Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Шрифт:

Сапраўды, была мэта ў Заратустры, у яе шпурляў ён меч свой; ад сёння вы, сяброве, будзеце пераемнiкамi мэты маёй, вам я кiдаю залаты мяч.

Найпрыемней мне глядзець на вас, сяброве мае, калi падкiдаеце вы яго! Вось чаму я затрымаюся яшчэ на зямлi: даруйце мне за гэта!

Так сказаў Заратустра.

Пра цноту, якая адорвае

1

Калi Заратустра развiтаўся з горадам, якi палюбiла яго сэрца i якi называўся Пярэстая Карова, следам за iм пайшлi многiя, што называлi сябе ягонымi вучнямi, i праводзiлi яго. Так дайшлi яны да ростанi; тут Заратустра сказаў iм, што далей пойдзе сам, бо любiць

хадзiць самотна. А яго вучнi падалi яму пры развiтаннi кiя, а на залатой булавешцы яго змяя абвiвалася вакол сонца. Заратустра парадаваўся з кiя i абаперся на яго; а потым сказаў да вучняў:

"А скажыце мне: як зрабiлася золата найвышэйшай каштоўнасцю?
– А таму зрабiлася, што яно рэдкае, i няма ў iм патрэбы, i пяшчотны бляск у яго; яно заўсёды дорыць самое сябе.

Толькi як адлюстраванне найвышэйшай цноты золата пачало лiчыцца найвышэйшай каштоўнасцю. Золатам свецяцца вочы ў таго, хто дорыць. Залаты бляск азначае мiр памiж сонцам i месяцам.

Найвышэйшая цнота рэдкая i бескарысная, яна ззяе i пяшчотная ў сваiм ззяннi; цнота, якая дорыць, - найвышэйшая цнота.

Папраўдзе, я вас разгадаў, вучнi мае: вы, як i я, парываецеся да цноты, якая дорыць. Сапраўды, што ў вас супольнага з катамi i ваўкамi?

Вашая прага ў тым, каб самiм стаць i дарункам, i ахвяраю: таму i прагнеце вы прыняць у душу ўсе скарбы.

Ненаедна iмкнецца ваша душа да багаццяў i каштоўнасцяў, бо i вашая цнота ненаедная ў сваiм жаданнi дарыць.

Вы прыцягваеце ўсе рэчы да сябе i ў сябе, каб яны вылiвалiся з вашай крынiцы дарункамi вашай любовi.

Сапраўды, рабаўнiком усiх каштоўнасцяў павiнна зрабiцца любоў, якая дорыць; але здароваю i святою я называю гэтую сябелюбнасць.

Ёсць яшчэ i другая сябелюбнасць, якая нiчога не мае, галодная, заўсёды гатовая ўкрасцi; такая сябелюбнасць у хворых, хворая сябелюбнасць.

Вачыма злодзея глядзiць яна на ўсё блiскучае; з галоднай прагавiтасцю прымерваецца яна да таго, хто многа есць; заўсёды лiслiва плазуе яна каля стала тых, якiя дораць.

Хвароба i нябачная звыраднеласць праглядваюцца ў гэтай прагавiтасцi; пра кволае цела сведчыць зладзюжнiцкая прагнасць гэтай сябелюбнасцi.

Скажыце мне, братове мае: што лiчыцца ў нас кепскiм i найгоршым? Цi ж не звыраднеласць?
– А якраз жа яе мы маем там, дзе няма душы, каб дарыла.

Угору вядзе наша дарога, ад роду да вышэйшага роду. Але нас жахае пачуццё, калi яно звырадняецца i кажа: "Усё - дзеля мяне".

Наша пачуццё ляцiць угору: яно сiмвал нашага цела, сiмвал узвышэння. Сiмвалы такiх узвышэнняў - гэта iмёны цнотаў.

Так праходзiць цела праз Гiсторыю - у станаўленнi i змаганнi. А дух - што ён для цела? Ён - вяшчун ягоных бiтваў i перамог, таварыш i водгалас яго.

Усе назовы дабра i зла - сiмвалы: яны не гавораць, а толькi намякаюць. Дурань, хто шукае ведання ў назовах.

Зважайце ж, братове мае, на тую часiну, калi ваш дух захоча загаварыць сiмваламi: бо там выток вашай цноты.

Тады ваша цела ўзвышаецца i ўваскрасае; сваёй мiлатою яно адчыняе ваш дух, i ён робiцца творцам i ацэннiкам, i нясе любоў i дабро ўсiм рэчам.

