Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Шрифт:

Але вось нешта адбылося. Яны не пераставалі чакаць, але адчулі, што цяпер яны чакаюць інакш. Змяненне не было іх ініцыятывай, яно проста не магло сыходзіць ад iх, яно паўстала як бы само сабой, у адной з іхніх мінуўшчын, адначасова праецыруючыся паводле законаў іхняга чакання ў будучыню. Цяпер будучыня трохі рознілася ад мінуўшчыны, а няўцямнае слова “прыліў” неадчэпна суправаджала кожны момант іхняга чакання, пракладваючы якасна новую сувязь паміж мінуўшчынай і будучыняй. Аднак цьмяны неспакой, які з’явіўся ад падзелу мінуўшчыны і будучыні, не адрываў іх ад чакання. Яны па-ранейшаму чакалі, хай чакалі ўжо чагосьці пэўнага, што было ўтоена за таямнічым словам “прыліў”,

але ўсё ж “яны” раўнялася “чакалі” і раўнавага захоўвалася. Памяць цяпер паведамляла ім іншую працягласць, парушаючы самадастатковасць іх чакання, задаючы пытанні: “Калі?”, “Што?”, “Як доўга?”, “Навошта?” і “Дзе?", – памяць рабілася ўсё больш адчувальнай і паціху выпіналася за межы мінуўшчыны. І надышоў момант, калі ўсе іхнія будучыні і мінуўшчыны адступіліся наўзбоч, адкрываючы перад імі сцэну, на якой адбывалася цяпершчына, памяць у гэты момант конча выслабанілася і зрабілася часткай цяпершчыны.

А ў цяпершчыне пачаўся прыліў. Мільёны тон вады абрыналіся на пустэльню адусюль. І яны перасталі чакаць, яны перасталі быць сабой, увасабляючыся ў цяпершчыне іншымі, інакшымі. Цяпер яны былі чыстай радасцю – без мінуўшчыны і будучыні, яны ўбіралі прыліў усімі порамі, сёрбаючы халодныя струмені, захлынаючыся сцюдзёнай свежасцю, што нахлынула на іх. Яны пілі, яны пілі і пілі, прагна напойваючыся і брыняючы, распускаючыся вільготнымі мясістымі кветкамі, прарастаючы вёрткім ёмістым карэннем у мокрую зямлю, пясок іхніх душ быў даўно змыты прэч, цяпер іхнія душы струменіліся і цурчэлі празрыстымі ручаінкамі, грукаталі магутнымі вадаспадамі і ліліся вячыстымі добрымі рэкамі. Яны былі ў кожным новым імгненні, не ведаючы больш інакшага ад цяпершчыны.

Скончылася ўсё хутка. Вада схлынула, сышла ў зямлю, нібы яе і не было, і па пустэльні праляцеў раз’ятраны агнявы віхор, знову запанавала сонца, скварачы яшчэ гарачэй. Здавалася, прыліву не было зусім.

А што сталася з імі? Недаўвасобленыя, яны зніклі назаўсёды, жар вокамгненна выпарыў іх вадкія душы, выкрасліўшы іх не толькі з мінуўшчын і будучынь, але і з цяпершчыны…

Адліў, Нехта-хітры гучна рыгнуў і зашпіліў прарэх. Яшчэ каторы час Ён стаяў, бессэнсоўна вылупіўшы вочы на сухую даліну перад сабою, потым сербануў з пляшкі і, п’яна хістаючыся, паволі падыбаў кудысьці прэч, за нябесную цвердзь.

marine

у маім нутры

мора

там тоне караблік

я больш не ўратую

нікога

Каралі

Яна давала ў яго нырца. Два, тры, чатыры разы на дзень.

– Плюх-шабулдых!

– Плюх-шабулдых!

“Салдацікам”, спінай наперад, куляючыся, з разбегу, з месца, звіваючыся – давала нырца ў ягоныя вады, заўзята свідруючы ягоныя глыбіні.

Яна была гладкая і адважная, яе рухі былі вывераныя, так – гладкая, смелая і трапная.

Там, пад вадой, у ягонай тоўшчы, яна шторазу імкнулася сягнуць дна.

Спярша ў яе нічога не выходзіла. Ягонае дно глыбока-глыбока. Ён выштурхваў яе на па паверхню, выганяў, выціскаў яе з сябе. А яна – знову, толькі згусала кроў з вушэй – давала нырца, раз за разам.

– Ну што ж яна, нашто яна так! – думаў ён, – Хай бы плавала, проста плавала, я ж не супраць, але на дно не пушчу, іх нельга на дно.

О, якая ўпартая была яна! Яна брала ў рукі цяжкое каменне, і каменне цягнула яе да дна, а яна цягнула жылы.

Але і каменне не дапамагала.

І тады яна задумалася – пра тое, кім ён зрабіўся, і пра тое, кім не зрабілася яна. І калі яна думала пра гэта, думкі ейныя

зрабіліся цяжкія, нагэтулькі цяжкія, ажно ёй раптам не спатрэбілася ані каменне, ані іншыя хітрыкі – цяпер яна імгненна апускалася на самае ягонае дно.

А на дне, сярод цёмных шчупальцаў-водарасцяў, ляжалі аграмадныя ракавіны. І яна расчыняла ракавіны – проста там, на дне, і зіхценне дзівосных перлінаў асвечвала змрочную глыбіню, і тады думкі ейныя рабіліся лёгкія-лёгкія і ў імгненне вока выцягвалі яе разам з перлінамі на паверхню.

Гэтак – дзень пры дні, яна пазбаўляла ягонае дно перлінаў, а ён віраваў, пеніўся, уздымаў аблачыны глею, труціў яе усімі сваімі каракаціцамі і акуламі, крабамі і амарамі, аднак усё было марна.

Яму заставалася адно адчуваць яе вёрткае загарэлае цела, што церабіла тоўшчу ягоных водаў, і адзначаць, як адна за адной знікаюць ягоныя перліны. І вось надышоў дзень, калі ейны нож раскроіў апошнюю ракавіну і апошнюю перліну была паднятая на паверхню.

Яна сядзела на ягоным беразе і нанізвала пярліны на нітку. Ён ціхутка дыхаў, абмываючы ейныя босыя ногі цёплым прыбоем, гэтак ліжа боты скуралупа, канаючы, сабака – не спадзеючыся на літасць, не ў змозе ўкусіць, згасаючы, даруючы ўсё.

І вось каралі былі гатовыя. Яна надзела іх на шыю і ўстала. Перад ёй распасціраўся ён, цяпер ужо зусім іншы, на многія кіламетры яна бачыла ягоныя мёртвыя воды, цяпер ужо не сінія, не блакітныя, а слепа-чорныя. Ані хвалі, ані рабізны на вадзе.

Сыходзячы ўверх па выдмах, яна колькі разоў памахала яму рукою.

Выцінанка

Выцінаю з музыкі гукі —

папраціналі ж

наскрозь.

Выцінаю з восені любоў —

Пажоўкла ж.

*

На чорным-чорным падваконні

сядзела чорная-чорная котка.

і маўчала.

*

Выцінаю з жыцця танцы —

не бязногае ж.

Выцінаю са здымка вочы

не пакінуць жа ж.

*

На чорны-чорным стале

ляжала чорна-чорная котка

і маўчала.

*

Калі ўсё, што павыцінала,

наляпіць на мёртвага вожыка,

вожык ажыве.

Калі ўсё, што павыцінала,

выцінаць салаўінай раніцай,

пасміхнуцца маладыя дойліды.

Калі ўсё, што павыцінала,

наляпіць на цябе —

буду я.

*

На чорнай-чорнай камодзе

муркатала

чорная-чорная котка

ў чорнае-чорнае люстра

сама сабе.

Эдэльвайсы

Вось чалавек, які караскаецца па прыцемках да вершалін раніцы, ягоныя вочы, закалыханыя яшчэ не ўбачаным, ягоны чорны ірваны правал рота, які раздзірае знутры не адбытае, – “Ааааа!” Глытальны позех, пазяхлівы глыток, што трушчыць цэласнасць часу, – “А-а-а-а!”

Аднойчы ён абарочваецца згары – мы з ім ідзем у адной звязцы. Ён глядзіць на нас з дакорам. Па-над ім – стромая скала прыцемак. Ён крычыць нам скрозь посвіст ветру:

– Дык нашто вы мяне падсадзілі? Там, долу? Памятаеце?

Не, не, ужо амаль не памятаем… Нічога… Толькі наспявае ўсярэдзіне чорным бутонам, шнарыць у горле кіпцястай лапішчай, разворвае мяса языка барвовымі схопкамі. Распусціцца там, наверсе. Дакараскацца абавязкова. Расквітнець – любой цаной!

І, раскрываючы глотку ў глыбіню цемры, мы шалёна караскаемся ўгору і галосім на ўсё горла – “А-а-а-а!” І робімся імклівай крыклівай дзіркай у дзірцы саміх сябе.

Поделиться с друзьями: