Чтение онлайн

ЖАНРЫ

Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
Шрифт:

У вас многа нячыстага, стваральнiкi. Дык вось, наперадзе ў вас мацярынства.

Толькi што ўроджанае дзiця: о, як многа новага бруду прыходзiць з iм у свет! Сыдзiце з дарогi! Хто нарадзiў, павiнен абмыць сваю душу!

13

Не будзьце дабрадзейныя па-над сiлы свае! I не патрабуйце ад сябе нiчога, што сягае за межы верагоднага!

Пазбягайце ва ўсiм па-рабску iсцi за бацькамi вашымi, але iдзiце пратаптанымi сцежкамi, па якiх ужо хадзiла цнота iхняя! Iнакш як вам падняцца вышэй, калi воля вашых бацькоў не падымаецца разам з вамi?

Але

будзь уважлiвы той, хто хоча быць першым, - каб не прыйсцi апошнiм! I там, дзе праяўляюцца заганы бацькоў вашых, няма чаго строiць з сябе святых!

Калi бацькi вашыя правялi жыццё, палюючы на вепраў, ладзячы папойкi i ўсякiя свiнствы ў кампанii жанчын, цi не будзе бязглуздасцю паўстрымлiвасць ваша?

Яна будзе бязглуздасцю! Наадварот, я думаю, што той з вас, у каго ёсць адна, альбо дзве, альбо ўсяго толькi тры жонкi, дасягнуў нямала ў параўнаннi з бацькам сваiм.

А калi ты будуеш кляштары i пiшаш на брамах: "Дарога да святынi", я кажу: "Да чаго? Цi не новая гэта бязглуздасць?"

Самому сабе заснаваў ты папраўчы дом i сховiшча - што ж! На здароўе! Толькi не веру я ў гэта.

Бо ў адасабленнi расце тое самае, што чалавек прыносiць: узрастае i быдла, якое ён носiць у сабе. Таму многiм трэба пазбягаць адасаблення.

Цi было дагэтуль на зямлi што-небудзь больш бруднае, чым пустэльнiкi? Не адзiн толькi д'ябал апантана кружляў вакол iх - але i свiннi.

14

Часта бачыў я, як нясмелыя, збянтэжаныя, нехлямяжыя, быццам тыгр, якому не ўдаўся скачок, пракрадвалiся вы бачком, о вышэйшыя людзi! Бо няўдала вы кiнулi гульнёвыя косцi.

Але, гульцы, цi варта засмучацца праз гэта! Вы не навучылiся яшчэ як след гуляць i смяяцца з рызыкi! Цi не сядзiм мы заўсёды, так цi iнакш, за вялiкiм гульнёвым сталом, за якiм так многа смяюцца?

I калi не ўдалося, цi азначае гэта, што вы самi не ўдалiся? А калi вы самi не ўдалiся, цi азначае гэта, што не ўдаўся Чалавек? А калi не ўдаўся Чалавек: ну, якое ж тут рады дасi!

15

Чым высакароднейшае, тым больш рэдкае. Вы, вышэйшыя людзi, што пазбiралiся тут, цi ж не ўсе вы не ўдалiся?

Хай так - ну i што? Не падупадайце духам! Яшчэ шмат што можна! Навучыцеся смяяцца з сябе, смяяцца як след!

Няма нiчога дзiўнага, што вы не ўдалiся альбо ўдалiся толькi напалавiну, вы, напалавiну разбiтыя! Хiба не б'ецца, не пульсуе ў вас чалавечая будучыня?

Уся глыбiня i далячынь, уся зорная высь i пачварная сiла: цi не падымаецца ўсё гэта пенаю ў катле вашым?

Якое дзiва, што многiя катлы лопаюцца! Вучыцеся смяяцца з сябе, смяяцца як трэба! О, яшчэ многа можна, о вышэйшыя людзi!

I праўда, як многа ўжо ўдалося! Якая багатая зямля ад дасканаласцi невялiкiх, але прыгожых рэчаў, што сапраўды хораша ўдалiся!

Абстаўляйце сябе гэтай дасканаласцю, вышэйшыя людзi! Яе залатая сталасць ацаляе сэрца. Усё дасканалае вучыць спадзявацца.

16

Якi грэх, учынены тут, на зямлi, да гэтага часу сама цяжкi? Цi не словы таго, хто сказаў: "Гора тым, што смяюцца!"

Няўжо ён не знайшоў на зямлi,

з чаго пасмяяцца? Значыцца, ён блага шукаў. Прычыны знаходзiць нават дзiця.

Мала любовi было ў iм, iнакш ён палюбiў бы ўсiх, што смяюцца! Але ён ненавiдзеў i ганiў нас, прадказваючы нам плач i скрогат зубоў.

Цi трэба адразу праклiнаць, калi не любiш? У мяне гэта - дрэнны густ. Але менавiта так рабiў ён, гэты нецярпiмы. Ён выйшаў з чэрнi.

Мала ў iм было любовi - iнакш ён не гневаўся б, што не любяць яго самога. Усякая вялiкая любоў жадае нелюбовi, яна прагне большага.

Ухiляйцеся ад такiх нецярплiвых! Гэта парода хворых i няшчасных, гэта чэрня; кiсла глядзяць яны на жыццё, лiхiм вокам глядзяць на зямлю.

Ухiляйцеся ад такiх нясцерпных! У iх цяжкiя ногi i прыгнечаныя сэрцы: не ўмеюць яны танцаваць. Як жа зямля можа быць iм лёгкаю!

17

Крывымi дарогамi iдуць усе добрыя рэчы да сваёй мэты. Яны выгiнаюцца, як каты, муркаюць ад блiзкасцi шчасця: усе добрыя рэчы смяюцца.

Цi iдзе ўжо чалавек па сваёй дарозе, а цi не - гэта выдае паходка ягоная: зiрнiце, як iду я! Ну, а той, якi ўжо блiзкi да мэты сваёй, той танцуе!

I сапраўды я не стаў помнiкам i не зрабiўся нерухам, тупым, скамянелым слупам: я люблю шпарка бегаць.

Хоць ёсць на зямлi i багны, i гразкi смутак, усё роўна той, у каго лёгкiя ногi, прабягае нават па глеi i танцуе на iм, як на падмеценым лёдзе.

Братове мае, падымайце сэрцы вашыя ўсё вышэй i вышэй! Але не забывайцеся i пра ногi! Вышэй, як спорыя танцоры, падымайце вашыя ногi, а яшчэ лепей стойце на галаве!

18

Гэты вянок таго, хто смяецца, вянок з ружаў, я сам усклаў на сябе i сам асвяцiў свой смех. Больш нiкога не знайшоў дастаткова моцным на гэта.

Заратустра - танцор, Заратустра - лёгкi, ён махае крыламi i гатовы ў лёт, ён клiча за сабою ўсiх птушак, увiшны i шчасна лёткi.

Заратустра - прарок, Заратустра, якi вяшчае iсцiны смехам, цярплiвы, цярпiмы, улюбёны ў скачкi i авантуры, сам усклаў я на сябе гэты вянок!

19

Братове мае, падымайце вашыя сэрцы вышэй i вышэй! Не забывайцеся i пра ногi! Вы - заўзятыя танцоры, вышэй падымайце вашыя ногi, а яшчэ лепш - станьце на галаву!

Бываюць звяры, цяжка-важкiя нават у шчасцi сваiм; ёсць няўклюды ад нараджэння. Гэтаксама пацешна глядзець на iхнiя намогi i высiлкi, як на слана, якi спрабуе стаяць на галаве.

Але лепей з'ехаць з глузду ад шчасця, чым ад няўдач, лепей няўклюдна танцаваць, чым хадзiць кульгаючы. Вучыцеся ж маёй мудрасцi: нават у горшай рэчы ёсць некалькi добрых другiх бакоў,

– нават у горшай рэчы дастаткова моцныя ногi на танец: навучыцеся ж, вышэйшыя людзi, стаяць на сваiх нагах!

Забудзьце спевы скрухi, забудзьце паныласць чэрнi! О, якiмi панылымi сёння бачацца мне гэтыя блазны, што весяляць натоўп! Але ўсё сённяшняе належыць натоўпу.

20

Будзьце, як вецер, што вырываецца з цяснiн: пад свiст сваёй жалейкi ён гатовы скакаць, моры дрыжаць i хвалююцца пад яго нагамi.

Поделиться с друзьями: