Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Тарасаў пачакаў, пакуль яны скончаць шаптацца. Не дачакаўся. Сказаў:
– Сядайце, таварыш Гамбiцкi. Архiтэктурныя справы вырашыце пасля, - i абвёў позiркам сваiх светлых вачэй усiх - i сябраў бюро i "падсудных".
– З каго пачнём, паважаныя бацькi?
– Усё адно - з каго. Але я так мяркую, што пiсьменнiку нашаму належала больш, чым каму, задумацца над такiмi пытаннямi, - сказаў Гукан, зноў-такi нават не глянуўшы ў бок Шыковiча.
– Ну, што ж... Раскажыце, таварыш Шыковiч, як вы выхоўваеце сваiх дзяцей.
Кiрыла падняўся i... раптам адчуў, што не ведае, пра што гаварыць. Ён не вызначаўся красамоўствам увогуле. А ў такiх абставiнах - тым больш. Яму варта было, пакуль сядзеў у прыёмнай, прадумаць сваё выступленне. Але
I цяпер зноў, узiраючыся ў шырокi добры твар Тарасава, Кiрыла бачыў... сэрца на далонi. На вялiкай, умелай, чулай, ласкавай далонi Яраша. I захацелася яму расказаць пра ўсё гэта сябрам бюро - пра Яраша, Зосю, пра чалавечае сэрца, якое можна адрамантаваць... Але ён усведамляў, што цяпер на хаду не знайсцi яму лагiчнай сувязi, "трывалага мастка" памiж адным i другiм i яго, безумоўна, не зразумеюць, падумаюць, чаго добрага, што ён знарок "расказвае казкi", "водзiць бюро за нос". З чаго ж пачаць?
Ажно ўспацеў ад думак. Дастаў хусцiнку i выцер лоб, шыю. Цяпер ужо ўсе, хто прысутнiчаў, глядзелi на яго, адны - з цiкаўнасцю, другiя - са спачуваннем, трэцiя - з трывогай. Ён стрэўся позiркам з Гуканам, той, можа, адзiн з усiх глядзеў амаль зларадна.
"Чаму?"
Успомнiлiся словы Гукана. З iх ён i пачаў упэўнена i смела:
– Але, Сямён Парфёныч, я многа думаў пра гэта. Вельмi многа. Не толькi як бацька, але як сябра партыi, грамадзянiн... Не здымаючы з сябе адказнасцi за паводзiны майго сына, я хачу разабрацца... пранiкнуць у сутнасць... з вашай дапамогай, таварышы: чаму сярод нашай увогуле здаровай, адданай партыi моладзi трапляюць вось такiя...
– Як ваш сын, - кiнуў Грыбок.
– Як мой сын. Хоць сын мой не самая небяспечная з'ява, як я разумею. Ёсць горшыя прыклады...
– Гаварыце за сябе. Па сутнасцi, - сказаў сакратар Чыгуначнага райкома Красоўскi, малады высокi брунет, апрануты ў асляпляльна белы, модна скроены часучовы касцюм. Шыковiч мала ведаў гэтага чалавека. Глянуўшы на яго, падумаў: "Сам ты ў студэнцкiя гады, вiдаць, быў хват", - i адчуў непрыязнасць, адказаў раздражнёна:
– Маё жаданне разабрацца - не па сутнасцi хiба? Я не буду апраўдвацца, але хачу сказаць: у тым, што мой сын вырас, на жаль, не такiм, якiм бы хацелася i мне, i грамадству, - не толькi вiна бацькоў... Думаецца, што ўсе разам мы робiм у гэтай важнейшай справе сур'ёзныя промахi... Школа, камсамол...
– Вы не ўмееце выхоўваць, а вiнаваты камсамол! Здорава!
– хмыкнуў няўрымслiвы Грыбок.
Шыковiч глыбока ўдыхнуў гарачае паветра, якое гнаў у адчыненыя вокны лёгкi скразняк, i - быццам захлынуўся iм.
Тарасаў пастукаў алоўкам па стале, папярэдзiў:
– Таварышы, не перашкаджайце. Дайце яму сказаць.
Грыбок паслухмяна апусцiў галаву. Але Шыковiча ўзлаваў наскок гэтага маладога пеўня. I ён не стрымаўся, каб не спытаць уедлiва:
– А вы лiчыце, таварыш Грыбок, што гарком камсамола працуе iдэальна?
Грыбок змаўчаў. Адказаў Гукан, паважна, ветлiва:
– Кiрыла Васiльевiч! Гарком мы будзем слухаць асобна. А цяпер слухаем вас. I ў нас во колькi яшчэ пытанняў.
– Ён паляпаў далоняй па стосе папер, што ляжаў перад iм, i адштурхнуўся ад стала, выпрастаўся ў крэсле; найвышэйшы ростам, як бы ўзняўся над усiмi i глядзеў паверх галоў.
– Але, - пацвердзiў першы сакратар з нечаканай строгасцю.
– Без доўгай прэамбулы, таварыш Шыковiч.
– Добра, Сяргей Сяргеевiч. Як я выхоўваю сваiх дзяцей? Было б недарэчнасцю сказаць - абсалютна правiльна, бо абсалютна правiльнае выхаванне, у маiм разуменнi, само па сабе - абсалютнае глупства. Але я адно магу сказаць: у галоўным мы - я i жонка - нiколi не давалi дрэнных прыкладаў...
– У чым - у галоўным?
– спытаў Гукан.
