Сланы Ганібала
Шрифт:
Ты заваяваў сабе права не берагчы час і не выціскаць зь яго максымуму, кажа ў табе нехта стамлёны і мудры. Аднак неспадзеўкі ў яго зьяўляецца даволі бадзёры апанэнт. Вось вернецца Дыяна, нашэптвае ён, і ты прапануеш ёй парушыць спартовы рэжым. Хіба кепска на начным дзяжурстве выпіць шкляначку добрага вінца з хворым, які дзень пры дні ўсё менш выдае на дахадзягу.
У тваёй клепсыдры застаюцца апошнія кроплі. Прамінула роўна 60 хвілінаў, і ў калідоры чуюцца сястрыччыны крокі. Покуль адчыняюцца дзьверы, у цябе ўжо не ўпершыню мільгае думка, што такая жанчына ня будзе спазьняцца на спатканьні.
Дыяна захоўвае непрыступны выгляд, але ён ужо робіцца стымулам. Калі сястрычка выцягвае з тваёй вены шпрыц, ты асьцярожна накрываеш
Канібалы — за нас
Калі надыходзіць ачуняньне?
Калі сярод ночы прачынаесься ад жаданьня.
Калі просіш прынесьці з дому новы альфабэтнік і бярэсься перапісваць з зацухмоленага старога адрасы й тэлефоны знаёмых.
Калі хочацца, як у дзяцінстве, схаваць адзеньне пад перакуленай лодкай і пераплысьці туды і назад Дзьвіну.
Калі пачынае цягнуць у падарожжа куды-небудзь у Барсэлёну ці на Сыцылію.
Калі прагнецца выпіць пляшачку, а то і дзьве рэдкага ў тваіх шыротах віна. Паўднёваафрыканскага — з даўкім сухаватым прысмакам прозы Джозэфа Кутзэе і фантазіямі пра львоў, што любяцца сярод вінаграднікаў. Новазэляндзкага — уяўляючы, што акурат такі віном тубыльцы-маоры, вытанчаныя канібалы-гурманы, запівалі засмажаныя філейныя часткі калянізатараў. А найлепей — прапусьціць праз сваю істоту колькі шклянак аўстралійскага — з успамінамі пра адзіную знаёмую табе жыхарку паўднёвага паўшар’я, якая зрэдзьчас прысылае табе лісты і здымкі (што пакуль не катастрафічна адрозьніваюца ад навечна сфатаграфаванага тваёй памяцьцю дзявочага аблічча) і просіць, каб і ты пісаў ёй, бо іначай яна зусім забудзе сярод кенгуру і качканосаў мову, якой калісьці ты навучаў яе, нязьменна завяршаючы ўрокі практычнымі заняткамі.
Ачуняньне надыходзіць, калі карціць прапанаваць тост за юравабнасьць як найлепшае віно для свабодных сэрцаў.
Калі вабіць пісьмовы стол, на якім здаралася і яшчэ здарыцца столькі неверагоднага…
Люты, 2004
Паліхромная Брытанія
Празаічныя зацемкі з паэтычным постскрыптумам
Эмануэль Свэдэнборг верыў, што пад Лёнданам знаходзіцца яго падземны адбітак — горад з тымі самымі пляцамі, вуліцамі, прытонамі й піўніцамі, але населены нябожчыкамі, якія пакрысе ператвараюцца ў анёлаў або дэманаў.
Трэба меркаваць, што за два з паловаю стагодзьдзі сам вучоны і містык ужо набыў адпаведнае Божай волі канчатковае аблічча і, ня выключана, таксама рухаецца цяпер у такт маім вечаровым крокам па тагасьветным лёнданскім раёне Фінчлі, кіруючыся ў тамтэйшы паб «The Torrington», куды, хочацца спадзявацца, пускаюць як дэманаў, так і анёлаў — каб апошнія не адрываліся ад народу.
У згаданай установе я зь яшчэ большай надзеяю думаю, што зьмены ў гэтых Лёнданах-блізьнятах адбываюцца ўсё ж не сынхронна, і няхай хоць бы знакаміты швэд засьпее стары ўтульны інтэр’ер з учарнелымі дубовымі панэлямі ды ліпучымі ад «Гінэсу» сталамі, якія — на гэтым сьвеце — чулі некалі галасы Льва Гарошкі, Кастуся Акулы і мой уласны голас, калі ягоны ўладальнік да краёў наліваўся густым і цёмным ірляндзкім пітвом, не падазраючы, што празь дзесяць гадоў убачыць тут нешта накшталт менскай «Крыніцы», якая бруіцца на праспэкце Скарыны трохі наўскос ад КГБ.
Пасьля наведаньня дзясятка пабаў, зь якіх дзевяць ужо зьнявечаныя пад «стандарт», маніцца паслаць на неба блюзьнерскую sms’ку прыкладна такога зьместу: «Госпадзе, якую б іпастась ты ні абраў для мяне, — і анёлам, і дэманам буду антыглябалістам».
* * *
Некалькі прафэсараў-славістаў, якія часам выступаюць як экспэрты ў праблемах Усходняй Эўропы, а значыць, і маёй краіны, уважліва прагледзеўшы відэастужку зь менскімі вулічнымі акцыямі пад бел-чырвона-белымі
сьцягамі, з хвіліну занепакоена пераглядваюцца. Нарэшце адзін з вучоных мужоў фармулюе агульнае пытаньне: ці няма ў гэтых дэманстрацыях і мітынгах нечага расісцкага? Адказваю непаразумелым позіркам, і прафэсар тлумачыць: яны ня ўбачылі сярод удзельнікаў ніводнага цёмнага твару.Адразу ўспамінаецца, што ў клясе, дзе вучыцца сын лёнданскага прыяцеля, усяго трое белых — роўна столькі, колькі было ў вагоне падземкі, калі ехаў на сустрэчу з экспэртамі.
Захад абавязкова дапаможа маёй сінявокай краіне.
У выніку гэтае дапамогі менскія вуліцы імя клясыкаў марксізму, відаць, аблюбуюць жаўтаскурыя браты па розуме. Учора некалькі дэлегацыяў якраз такога колеру доўга заміналі мне зь сябрамі даступіцца да Марксавага надмагільля на Гайгэйцкіх кладах, каб учыніць невялікі пэрформанс з прывезенай здалёк постмарксісцкай газэткай, пляшачкай і, на жаль, без забытага кавалка сала.
Духоўныя спадкаемцы Ўсамы бэн Ладэна, пэўна, атабарацца на Камуністычнай, дзе некалі быў прапісаны Лі Гарві Освальд, якому малады Станіслаў Шушкевіч, калега з радыёзаводу, на заданьне начальства даваў урокі расейскай мовы. Цікава, а што прычынілася б, каб Станіслаў Станіслававіч узяўся вучыць амэрыканскага таварыша па-беларуску? Можа, колішні жыхар дому №4 абраў бы прыцэлам ня Джона Кенэдзі, а каго іншага?
* * *
Кожны раз у лёнданскім супэрмаркеце прыгадваю, як Адам Мальдзіс у сваім «Англійскім дзёньніку» з выдадзенай за савецкім часам кнігі пра літаратуразнаўчыя вандраваньні пісаў пра цяжкую тутэйшую жытку дакладна наступнае: «Мясныя вырабы бяруць маленькімі порцыямі — па 50, а то і 20 грамаў». І штораз пачынаю разважаць, чыя рука вывела гэтыя радкі, прасякнутыя нясьцерпным болем за пазбаўлены паўнавартаснага харчаваньня ангельскі люд: ці то куратара кнігі з камітэту дзяржбясьпекі, ці то самога шаноўнага навукоўца, што, мабыць, мог сабе дазволіць у капіталістычным пекле ўзяць на папаску не празрысты мясны скрылёчак, а адразу паўкілі?
* * *
Знаёмы мясцовы бізнэсовец Васіль (зь ягонага офісу адкрываецца шыкоўны выгляд на сабор Сьвятога Паўла) жанаты з латышкаю Антрай. Зь дзецьмі яны вырашылі размаўляць кожны на сваёй мове. У выніку, упершыню сутыкнуўшыся зь вялікім сьветам за сьценамі роднага дому, старэйшы з нашчадкаў зрабіў адкрыцьцё, якое ўразіла ягоную душу мацней за найшчадрэйшы калядны падарунак. Выявілася, што чалавецтва зусім не падзеленае на дзьве прыблізна роўныя палавіны, адна зь якіх, жаночая, гаворыць па-латыску, а другая, мужчынская, — па-беларуску.
* * *
Кембрыдж застанецца ў памяці залевай, што ўскаламуціла па-ўнівэрсытэцку засяроджаны Кем зь яго рамантычнымі мастамі. Магілы Фрэнсіса Бэкана ды Ісака Ньютана, папраўдзе, кранулі душу нязьмерна менш, чым жывы, румяны і ўжо слынны ў сваіх колах біёляг Вадзім, што залучыў на сустрэчу зь беларускімі візытантамі ня толькі братоў-славянаў, але і выкладчыка-вэнэсуэльца, які так праняўся нашай праблематыкаю, што выпіў большую частку Вадзімавых запасаў тэкілы й віскі, пасьля чаго, запіўшы іх чырвоненькім, паклікаў мяне на кухню й даў параду на наступных прэзыдэнцкіх выбарах галасаваць за іншага кандыдата.
Аднак мушу нясьціпла ды эгацэнтрычна прызнацца: усе падзеі дня і не зусім цьвярозай ночы сьцьмелі ў параўнаньні з тым фактам, што першаю кнігай, якую прачытаў па-беларуску малады сьветач айчыннай біялёгіі, былі «Таямніцы полацкай гісторыі».
* * *
Чаго ў ранейшыя прыезды сюды не заўважаў, дык гэта лёнданскіх пальмаў. А ў прыморскім Маргэйце наагул можна ўявіць, што ты ня ў Англіі, а дзе-небудзь на Кіпры.
Тут, у Маргэйце, жывуць ангелец Джым і беларуска зь Менску Эла, якая зьяўляецца яшчэ адным пацьверджаньнем адвечнай, з часоў Рагнеды, пасіянарнасьці нашых жанчын, што ў дадзеным выпадку выяўляецца, у прыватнасьці, у беларускай мове народжаных у Англіі Эліных дачок Алены й Аляксандры.