Калi ваша перапоўненае сэрца хвалюецца i разлiваецца, нiбы паток, гэта дабро i небяспека тым, што жывуць на беразе: там выток вашай цноты.

Калi вы ўзвысiлiся

над пахвалой i дакорам i ваша воля хоча загадваць усiм рэчам як воля таго, хто любiць, - там выток вашай цноты.

Калi вы грэбуеце мяккiм ложкам i ўсiм прыемным, але лёгка засынаеце нават побач з раскошнымi пасцелямi распешчаных - там выток вашай цноты.

Калi вы пачынаеце жадаць адной воляй i гэты паварот ад усяго, што вас турбуе, называеце неабходнасцю - там выток вашай цноты.

Сапраўды, яна - новае дабро i новае лiха! Сапраўды, голас новай крынiцы з глыбiнi!

У ёй магутнасць, у гэтай новай цноце; яна - пануючая думка, а вакол яе мудрая душа: залатое сонца, а вакол яго - змей пазнання".

2

Тут Заратустра прымоўк на хвiлiну i любоўна зiрнуў на вучняў. Пасля казаў далей, i ў голасе перамянiўся:

"Заставайцеся верныя зямлi, братове мае, з усёй уладаю вашае цноты! Ваша любоў, якая дорыць, i ваша пазнанне, хай паслужацца яны сэнсу зямлi! Так прашу я i заклiнаю вас.

Не дазваляйце цноце вашай адляцець ад зямнога i бiцца крыламi аб вечныя сцены! О, як шмат цноты адляцела заўчасна!

Вярнiце - як зрабiў гэта я, - вярнiце адляцелую цноту назад, на зямлю, зноў да цела i жыцця: хай аддае яна зямлi свой сэнс, сэнс чалавечы!

Сотнi разоў ляцелi ўпрочкi i збiвалiся з тропу дух i цнота. I дагэтуль жывуць у нашым целе ўсе гэтыя мроi i аблуды: яны сталiся нашай воляй i плоццю.

Сотнi разоў манiлiся вырвацца i памылялiся дух i цнота. Праўда, якраз чалавек i быў iх спробаю вырвацца! О, колькi невуцтва i аблудаў сталася ў нас плоццю!

Не толькi розум тысячагоддзяў, але i iхняя неразумнасць выяўляюцца ў нас. Небяспечна быць спадчынай.

Iдучы крок за крокам, мы змагаемся з волатам-выпадкам, i над чалавецтвам да сённяга яшчэ навiсае неразумнасць i бязглуздасць.

Хай паслужацца вашыя дух i цнота зямлi, братове мае: хай будзе каштоўнасць усiх рэчаў зноў устаноўлена вамi! Дзеля гэтага павiнны вы змагацца. Дзеля гэтага - ствараць!

Спазнаючы - ачышчаецца цела; набываючы вопыт ведання, узвышаецца яно; у спазнаўца ачышчаюцца ўсе яго памкненнi; душа радуецца ў таго, хто ўзвысiўся.

Лекар, ацалi сябе сам, тады вылечыш ты i свайго хворага. Найлепшым ацаленнем яму будзе, калi ён на свае вочы ўгледзiць таго, хто сам сябе ацалiў.

Ёсць тысячы сцежак, якiмi нiхто яшчэ не хадзiў, i тысячы здароўяў i схаваных выспаў жыцця. Яшчэ не адкрытыя i не даследаваныя чалавек i яго зямля.

Чувайце i слухайце, самотнiкi! Таямнiчыя вятры веюць на крылах будучынi; i да чуйнага вуха далятае добрая вестка.

Вы, сённяшнiя самотнiкi, вы, што адлюднiлiся, вы яшчэ станеце народам: ад вас, што выбралi самi сябе, павiнен пайсцi народ выбраны, а ад яго Звышчалавек.

Сапраўды, зямля яшчэ будзе мясцiнай ацалення! I ўжо веюць вакол вас новыя пахошчы, якiя нясуць ацаленне - i новую надзею!"

3

Сказаўшы гэта, Заратустра змоўк, як чалавек, якi яшчэ не сказаў апошняга слова; доўга нерашуча пакручваў ён сваiм кiем. Нарэшце сказаў, i голас ягоны перамянiўся:

"Адзiн пайду я цяпер, вучнi мае! Iдзiце i вы, i таксама адныя! Так хачу я.

Сапраўды, я вас заклiкаю: iдзiце ад мяне i супрацiўляйцеся Заратустру! А яшчэ лепей - саромейцеся яго! Бо, можа, ён ашукваў вас.

Поделиться с друзьями: