Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Стамбульскi экспрэс (на белорусском языке)
Шрифт:

– Слухайце мяне ўважлiва. Пойдзеце на Кайзер-Вiльгельм-штрасе, трыццаць тры. Знойдзеце кантору лонданскай газеты "Кларыён". Там абавязкова хто-небудзь будзе. Скажаце яму, што мiс Уорэн паехала Ўсходнiм экспрэсам у Вену. Сёння вечарам ён не атрымае яе iнтэрв'ю, а заўтра яна прадыктуе яму з Вены яго па тэлефоне. Скажаце, што яна натрапiла на след вельмi важнага матэрыялу для першай старонкi. А цяпер паўтарыце, што я вам сказала. Пакуль ён, запiнаючыся, марудна паўтараў даручэнне, яна не зводзiла вачэй з гадзiннiка. Гадзiна трыццаць адна з паловай.
– Добра. Iдзiце. Але калi вы не перададзiце паведамленне да дзвюх гадзiн, я паскарджуся вашаму начальству, што вы займаецеся хабарнiцтвам.
– Яна ўхмыльнулася яму з злавеснай весялосцю, паказаўшы буйныя, квадратныя зубы, i пабегла па лесвiцы.

Гадзiна трыццаць

дзве. Ёй здалося, што яна пачула свiсток паравоза, i адным махам пераскочыла праз тры прыступкi. Цягнiк ужо рушыў з месца, кантралёр паспрабаваў заступiць ёй дарогу, але яна адштурхнула яго ўбок, крыкнуўшы праз плячо: "Пасведчанне!" Апошнiя вагоны трэцяга класа праходзiлi мiма, набiраючы хуткасць. "Божухна, я кiну пiць", - паклялася яна ў думках. Потым ухапiлася рукой за парэнчу дзвярэй апошняга вагона, нейкi насiльшчык з крыкамi паспрабаваў утрымаць яе. Доўгiя дзесяць секунд, адольваючы пранiзлiвы боль у руцэ, яна думала, што яе зацягне з платформы пад колы апошняга вагона. Яе палохала высокая прыступка. "Я не дацягнуся да яе. Яшчэ трохi - i маё плячо не вытрымае. Лепей звалiцца на платформу i атрымаць страсенне мазгоў, чым паламаць абедзве нагi. Аднак жа якi цудоўны матэрыял згiне", - з горыччу падумала яна i скочыла на прыступку. Яе каленi дацягнулiся да прыступкi якраз у той момант, калi скончылася платформа. Знiк апошнi лiхтар станцыi, дзверы пад нацiскам яе цела адчынiлiся, i яна дагары тварам упала на калiдор. Потым, абапёршыся аб сценку, аберагаючы выцятае плячо, падумала з пераможнай i зласлiвай усмешкаю: "Незвычайная Мейбл паспяхова ажыццявiла пасадку ў экспрэс!"

Ранiшняе святло пранiкла скрозь шчылiну памiж фiранкамi i закранула палiцу насупраць. Калi Корал Маскер прачнулася, першае, што кiнулася ёй у вочы, была гэтая палiца i скураны сакваяж. Яна адчувала стому, млявасць i яшчэ трывогу, калi прыгадала цягнiк, на якi ёй трэба паспець на вакзал Вiкторыя, засохлую яечню i чэрствыя лустачкi заўчарашняга хлеба, што чакалi яе на кухнi. "Шкада, што я пагадзiлася на гэтую працу!" - падумала яна. Цяпер, калi наблiжаўся час ад'езду, яна палiчыла б за лепшае выстаяць доўгую чаргу на прыступках лесвiцы на Шафтсберы-авеню i аддала б перавагу штучнай весялосцi пад час доўгага чакання каля ўвахода ў кантору агента. Яна адхiнула фiранку, i на iмгненне яе здзiвiў тэлеграфны слуп, якi хутка праляцеў мiма, зялёная рачулка з аранжавымi блiкамi ранiшняга сонца i парослыя лесам пагоркi. I раптам яна ўспомнiла ўсё.

