Сэрца на далонi (на белорусском языке)
Шрифт:
Шыковiч нахiлiўся i жартаўлiва нырнуў пад яе руку, якой яна ўсё яшчэ трымалася за адчыненую палавiну дзвярэй.
"Няўжо плётка дайшла i да яе?" - амаль са страхам падумаў Яраш.
Маша збянтэжана адступiла, i ён нерашуча ўвайшоў у калiдор. З пакоя выйшла Зося. Яраш не бачыў яе больш за месяц. За гэты час яна яшчэ больш памаладзела i папрыгажэла. У добра скроеным сiнiм плаццi, з двух'яруснай прычоскай-куклай, расчырванелая, яна мела амаль элегантны выгляд. Як лёгка жанчыны харашэюць!
Зося выявiла шчырую радасць, збянтэжанасцi ў яе не было нi кроплi. Яна сказала надзвычай проста:
– Якiя вы добрыя, што не забываеце
Але праз адчыненыя дзверы Яраш убачыў у пакоi Тараса. Хлопец сядзеў за нiзкiм сталом, застаўленым чайным посудам, услухоўваўся ў галасы i крыху дзiўна ўсмiхаўся. Хоць Яраш ведаў, чаму ён тут, i ў душы ўхваляў яго выбар абы толькi сур'ёзна, але нечаканая сустрэча з сынам тут, у Зосi, збянтэжыла яго, магчыма, нават больш, чым Машу. Ён адчуў сябе як бы ў нечым вiнаватым. Што сказаць Тарасу, калi зойдзе ў пакой? Як будзе паводзiць сябе Тарас? Прыйдзецца прасiць яго, каб не прагаварыўся дома, а то зноў будзе скандал.
Ад гэтай думкi зрабiлася да балючасцi непрыемна. Тое, што ён вымушаны рабiць з гэтага бязвiннага наведвання тайну, унiжала i абражала. А ўнiжэнне для яго, гордага i незалежнага, было самай страшнай карай.
Яраш пашкадаваў, што прыйшоў сюды.
30
Грукат крана над галавой быў для Славiка цяпер як нечаканы гром для забабоннага грэшнiка. Ён уцiскаў галаву ў плечы, палахлiва азiраўся i, калi плыла цяжкая дэталь, адступаў, а то i зусiм хаваўся за высокiя станiны. Ён баяўся падняць вочы вышэй крука - да шкляной будкi, у якой сядзела кранаўшчыца, "дзятлiк" з востранькiм носiкам i вострым чубком, бо сваю чырвоную касыначку Нiнка заўсёды чамусьцi абпiнала "домiкам", ад чаго твар яе яшчэ больш завострываўся. Славiк баяўся сустрэчы з ёй.
Кран панёс да ўпаковачнай гатовы станок. Яго ўрачыста суправаджалi кiраўнiкi цэха i амаль уся Тарасава брыгада. Акрамя Славiка. I Генрыха. Яны былi заняты другiм станком: прыладжвалi зманцiраваны электрыкамi праграмны вузел. Гэтую тонкую складаную i марудную работу заўсёды браў на сябе будучы iнжынер. А ў Славiка гэта была апошняя стадыя вучнёўства, наблiжаўся экзамен на разрад, i трэба было, хоць збольшага, ведаць зборку ўсiх вузлоў.
Усунуўшы галовы ў люкi тумбы, яны падганялi счапленне электраматора з перадачай аўтаматычнага з'ёмшчыка дэталей.
Разгружаны кран вяртаўся з лёгкiм гулам. Ён ляцеў па доўгiм пралёце цэха з хуткасцю цягнiка. Звiнелi шыбы i дрынчалi незамацаваныя дэталi i ключы на станку.
I раптам усё сцiхла: кран спынiўся, замёр. Славiк упусцiў гайкi, якiя падаваў Генрыху. Спiной сваёй, што вытыркала з-пад станка, ён адчуў, што цяжкi крук павiс якраз над iм. Больш таго, ён адчуў позiрк Нiны, яна высунулася са сваёй шкляной будкi i глядзiць... глядзiць на яго.
Славiк уцiснуўся глыбей пад станiну. Хацелася ўсяму залезцi ў вузкi люк, схавацца, ператварыцца ў электравузел, каб рухаць станок, а самому нiкога не бачыць, нiчога не адчуваць.
Не раз за сваё нядоўгае жыццё ён чынiў шкоду. Здаралася, што колькi дзён жыў з бояззю кары. Але нiколi яшчэ ў яго не было такога страху. Агiднае i цяжкае пачуццё! Яно скавала ўсю яго iстоту. Яно - як невылечная хвароба, як рак, пра якi чалавек ведае i нiчога не можа зрабiць для свайго ўратавання, толькi слухае, чакае, калi, як ён праявiць сябе i нанясе апошнi ўдар.