– У чым? Я быў дармаедам? Несумленным перад грамадствам, перад партыяй? Хiтраваў? Браў хабары? Жыў не па сродках? Вы мяне ведаеце, Сяргей Сяргеевiч. I вы, Сямён Парфёнавiч. Усю вайну
я быў на фронце. Пасля настаўнiчаў. Жонка i зараз настаўнiчае. Можа, хто-небудзь скажа, што праца журналiста лёгкая?– Чакайце, - перапынiў яго Тарасаў.
– Чаму вы задаяце такiя катэгарычныя пытаннi? Нiхто не сумняваецца, што вы працуеце сумленна.
– Дык у чым жа заключаецца выхаванне дзяцей? Адносiны ў сям'i? Я жыў i жыву з жонкай, далiбог жа, душа ў душу. Абодва працуем. Паважаем працу адно аднаго. Скандалаў нашы дзецi не чулi. Калi спрачаемся, то па прынцыповых пытаннях. Мiж iншым, часцей за ўсё менавiта з-за гэтага самага выхавання. Яна педагог, i, думаю, нядрэнны. Але ў адносiнах сваiх дзяцей робiць тую ж памылку, якую робяць многiя мацi ў iнтэлiгентных сем'ях. Асцерагаюць ад фiзiчнай працы. "Я сама зраблю". Год дзесяць ужо мы не трымаем нават хатняй работнiцы. Прынцыпова. Усё робiм самi. I я не сказаў бы, што сын мой Уладзiслаў - гультай i лежабока. Безумоўна, занятыя працай, нешта мы прагледзелi. Пасля дзесяцiгодкi хлопец пачаў адбiвацца ад рук. За яго ўчынкi, i ў прыватнасцi за апошнi ўчынак, я бяру вiну на сябе. Вас не вiню, таварыш Грыбок, хоць мог бы сказаць пра работу камсамольскай арганiзацыi тэлестудыi. Няма там нiякай работы. Але пра гэта - пасля. А што датычыць майго сына, то думаю, што больш, таварышы, вы нiчога благога пра яго не пачуеце. Хлопец нарэшце трапiў у добрыя рукi - у брыгаду Ганчарова.
– На станкабудаўнiчы?
– здзiвiўся Тарасаў i глянуў на Лукашэнку. Той нарэшце адарваўся ад сваiх формул.
– Да нас? Цiкава.
– Аднак дырэктар зусiм не выказваў гэтым "цiкава" здзiўлення. Не. У яго быў свой погляд на моладзь: пасталеюць - паразумнеюць. Але затое ажно падскочыў уважлiвы Грыбок.
– Яшчэ як цiкава! Проста з турмы, без перасадкi, - у брыгаду камунiстычнай працы. Куды там глядзiць Клецень? Вы бачыце, Сяргей Сяргеевiч, што робiцца!
Шыковiч адчуў, што спiну яго, павернутую да акна, абадзьмуў халодны вятрыска, непрыемны, калючы.
"Няўжо яны супраць, каб Славiк быў у брыгадзе?"
Больш, чым пры любой другой акалiчнасцi дагэтуль, спалохаўся за сына. I разгубiўся. Як даказаць, што нельга выганяць хлопца з брыгады, куды ён пайшоў з радасцю. Што гэта не толькi жорстка i несправядлiва... Зноў - каторы раз ужо!
– уявiлася жывое чалавечае сэрца. А слоў, важкiх, пераканаўчых, каб абаранiць сына, не было. Кiрыла пакутлiва шукаў iх.
Яму сказалi раз i другi: "Сядайце". Кiрыла дайшоў да сэнсу слова толькi тады, калi перад iм падняўся Гукан. Гаварыў старшыня роўна, не павышаючы i не панiжаючы голасу, нацiскi рабiў стукам алоўка аб стол, паўзамi. Атрымлiвалася важка, пераканаўча, салiдна.
Шыковiч, думкi якога насiлiся ад аднаго полюса да другога, успомнiў, што Кушнер, намеснiк старшынi гарвыканкома, камiчна перадае Гуканаву манеру выступаць, i не стрымаў усмешкi.
– ...Вы думаеце, калi працуеце вы, жонка, дык гэтага даволi? Не, Кiрыла Васiльевiч. У нас працуюць усе. Дармаедаў у нас адзiнкi. Але акрамя працы ёсць яшчэ маральныя прынцыпы, грамадскiя паводзiны чалавека... I яны часта з'яўляюцца рашаючымi ў выхаваннi дзяцей. Гляньце на сябе! Уважлiва гляньце на свае паводзiны! Вы аналiзуеце другiх - прааналiзуйце сябе. Вы здзiўляецеся, чаму ваш сын вырас такi? А я не здзiўляюся. Быццё вызначае свядомасць. Дабрабыт нашага народа расце. I я не супраць таго, што вы купiлi машыну. Трэба вам машына. Але на ёй ездзiць ваш сын.
– Я забаранiў яму.
– Ездзiў. Машына, лiшнiя грошы, кампанiя... Дзяўчаткi, выпiўкi... А ў бацькоў тым часам другiя клопаты. Машыны iм мала - трэба дача. Абуджаюцца дробна-ўласнiцкiя тэндэнцыi.
Шыковiч слухаў надзiва спакойна. Разумеў: Гукан "задае тон". Кiрыла ненавiдзеў гэты тэрмiн - "задаць тон", народжаны ў часы культу. Але ў такой сiтуацыi, вiдаць, iнакш нельга. Трэба пагаварыць з бацькамi такiх сынкоў з усёй суровасцю! Што ж, няхай сабе валяць на яго, што хочуць, - усё стрывае, абы толькi пакiнулi Славiка ў брыгадзе.