Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Маўчанне Шыковiча на лятучцы ўсiх здзiвiла. Звычайна ён кiдаў трапныя жарты.
Рэдактар тут жа, плануючы будучыя нумары, папрасiў яго з'ездзiць у раён, даць нарыс пра лепшага камбайнера.
Застаўшыся пасля лятучкi, Кiрыла адмовiўся ад задання.
Жывiцкi разгубiўся.
– Ты што, нездаровы?
– Не. Захоплены другой работай.
– Шкада. Вельмi шкада.
– Я дам у суботнi нумар апавяданне.
Жывiцкi любiў прозу i не любiў вершаў. З Парэчкам, якi кожны дзень адкрываў новых паэтычных генiяў, у яго iшлi бясконцыя баталii.
Кiрыла паспрабаваў працаваць - правiць матэрыял. Але ўсё здавалася
– Давай махнём на раку, Васiльевiч. Будзе навальнiца. Люблю навальнiцу на лузе! I клёў будзе. Вось пабачыш.
Кiрыла паглядзеў у акно i ўбачыў, што неба, яснае з ранiцы, завалакла бела-попельная смуга. Аднак сонца, да ненатуральнасцi абстрактна-жоўтае (на яго можна было глядзець без акуляраў), пякло зямлю па-ранейшаму. Было цiха i душна. Вяла лiсце на маладых лiпах, прасiла пiць.
"Але, будзе навальнiца. I, магчыма, пачнуцца дажджы. Заўсёды, калi ў разгары ўборка, пачынаюцца дажджы. Сельскай гаспадарцы проста не шанцуе", падумаў Кiрыла i пашкадаваў, што адмовiўся ад паездкi ў раён; ён заўсёды адчуваў сябе як бы вiнаватым перад людзьмi сяла i пiсаў пра iх многа, з любоўю.
"А можа, праўда, паехаць на луг, пад стагi? I да нiткi вымакнуць пад дажджом".
Але тут жа прыйшло адчуванне, што ён не зрабiў нечага вельмi важнага. Не адразу нават зразумеў - чаго. А зразумеў - кiўнуў загадчыку аддзела:
– Пачакай мяне, - i знiк за дзвярыма.
Няхай што хочуць думаюць пра яго, абы дазволiлi паглядзець справу Савiча.
Вырашыў пагутарыць з Тужыкавым. Праўда, ён - тугадум, як той анекдатычны фiн, - на пытанне, якое задалi ранiцой, адкажа ўвечары, але затое аб'ектыўны i разумны.
У калiдоры гаркома Кiрыла неспадзявана сустрэўся з Тарасавым. Прывiталiся.
– Ну, як - вычухаў?
– спытаў сакратар як быццам жартаўлiва, але без усмешкi.
– Што?
– Галавамойку. Не апелiруй. Другiм дасталося больш.
– А я i не меў намеру апелiраваць, - адказаў Шыковiч i падумаў: "Ну, вось, я так i ведаў".
Дайшлi да дзвярэй прыёмнай. Спынiлiся. Тут Тарасаў адчуў, што Шыковiч, якi пры сустрэчы неяк даверлiва пацягнуўся да яго, раптам, пасля гэтых слоў, быццам палез у панцыр. Сакратар падумаў пра сябе: "Гэтыя ўмоўнасцi, згары яны, мiмаволi робяць нас бюракратамi. Iнстанцыя, дыстанцыя... А пасля глядзiш: усё па форме правiльна, а па сутнасцi... Нялёгка нам вяртацца да ленiнскага стылю", - i шчыра запрасiў, адчынiўшы дзверы:
– Заходзь - пагутарым.
На нейкi момант Шыковiч застыў у нерашучасцi - iсцi цi не iсцi? Пра што ён мае намер гутарыць са мной? Зноў пра сына?
Тарасаў зразумеў, чаму ён вагаецца. Пажартаваў:
– Не бойся. Маралi чытаць не буду.
Ужо ў кабiнеце, скiнуўшы пiнжак i расслабляючы гальштук, спытаў:
– Каго там з тваiх блiзкiх аперыравалi? Мне Ларыса Пятроўна сказала.
I Шыковiч пачаў расказваць усё з яшчэ большымi падрабязнасцямi, чым ранiцой расказваў Сербаноўскаму, - пра Савiчаў, бацьку i дачку, пра падпольшчыкаў, iмёны якiх раней нiдзе не ўпамiналiся, пра свае здагадкi, меркаваннi, пра суб'ектыўнасць кнiгi Гукана. "Вось яно што, - падумаў Тарасаў, прыгадаўшы,
як Гукан выступаў на бюро.– Зразумела. "Старому" нялёгка адмовiцца ад старых поглядаў. Яму здаецца, што ён адзiн усё сказаў. I хочацца любымi сродкамi збiць з тропу гэтага няўрымслiвага чалавека, свайго сааўтара, якi можа ўсё перавярнуць дагары нагамi. Метад той. Але час не той, Сямён Парфёнавiч".
– Я тут чалавек новы, Кiрыла Васiльевiч. Але ведаю, што пасля вайны гарком разы чатыры, здаецца, займаўся падполлем.
– I кожны раз у спiс падпольшчыкаў заносiлi дзесяткi новых iмён. Хiба гэта не доказ таго, якi размах мела барацьба нашых людзей? Хiба для выяснення i ўслаўлення гэтай барацьбы не варта папрацаваць?
– Шыковiчу здалося, што Тарасаў супраць таго, каб яшчэ раз вяртацца да падполля, i ён выказаў гэта горача, з наступальным запалам.
– Але, для гэтага варта папрацаваць, - задумлiва згадзiўся сакратар гаркома, шукаючы ў спiсе пад шклом нумар тэлефона.
– Першапачаткова нават iмя Яраша нiдзе не ўпамiналася. А ён выконваў спецзаданнi гаркома.
Тарасаў павярнуўся да столiка з тэлефоннымi апаратамi i набраў кароткi нумар.
– Ало. Вагiн? Добры дзень. Тарасаў. Многа шпiёнаў злавiў? Што? Вывелiся, кажаш? Глядзi, як бы мы не прытупiлi пiльнасць. То-та. Андрэй Астахавiч, што гэта ў цябе баяцца паказаць дакументы часоў вайны нашаму пiсьменнiку? Чалавек цiкавую працу задумаў. Трэба памагчы. Што?
– Тарасаў змоўк i слухаў даволi доўгае тлумачэнне, кiдаючы час ад часу кароткае: "Ыгы".
Кiрыла заўважыў, што ў нейкi момант ён шчыльней прыцiснуў слухаўку да вуха. Сакрэт. Кiрыла падняўся з крэсла i адышоў да акна. Неба зрабiлася шэра-попельным. Сонца рассеяла свае праменнi ў гэтых сухiх i высокiх аблоках. Не пякло больш. Але нерухомае паветра не астывала, яно як бы згушчалася, ад чаго духата нават мацнела - ажно цяжка рабiлася дыхаць.
"Але, паедзем з Парэчкам на луг. Пад навальнiцу. Станем на беразе i будзем гукаць грому: о-го-го! Некалькi гадзiн першабытнага жыцця. Васiль умее арганiзаваць яго. Каб нi пра што не думаць..."
– Добра. Давай у чатыры.
Шыковiч схамянуўся, узрадаваны, што гэта яму назначае Вагiн сустрэчу на чатыры. Глянуў на гадзiннiк: было без чвэрцi тры. Тарасаў паклаў слухаўку.
– Днi праз два яны пакажуць табе, Кiрыла Васiльевiч, патрэбныя дакументы. У такiх органах нельга без некаторых фармальнасцей.
"Два днi, якiя, напэўна, расцягнуцца ў тыдзень!" - нецярплiвы даследчык расчаравана ўздыхнуў.
Сакратар нiбы прачытаў яго думкi.
– Не бойся, гэта не будзе праз два тыднi. У чатыры Вагiн будзе ў мяне, i я яшчэ раз напомню яму. Жадаю поспеху.
На трэцi дзень пасля аперацыi Яраш нарэшце пакiнуў бальнiцу i прыехаў на дачу. З'явiўся гадзiн у пяць дня на таксi, акуратна паголены, у новай чэшскай тэнiсцы (дома ведалi, што пасля ўдалай аперацыi ён заўсёды нешта купляе), з шампанскiм, цукеркамi, падарункамi. Быў уважлiвы, далiкатны, ласкавы, быццам не бачыў сям'ю i суседзяў цэлы год.
Галiна Адамаўна ўмела сустрэць яго ўрачыста. Калi ён затрымлiваўся ў бальнiцы на суткi, на двое пасля такiх вось аперацый, у яе не ўзнiкала нiякiх дурных думак. Нiшто не псавала настрою, i яна сама радавалася, што страчае мужа з чыстай душой. Пра аперацыi яна звычайна не любiла распытваць. Але на гэты раз выпадак быў асаблiвы.