Станок уздрыгнуў, як жывая iстота, - кран паволi рушыў далей.
Славiк стоена ўздыхнуў. Генрых сказаў:
–
Пасвяцi сюды.Славiк падняў вышэй "пераноску", ад яркага святла якой слязiлiся вочы.
Генрых кiнуў на яго кароткi позiрк i рухамi штукара пачаў мацаваць маленькiя гаечкi. Недасведчанаму чалавеку, якi бачыць станок толькi звонку, можа здацца, што такая аграмадзiна складзена з адных вялiкiх i цяжкiх дэталей. Так упачатку здавалася i Славiку. А тут ёсць дэталькi не большыя за гадзiннiкавыя, асаблiва ў электраабсталяваннi. Мiж iншым, гэтая складанасць i прываблiвала няўрымслiвага хлопца. Каб усё было проста i аднастайна, як яму ўяўлялася па школьнаму знаёмству з заводамi, адно i тое з хвiлiны ў хвiлiну, з дня ў дзень, то, напэўна, даўно ўсё абрыдла б. А на зборцы заўсёды нешта новае.
– Што ў цябе з Нiнай?
– спытаў Генрых, працягнуўшы руку па гайкi i пракладкi.
Рабро станiны здушыла Славiку грудзi. Пракладкi прылiплi да потнай далонi.
– А-а... нiчога. Ходзiм у кiно...
– Ты ж не любiш яе.
– А хiба нельга так?
– Як "так"?
– Ну... разам працуем, разам гуляем.
– Я сам, стары, раней глядзеў на дзяўчат несур'ёзна. Нiбы яны для адных танцулек створаны. З Нiнкай нельга так, май на ўвазе. Яна не такая, як тыя... У яе ўсё сур'ёзна. I планы яе сур'ёзныя i простыя: выйсцi замуж, нараджаць дзяцей... Некаторыя моднiкi фыркаюць: мяшчанства. Ёлупы! Схiлiце галовы! Гэта жыццё ў яго натуральным выглядзе. Самi вы мяшчане!
"Чаму ён гаворыць гэта мне? Няўжо ведае? У вочы, у вочы б яму глянуць".
Але "зайчыкi" ад яго прафесарскiх акуляраў сляпiлi. I Славiк - што той трусiк перад кобрай. Толькi вушкамi варушыў. Куды знiкла дасцiпнасць, кiдкасць: ты мне слова - я табе дзесяць. Ён, акулярысты чорт, здаецца, працуе, а зiркае, усё бачыць. Разбiць пераноску, цi што? Быццам незнарок.
Нарэшце Славiк скiнуў чары. Выскалiўся:
– Думаў, хоць адзiн чалавек як чалавек. А ты - як Ходас i Тарас. Маралiсты!
– i завыў у вантробе станка: - Сумна жыць, Генрых!
Ён неаднойчы хiлiў Варэнiка на свой бок вось такiмi жартамi. У яго i Косцi найлепшае пачуццё гумару.
– Думаеш, калi сапсуеш камусь жыццё, табе стане весялей?
– А каму я псую? Пайшлi вы ўсе...
Хвiлiн праз колькi Тарас накiраваў яго ў склад па дэталi. Славiк напусцiў на сябе такую бестурботнасць i весялосць, каб нiкому i ў галаву не ўлезла, што ў яго штось нядобрае на душы.
Ён iшоў памiж станкамi, як па лесе. Насвiстваў. I раптам з-за станка яна, Нiнка. Носiк - чырвоны, вочы - злыя.
– Славiк!
Ён спалохана азiрнуўся.
– Такая цана тваiм словам? Дзе твае вочы бессаромныя? Цяпер табе нiчога не трэба? Ведай жа: або на сябе рукi налажу, або цябе станiнай прыдушу. Цяпер мне ўсё адно не жыць.
– Яна ўсхлiпнула.
А побач, за станком, - галасы. Здаецца, начальнiк цэха.
Славiк схапiў яе за руку.
– Чаго ты? Дурная, дурная... У мяне проста часу няма. Я на падрыхтоўчыя курсы ў полiтэхнiчны паступiў. Кожны вечар... Ну добра. Сёння, сёння...
Iшоў знаёмы рабочы, i Славiк, узрадаваны, пакiнуў дзяўчыну i закрочыў побач з iм. Расказваў новы анекдот. Хацеў смяяцца. Выцiскаў з сябе смех, бо ўсё скаваў страх, новы, невядомы. О, жорсткае жыццё! Нiякай радасцi i гэтулькi пакут! Ён праклiнаў той час i мiг, калi яму прыйшла ў галаву гэтая дзiўная думка - пазабаўляцца з ёй, адпомсцiць за свой спалох у першы дзень.