Было яшчэ рана - сонца ледзьве ўздымалася над узгоркамi. У вёсцы на другiм беразе замiгцелi агеньчыкi, некалькi дымкоў прамымi струменьчыкамi ўздымалiся ў бязветраным паветры над драўлянымi хаткамi: сяляне там распальвалi печы, гатавалi снеданне. Вёска была так далёка ад чыгункi, што здавалася нерухомая, яе можна было разгледзець, а вось дрэвы, хаткi на блiзкiм беразе i прывязаныя там лодкi шпарка знiкалi з вiду. Яна адхiлiла фiранку на шкляных дзвярах у калiдор i ўбачыла Майета - ён спаў, прыхiнуўшыся спiнаю да сцяны. Iнстынктыўна, першым яе памкненнем было разбудзiць яго, але потым яна вырашыла не чапаць, хай спiць, а самой зноў легчы на палiцу, выкарыстаўшы выгоды за кошт самаахвярнасцi блiзкага. Яна адчувала да яго пяшчоту, нiбыта ён даў ёй новую надзею на жыццё, дзе была не толькi заўсёдная барацьба i ўсяго трэба дабiвацца сваiмi намаганнямi. Бадай што, свет быў не такi ўжо жорсткi. Яна нагадала, як цёпла паставiўся да яе памочнiк капiтана, як ён крыкнуў на развiтанне: "Помнi пра мяне!" Зусiм магчыма, што памочнiк капiтана ўсё яшчэ помнiць яе, - гэты ж малады чалавек, якi спiць за дзвярыма, ён жа здолеў ахвяраваць некалькiмi гадзiнамi свайго жыцця дзеля зусiм незнаёмай дзяўчыны. Упершыню ёй прыйшла ў голаў шчаслiвая думка: "Магчыма, я жыву ў памяцi iншых людзей, не толькi тады, калi яны бачаць мяне цi гавораць са мной". Яна зноў глянула ў акно, аднак вёскi ўжо не было вiдно, таксама як i тых цудоўных зялёных пагоркаў, якiя яна бачыла раней, цяпер можна было бачыць толькi раку. I Корал iзноў заснула.

Мiс Уоран, хiстаючыся, iшла па вагонах. Ёй цяжка было трымацца за парэнчы правай рукой: усё яшчэ балела плячо, хоць яна ўжо праседзела амаль дзве гадзiны ў вагоне трэцяга класа. Яна пачувала сябе разбiтай, яе крыху нудзiла, хмель яшчэ не выйшаў з галавы, думкi блыталiся, аднак яна трымала нос па ветры i не губляла следу. За дзесяць

гадоў журналiсцкай кар'еры дзесяць гадоў яна крэмзала карэспандэнцыi пра жаночыя правы, згвалтаваннi, забойствы - яна нiколi не была такая блiзкая да надзвычайнага паведамлення на першай паласе: матэрыял гэты не для грашовых газет. Каб раздабыць такi матэрыял, сам карэспандэнт газеты "Таймс" ахвяраваў бы год жыцця. "Далёка не кожнаму ўдалося б скарыстаць зручны момант, як скарыстала яго я, - з гордасцю падумала яна, - ды яшчэ п'яная ўдрызг". Яна iшла, хiстаючыся, уздоўж шэрага купэ першага класа з высока ўзнятай галавою, нiбыта на ёй была набакiр карона.

Удача не пакiдала яе. З купэ выйшаў мужчына i накiраваўся ў туалет. Калi яна прыцiснулася да сцяны, каб прапусцiць яго, дык заўважыла, што якраз той самы чалавек у плашчы, якога яна шукала, дрэмле ў кутку i ў купэ болей няма нiкога. Мужчына ўзняў вочы i ўбачыў у дзвярах мiс Уоран, якая крыху хiсталася туды-сюды.

– Можна да вас?
– спытала яна.
– Я села ў Кёльне i не магу знайсцi месца.
– Голас у яе быў нiзкi, амаль мяккi, нiбыта яна ўгаворвала любiмага сабаку ўвайсцi ў камеру, дзе яго збiралiся ўсыпiць.

– Месца занятае.

– Толькi на хвiлiначку, - сказала мiс Уорэн.
– Хай адпачнуць крышачку ногi. Мне так прыемна, што вы гаворыце па-ангельску. Мяне заўсёды агортвае страх, калi падарожнiчаю ў цягнiку, дзе няма нiкога, апроч чужаземцаў. Чалавеку можа што-небудзь спатрэбiцца позняй ноччу, а звярнуцца няма да каго.
– Яна нацягнена ўсмiхнулася.
– Па-мойму, вы доктар?

– Быў некалi iм.

– I вы едзеце ў Белград?

Злёгку ўстрывожаны, ён кiнуў хуткi позiрк на яе, якi яна не заўважыла. Ён пiльна агледзеў яе прысадзiстую, абцягнутую цвiдам фiгуру, крыху нахiленую ўперад, бляск пярсцёнка з пячаткаю, пачырванелы ад нецярплiвасцi твар.

– Не, - адказаў ён.
– Значна блiжэй.

– А я еду толькi да Вены, - сказала мiс Уорэн.

– А чаму вы вырашылi?..
– павольна пачаў ён, сумняваючыся, цi правiльна ён робiць, звяртаючыся да яе з гэтым пытаннем: яму было нязвыкла сустрэцца з небяспекай у выглядзе ангельскай векавухi, крыху п'янай ад джыну, пах якога ён адчуваў у купэ.

Рызыкоўныя сiтуацыi, у якiя ён трапляў раней, навучылi яго ў такiя моманты крыху пахiтаць галавой, цi памахаць пальцам, цi проста сказаць няпраўду. Мiс Уорэн таксама адчувала няпэўнасць, i яе няпэўнасць была падобная да iскры надзеi ў зняволенага ў турме.

– Мне здалося, што я вас бачыла ў Белградзе.

– Нiколi не даводзiлася там бываць.

Яна вырашыла пайсцi ў адкрытую, адкiнуўшы ўсялякiя хiтрыкi.

– Мне давялося быць у Белградзе прадстаўнiком сваёй газеты пад час суду над Камнецам.

Аднак ён ужо зразумеў, што трэба паводзiць сябе абачлiва, i глянуў на яе, не выказваючы зусiм нiякай цiкаўнасцi.

– Суд над Камнецам?

– Калi генерал Камнец быў абвiнавачаны ў згвалтаваннi. Цынер быў там галоўны сведка абвiнавачвання. Аднак генерала, зразумела, апраўдалi. Прысяжныя былi падабраны з яго прыхiльнiкаў. Урад нiколi не дазволiў бы засудзiць такога чалавека. З боку Цынера было проста глупства даваць паказаннi супраць генерала Камнеца.

– Глупства?

Яго тон ветлiвага субяседнiка ўзлаваў яе.

– Вядома ж, вы чулi пра Цынера? Яго хацелi прыстрэлiць за тыдзень да суду, калi ён сядзеў у кавярнi. Цынер быў правадыр сацыял-дэмакратаў. Ён назаляў уладам тым, што даў паказаннi супраць Камнеца - ордэр на яго арышт за дачу непраўдзiвых паказанняў быў выпiсаны яшчэ за дванаццаць гадзiн да заканчэння судовага працэсу. Яны проста сядзелi i чакалi апраўдальнага прыгавору Камнецу.

– Калi гэта было?

– Пяць гадоў таму.

Ён уважлiва сачыў за ёй, прыкiдваючы, якi адказ найбольш раззлуе яе.

– Ну, гэта ўжо старая гiсторыя. Цынера выпусцiлi з турмы?

– Ён выслiзнуў з iх рук. Шмат чаго я дала б, каб даведацца, як гэта яму ўдалося здзейснiць. З гэтага мог бы атрымацца выдатны матэрыял у газету. Ён проста знiк. А ўсе думалi, што яго забiлi.

– А яго на самой справе забiлi?

– Не. Ён ад iх уцёк.

– Разумны чалавек.

– А вось у гэтым я зусiм не ўпэўненая, - злосна запярэчыла яна. Разумны чалавек нiколi не даваў бы паказанняў супраць Камнеца. Што яму да таго Камнеца i да той дзяўчынкi? Ён быў дурань, строiў з сябе Дон-Кiхота.

Поделиться с друзьями: