Сланы Ганібала
Шрифт:
Адкінуўшы аўтобуснае крэсла і накрыўшыся пледам, утульна думаеш, што заўтра прачнесься ў Парыжы і, ужо закалыханы горнай дарогаю, заўважаеш паваротку на Грас і спрабуеш уявіць белы дом на гары, Галіну, што прыйшла ў жыцьцё Буніна зь яшчэ ненапісаных «Цёмных прысадаў», іхнія заняткі літаратурай і ўсім астатнім…
* * *
Паводле капрызу падсьвядомасьці, у гэтую ноч сьніцца ня штосьці францускае, бунінскае, эратычнае, а сон, усімі каранямі ўрослы ў далёкае, беларускае, менскае. Цяжка даць веры, але табе сьняцца Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Праўдзівей, не жывыя гістарычныя пэрсанажы, а іх адлюстраваньні ў сучаснасьці — скульптурная кампазыцыя ў сквэры Белдзяржунівэрсытэту. Адзінае лягічнае тлумачэньне сну ў тым, што згаданая паркавая скульптура
* * *
Прачнуўшыся, ты як на злосьць ня памятаеш, ці была гэтая пляшка там, у сьне. Наўзамен прыгадваецца, што Будны з абурэньнем пісаў пра тое, як адны жыхары гораду, прадмесьці якога ўжо мільгаюць за вакном, неяк у ноч на сьвятога Барталямэя натхнёна перарэзалі тры тысячы іншых жыхароў — сваіх суседзяў-гугенотаў. Утруціўся ў мокрую справу і кандыдат на трон вялікага князя й караля тваіх продкаў Гэнрык Валезы, які мусіў даваць потым пісьмовыя гарантыі, што нічым падобным у вас займацца ня будзе, і ўрэшце быў каранаваны. Але не прайшло й чатырох месяцаў, як манарх, не разьвітаўшыся з прыдворнымі, выйшаў у глухую начную пару з палацу і, з смакам вылаяўшыся на абедзьвюх дзяржаўных мовах, растлумачыў фурману на жудаснай ліцьвінска-францускай і лацінска-польскай трасянцы, што ніякі ён, кароль, ня Гэнрык Валезы, а народжаны Анры Валюа, а таму гані, пся крэў і сабачая костка, у Парыж, дзе адкрылася каралеўская вакансія.
Гэтым самым шляхам двойчы кіраваўся, толькі ўжо не на радзіму, а на чужыну, іншы гаспадар тваёй Айчыны, хаўрусьнік швэдаў Станіслаў Ляшчынскі. Першы раз — пасьля Палтаўскай бітвы, другі — праз чвэрць стагодзьдзя, калі зноў быў законна абраны каралём і вялікім князем, але пецярбурскія «таварышы» не ўхвалілі гэткага выбару і далі загад генэрал-фэльдмаршалу Мініху працягнуць заходнім суседзям руку інтэрнацыянальнай дапамогі, у выніку чаго на трон узышоў саксонскі курфюрст Аўгуст ІІІ, той самы, які за грошы тваіх продкаў сабраў славутую калекцыю Дрэздэнскай галерэі.
Трэба сказаць, што ў выгнаньні яго каралеўская мосьць Станіслаў уладкаваўся вельмі нават няблага: атрымаў у пажыцьцёвае кіраваньне герцагства Лятарынгію, а яшчэ раней выдаў замуж за францускага калегу Люі ХV дачку Марыю Караліну Соф’ю Фэліцыю, жанчынку спрытную й бяз комплексаў. «Завіце мяне проста Фэля», — сказала яна сужэнцу і пачала вырабляць у спальні такое, што неўзабаве ейны зьнясілены «козьлік» мусіў шукаць спачыну ў халаднавата-разважлівых абдымках вэрсальскіх красуняў, спыніўшыся нарэшце на мадам Пампадур (зь якой ягоная юравабная Фэля здолела хутка й немаведама на якой глебе пасябраваць). Бацька каралевы тым часам досыць цывілізавана эксплюатаваў лятарынскія народныя масы, прыцягнуў у герцагства інвэстыцыі, заняўся філязофіяй, але аднойчы, настальгічна прыгадаўшы Бацькаўшчыну, хапянуў лішняга й соладка заснуў пры каміне. Відаць, экс-манарх сьніў штосьці надзвычай прыемнае, бо не захацеў прачынацца, нават калі ўспыхнула адзеньне.
Застаецца суцяшацца тым, што ў сваім апошнім сьне ваш чалавек у Лятарынгіі прынамсі ня мёрз.
* * *
Даеш самому сабе зарок: у гэтыя два парыскія дні нікога больш з суайчыньнікаў, якіх у розныя стагодзьдзі перабывала тут гіблота, не ўспамінаць — каб не прагледзець нечага адмыслова тутэйшага. Але хутка мусіш прызнаць, што абяцаньні гэткага кшталту не для цябе. Як ні круці, усё роўна займае, дзе мог зьняць на вечар прыгажуню малады Напалеон Орда, дзе перапісваў Міцкевічу завершанага ў Парыжы «Пана Тадэвуша» Ігнат Дамейка і якім віном запіваў паштэт з гусінай пячонкі перад выправаю ў сьмяротна небясьпечную экспэдыцыю на радзіму апошні няскораны паўстанец 1831 году Міхал Валовіч.
Адказаў у гідэсы, дачкі расейскіх эмігрантаў, няма. Ня ведае яна й таго, што магло здарыцца ў Парыжы зь беларускім пісьменьнікам Усеваладам
Краўчанкам (зрэшты, ня ведае і дачка пісьменьніка, а твая знаёмая Волечка, якая тады была зусім малая). Саракапяцігадовы літаратар, галоўны рэдактар часопісу «Бярозка», прыехаў у 1961 годзе ў Францыю і, пагуляўшы па парыскіх бульварах, завяршыў турыстычную вандроўку, а разам зь ёю і жыцьцёвы шлях на бруку пад вакном канскага гатэлю...Ну добра, а якім чынам згадка пра тваю сталіцу ўзьнікае ў «Тропіку Раку» Гэнры Мілера, рамане, народжаным у навакольлі Элізэйскіх палёў? Памятаеце: «Гушкаючыся ў парыскай зыбцы, кожны можа аддавацца лятункам пра Бэрлін, Нью-Ёрк, Чыкага, Вену, Менск»? Гідэса паціскае плячыма. Яна не чытала, але чула, што кніга «достаточно отвратительна» і нездарма была забароненая. Ты паведамляеш суразмоўніцы, што «Тропік Раку» — адзін з найлепшых твораў пра каханьне, напісаных у прамінулым стагодзьдзі.
Некалі ў калядным інтэрвію ты абвясьціў, што адшукаў у менскай Малінаўцы былую каханку знакамітага пісьменьніка, старую беларускую эсэрку, што захавала рэшткі ня толькі тагачасных поглядаў, але і прыгажосьці, у росквіце якой часта бавіла час у ложку зь Мілерам, а ў хвіліны адпачынку расказвала «чалавеку з сталёвым фаласам» пра хлопчыка зь лебедзем у менскім Губэрнатарскім садзе. Праз колькі дзён твой тэлефон азваўся ўсхваляваным голасам кандыдата філялёгіі й дасьледніка замежнай літаратуры. Ты паведаміў, што дакляраваў мадам з Малінаўкі захаваць ейнае incognito. Адзінае, чаго колішняя парыжанка не хавала, — таго, што на прэзыдэнцкіх выбарах галасавала за Пазьняка, які, ува ўсякім разе звонку, нагадвае ёй незабыўнага Гэнры.
* * *
Гідэсе ўсё ж хочацца зрабіць табе прыемнае, і каля «Grande Opera» яна кажа, што пляфон славутага тэатру размаляваў беларус Марк Шагал, хоць на гэтую замову вельмі разьлічваў Сальвадор Далі.
Навіна прыводзіць на памяць вядомую з вуснай народнай творчасьці гутарку габрэя з кітайцам:
«Кітаец (паблажліва):
— Ну колькі вас, жыдкоў, усяго на сьвеце?
— Дзесяць мільёнаў.
Кітаец (трыюмфальна):
— А нас — мільярд і дзьвесьце мільёнаў!
Габрэй (зьдзіўлена):
— Ды штосьці вас не відаць…»
Ключавыя словы — дзесяць мільёнаў.
* * *
Адно з наймацнейшых уражаньняў ад Парыжу: горад катастрафічна цямнее. Прычым белыя парыжане, як і ты, жыхар гіпэрбарэйскай краіны, ходзяць па халаднаватых дажджлівых вуліцах у швэдрах і плашчах, а нашчадкі афрыканскіх рабоў — па-гаспадарску шуруюць у шортах і тэнісках, быццам іх грэюць тут родныя сьцены. Ну а нашчадкі гэтых нашчадкаў наагул бегаюць вакол гатэлю ў брудных майтках і саколках ды цэляцца ў цябе з плястыкавых (пакуль што) пісталетаў і аўтаматаў.
Нядаўна прэса прадказала, што белыя ў францускай сталіцы могуць апынуцца ў меншасьці ўжо ў наступным стагодзьдзі. Футуролягі, відавочна, суцяшалі сябе. На берагах Сэны прагноз спраўдзіцца, як сёньня выглядае, праз пару дзесяцігодзьдзяў.
* * *
На плён хваравітай фантазіі інжынэра Эйфэля ты ўпершыню ўважліва глядзіш ад заваленага кветкамі мэмарыяльнага знаку ля тунэлю, дзе скончылася апошняя паездка прынцэсы Дыяны. (У такім месцы з сумам прыгадваюцца беларускія манархісты, што азваліся былі на пачатку 1990-х ды недзе запаветрылі — а няхай бы знайшлі якога спадкаемца трону ды аздаблялі палітычную палітру, падтрымліваючы гаспадара вялікага дому на вуліцы Карла Маркса або далучаючыся ў выглядзе плюсу да апазыцыйных блёкаў і кааліцыяў.)
Сказаць пра Эйфэлеву вежу што-небудзь новае ты ня здатны, бо проста лянуесься напружваць уяўленьне. Нічым асаблівым цыкляпічная жалязяка цябе не кранае.
З усіх ранейшых параўнаньняў табе даспадобы тры. Аляксандар Дзюма-сын неяк назваў гэтую спаруду відэльцам для вустрыцаў. Мапасан выказаўся больш ляпідарна: «Брыдота», — і сем разоў мяняў парыскія кватэры, бо зьненавіджаная вежа паўсюль лезла ў вокны. Аднойчы сябры сустрэлі пісьменьніка з бутэлькаю ў руцэ на самой «брыдоце». Гэта адзінае месца, адкуль яе не відаць, патлумачыў аўтар «Пышкі», і зь ім можна пагадзіцца.