Сланы Ганібала
Шрифт:
У садзе пры доме вядзецца саракагадовая жаўла. Кажуць, асобіны гэтага віду затрымліваюцца на сьвеце гадоў па дзьвесьце, таму нельга адназначна сьцьвярджаць, што людзі трымаюць жаўлу. Магчыма, сама жаўла — і небеспадстаўна — думае, што гэта яна трымае (ці трывае) чатырох уладальнікаў асабняку — толькі часовых спадарожнікаў ейнага пакуль бесклапотнага юнацтва.
Жаўле няма куды сьпяшацца, і яна адмаўляецца ад вандроўкі ў Дувар ды лёгкай пачосткі пад акампанэмэнт прыбою. Экраны мабільных тэлефонаў паведамляюць, што мы знаходзімся ўжо ў Францыі. Між тым, дзесьці за марскім даляглядам яшчэ ляжаць ангельскія выспы, якія ў Другую сусьветную
* * *
Ангельцы чамусьці ня любяць згадваць пра няхай не маштабны, але яўны суўдзел астраўных суайчыньнікаў у Галакосьце. Не выклікаюць прыліву энтузіязму і пытаньні, чаму ў траўні 1945-га старая добрая Брытанія, парушыўшы ўсе канвэнцыі й гарантыі, выдала Савецкаму Саюзу на верную сьмерць казацкі стан атамана Даманава — 20 тысяч чалавек з улікам жонак, дзяцей і старых. Казакі згаджаліся здацца адно брытанцам, і тыя прысягнулі, што бальшавікам іх не аддадуць.
Што праўда, выдалі ня ўсіх — шмат хто пасьпеў скончыць самагубствам або загінуў пры супраціве. З тысячаў выратаваліся адзінкі. 80-гадовага героя Першай сусьветнай генэрала Краснова, што, як і большасьць палонных казакоў, ніколі ня быў савецкім грамадзянінам, павесілі ў Маскве «за здраду». Самога Даманава энцыкляпэдыя «Брытаніка» проста (дакладней, якраз ня проста) ня згадвае, а здрадніцкія паводзіны Лёндану тлумачыць ялцінскімі пагадненьнямі.
Менавіта пра гэтыя пагадненьні піша сьвежы «Лондонский курьер». Аўтар б’ецца над загадкаю: чаму Масква пайшла на вяртаньне Захаду «сваёй» часткі Аўстрыі? Разумела ж, што адкрыюцца вусьцішныя факты. Напрыклад, тое, што ў год перамогі ў Вене не засталося ніводнай не згвалтаванай вызваліцелямі жанчыны.
Ялту журналіст трактуе як першую здраду брытанцаў і амэрыканцаў. Чэрчыль ведаў, што чакае ўсходнеэўрапейскія краіны пад ярмом Масквы, але пагадзіўся аддаць іх Сталіну. Казакі — другая здрада.
Карацей, рэпутацыя брытанскіх джэнтэльмэнаў як самых справядлівых і бесстароньніх на сьвеце ня раз трапляла ў ХХ стагодзьдзі пад сумнеў. І таму, аддаючыся ў рукі ангельскага правасудзьдзя, Ахмед Закаеў, безумоўна, рызыкаваў. Аднак гэтым разам Масква прайграла. Суд прызнаў хлусьлівымі паказаньні абсалютна ўсіх сьведкаў абвінавачаньня, улучна з расейскім міністрам, а сытуацыю ў Чачэніі назваў не барацьбой з тэрарызмам, а вайной за незалежнасьць або — грамадзянскай (фармулёўка прысуду дазваляе абедзьве інтэрпрэтацыі).
Застаецца дадаць, што ўжо тут, у Лёндане, Закаеў мог чытаць маё эсэ пра незалежнасьць, перакладзенае летась на чачэнскую мову Зэлімханам Яндарбіевым, што калісьці разам зь Леанідам Галубовічам вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве.
* * *
Адна рэч, калі госьці з, так бы мовіць, мэтраполіі сустракаюцца з эмігрантамі, якія й наладзілі візыт, і зусім іншы каленкор, калі ў цэнтры Лёндану арандуецца заля, а абвесткі пра літаратурную вечарыну з платным уваходам разьмяшчаюцца ў мясцовай расейскай, польскай ды ўкраінскай прэсе (беларускай проста няма).
Сэрца кранае мэнтолавы халадок: як паводзіцца, калі ня прыйдзе ніхто? Што ім, у сталіцы Злучанага Каралеўства, няма куды пайсьці і няма чаго ўзяць на вечар? З другога боку, а раптам зьявяцца пэрсоны зусім невядомыя ці, наадварот, вядомыя з партрэтаў на газэтных старонках?
Не, дзівосаў (калі не лічыць, што заля запоўненая)
не здараецца. Закаеў зь Беразоўскім занятыя іншымі справамі, хоць, трэба сказаць, кожны мае да маёй разнажанравай пісаніны нейкае дачыненьне. Расейскі алігарх, да прыкладу, некалі кіраваў выканкамам СНД, прычым быў прызначаны на пасаду ў той момант, калі ў 1997-м Беларускі гуманітарны ліцэй адбіваў першы націск уладаў. На менскі стол Барыса Абрамавіча лёг напісаны мною ад імя бацькоў зварот, на які алігарх наклаў рэзалюцыю: разабрацца. Казалі, гэты ход адыграў сваю ролю.Тамары Віньнікавай у залі таксама няма (ну, хіба што прыйшла з накладной барадой).
Затое прысутнічае літоўскі кінадзеяч Саўлюс, сэрца якога дагэтуль вярэдзяць праблемы гістарычнай ды этнаграфічнай прыналежнасьці Вільні й Віленскага краю. Наўрад ён разьлічвае знайсьці ў беларускага пісьменьніка гарачую падтрымку, аднак не пасьпяваю раскрыць рот, каб прамовіць нешта талерантнае, як сярод публікі падымаецца тутэйшы прадпрымальнік Тадэвуш, што некалі трымаў там, у Вільні, кавярню. Ягоны сьпіч прымушае Саўлюса ўсклікнуць: «Каким ужасным белорусским шовинизмом повеяло на меня от ваших слов!»
«Беларускі шавінізм» — нешта новае. Можа, гэта ўсьцешлівая прыкмета ачуняньня нацыі?
Але сапраўдным аздабленьнем сустрэчы робіцца выдатна захаваная жыхарка Лёндану — з тых, што ў вайне з Хронасам пераходзяць у пасьпяховыя контратакі і ў семдзесят здаюцца саракагадовымі. Прыгажуня без узросту вельмі празрыста намякае, што пэўны час была музай Андрэя Макаёнка й згадвае, як слаўна яны з Андрэем ды Іванам Пятровічам «куролесили». Для неабазнаных у беларускім літаратурным працэсе дама ўдакладняе, што Іван Пятровіч — наш «классик» Іван Шамякін.
Як потым высьвятляецца, у залі затаіўся і консул беларускае амбасады. «Сьмяяўся там, дзе трэба», — камэнтуе наяўнасьць адказнай асобы перакладчык доктар Дынглі.
* * *
Трафалгарскі пляц выглядае пустэльна й сумна. Мэрыя забараніла турыстам карміць тут галубоў. Птушкам, адпаведна, забаронена на пляцы зьбірацца. Кара (для бяскрылых) — 50 фунтаў. Пастанова грунтуецца на тым, што галубы прыносяць гістарычнай спадчыне шкоду. Чым — нескладана зразумець, калі ўспомніць, як у Менску раз-пораз мыюць з брандспойту засраны помнік таварышу Дзяржынскаму. (Ужо гадоў дзесяць каля яго не даводзілася бачыць аніякіх кветак, адно гаўно.)
Лёнданскіх галубоў разганяюць з дапамогаю мэгафонаў і адмыслова навучаных сокалаў. Прэса піша, быцам з ранейшых пяці тысяч птушак на пляцы застаецца блізу дзьвюх сотняў самых зацятых, што нагадвае колькасныя суадносіны ўдзельнікаў колішніх і цяперашніх акцыяў роднай апазыцыі.
На поўдзень ад калёны адмірала Нэльсана нібыта ёсьць мясьціна, што юрыдычна не належыць да тэрыторыі пляцу, і туды, як сьцьвярджаюць знойдзеныя птушынымі сябрамі дакумэнты, галубам можна зьлятацца законна й беспакарана. Гэткі тамтэйшы птушыны Бангалор.
* * *
Галерэя Тэйт, што на пачатку 1990-х здалася своеасаблівым падручнікам авангардызму, пасьпела кланавацца. Новая галерэя, у якую ператвораныя карпусы былога заводу ці электрастанцыі, найбольш уражвае інсталяцыяй у галоўнай залі: з тэрасы на другім ярусе гляджу на агромністае «сонца», залацістую смугу, дзе губляецца высачэзная столь, і на сахарскі краявід на доле, пасярод якога, падклаўшы пад галаву заплечнік, прывольна разьлеглася аматарка мастацтва з поклічна раскінутымі нагамі. Не хапае толькі мяне.