны. Тарасу стала шкада яе:
"Чаму яна такая сумная? Не трэба, слаўная дзяўчына. Жыццё прыгожае. I ў iм многа радасцi. Каб я мог падараваць табе радасць..."
Вагон цiха паплыў. Дзяўчына сустрэлася з яго позiркам. Ён усмiхнуўся ёй i развiтальна памахаў рукой. Яму таксама зрабiлася трошкi сумна. Плылi вагоны. Вокны. Твары. Многа твараў. Усё хутчэй, хутчэй... А ён, заварожаны, бачыў усё той жа дзявочы твар. Ён быў летуценнiк i фантазёр - уяўляў будучую сустрэчу з незнаёмкай. Калi нарэшце Славiк адарваў яго ад акна, Тарас убачыў, што на стале
– Пра што задумаўся, маэстра?
– Ды вось думаю, чаму ў разумных бацькоў растуць такiя дзецi?..
– Дурныя, хочаш сказаць? I маеш на ўвазе мяне? Добра. Вып'ем i паразважаем на гэтую тэму.
Славiк звыкла прыгожым рухам налiў у чаркi, падсунуў Тарасу гуркi. Узняў сваю чарку, прыжмурыўшы вочы, палюбаваўся на бурштынавую вадкасць.
– Будзь здароў, камбрыгадзiр!
– i, не чокнуўшыся, асушыў чарку да дна. Гурок узяў рукой i смачна захрумстаў. Усё ў яго выходзiла вельмi натуральна.
Тарас выпiў паўчаркi, разрэзаў гурок тупым нажом, пасыпаў солi па-дамашняму, грунтоўна. I, аднак, сам адчуваў сваю нязграбнасць у параўнаннi са Славiкам. Рукi, такiя хуткiя i ўмелыя на зборцы машын, тут як бы выйшлi з-пад улады. Гэта трохi выбiвала з каляiны. Глушыла дасцiпнасць у адказах на лёгкую балбатню Славiка. А той зноў налiў сабе да ўзроўню - колькi засталося ў Тараса, але не выпiў. Зацiснуў чарку ў далонi, нахiлiўся над сталом. Шчокi яго заружавелiся, вочы сталi маслянiстыя i больш шырокiя, а то ён усё прыжмурваў iх. Голас панiзiў да шэпту:
– А ты лiчыш, мае бацькi разумныя? А я думаю, каб гэта было так, яны сумелi б выхаваць мяне iнакш. Думаеш, лёгка мне, што я боўтаюся цяпер?..
Тараса здзiвiла i насцярожыла такая нечаканая самакрытычнасць. Шчыра гэта цi зноў пазёрства?
– Сын журналiста, пiсьменнiка. Паважанага ў горадзе чалавека. Хоць кiм паважанага? Чуў у чарзе? Ведаюць Яраша, i нiхто не ведае Шыковiча. Хто чытае сумныя фельетоны i нарысы! Але я рос пад бацькавай славай, як пад парасонам. Бохан прыходзiў у школу, выступаў - вучнi раўлi ад захаплення. А я задзiраў нос: нi ў каго няма такога таты!.. Усё мне было дазволена. Тут ужо мацi старалася што ёсць сiлы, каб я купаўся, як той сыр у масле. А потым раптам ажылi бацылы прынцыповасцi. У першую чаргу - у бохана.
– Пасаромейся!
– не вытрымаў Тарас.
– Дзе ты выкапаў такое дзiкае слова?
Славiк усмiхнуўся, пакруцiў галавой:
– Маралiсты вы ўсе, - i выплеснуў у рот каньяк.
– Ну, у таты, у папы. У радзiцеля. Як хочаш... дык вось... Другiя плявалi на прынцыповасць, на мараль i паўладкоўвалi свае чады ў iнстытут. А мой: "Пойдзеш на завод". Не хачу на завод. Хачу на тэлестудыю. Буду рыхтавацца ў кiнаiнстытут. Тут, безумоўна, мама на дапамогу: "Можа, у хлопчыка талент". I бацька адступае. Перад талентам. I лёгка ўладжвае хлопчыка на тэлестудыю. I вось ён асiстэнт аператара. Як гучыць! А-а? У непiсьменных дурнiц галава пачынае кружыцца, калi пачуюць такую прафесiю. А асiстэнт перастаўляе лямпы, чысцiць камеры... Пiльнуе бацькаву кватэру... I харчуецца ў сталоўцы. На большае не хапае... А бацька не дае. Усё тыя ж бацылы прынцыповасцi... А сябра камбрыгады Ганчароў называе гэта праявай вялiкага розуму.
– А ты хацеў бы, каб табе адвальвалi па тысячы.
– Чаго я хацеў бы?
– Славiк далiў Тарасаву чарку, налiў сабе, адрэзаў кавалак адбiўной.
– Вып'ю за цябе. Ты шчаслiвы чалавек. У цябе многа жаданняў.
– Выпiў.
– А я... я нiчога не хачу. Адзiнае хiба - у космас куды-небудзь паляцець.
–
Туды дурняў не пускаюць.– Дзякую за даведку. Мне нават у iнстытут расхацелася. Якi ў мяне талент! А рамеснiкаў хапае без мяне. З людзей, якiх лiчаць таленавiтымi, я паважаю толькi двух - твайго прыёмнага i нашага сталяра дзядзьку Атроха. Яраш можа вытрыбушыць чалавека, i той застанецца жывы. Гэта нешта значыць. А што вунь мой татулька... Напускае на сябе скромнасць: адзiн сядзiць на перыферыi. А лiчыць сябе, безумоўна, лепшым за сталiчных. А я пачаў чытаць яго апошнюю аповесць i заснуў на семнаццатай старонцы. Калгас. Даяркi. Па-мойму, калi ты ўжо ўзяўся пiсаць, дык пiшы, як Рэмарк...
– Па-твойму, вышэй за Рэмарка няма пiсьменнiкаў?
– Ведаю. Ведаю. Талстой. Чэхаў... Колас.
– Славiк узлаваўся чамусьцi. Яны набiлi мне аскомiну ў школе.
– Ты ж нiколi iх сур'ёзна не чытаў.
– А навошта?
– Што ж цябе ў Рэмарка захапiла? Кальвадос?
– Што?
Але гэты юны нiгiлiст добра засвоiў галоўны сакрэт абароны. Успомнiўшы, што такое кальвадос, тыркнуў у Тарасавы грудзi пальцам:
– Вось дзе ваша ханжаства. Самi чытаеце пад коўдрай... Глытаеце... Смакуеце... А потым робiце посныя фiзiяномii. "Рэмаркiзм заражае моладзь". Ты сур'ёзна думаеш, што я магу нечым заразiцца?
Гэта ўжо было падобна на п'яны выклiк, i Тарас, замест адказу, паклiкаў афiцыянтку, каб разлiчыцца.
– Закажы нашага кальвадоса, - прымiрэнча сказаў Славiк.
– Не. Мне трэба ехаць.
– Ну чорт з табой.
Тарасу спадабалася такая падзяка за пачастунак, i ён весела засмяяўся. Усё-такi ён цiкавы хлопец, гэты Славiк. Але ў галаве яго - куча смецця.
Наташка радасна крыкнула:
– Мама! Тарас прыехаў!
– кiнулася насустрач брату, павiсла на шыi, пацалавала. I адскочыла, здзiўленая. Нахмурылася. I тут жа выдала: - Мама! Тарас п'яны.
– Што ты выдумала. Якi я п'яны?
– Але выпiў.
– Выпiў, - з вiнаватай усмешкай прызнаўся Тарас, вiтаючыся з жанчынамi.
Галiна Адамаўна ласкава i дакорлiва пакiвала галавой:
– Тарас!
Валянцiна Андрэеўна, любуючыся хлопцам, сказала:
– Што вы апякаеце яго, як маленькага? Ах, якi страх, чарку ўзяў рабочы чалавек! Мала якая прычына магла быць.
– Я Славiка сустрэў. I ён зацягнуў мяне ў рэстаран.
Усмешка знiкла з твару жанчыны.
– Славiк зацягнуў?
– I ў голасе яе прагучала недаверлiвасць.
– Як магло здарыцца, што мой сын зацягнуў цябе, старэйшага на пяць год?
– Сказаў, што галодны, з ранiцы нiчога не еў. А па-мойму, схлусiў. У рэстаране ён часты госць. Усiх афiцыянтак ведае.
– Афiцыянтак?
– Валянцiна Андрэеўна адразу змянiлася з твару. Не, не пабялела i не пачырванела. А неяк стала непадобнай на самую сябе, заўсёды добрую, вясёлую. Нешта жорсткае, калючае з'явiлася ў яе твары. Можа, адчуўшы гэта, яна вiнавата ўсмiхнулася, прыгладзiла валасы на скронях. Нiчога не стала распытваць. Сказала: - Адбiваецца хлопец ад рук. Трэба прасачыць.
Яна была аб'ектыўны i разумны педагог. Але ў першую чаргу - мацi. Як педагог паверыла Тарасу. Як мацi адчула непрыязь да яго. Яна заўсёды любавалася прыёмным сынам Яраша, ставiла ў прыклад сваiм дзецям. А цяпер падумала: "Грубаваты хлопец, недалiкатны. Таварыскай салiдарнасцi не мае. Калi ўжо разам былi, прамаўчы".
Несвядомы парыў мацярынскай душы: пачула дрэннае пра сына - хочацца, каб i на другiх былi плямы.
Хутка Валянцiна Андрэеўна выдумала нейкую прычыну i пайшла ў хату.